ДМБ-91
зычу вярнуцца дадому
Сяргей Пляскач
18+
Выдавец: Галіяфы
Памер: 312с.
Мінск 2021
У параўнанні з гаспадарчым узводам, у ПУСах дзяды практычна не пілі, а калі і наладжвалі бяседу, рабілі гэта не так нахабна, як тое адбывалася ў гаспадарнікаў — ледзь не ў адкрытую.
Выпадак з Андрэем Гуцулам быў рэдкім выключэннем, а зусім не характэрным здарэннем. Яго, мабыць, і збілі так жорстка таму, што нават п’яныя выдатна разумелі: ён даўно ўжо не кабан і нікога не выдасць.
Вельмі хутка ў новым падраздзяленні Радзевіч зразумеў, што нікому тут, па вялікім рахунку, няма да яго аніякай справы: ён мог прыходзіць і сыходзіць з казармы калі заўгодна, і нікога гэта не турбавала. Мог зусім
застацца начаваць у сталоўцы: на выпадак пытанняў заўсёды можна было сказаць, што гатаваў сняданак. Але пытанняў ніхто не задаваў.
Міхал зусім не баяўся, яму нават падабалася заставацца аднаму ў вялізным гмаху сталоўкі ноччу: ніхто не перашкаджаў думаць, можна было спакойна што-небудзь пачытаць, ды і наўпрост пахадзіць у паўзмроку па пустых залах вялізнага старога будынка, які бачыў на сваім немалым веку тысячы людзей, быў сведкам самых розных падзеяў ды незвычайных здарэнняў. Радзевічу здавалася, што ён падарожнічае па таямнічым старажытным замку, дзе некалі трымалі варожыя аблогі, балявала шляхта ды рыхтаваліся таемныя магнацкія змовы супраць караля. Напэўна, ён не вельмі б і здзівіўся, калі б аднойчы ўбачыў тут Чорную панну Нясвіжскага замка ці Малога Чалавека Балотных Ялін: атмасфера цалкам пасавала да сустрэчы з падобнымі персанажамі.
Дваццаць сёмага ліпеня Вярхоўны Савет БССР прыняў дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце. Гэты факт не мог не здзівіць Міхала, бо ён выдатна ведаў, што за суб’екты ўтваралі большасць у заканадаўчым органе. Тым больш ён сам нядаўна быў сведкам таго, як народны дэпутат Вярхоўнага Савета роднай рэспублікі на вачах усяго батальёна сувязі аддубасіў шлемафонам старшага лейтэнанта. Першы ПУС павінен быў здзейсніць марш. Узначаліць вучэнні прыехаў сам камандуючы групай войскаў генерал Дубынін.
— Глядзіце: сам баця наперадзе калоны на бэтээры! — не без захаплення адзначыў Вацік, калі галаўная машына з вялікім начальнікам спынілася пад адчыненымі вокнамі сталоўкі.
— Мой баця дома! — зазначыў Паша.
— Тваю маць, лейтэнант! — зароў тым часам генерал так гучна, што лёгка перакрычаў дзясяткі моцных рухавікоў, якія гулі на розныя галасы. — Дзе сувязь?!
Ён зняў з галавы шлемафон і працягнуў спалатнеламу маладому афіцэру. Той прыклаў да вуха навушнік, папераключаў нейкія тумблеры і працягнуў шлем назад генералу. Галоўны начальнік нацягнуў на галаву шлем, прыціснуў да глоткі мікрафон і штосьці прагаварыў. Відаць, сувязі па-ранейшаму не было, бо Дубынін імгненна пачырванеў, схапіў шлем правай рукой за вушы і, быццам дубінкай, пачаў мяцеліць няшчаснага лейтэнанта па галаве, як шкадлівага ката:
— Сука! Дзе сувязь, я сказаў?!
— Ну і ну! — здзівіўся такім паводзінам савецкага генерала Вацік.
— Баця? — не ўтрымаўся, каб не пазласлівіць Паша.
Можна было не сумнявацца, што ў ваенны час генерал без ваганняў асабіста застрэліў бы нядбайнага малодшага афіцэра.
Хутка ж усе зразумелі, што з сувяззю ўсё было ў парадку: камандуючы проста няправільна пераключаў тумблер, які вісеў на провадзе да шлема. Калона рушыла, а брыдкае адчуванне пры згадванні высокага начальніка засталося назаўсёды.
Сярэдзіна апошняга летняга месяца адзначылася сапраўднай трагедыяй, якая на доўгі час выбіла са звыклай каляіны абсалютна ўсіх: пятнаццатага жніўня загінуў у аўтааварыі галоўны кумір пакалення Віктар Цой. У галовах не ўкладалася, што такі яскравы чалавек, які «жмвёт по законам другнм н кому умнрать молодым», мог вось так проста, як самы звычайны абывацель, заснуць за аўтамабільным стырном...
Радзевіч быў у роспачы яшчэ і таму, што меў магчымасць пабываць на канцэрце «Кіно» ў Віцебску, але незразумела чаму вырашыў наведаць выступленне любімага гурта пасля службы ў войску...
Недарэмна ж кажуць: адклад не ідзе на лад...
А дзявятага верасня здарылася яшчэ адна трагедыя: нейкія вылюдкі забілі незвычайна папулярнага святара Аляксандра Меня, таго самага, якога добра ведаў ды шанаваў бацька Пашы Герасімава.
Забойства святара ўскалыхнула ўсю атэістычную імперыю, з трывогаю ўспрымалася многімі як пралог да нейкіх страшных падзеяў...
Па батальёне спачатку папаўзлі чуткі, а потым сапраўды было пацверджана начальствам, што да канца верасня частка павінна пераехаць у іншы ваенны гарадок.
Сказана — зроблена. У канцы верасня батальён сувязі вызваліў пункт пастаяннай дыслакацыі і ў поўным складзе пераехаў у іншае месца, дзе раней размяшчаліся мотастралкі. Новы гарадок месціўся літаральна за некалькі кварталаў ад ранейшага і неафіцыйна ўсімі называўся чырвоным: ці толькі таму, што ў ім усе будынкі былі з чырвонай цэглы, ці таму, што ў папярэдніх ягоных жыхароў былі чырвоныя пагоны.
Гарадок займаў значна большую тэрыторыю, чым ранейшы. Фельд’егераў перавялі ў Легніцу, бліжэй да штаба групы, таму кухараў засталося толькі тры чалавекі. 3 месяц у гарадку разам з сувязістамі дыслакаваліся выведзеныя з Заходняй групы войскаў пантоншчыкі ды спецкамендатура, якая таксама патрапіла сюды з Нямеччыны.
Часам на забеспячэнні ў сталоўцы стаяла да сямі сотняў чалавек. Тром гатаваць на такую колькасць людзей было складана, тым больш у тутэйшай сталоўцы ежа выдавалася на раздачы кожнаму асабіста.
У канцы верасня з Яварскай школы кухараў прывезлі трох хлопцаў вясенняга прызыву і, натуральна, пасялілі іх у той жа разбэшчаны блатны гаспадарчы ўзвод. Па знешнім выглядзе маладых кухцікаў няцяжка было здагадацца, у якую мясарубку яны трапілі, таму старыя кухары, якія зусім нядаўна пабылі ў іхнай скуры, стараліся хоць бы ў сталоўцы не надта абцяжарваць новенькіх.
Саша Дзейкін, Сяргей Сівохін і Андрэй Камышанаў усе ўтрох былі з Растоўскай вобласці, землякамі старшыны Меліхава, з казацка-шахцёрскіх сем’яў: дзеці ды ўнукі саслоўных ваенных ператварыліся пасля рэвалюцыі ў пралетарскую эліту — шахцёраў.
Неяк хлопцы распавялі пра Новачаркаскі расстрэл мірнай дэманстрацыі рабочых, які здарыўся ў першыя дні чэрвеня тысяча дзевяцьсот шэсцьдзесят другога года. Немагчыма было паверыць, што на незадаволеных банальным падвышэннем цэн на прадукты людзей кінулі войска. Хлопцы апісвалі здарэнне так падрабязна, быццам бачылі ўсё на свае вочы, бо многія іхныя сваякі ды знаёмыя ўдзельнічалі ў падзеях, вядома ж, не на баку арміі. Сямейныя паданні пра вынішчэнне бальшавікамі казацтва ды ўспаміны родных пра савецкую карную аперацыю ў Новачаркаску выхавалі з маладых жыхароў Прыдоння зацятых скептыкаў адносна існых парадкаў у імперыі зла...
Цяпер ім даводзілася служыць гэтай самай імперыі, ды яшчэ ў асяроддзі такіх адборных вылюдкаў, якія атабарыліся ў гаспадарчым узводзе.
У пачатку кастрычніка афіцыйна адбылося ўз’яднанне Германіі. Здавалася, што радасць, якая ахапіла ўсіх немцаў, адчуваецца і на гэтым баку мяжы.
Неўзабаве надышоў лістапад і пакацілася хваля дэмабілізацыі. Надышоў той дзень, калі з’ехаў да сябе
на Валынь і адзіны дэмбель з гаспадарнікаў Толік Садоўнічы.
Ужо ў снежні грунтоўнай падрыхгоўкай да звальнення з войска заняліся «вясеннікі»: маладыя кухцікі ўклейвалі фотаздымкі і аздаблялі адмысловымі малюнкамі з вайсковымі сюжэтамі дзедаўскія дэмбельскія альбомы. Верагодна, дэмбелям не ўсё падабалася: часцей і часцей можна было назіраць на абліччах маладых кухараў прыкметы «няўдалага праходжання праз дзверы» ды «падзення з лесвіцы».
Будынак сталоўкі меў два паверхі, падвал ды надзвычай складанай канфігурацыі гарышча, якое па сутнасці таксама ўтварала паверх. Кухарскі пакой размяшчаўся на другім паверсе ў прасторным светлым пакоі з вялікім акном. Частка гэтага пакоя падпадала пад край незвычайна крутога даху, таму столь у ім была не роўнаю, як звычайна, а з двума схіламі: у бок акна і да знешняй сценкі ўправа. Акрамя таго, убудаванасць пакоя пад дах вымушала зрабіць прастакутны выступ-рог у яго глыбіню: калі паглядзець на пакой зверху, то атрымоўвалася, што правы далёкі кут нібыта чатырохвугольнага ў плане памяшкання перакрыты выступам паўтара на паўтара метра і ўтварае дадатковы пяты вугал. Паміж схілам даху і сцяною гэтага выступу ў падстрэшшы ўтвараўся яшчэ адзін маленькі пакойчык, у які меўся тэхнічны люк. Хлопцы адразу ж ацанілі ўсе перавагі наяўнасці патаемнага памяшкання, у якое можна было што-небудзь ці каго-небудзь надзейна схаваць, і прыкрылі люк-уваход у падстрэшша шафаю. У гэткім светлым пакоі прыемна было пасядзець і пагаварыць. Была тут і радыёкропка, праз якую можна было ўволю слухаць навіны ды музычна-забаўляльныя праграмы.
Кацельная, з якой падавалі пару ў сталоўку, была тут жа, у падвале пад варачным цэхам, і працавалі там грамадзянскія служачыя. Адзін з трох качагараў, як выявілася, быў з Брэста. Нярэдка кухары замаўлялі цывільным купіць што-небудзь з таго, што не прадавалася на тэрыторыі чырвонага гарадка.
Жыццё і побыт на новым месцы хутка наладзіліся.
Неўпрыкмет адбылася сустрэча другога і апошняга Новага года ў войску.
Здавалася, за гады перабудовы ўсе ўжо звыклі да пастаяннага паскарэння тэмпаў жыцця: падзеі адбываліся так хутка і часта, што фізічна не хапала магчымасцяў, каб за ўсімі імі сачыць. Многія тлумачылі падобны эфект выключна тым, што падчас «застою» проста шмат пра што савецкім людзям не паведамлялі. Верагодней усё ж, застой таму і застой, што нічога і не адбывалася. Дзевяноста першы год ад самага пачатку зусім не запаволіў інфармацыйную плынь папярэдніх гадоў, а па-сапраўднаму палохаў нечуваным нагрувашчваннем падзеяў, іх імклівым развіццём, усё больш выразнай жорсткасцю і непрадказальнасцю...
Саюзныя ўлады на чале з Міхаілам Гарбачовым panep не выклікалі ніякай сімпатыі і не карысталіся падтрымкай найперш таму, што спрабавалі зброяю стрымаць памкненні нацыянальных рэспублік да большай самастойнасці. I калі ў студзені выбухнулі крывавыя падзеі ў Вільні, першы прэзідэнт СССР зрабіў самае бязглуздае, што мог здзейсніць у гэтай сітуацыі: ён пачаў распавядаць, што нічога не ведаў. Усе яшчэ больш пераканаліся: камуністы ўжо не кантралююць вялізную краіну.
Балтыйскія рэспублікі адназначна заявілі, што ні ў якіх перамовах аб лёсе СССР удзельнічаць не будуць: яны