• Газеты, часопісы і г.д.
  • ДМБ-91 зычу вярнуцца дадому Сяргей Пляскач

    ДМБ-91

    зычу вярнуцца дадому
    Сяргей Пляскач

    Выдавец: Галіяфы
    Памер: 312с.
    Мінск 2021
    78.59 МБ
    — Апошні раз я бачыў Камышанава пазаўчора...
    — А гэта тады што? — падпалкоўнік штурхануў бліскучым носікам чаравіка імбрык.
    — Я не ведаю...
    — Гэта я, — раптам абазваўся Герасімаў і ўсе павярнуліся да яго.
    — Ты дапамог Камышанаву?! — узрадаваўся асабіст.
    — He! Я паклаў туды посуд...
    — Навошта?!
    — Неяк ноччу я захацеў есці, пайшоў уніз, прыгатаваў і прынёс сюды, — даволі ўпэўнена хлусіў Паша. — А потым паленаваўся адносіць назад брудны посуд, а пакідаць яго навідавоку не хацелася: адсунуў шафу і паставіў у падстрэшша, думаў — пазней прыбяру...
    — I? — удакладніў падпалкоўнік.
    — Забыўся, — спакойна патлумачыў масквіч.
    — Забыўся ён!.. Толькі памятайце: мы нічога не забываем! Зловім вашага таварыша — усе, як адзін, пойдзеце па справе як саўдзельнікі!
    Радзевіч непрыкметна скасавурыўся на Антонава з палітруком: таксама саўдзельнікі?
    — Што ж, тут мне ўсё зразумела! Хадзем! — скамандаваў падпалкоўнік.
    — А мы, — нясмела спытаў Дзекін, — можам застацца?
    — He можаце! За мной!
    Калі наведвальнікі сышлі, Радзевіч падзякаваў Пашу за дапамогу:
    — Я, шчыра кажучы, разгубіўся. Нічога ў галаву не прыходзіла. Калі б не ты, не ведаю, чым бы і скончылася...
    Калі Ваціка не было паблізу, масквіч удакладніў у Міхала:
    — Дык ён быў тут?
    Цяпер сэнсу выкручвацца не было:
    — Быў.
    — I куды падзеўся?
    — Сказаў, што ў Германію...
    Праз некалькі гадзін Паша зноў згадаў Андрэя:
    — А ведаеш, — звярнуўся ён да Міхала, — Камышанаў мае рацыю: ніхто не возьмецца прадказаць, чым скончыцца гэтая перабудова, ці не паўстане зноў жа-
    лезная заслона. Пакуль ёсць магчымасць, трэба бегчы ў вольны свет. Іншай можа не надарыцца больш ніколі!
    — Ты пабяжыш?! — здзівіўся Радзевіч.
    — He, я не пабягу. Я — фаталіст! Але ўсведамляць, што такая магчымасць ёсць, пагадзіся, прыемна... Дзіўна, што іншыя гэтага не бачаць...
    Ужо праз дзень узмоцненыя патрулі адмянілі: батальён у поўным складзе вярнуўся ў казарму. Яшчэ праз содні ў сталоўцы з’явіліся Дзейкін і Сівохін. Абодва расшпіленыя: не выдалі сваіх дзядуляў, значыцца.
    — Такую схованку засвяцілі! — абурыўся Вацік.
    — Цябе б так прэсанулі, ты б і не такога панагаварыў! — агрызнуўся Сівохін. — Мы нават не памятаем, калі і як сказалі пра яе! Некалькі содняў спаць не давалі! I ўсё, як у кіно, лямпай у вочы свяцілі! Аднаму богу вядома, што я там трызніў, нават цяпер не па сабе!
    — Нас нават гіпнатызавалі! — раптам зазначыў Дзейкін.
    — Скуль ты можаш ведаць? — засумняваўся Паша.
    — У нас у школе неяк выступаў вядомы гіпнатызёр...
    — Ага, Кашпіроўскі, — перабіў Саню скептык Герасімаў.
    — He, нейкі іншы, — зусім не сумеўся Дзейкін, — не такі вядомы. Дык вось, напачатку ён адбіраў тых, на каго можа ўздзейнічаць: папрасіў сашчапіць далоні і, не разрываючы, узняць іх над галавою, вось так...
    Дзейкін узняў над галавою выпрастаныя рукі з сашчэпленымі пальцамі далонямі ўверх.
    — Потым нешта там палічыў і папрасіў у гэткім жа становішчы растуліць рукі. Паспрабуйце, гэта зусім не проста... Бачыце... Вось тых, хто не здолеў адчыніць замок, ён запрасіў на сцэну. Я таксама выйшаў, хаця, калі шчыра, не асабліва і намагаўся раздымаць свае рукі: мне проста было цікава, што будзе. Але мужык той праз
    імгненне вылічыў, што я прыкідваюся, і сагнаў са сцэны. 3 тымі ж, хто застаўся, чаго ён толькі не вырабляў: і на адной назе загадваў стаяць, і плаваць па падлозе, бы па вадзе, і пеўнем крычэць — яны ўсё выконвалі! Я б ні за што не паверыў, што такое магчыма, калі б не ведаў усіх паддоследных! Hi секунды болей не пашкадаваў, што на мяне не дзейнічае. Мы потым дапытваліся ў тых акцёраў нашых, што яны адчувалі, — ні адзін нічога не памятаў!
    — Неяк непраўдападобна, каб яны такія метады прымянялі ў такой дробнай справе: падумаеш, жаўнер уцёк! — цяпер выказаў сумненні Радзевіч.
    — He кажы, — шматзначна запярэчыў Саня, — гэта справа гонару: пад самым носам у спецкамендатуры такое здарылася!
    — Ды якое такое?!
    — А вось гэта я падчас гіпнозу і зразумеў! Чаго яны такі гармідар з такой, як ты кажаш, дробнай справы раздзьмулі!..
    — Ну і чаму? He цягні ката за хвост!
    — Як толькі той упарты падпалкоўнік, што ў падстрэшша лазіў, пачаў у мяне перад носам свой гадзіннік на ланцужку, як маятнік, пагойдваць, я адразу здагадаўся, што да чаго, і зрабіў выгляд, быццам на мяне дзейнічае!.. Спачатку ён задаваў агульныя пытанні: як мяне завуць, дзе я нарадзіўся, хто мае бацькі... А потым і кажа: «На якую спецслужбу заходніх краін вы працуеце?» Уяўляеце?! «Ні на якую», — адказваю. Тады ён яшчэ пра нейкую лухту параспытваў: як прозвішча камандзіра батальёна, якое званне ў начальніка сталоўкі, хто са старэйшых кухараў самы злы...
    — I што ты на гэта сказаў? — напружыўся Паша.
    — Вядома ж, Шпакоўскі!
    Усе зарагаталі, а Вацік прыкметна разгубіўся:
    — Ты што, здурнеў?!
    — Як ты сам не зарагатаў? — скрозь смех пацікавіўся масквіч у Сані.
    — Цудам! Выключна цудам! Ляпнуў не падумаўшы!
    — Вось менавіта, думаць трэба, што гаворыш, Дзейкін! — абурыўся Шпачок.
    Смех выбухнуў з новай сілай: усе ведалі звычку Ваціка выкладваць кожнаму сустрэчнаму ўсё, што трэба і не трэба!
    — Чыя-чыя б карова мычала, а твая б ужо... не брахала! — выказаўся за ўсіх Радзевіч.
    Калі крыху супакоіліся, Дзейкін працягнуў:
    — А потым ён зноў пытаецца: якую іменна станцыю сувязі вам загадалі скрасці?! Зразумелі цяпер, у які бок яны найперш думалі?! 3 чаго раптам такі перапалох?! Калі б вы, — цяпер Саня звяртаўся да Сяргея, — не палезлі ў той парк, дык вашу адсутнасць і праз тыдзень ніхто б не заўважыў! Да самага Берліна спакойна пехатою дайшлі б за гэты час! Але ж мы разумныя, нам трэба з камфортам, каб ехаць!
    Сівохіна ж, падобна, у гэты момант турбавала штосьці зусім іншае:
    — Я ж нічога не памятаю!.. Што я ім нагаварыў?!
    — He хвалюйся: калі б сказаў, на чыю выведку працуеш, тут бы не сядзеў! — супакоіў сябра Дзейкін.
    Усе зноў засмяяліся...
    А яшчэ праз тыдзень у сталоўку завіталі госці са спецкамендатуры: Алег ды Віталік. I як заўсёды, між іншага, вядома ж па сакрэце, паведамілі, што іхныя следчыя дакладна высветлілі, што дні тры таму Андрэя Камышанава пад выглядам нябожчыка, у труне перавезлі праз мяжу ў Германію!
    — Хто перавёз? — удакладніў Радзевіч.
    — Хто-хто?! — у сваю чаргу шчыра здзівіўся Алег. — Вы што, не ведаеце, што тут дзейнічае цэлая арганізацыя, якая хавае дэзерціраў з савецкага войска і займаецца іх перапраўкай на Захад?
    — I як з імі звязацца? — пацікавіўся Паша.
    У абодвух гасцей аж сківіцы адвіслі ад здзіўлення.
    — Ды супакойцеся вы! Жартую я!
    — Ну і гумар у цябе, Паша! — абурыўся Віталь. — Такімі рэчамі не жартуюць! За іх ведаеш што можа быць?
