ДМБ-91 зычу вярнуцца дадому Сяргей Пляскач

ДМБ-91

зычу вярнуцца дадому
Сяргей Пляскач
Выдавец: Галіяфы
Памер: 312с.
Мінск 2021
78.59 МБ
хоць іх атрымаецца накарміць як след. Навошта ж мучыць ні ў чым не вінаватую жывёлу?!
Святло яшчэ не ўключалі, таму Радзевіч бачыў толькі сілуэт свайго слухача і не мог па выразе твару ацаніць: разумее яго тлумачэнні Каваленка ці не. Самога ж апавядальніка ў гэты момант непакоіла чарговая хваля адчування, што ўсю гэтую сітуацыю ён ужо некалі перажываў. Міхал мог паклясціся, што раней ніколі не чуў «Песню пра казу», таму наўрад ці расшыфроўваў некаму яе змест. Але пачуццё паўтору ўзнікла проста звышнатуральнае...
I скуль што бярэцца?...
Раптам з вуліцы данесліся нейкія гучныя крыкі. Праз акно, якое выходзіла на шпіталь, днявальныя па КПП убачылі, як на тэрасу выйшла некалькі жанчын у белых халатах, а следам з’явіліся мужчынскія постаці ў сініх піжамах. Усе, хто знаходзіўся на тэрасе, уважліва ўглядаліся некуды за агароджу. Хлопцы адчынілі дзверы і выйшлі ў горад: па вуліцы ў іхным напрамку рухалася купка маладзёнаў у цывільным. Іх было шасцёра, і яны намагаліся трымацца роўным шыхтом і маршаваць у нагу. Атрымоўвалася так сабе, бо хлопцы былі прыкметна датыя. Нічога звышнатуральнага ў гэткім відовішчы, мабыць, і не было б, калі б не той дзікі крык-песня, якую яны гарлалі па-нямецку: гэта было не што іншае, як пазнавальны нацысцкі марш. Нехта з жанчын на тэрасе ўбачыў на вуліцы Міхала з Санем і крыкнуў:
— Схавайцеся!
Але хлопцы не крануліся з месца: ну, выдурняецца моладзь, няхай сабе павыдурняецца, не стануць жа яны кідацца на вайскоўцаў.
Працэсія набліжалася.
Міхал назіраў за маршам маладзёнаў, як за бясплатным канцэртам, — абсалютна спакойна. Але адчуваў,
што напружанне расце на тэрасе: можа, яны не ўпершыню бачаць падобнае і пра нешта ведаюць...
Калі да днявальных заставаліся лічаныя метры, адзін з маладых людзей раптам, перакрыкваючы астатніх, выгукнуў нейкую каманду ў такт маршу і выразна пачаў адлік:
— Eins! Zwei! Drei!*
Ha drei шэраг параўняўся з КПП, малойчыкі даволі зладжана выкінулі наперад правыя рукі ў нацысцкім вітанні і сінхронна гаркнулі:
— Heil Hitler!
Радзевіч і сам не чакаў ад сябе падобнай рэакцыі на чуты-перачуты мільён разоў у кіно вокліч: ён зарагатаў нечакана гучна і надзіва заразліва. Услед пачаў гыгыкаць Каваленка, а праз імгненне спачатку бязладна затупаў, а потым таксама выбухнуў рогатам нацысцкі шэраг. Засмяяліся і на тэрасе.
Паверыць у тое, што ў сацыялістычнай Польшчы, нават сярод мясцовых немцаў маглі ўзрасці нацысты, было немагчыма. Верагодней, гэта маладыя палякі, не на жарт спалоханыя зыходам савецкага войска з заходняй часткі сваёй краіны, такім наглядным чынам спрабавалі сказаць найперш суайчыннікам, а заадно і «радзецкім», што тут можа быць, калі войскі імперыі не застануцца. Міхал адразу згадаў гаворку з мясцовым беларусам на пілараме.
Бывае ж: у адной частцы краіны змагаюцца за вывад савецкай арміі, а ў другой зусім не супраць, каб яна засталася...
Вызваляць Радзевіча са шпітальнага палону прыйшоў сам Пятроў. Старшаму прапаршчыку не адмовілі: прызналі кухара абсалютна здаровым і адпусцілі з непасрэдным начальнікам да месца службы.
— Адзін! Два! Тры! (ням.)
— Мяне ўжо ўсе дасталі: як толькі даведаюцца, што я з Абхазіі, адразу вяжуцца: запрасі ў госці пасля дэмбелю, запрасі ў госці. Адзін ты не напрошваўся, — адзначыў на развітанне Саня Каваленка, — таму вось мой адрас і тэлефон, — пантоншчык працягнуў старонку з нататніка, — звольнішся — абавязкова абзавіся, цябе запрашаю!..
