ДМБ-91 зычу вярнуцца дадому Сяргей Пляскач

ДМБ-91

зычу вярнуцца дадому
Сяргей Пляскач
Выдавец: Галіяфы
Памер: 312с.
Мінск 2021
78.59 МБ
I вось цяпер, калі б, здавалася, вызваленне блізкае як ніколі, адзін крываногі падонак стварыў столькі невырашальных праблем!
Але ж што яшчэ можа здарыцца да лістапада: толькі напрыканцы восені дзяды з’едуць. Дзе гарантыя, што нейкі там расшпілены кручок на каўняры абароніць Ваціка ад Пунтуса? Ведама ж, сам факт таго, што Шпачок ужо не будзе кабаном, ніяк не стрымае Васю!
Відаць, усё ж іншага выйсця, акрамя як звяртацца па дапамогу да начальства, няма. Толькі з кім менавіта гаварыць: Пятроў дабывае апошнія дні на сваёй невялічкай пасадзе і яму ніякія разбіральніцтвы напрыканцы службы ў гэтым батальёне не патрэбныя; Антонаў — непасрэдны начальнік толькі ў сталоўцы, але яму, падобна, нават на тое, што ў ёй адбываецца, глыбока напляваць! Старшы лейтэнант Амросьеў, начальнік харчовай службы, той яшчэ афіцэр: відаць, «мажорык» нейкі, сынок наменклатурных бацькоў, служыць першы год і на ўсё пазірае скрозь пальцы: нават чарпакам піва набываў,
з дзядамі ж гаспадарнікамі і зусім запанібрата! 3 непасрэдных начальнікаў застаецца толькі намеснік камандзіра батальёна па тыле, капітан Філіпенка. Ён толькі некалькі разоў заходзіў у сталоўку і гаварыў з хлопцамі. Здаецца, цалкам адэкватны мужык: на выгляд ужо і стараваты, як для капітана, сур’ёзны, падоўгу распытваў, што ды як, прасіў выказваць, калі ёсць, прапановы наконт таго, што ў сталоўцы можна палепшыць, нават абяцаў найхутчэй адрамантаваць вялікую электрычную патэльню... А яшчэ кожны раз казаў, каб смела звярталіся да яго, калі ўзнікнуць якія-небудзь праблемы. 3 яго вуснаў гэтая прапанова заўсёды гучала як намёк на абсалютна канкрэтныя праблемы — дзедаўшчыну. Верагодна, вопытны афіцэр здагадваўся пра норавы, якія панавалі ў гаспадарчым узводзе.
Але што і як казаць таму капітану? Вось так прыйсці і галаслоўна распавесці пра людзей, якіх нам па тыле ведае куды болей, чым новенькіх кухараў, што тыя іх крыўдзяць. Якое недарэчнае слова! Яны што, абзываюць вас як-небудзь? Ставяць падножкі? Нейкі дзіцячы сад атрымоўваецца!
У Міхала галава ішла кругам: як ні круці — скардзіцца ён не ўмее!
Да таго ж Радзевіч разумеў: як гэта ні прыкра, але адправіць да Філіпенкі аднаго Шпачка ніяк не атрымаецца. Той абавязкова скажа ўсю праўду, як ты яго ні настройвай, і што будзе ў выніку — крымінальная справа, следчыя эксперыменты, розгалас на ўсю групу войскаў? Як ён сам потым усё гэта перажыве?..
Адзінае, што абсалютна відавочна: усяму ёсць нейкая мяжа! Няхай сабе скардзіцца начальству, «стукаць», тут, у войску, лічыцца страшэнным грахом! Але ці можна параўнаць усё тое, што прымушалі кабаноў рабіць
дзяды, — усе падшыванні і мыццё формы, адцісканні і прысяданні, гатаванне ежы і гарбаты, спевы калыханак, байкі, засоўванне паміж пальцаў ног і падпальванне паперы, «веласіпедзік», нават прабіванне фанеры — з тым, што вырабіў Пунгус з няшчасным Шпакоўскім?!
Ды любы з гэтых зухаватых дзядоў, калі б не ў войску, а дома яго як след збілі б хуліганы, хіба не пабег бы ў міліцыю: як жа — беззаконне, гвалт, ратуйце, дапамажыце...
— Ты як? — пацікавіўся Міхал у Ваціка, які, бы цень, цэлы дзень не адыходзіў ад яго ні на крок.
— Нармальна...
— Хадзем у казарму.
— А пайка для дзядоў?
— Хрэн ім у вочы сёння, а не пайка!
— Паб’юць жа!
— Гэтага нам якраз сёння і трэба дабіцца...
— Ты звар’яцеў?!
— Валі ўсё на мяне, калі што! Няхай мяне болей паб’юць, няхай як след аддубасяць! 3 цябе ўжо дастаткова!..
Вацік няўцямна ўтаропіўся на Міхала.
— Заўтра ўсё растлумачу! Тады зразумееш!
У казарму кухары заўсёды траплялі пасля адбою, бо неабходна было падрыхтавацца да гатавання сняданку. Ды і куды спяшацца? Усё адно нічога добрага там іх не чакала.
— He зразумеў?! Чаму так позна? — спыніў кабаноў, калі яны ўзняліся на свой паверх, ці не заўсёды самы галодны дзед Лёха Малчанаў. — А пайка дзе?
— Няма, — з выклікам адказаў Радзевіч.
— Што?!
— Дзяжурны надта злы сёння трапіўся!
— А я не злы?! Дзяжурнага, значыцца, баіцеся, а дзядуляў — не?! На дзядуляў х..., значыцца, можна забіць?! Ці не прыпухлі вы там у сваёй сталоўцы, кабаны смярдзючыя!
Малчанаў крычаў наўмысна гучна, каб пачулі астатнія дзяды. Яны не прымусілі сябе чакаць і праз хвіліну былі ўжо ўсе на калідоры.
— Што здарылася? — з уяўнай лагодаю ў голасе пацікавіўся Садоўнічы.
— Ды кабаны зусім расперазаліся! Вунь, без пайкі прывалакліся! Зусім страх страцілі! — працягнуў лямантаваць Лёха.
— Гэта ўсё Радзевіч, — падключыўся Пунтус, — ён і мне сёння ў сталоўцы пярэчыў. Шпакоўскі ні пры чым. Гэты ў шпіталі адпачыў месяц, цяпер вылузваецца, праўда, Мішаня? — Вася нахабна, са сваёю брыдкаю ўсмешкай на твары, пазіраў Радзевічу ў вочы, нібы казаў паглядам: ну і што ты мне зробіш? Хто ты супраць мяне? Пляваць мне, што ты там ведаеш! Ты тут — бяспраўнае быдла!
Міхал не адводзіў сваіх вачэй ад дзедавых, гэта быў сапраўдны двубой позіркаў, ён таксама спрабаваў давесці сваё пасланне да Пунтуса: я ведаю, што ты — дробны брыдкі вычварэнец, ты смелы толькі з тымі, хто не можа за сябе пастаяць, са сваёю зграяю смелы, але я цябе не баюся!
— Фанера! — гыркнуў Вася.
Міхал стаў смірна, але не стаў дэклараваць належнае: новая, стодзюймовая... і па-ранейшаму нахабна глядзеў Пунтусу ў вочы.
Было бачна, што дзед на мяжы шаленства!
Ён сціснуў свой дробненькі кулачок і стукнуў Міхалу ў грудную клетку.
— I гэта ўсё? Што ж ты б’еш, як дзяўчынка, Вася! — з выклікам засмяяўся Радзевіч, хоць удар быў досыць балючы.
Твар Пунтуса імгненна пачырванеў а на свавольнага кабана тут жа накінуўся Малчанаў:
— Што?! Што ты сказаў?! Паўтары?! Фанера! Фанера, я сказаў!
Лёха не стаў чакаць ад кабана ніякага адказу, а тут жа так моцна ўлупіў па ягонай грудзіне, што Міхал бразнуўся спінаю аб сцяну.
— Ну, як? Спадабалася? — злараднічаў дзед.
— Крыху лепей. Гэта ўжо як цётка базарная!
— Хто? Я — цётка! Чулі, што ён сказаў? Фанера! — зноў зароў Малчанаў і замахнуўся на Радзевіча.
I калі ўжо рух дзедавага кулака нічога не магло стрымаць, Міхал зрабіў тое самае, што некалі Лермантаў: рэзка павярнуўся бокам. Лёхаў кулак нават не дакрануўся да Радзевічавай гімнасцёркі, а з усяе моцы ўпячатаўся Ў сцяну.
— А-а! — заверашчаў Малчанаў, як шалёны, і затрос кісцю правай рукі.
На сценцы, у тым месцы, у якое прыйшоўся ўдар, Міхал паспеў разгледзець дробныя кавалачкі чалавечай скуры: цудоўна!
У наступнае імгненне Радзевіча ўжо збілі з ног і пачалі футболіць нагамі: чэмпіянат жа свету, як-ніяк!
На Міхалава шчасце, ніхто з нападнікаў не быў абуты ў боты. Ён курчыўся на падлозе, спрабаваў прьпуліцца да сценкі і прыкрыць галаву рукамі: мазгоў і так небагата!
— Стаяць! — нехта спрабаваў перакрычаць валтузню. — Хопіць, я сказаў!