    Радзевіч жа моцна здзівіўся, што грамадзяне Польшчы дапамагаюць уцекачам з савецкага войска, і, відаць, прычына зусім не ў тым, што яны справядліва ставяцца да яго як да акупацыйнага і, адпаведна, імкнуцца максімальна нашкодзіць, а ў тым, што палякі выдатна разумеюць розніцу паміж асобным чалавекам і сістэмай, цудоўна ведаюць, ад чаго бягуць тыя жаўнеры і што з імі будзе, калі іх зловяць: родная дзяржава не стане на іхную абарону, не будзе дакопвацца да прычыны ўчынку, а жорстка пакарае за сам факт дэзерцірства!
    Палякі толькі пачалі пазбаўляцца ад падобнай абрыдлай сістэмы, на свабодных выбарах абралі дэмакратычны парламент і прэзідэнта, нанова вучацца жыць вольна, не баяцца адкрыта выказвацца на любыя тэмы і, натуральна, не могуць мірыцца з ганебнымі перажыткамі таталітарызму ды абсалютна крымінальнага гвалту, якія яшчэ пануюць на іхнай зямлі, за бетоннымі агароджамі савецкіх ванных гарадкоў...
    Таму дапамога ўцекачам ад здзекаў — гэта найперш праява той легендарнай польскай салідарнасці, якая дапамагла перамагчы, здавалася, непарушны, жалезабетонны маналіт таталітарызму ў іхнай краіне, пагроза вяртання якога па-ранейшаму яшчэ застаецца, пакуль тут
    знаходзіцца чужое войска, а ў Савецкім Саюзе могуць прыйсці да ўлады рэваншысты.
    «За нашу і вашу свабоду!» — ранейшы лозунг паўстанцаў не толькі не страціў актуальнасць, а якраз набыў абсалютна празрыстую надзённасць: немагчыма камусьці аднаму пачувацца па-сапраўднаму вольным, калі нехта побач гібее пад ярмом несправядлівасці ды гвалту...
    XVII
    Ужо ў сярэдзіне траўня асобны батальён сувязі чарговы раз змяніў месца пастаяннай дыслакацыі: цяпер даводзілася абжывацца ў ваенным гарадку, які ўяўляў дакладную копію першага, Свідніцкага,
    з той толькі розніцай, што ўсе будынкі размяшчаліся ў ім, нібы ў люстэркавым адбітку: цяпер цэнтральны КПП знаходзіўся не злева, а справа, калі стаяць тварам да галоўнага ўвахода ў сталоўку. Насупраць асноўных варотаў, адпаведна, быў кантрольна-прапускны пункт у парк. Ды і сама сталоўка, натуральна, таксама была быццам перакручана на трыста шэсцьдзесят градусаў: галоўныя дзверы ў ёй выходзілі не на праезджую частку паміж двума КПП, а на пляц. I месціўся гэты клон першага гарадка, у які былы камандзір гаспадарчага ўзвода старшы прапаршчык Пятроў прывёз год таму з Явара трох новых кухцікаў, у горадзе Легніца, дзе знаходзіўся штаб Паўночнай групы войскаў. За неверагодную колькасць савецкіх грамадзян, якая ці не пераўзыходзіла колькасць мясцовых жыхароў гэты горад з нечай лёгкай рукі ў Польшчы называлі Маленькая Масква.
    Неўзабаве ў гэты ж гарадок пераехалі і фельд’егеры, якія год таму былі суседзямі сувязістаў у Свідніцы, таму
    іхны повар абхазскі беларус Саня Купрыянец зноў прыйшоў працаваць у сталоўку.
    Такім чынам, цяпер у сталоўцы працавала аж шасцёра вопытных спецыялістаў. Ніколі раней не было хлопцам так проста і лёгка гатаваць: толькі раз на тыдзень выпадала кожнаму зрабіць сняданак, пасля чаго можна было адпачываць цэлы дзень. У адрозненне ад сваіх папярэднікаў, кухары не ламалі абсталяванне, а наадварот, імкнуліся падтрымліваць яго ва ўзорнай чысціні ды спраўнасці. Паводле новых нормаў харчавання вайскоўцаў жаўнерам пачалі выдаваць малако! Мяса ж усё часцей і часцей набывалася ў мясцовых гаспадароў і цяпер гэта была не толькі свежая нятлустая свініна, а і бараніна ды кураціна.
    Стравы ў звычайнай салдацкай сталоўцы набылі неверагодную для падобных установаў якасць, а меню пачало вызначацца прыкметнай разнастайнасцю. Тыя з сувязістаў, хто выязджаў з батальёна ў камандзіроўкі ў іншыя часткі, заўсёды, калі вярталіся, не шкадавалі кампліментаў на адрас сваіх кухараў. Усё часцей і часцей афіцэры і прапаршчыкі, якія знаходзіліся ў нарадах, прыходзілі ў сталоўку і елі тое самае, што і іхныя падначаленыя. Раней нічога падобнага не было ніколі. Яны таксама нярэдка не шкадавалі добрых словаў для тых, хто завіхаўся на кухні.