Па дарозе ў частку Міхал наважыўся і спытаў узводнага, што новага ў батальёне.
Той, без асаблівага жадання весці гутаркі з падначаленым, усё ж распавёў, што фельд’егеры прывезлі сабе новага повара замест дэмабілізаванага і цяпер:
—.. .Вам упяцёх у той сталоўцы і зусім не будзе чаго рабіць! Як ні зайду ў ленінскі пакой — Аліеў з Пунтусам сядзяць. Што там глядзець: нашы ўсё адно адгуляліся, цяпер дома ля тэлевізара ў іх чэмпіянат!
Значыць, таго, што ў сталоўцы цягне лямку адзін за ўсіх Шпакоўскі, Пятроў не ведае.
— Як я і разлічваў, — працягваў камандзір, — у ліпені ў мяне адпачынак, а потым перавод на іншае месца службы. Буду недзе ў Саюзе цяпер служыць.
Міхал згадаў, як Пятроў, калі прывёз іх у частку, пасля таго як сказаў, што ён іхны камандзір, тады неяк зусім недарэчы дадаў: пакуль. Цяпер гэтае «пакуль» набывала сэнс.
— Ты з Беларусі? Так? — раптам удакладніў Пятроў.
— Так.
— Добра было б, каб у Беларусь трапіць. Выйду на пенсію — абавязкова ўладкуюся ў вас на пастаяннае месца жыхарства.
— А вы самі адкуль?
— О! Я з-за Урала, з Сібіры! Там у нас першародная прыгажосць!..
— Дык чаму не на радзіму тады?
— Я ж кажу: там ніякай цывілізацыі!
Зусім нядаўна для Міхала стаў сапраўдным адкрыццём той факт, што ледзь не праз аднаго ўсе афіцэры і прапаршчыкі пасля зыходу ў адстаўку хацелі б жыць у Беларусі.
У канцы лютага Радзевіч не знаходзіў сабе месца: на кожным будынку ў ваенным гарадку, дзе размяшчалася школа повараў, з’явіліся плакаты з інфармацыяй, што 4 сакавіка адбудуцца выбары ў Вярхоўны Савет БССР. Як гэта магчыма: вышэйшы орган улады ягонай роднай рэспублікі будуць выбіраць тысячы абсалютна чужых людзей, якія не проста не ведаюць беларускіх рэалій ці ніколі не былі ў Беларусі, а, па вялікім рахунку, мякка кажучы, пляваць хацелі на тое, што там адбываецца ці будзе потым.
Свайго ўдзелу ў выбарах, напрыклад, узбекскіх Міхал не ўяўляў ні ў якім выглядзе...
Для поўнага ж шчасця, як кажуць, у беларускі парламент вылучаліся і афіцэры, што служылі ў Паўночнай групе савецкіх войскаў. Быў сярод іх і камандуючы групы генерал Дубынін.
Выбары, хоць і былі ўпершыню альтэрнатыўнымі, пры такіх акалічнасцях практычна не дапускалі магчымасці для апазіцыйных, не камуністычных сілаў правесці ў парламент адчувальную колькасць сваіх прадстаўнікоў: за каго тут, у ПГВ, будуць галасаваць ваеннаслужачыя ды іхныя сямейнікі, сумненняў не ўзнікала.
Хутка для сустрэчы з выбаршчыкамі на вайсковым самалёце, без усялякага дазволу польскага боку, прывезлі наменклатурных кандыдатаў у дэпутаты з самой Беларусі. Апазіцыйныя ж кандыдаты калі б і трапілі ў Польшчу, дык у савецкія гарнізоны — дакладна ж не.
Па той выбарчай акрузе, дзе месцілася школа ваенных повараў, балатаваўся нейкі маладжавы камсамольскі дзеяч, які падчас сустрэчы прачытаў з паперкі тэзісы сваёй феерычна-фантастычнай праграмы: яна задавальняла любыя магчымыя і немагчымыя густы, а таму ўтрымлівала ўзаемавыключальныя рэчы. Бюракрат абяцаў, што прыкладзе максімум намаганняў для таго, каб Савецкі Саюз стаў яшчэ больш маналітным і непарушным, а беларуская рэспубліка павялічыла сваю самастойнасць; што паспрыяе стварэнню найлепшых умоваў для развіцця нацыянальнай культуры і мовы ды пашырэнню сферы выкарыстання рускай мовы на Беларусі; абяцаў змагацца з ільготамі для наменклатуры, а прывілеі для ваенных пенсіянераў павялічыць; гарантаваў дбаць пра забеспячэнне роўнасці ўсіх рэлігійных канфесій і спрыяць аднаўленню праваслаўнай царквы.