Бойня таксама раптоўна, як распачалася, спынілася. Міхал з асцярогаю расплюшчыў ужо прыкметна пад-
пухлае вока: паміж ім і раз’юшанымі дзядамі стаяў Садоўнічы.
— Вам што, сумна жыць стала?! Прыгодаў на свае азадкі шукаеце? Што з вамі будзе, калі яны заўтра «стукнуць»? Дадому не вельмі хочацца ў час вярнуцца, ёсць жаданне пару годзікаў звыштэрміновую ў дысбаце паслужыць.
— Што ты вечна сцыш, Талян?! — паспрабаваў запярэчыць Малчанаў. — Нам не так перападала, успомні.
— Сцыш?! А ты ў курсе, каму першаму і болей за іншых дастанецца, калі што?.. Усё, я сказаў! Разыходзімся! Канцэрт скончаны!
Толік нахіліўся да Радзевіча:
— Ты як?
— Жыць буду.
— Ідзі абмыйся і спаць! На сёння «разборак» хопіць!..
На наступны дзень па абедзе Міхал і Вацік пераапрануліся з поварскага адзення назад у вайсковую форму і рушылі ў штаб.
— Можа, трэба было б з Пашам параіцца? — няпэўна спытаў Вацік.
— Мабыць, у гэтым канкрэтным выпадку — не: раптам ён усё ж як-небудзь прагаворыцца? Хочаш, каб кожны апошні «чмошнік» у батальёне тыцкаў у цябе пальцам і называў сам ведаеш як? Знакамітасцю хочаш стаць? Да таго ж нешта мне падказвае, што не сёння, дык заўтра Махмуд расшпіліць Пашу: дастаткова ён пабатрачыў.
Яшчэ ўчора Міхал быў поўны рашучасці пайсці і распавесці ўсё Філіпенку, нават забяспечыў важкія аргументы, каб не быць галаслоўным: цяпер яны прыкметна чырванелі на твары і сінелі на грудзях і па ўсёй спіне. Але сёння ён не быў зусім упэўнены, што трэба сказаць, каб неяк вырашыць праблему... Дапусцім, яны прадэманст-
руюць капітану свае баявыя раненні, распавядуць, што іх выключна дзеля задавальнення сваіх садысцкіх схільнасцяў дубасяць штовечар... I што далей? Якімі будуць ягоныя крокі? Ён выкліча ваеннага пракурора? Падставіць камандзіра батальёна: выкрыты факг дзедаўшчыны — гэта ўсё ж надзвычайная сітуацыя! А за ёю, адпаведна, камісіі, пазачарговыя праверкі, пошук вінаватых сярод камандуючага складу... Яму гэта трэба? He факт, што ў выніку яго самога і не прызначаць вядомым козлікам... А што, калі ён выслухае, паспачувае, як выхавацелька садка пакрыўджанаму дзіцяці, і, як зрабіла б тая жанчына, збярэ ўсіх дзетак і памахае ім пальчыкам: ай-яяй, міленькія, я ж вам казала, так рабіць нельга! Прысаромленыя дзетачкі апусцяць долу вочкі, нехта асабліва чуллівы нават шмыгане носам... А ну паабяцайце мне, што болей ніколі так не будзеце рабіць! «Абяцаем!» — хорам адкажуць дзеткі. Вось і цудоўненька, жывіце мірна, маленькія! I пойдзе надалей займацца сваімі дарослымі справамі... А дзеткі тым часам возьмуцца з падвоеным імпэтам за тое, чаго болей ніколі абяцалі не рабіць!..
Першым жа чалавекам, з якім хлопцы сутыкнуліся ў штабе, аказаўся батальённы пісарчук, чарпак з гаспадарнікаў Раман Цвяткоў.
— О! А вы што тут робіце?!
Хлопцы прыкметна збянтэжыліся: што ім на самай справе магло тут спатрэбіцца? Сусед па кубрыку выдатна ведаў, што ўчора адбылося на іхным паверсе, і цяпер быццам бачыў кухараў наскрозь.
— «Стукаць» прыйшлі?!
— Філіпенка на месцы? — як мага спакайней спытаў Радзевіч.
Цяжка сказаць, на чыім абліччы адбілася большае здзіўленне: на Вацікавым ці на Раманавым.
— Прыйшоў днявальны і сказаў, што ён нас выклікае, — патлумачыў Міхал.
— Здаецца, быў у сябе, — усё яшчэ з недаверам адказаў Цвяткоў.
— Куды ісці?
— У канцы калідора злева, там шыльда ёсць...
Повары пайшлі, а Раман яшчэ доўга глядзеў ім услед. На ягоным абліччы блукала адценне невырашальнай праблемы: схлусілі ці не?