• Газеты, часопісы і г.д.
  • ДМБ-91 зычу вярнуцца дадому Сяргей Пляскач

    ДМБ-91

    зычу вярнуцца дадому
    Сяргей Пляскач

    Выдавец: Галіяфы
    Памер: 312с.
    Мінск 2021
    78.59 МБ
    Цяпер выбірацца. Усё ў зваротнай паслядоўнасці. Толькі ж што рабіць з пячаткай? Міхал выкалупаў ключом увесь кавалак пластыліну са звычайнага бляшанага корка ад пляшкі, які цвіком быў прыбіты да дзвярной каробкі: адзін канец падвоенай доўгай сінтэтычнай ніткі мацаваўся да ручкі дзвярэй унутры памяшкання, другі выцягваўся на вуліцу і прыкладаўся да корка, зверху накладаўся кавалак звычайнага пластыліну, на які ставілася спецыяльная пячатка. Такім чынам, адчыніць дзверы і не сапсаваць адбітак на пластыліне было немагчыма... Радзевіч заклаў нітку ў корак, зверху расціснуў пальцам пластылін, сунуў руку ў кішэню і выцягнуў манету, якая па дыяметры больш-менш супадала з пячаткай: дзесяць злотых, «ожэл бялы»* ў цэнтры і надпіс па краі «POLSKA RZECZPOSPOLITA LUDOWA»**, з адваротнага боку профіль знакамітага земляка: ADAM MICKIEWICZ***; прыклаў арла да пластыліна, націснуў на барэльеф: даруй, паэце! Няхай хоць так: усё ж лепей, чым нічога, можа і не заўважыць ніхто...
    Як толькі выйшлі на асветленую дарогу, адразу ж пачулі выгук, які несумненна адрасаваўся ім:
    — Стаяць!
    3 пляца падыходзілі тры постаці: патруль. На чале нехта ў афіцэрскай фуражцы: вось і ўсё!
    — Гэта ж кухары, таварыш прапаршчык! — азваўся адзін з патрульных.
    Прапаршчык выявіўся добра знаёмы з узвода рамонтнікаў: ён нярэдка бываў у нарадзе па сталоўцы.
    — Чаго не спіце? — абсалютна спакойна пацікавіўся старэйшы.
    * Белы арол (пол.).
    ** Польская Народная Рэспубліка (пол.).
    *** Адам Міцкевіч (пол.).
    Toe, што ў хлопцаў нешта прыхавана пад кіцелямі, патрульныя не ўгледзелі.
    — Вось, ідзем у казарму, — як мог спакойна адказаў Радзевіч.
    — Дык ваша ж у супрацьлеглым баку! Вы што, заблудзіліся? — прапаршчык відавочна кпіў.
    Што і казаць: тлумачэнне атрымалася бязглуздае, іх тут сапраўды не павінна быць!
    — Старшына казаў, што цяпер повары будуць жыць у ПУСах, — неспадзявана азваўся той жа хлопец, які першым іх пазнаў.
    Халера! Дык гэта ж той самы, мой вадзіцель, як яго там: Алег!
    — А-а! Тады зразумела! —падобна, што прапаршчык зусім не пераймаўся, што кухары былі ўдвух: першы ПУС жыў у той самай казарме, што і гаспадарчы ўзвод, гэта да размяшчэння другога вузла сувязі заставалася два крокі. А па два повары ніколі не замацоўваліся за адным ПУСам. — Чаго ж так позна?
    — Ды навалілася нешта ўсяго, — выкручваўся Радзевіч, — ялавічыну нейкую старую выдалі на сняданак, замучыліся рэзаць!
    — Дык раніцай мяса лепей не есці?
    — Лепей не трэба!
    — Добра, што сказалі! А то я пажэрці люблю! Што ж, давядзецца на сняданне абысціся толькі гарбаткай!.. Ідзіце ўжо, a то вам паспаць застаецца нейкіх пару гадзін!
    Шпачок таргануўся ў бок сталоўкі, давялося хапаць яго за рукаў і цягнуць у супрацьлеглым напрамку. Выглядала падазрона, але прапаршчык ніяк не адрэагаваў, павярнуўся і пайшоў моўчкі, патрульныя пасунуліся за ім следам па асветленай дарожцы. На шчасце, яны рушылі не ў бок другога ПУСа: у адваротным выпадку ку-
    харам давялося б увайсці ў чужую, абсалютна незнаёмую казарму, і ніхто не ведае, што іх там магло чакаць...
    У адно імгненне Радзевіч скочыў у цень вялікага дрэва на краі пляца і павалок за сабой Ваціка. Патрульныя не азірнуліся. Цяпер яны былі як на далоні ў повараў, але самі бачыць беларусаў не маглі: ні даць ні ўзяць падпольшчыкі і паліцаі ў акупаваным Мінску.
    Паліцаі рушылі па дарожцы, а падпольшчыкі ішлі следам па ахінутым цемрай пляцы.
    На скрыжаванні ля цэнтральнага КПП патруль спыніўся. Цяпер кухары назіралі за ім з-за рога сталоўкі.
    Прапаршчык нешта сказаў падначаленым — чуваць не было, — і працэсія пайшла ў бок парку.
    Адлегласць паміж двума КПП невялікая: метраў сто — сто пяцьдзясят. Куды рушыць патруль ад паркавых варотаў, невядома. Раптам у бок казармы ці зусім засядуць у курылцы — што тады рабіць? Яны там могуць і да раніцы праседзець! Яны ж у бушлатах, ім цёпла! Заставалася толькі дачакацца, калі патруль дойдзе ўздоўж мура сталоўкі да сярэдзіны, і перабегчы на другі бок дарогі да рога казармы. Толькі б ніхто не выйшаў з цэнтральнага КПП і не было чуваць тупату ботаў...
    Калі іх затрымаюць другі раз, наўрад ці нешта ўратуе ад грунтоўнага разбіральніцтва з даволі прадказальнымі наступствамі!..
    — Пайшлі! —шэптам скамандаваў Міхал самому сабе і Ваціку.
    Газон, праезджая частка, кволыя кусцікі бэзу... I калі ўжо Вацік, які рухаўся наперадзе, схаваўся ў цень за рогам казармы, адзін з патрульных азірнуўся і адразу ж сутыкнуўся паглядам з вачыма Міхала! На шчасце, гэта быў той самы Алег, ягоны кіроўца, які сёння ўжо адзін раз уратаваў хлопцаў, — хто-хто, а ён, у адрозненне ад
    прапаршчыка, цудоўна ведаў, што да іх у казарму мог ісці толькі адзін повар! Радзевіч заўважыў, як кіроўца шчыра разгубіўся і стаў як укапаны: што тут урэшце адбываецца?! Міхал прыклаў да вуснаў указальны палец: ціха, так трэба, потым растлумачу! I скочыў у цень.
    — Што там? — другі жаўнер звярнуў увагу на Алега.
    — Так, нічога, падалося.
    Патруль рушыў далей, а кухары ціхенька ўвайшлі ў казарму.
    Тры гадзіны! Міхал зірнуў на гадзіннік ля тумбачкі днявальнага.
    Ніхто не спадзяваўся, што кабаны вернуцца: усе паклаліся спаць. Нават вечна галодны Малчанаў хроп, бы пшаніцу прадаўшы! Хлопцы склалі прадукты да яго ў тумбачку: мо раніцай зжарэ! Міхал крыху павагаўся, выцягнуў шуфляду з дзедаўскай тумбачкі і паклаў туды звязку ключоў: праз паўтары гадзіны яны з Вацікам сыдуць у сталоўку гатаваць сняданак, няхай пасля пад’ёму павысвятляюць дзядулі з чарпакамі, дзе ключы ад харчовага склада. Зрэшты, дзе-дзе? У дзяжурнага па частцы, дзе ж яшчэ, кабаноў жа злавілі!
    Калі хлопцы прыйшлі ў свой кубрык, за вокнамі ўжо было светла, а вулічныя ліхтары згаслі: чэрвеньскія ночы кароткія, маглі і не паспець да світання!
    XV
    Днявальны разбудзіў Міхала і памкнуўся да Ваціка.
    — Пачакай! He чапай яго зараз! Няхай паспіць. Я адзін спраўлюся. Калі не забудзешся, уздымі яго хвілін за дзесяць да пад’ёму: падчас раздачы лішнія рукі не пашкодзяць.
    Апошняя просьба была хлуснёй: Радзевіч лёгка справіўся б з раздачаю і адзін, ён проста хацеў, каб Вацік пазбегнуў раніцай гаворкі з дзядамі, каб тым засталося незразумела, злавілі ці не кухцікаў ноччу і ў каго цяпер ключы ад склада.
    Шпачок з’явіўся ў сталоўцы да таго, як з вуліцы пачуўся тупат ботаў: значыцца, разбудзілі да пад’ёму, як і прасіў Радзевіч.
    — Ну, як ты? — пацікавіўся ў яго Міхал.
    — Нязвыкла неяк: даўно ўжо так не высыпаўся.
    Яшчэ не скончыўся сняданак, калі прыйшоў Саня Купрыянец і Вацлаў павёў яго ў падвал: можа, атрымаецца злавіць Антонава і прадставіць новенькага, няхай выдае яму чысты камплект адзення. А калі начальніка сталоўкі няма, то трэба будзе пакапацца ў кухарскім пакоі: можа, там яшчэ знойдзецца нешта прыдатнае.
    Міхал павольна вымыў пустыя катлы, вычысціў малую электрычную патэльню.
    Прыйшоў дзяжурны па сталоўцы, забраў некалькі хлопцаў з нарада, узброіў іх вялізнымі жалезнымі насілкамі і алюмініевымі каструлямі і павёў на склад па прадукты да абеду.
    Зараз пачнецца!
    Пачалося ўжо праз хвіліну, нарад не здолеў бы за гэты час і ста метраў прайсці: у варачны ўляцеў увесь нейкі ўскудлачаны, мітусліва-ўзбуджаны чарпак з гаспадарчага ўзвода, імя якога Радзевіч не ведаў, і адразу кінуўся да кухара:
    — Дзе ключы?!
    — Якія ключы? — Міхал наўмысна трымаўся падкрэслена абыякава.
    — Ад склада!
    — Ад якога склада?
    — Ад харчовага, якога ж яшчэ!
    — У кладаўшчыка, мабыць.
    — Я кладаўшчык!
    — Дык што ты ад мяне хочаш?
    — Учора Лёха Малчанаў вам іх даваў!
    — Ён сказаў, што гэта галодныя кабаны ў кладаўшчыка іх скралі.
    — Ну, хопіць ужо! Дзе ключы?
    Радзевічу карцела адправіць яго да дзяжурнага па частцы ці да таго прапаршчыка, які камандаваў патрулём, але, відавочна, гэта пацягнула б за сабой дадатковую блытаніну і разбіральніцтвы.
    — Каму аддаў, у таго і пытайся.
    — Ён кажа, што ў яго няма!
    — Ён што, нямыты ходзіць, у тумбачку раніцай не зазіраў?
    — У тумбачцы, значыць!
    Кладаўшчык маланкай вылецеў з варачнага цэха.
    Радзевіч хацеў пайсці ў кухарскі пакой, але на парозе кухні з’явіўся Паша Герасімаў.
    — Нічога не чуў? — пацікавіўся хлебарэз.
    — У сэнсе?
    — Днявальны са ўзвода прыбег, сказаў, што Махмуда Філіпенка выклікае. He ведаеш, з чаго б гэта?
    — He ведаю, — паспрабаваў захаваць абыякавасць Радзевіч, хоць сам адразу ж падумаў: пачалося!
    — Фельд’егерскі повар прыйшоў ведаеш хто? — перавёў Міхал гаворку на іншую тэму.
    — He, не ведаю. Мне іхныя, калі бралі хлеб, даўно яшчэ казалі, што камандзір прывёз некага з Явара.
    — Саня Купрыянец. Ён быў у першым узводзе.
    — He, не памятаю. А адкуль ён?
    — Уяўляеш, беларус з Абхазіі! Я ў шпіталі, калі быў, пазнаёміўся з украінцам абхазскім! I што яны туды ўсе пруцца?
    — Там мора і цёпла! Я і сам там пажыў бы з радасцю. Трэба будзе хаця б у госці напрасіцца.
    Міхал згадаў, што ён ужо запрошаны, але выхваляцца не стаў.
    Калі сябры вырашылі спусціцца ў падвал, напаўдарозе іх дагнаў хлопец з нарада:
    — Паша! — выгукнуў ён неяк надта ўсхвалявана. — Там цябе Махмуд шукае!
    — Дык у яго ж ёсць ключ.
    — He, яму ты тэрмінова патрэбны!
    — Халера! Hi хвіліны спакою!
    Герасімаў пайшоў наверх, а Міхал — у кухарскі пакойчык уніз.
    Можа, так з якой нагоды выклікалі таго Махмуда?
    — Антонава няма, — паведаміў Вацік, калі ўвайшоў Радзевіч. — Я тут нешта знайшоў, на першы раз сыдзе.
    Міхалу чамусьці стала няёмка перад Купрыянцам за тую брудную вопратку, якую знайшоў Вацік:
    — За ўвесь час толькі раз у пральню адвозілі, — пачаў ён апраўдвацца. — Мы ўжо і самі кіпяцілі, дык начальніку сталоўкі нават парашку пральнага цяжка знайсці! Адзін камплект з хлоркай паспрабавалі пракіпяціць, дык ён рассыпаўся, калі высах! А ў варачным жа па вялікім рахунку толькі дзень і можна пратрымацца ў адных фартуху і кашулі: то тут, то там усё адно да нечага дакранешся ці абпырскаеш! Ды і нагавіцы пэцкаюцца імгненна!
    — У Антонава навюткага адзення поўна, — падключыўся Шпачок, — толькі ён усё эканоміць, беражэ на
    выпадак праверкі ці з’яўлення ў сталоўцы якога-небудзь генерала!
    Міхал распавёў пра сваё знаёмства ў шпіталі з украінскім абхазцам Санем Каваленкам.
    — Ты бачыў Тоўстага! — шчыра здзівіўся Купрыянец. — Як ён?!
    Радзевіч імгненна згадаў іншага Тоўстага, Андрэя Савіцкага, з якім пазнаёміўся на перасылцы ў Барысаве, а потым сустрэўся ў батальёне разведкі: што ж, тыя, хто даў хлопцам мянушкі, фантазіяй не вызначаліся, што ў Абхазіі, што ў Беларусі. Андрэй, праўда, не згадваў, як яго звалі да войска.