Ніякіх пярэчанняў у сваёй праграме кандыдат не бачыў. Ён, відаць, дзейнічаў паводле прынцыпу: гавары тое, што ад цябе хочуць пачуць, будзь прасцейшым — і да цябе пацягнуцца людзі.
Прачытаў гэтую лухту не без натхнення, нават узнёсла атрымалася, і запрасіў усіх прысутных пасля завяршэння службы прыязджаць жыць у Беларусь, прапанаваў задаваць пытанні.
Нечаканую актыўнасць раптам выявілі жонкі афіцэраў будаўнічага батальёна, якія натуральна па сценцы размазвалі камсамольца за фразу пра спрыянне развіццю беларускай мовы: цёткі да глыбіні душы былі абураныя тым, што ў Беларусі ёсць беларуская мова!
— Запрашаеце прыязджаць да вас, а самі там нацыяналізм разводзіце, як у Прыбалтыцы! — верашчала самая актыўная кабета.
На імгненне твар наменклатуршчыка вылучыўся чырвонаю плямаю нават на фоне савецкага сцяга, які вісеў
у яго за спінай: раскусілі! Але ўжо ў наступную секунду аблічча кандыдата набыло ранейшае ружовенькае адценне колеру скуры маладзенькага парсючка: бюракратычная загартоўка ўсё ж спрацавала.
Камсамольскі дзеяч пачаў клятвенна завяраць, што яго няправільна зразумелі: у Беларусі такога, як у прыбалтыйскіх рэспубліках, не можа быць ніколі, там жывуць настолькі талерантныя людзі, што яны, каб барані божа не пакрыўдзіць якога-небудзь прадстаўніка брацкіх народаў, даўно пазбавіліся ўжо ад такіх перажыткаў чорнага мінулага, як дробнабуржуазны нацыяналізм:
— У нас даўно ўжо адна нацыянальнасць: савецкая! I мова ў нас адна: руская! Мы — інтэрнацыяналісты! — сыпануў ён традыцыйнымі лозунгамі ў якасці самага пераканаўчага аргумента.
Як ні дзіўна, на жанчын гэты танны прыём падзейнічаў лепей за цвярозыя разважанні, і яны пачалі задаваць болып практычныя пытанні: ці будзе каўбаса, ці дастаткова дзіцячых садкоў, як складана ў Беларусі абзавесціся дачным участкам.
Натуральна, па словах кандыдата ў дэпутаты, у БССР усё было проста цудоўна, а калі яго абяруць у Вярхоўны Савет — стане непараўнальна лепей!
Але перадусім у сваім жаданні пасяліцца ў Беларусі адстаўнікі кіраваліся зусім не каўбасой, а менавіта мовай, дакладней, яе практычнай знішчанасцю, адсутнасцю і адсунутасцю далей, чым на перыферыю жыцця: з каўбасой у Прыбалтыцы было прыкметна лепей...
Вось і па логіцы Пятрова: цывілізавана там, дзе хапае каўбасы, гучыць руская мова і тубыльцы не вытыркаюцца са сваімі адметнасцямі...
Калі прыйшлі ў свой ваенны гарадок, Радзевіч адразу ж спытаў у камандзіра дазволу пайсці ў сталоўку, і непасрэдны начальнік без ваганняў даў сцвярджальны адказ.
У будынку было надзіва пуста і ціха: сняданак даўно скончыўся, а гатаваць абед яшчэ не распачыналі. Хлопцы з нарада ўжо вымылі посуд і навялі парадак і цяпер у поўным складзе сядзелі на вуліцы ў цяньку ля цэнтральнага ўвахода. Міхал іх толькі чуў: ён прайшоў праз бакавыя дзверы.
Дзе цяпер Вацік: у кухарскім пакойчыку ці яшчэ ў варачным цэху?
Радзевіч накіраваўся на кухню.
Міхал увайшоў у варачны цэх — нічога за час ягонай адсутнасці там не змянілася: тыя самыя пахі ды колеры, усё абсталяванне на ранейшых месцах. Хіба што ад дзённага святла прусакі пахаваліся.
А можа, Сабанаеў зрабіў ласку і ўсё ж патруціў брыдкіх інсектаў?
Людзей у варачным таксама не было.
I толькі Радзевіч павярнуўся, каб выйсці, да яго данёсся добра знаёмы голас: