• Газеты, часопісы і г.д.
  • ДМБ-91 зычу вярнуцца дадому Сяргей Пляскач

    ДМБ-91

    зычу вярнуцца дадому
    Сяргей Пляскач

    Выдавец: Галіяфы
    Памер: 312с.
    Мінск 2021
    78.59 МБ
    — Я спытаў у днявальных, хто з іх бегаў па кухараў, — умяшаўся ў гаворку пісарчук Раман Цвяткоў, які цяпер, відаць, за асаблівыя заслугі атрымаў ганаровую прапіску на пражыванне ў дзедаўскім кубрыку, — яны сказалі, што ніхто.
    — Мы і не казалі, што гаварылі з некім з днявальных са штаба, — выкручваўся як мог Міхал. — Са сталоўскага нарада нехта прыйшоў і сказаў што нам прасілі перадаць, каб па абедзе прыйшлі да капітана Філіпенкі.
    — Хто? — не здаваўся намеснік камандзіра ўзвода.
    — Што хто? — удаваў неразуменне Радзевіч.
    — Хто са сталоўскага нарада вам перадаў?
    —Я не ўсіх ведаю, да таго ж мы якраз раздавалі ежу, там была такая мітусня, што, хоць забіце мяне, я не памятаю!
    — Гэта мы заўсёды паспеем! — нявесела пажартаваў Пунтус.
    — А ты — запомніў, хто гэта быў? — пацікавіўся Толік у Ваціка, у якога дрыжэлі вусны і, здаецца, уся пастава лепей за словы казала: раскусілі!
    — Ён быў заняты і нічога не мог бачыць, — патлумачыў за земляка Міхал.
    — Вы не думайце, мы ўсё адно даведаемся, калі вы хлусіце! Амросьеў—наш чалавек! I калі вы «стукнулі», ён нам скажа! I тады вам... — Малчанаў шукаў якую-небудзь асабліва страшную пагрозу. — Вешайцеся тады, — не прыдумаў нічога лепшага: старэчая памяць падводзіла.
    — Вы — камсамольцы? — незразумела да чаго раптам спытаў Садоўнічы.
    — А што? — машынальна перапытаў Міхал.
    — А тое, што заўтра я прапаную правесці камсамольскі сход. Запросім на яго Філіпенку, і вы выступіце, распавядзеце, як вам тут добра жывецца, што мы вас не тое што не крыўдзім, а, наадварот, усяляк дапамагаем! Зразумела?..
    — Без праблем, — спакойна пагадзіўся Радзевіч.
    Што-што, а ўсю штучную, хлуслівую камсамольскую кухню Міхал ведаў выдатна: ён два гады ўзначальваў школьную пярвічку, удзельнічаў ва ўсіх раённых сходах ды канферэнцыях; у вучэбцы ваенных повараў, калі намеснік камандзіра ўзвода ўбачыў ягоную характарыстыку, адразу ж прызначыў-выбраў Радзевіча кіраваць перадавой моладдзю падначаленай баявой адзінкі. Але ў войску гэтая арганізацыя была яшчэ больш фармальнаю структурай, чым у цывільным жыцці: людзі займалі пасады, але нават не імітавалі ніякую дзейнасць. Таму, калі хлопцы пераехалі ў батальён сувязі, Радзевіч, адзіны камсамолец з трох новых кухараў, прынцыпова не стаў ні на які
    ўлік, тым больш што той лейтэнанцік, які ўзначальваў пярвічную арганізацыю ў частцы, і зусім не цікавіўся прыналежнасцю хлопцаў да ўсесаюзнага ленінскага камуністычнага саюза...
    Міхал ледзь стрымаўся, каб не зарагатаць ад адной толькі думкі, што ў гаспадарчым узводзе ёсць нейкая там камсамольская арганізацыя. Відаць, па інерцыі, калісьці, яшчэ ў антычныя часы, у войску было прынята імітаваць усесаюзную любоў моладзі да камуністычнай партыі, праводзіць урачыстыя сходы, на якіх клясціся-абяцаць быць вернымі спадкаемцамі слаўных баявых традыцый ды непарушных ленінскіх ідэалаў кляйміць-ганьбаваць усемагчымых знешніх і ўнутраных ворагаў! Карацей, традыцыйна казаць начальству прыгожую хлусню замест вельмі непрывабнай праўды... Гэта такая гульня: і начальства ведае, што ўсё, мякка кажучы, зусім не так, і моладзь у курсе, але традыцыя абавязвае — усё павінна быць прыгожа, гарманічна і ніяк інакш! Падвоеная такая мараль: гаварыць супрацьлеглае таму, што думаеш і бачыш на свае вочы, выдаваць жаданае за сапраўднасць...
    Але ўявіць падобную карціну цяпер, калі ў выніку палітыкі галоснасці ды дэмакратызацыі сродкі масавай інфармацыі ўжо даўно давялі да самых адсталых і несвядомых прадстаўнікоў моладзі ўсю камічную няздатнасць камсамола, было немагчыма!
    Яны што, газет не чытаюць?
    Зрэшты, паверыць, што чытаюць, было яшчэ складаней.
    Яны чытаць хаця б умеюць?
    — Тады на сёння ўсё, валіце да сябе! — падвёў вынік допыту Толік.
    Аднак хлопцаў не пакінулі ў спакоі і гэтай ноччу. Спачатку ў кубрыку чарпакі паспрабавалі таксама да-
    ведацца, чаго кухараў насіла ў штаб, але з імі Радзевіч не стаў цырымоніцца: каму трэба, той ведае, не вашая справа! Затым дзяды паклікалі Лёху Камарова. Той вярнуўся праз дзесяць хвілін і запрасіў Міхала і Ваціка ў бытавы пакой, быццам падшываць гімнасцёркі дзядоў.
    Адзежу дзядоў ён насамрэч прынёс, але адразу ж паведаміў:
    — Далі заданне прасачыць за вашай рэакцыяй: згадзіцеся дапамагчы ці не. Сказалі, каб любымі хітрыкамі выведаў, выклікаў вас Філіпенка ці самі паперліся. Абяцалі, калі высветлю, расшпіліць. Усе, акрамя Толіка, хацелі вас пабіць, але той запалохаў іх дысбатам.
    Радзевіч моўчкі ўзяўся за працу і толькі пабойваўся, каб Вацік не нагаварыў нічога лішняга. Шпачок, на шчасце, маўчаў...
    Калі кіцелі былі гатовыя, Лёха аднёс іх у дзедаўскі кубрык. Назад вярнуўся разам з Малчанавым, і той раптам нечакана пацікавіўся:
    — А пайка будзе?.. Дзядулі жадаюць перакусіць!
    — Мы нічога не прынеслі. Сёння ніяк не атрымалася, — адказаў Міхал.
    Ён адчуў нейкую двухсэнсоўнасць становішча: нядаўна адпусцілі, цяпер нешта есці ім прыперла.
    — Нават гарбаткі не зробіце?—удакладніў дзед Лёха.
    — Нічога няма.
    — Каб у гаспадарчым узводзе нічога не было, такога не бывае!
    Малчанаў выцягнуў з кішэні вялізную звязку ключоў і пакруціў ёю на бліскучым металічным ланцугу.
    — У нашым распараджэнні ўсе прадукты батальёна, а ты кажаш — нічога няма!
    Міхал яшчэ цалкам не разумеў, да чаго вядзе Лёха, але прадчуваў, што да нечага, як заўсёды, нядобрага.
    — Вось гэта ключ ад харчовага склада. Зойдзеце, адчыніце замок, уключыце святло і адразу за сталом кладаўшчыка ўбачыце шафу. У ёй на другой паліцы адкладзена ўсё, што трэба: два боханы хлеба, заварка, цукар і кавалак масла... Усё просга! Толькі галоўнае — не трапіцца на вочы пагрулю і пячатку зняць і вярнуць на месца па магчымасці ашчадна, каб не бачна было пашкоджанняў.
    Малчанаў нахабна пасміхаўся: ну, як мы вас!
    Гэта была стоадсоткавая «падстава»: непрыкметна перайсці туды-сюды праз увесь добра асветлены ваенны гарадок, зняць і не пашкодзіць пластылінавую пячатку — за што само па сабе прадугледжаны тэрмін у дысбаце, — вынесці прадукты і не трапіцца ў рукі патруля было немагчыма!
    Лёха працягнуў Радзевічу ключы:
    — I яшчэ: калі зловяць, скажыце, што захацелі есці і выцягнулі ключы ў кладаўшчыка!..
    Міхал нават не ведаў, хто цяпер кладаўшчык: Бандарэнка даўно звольніўся, а Малчанаў па-ранейшаму кіроўца. Хацеў сказаць яму, што прыдумка пра тое, як згаладнелыя кухары — а пасылалі толькі Міхала з Вацікам, Лёха Камароў заставаўся ў казарме — ноччу павалакліся ўскрываць харчовы склад, — смеху вартая і цягне хутчэй на танны анекдот, чым на рэальна магчымую сітуацыю, але не стаў: пасылаюць жа зусім не па ежу! Галоўная задача — «падставіць» кабаноў, а тады, што б яны ні казалі, ім не будзе веры!..
    Ад казармы да сталоўкі метраў дзвесце — гэта недзе траціна адлегласці да склада. Калі затрымаюць на гэтым кавалку шляху, яшчэ можна будзе выкруціцца — напрыклад, прыйшлі ў казарму і ўспомнілі, што нешта не зрабілі ў сталоўцы: не ўключылі пару, не выключылі пліту ці патэльню... На зваротным шляху, калі зловяць
    паміж сталоўкай і казармай, можна будзе сказаць, што вяртаемся ў казарму значна пазней, чым звычайна, бо было зашмат працы... Аргументы, зразумела, так сабе, але ўсё ж лепей, чым ніякіх... Куды горш, што не існуе ніякіх апраўданняў на ўдвая большую за першую частку шляху: ім абсалютна няма чаго знаходзіцца пасярод ночы паміж сталоўкай і складам!
    Выйшлі на вуліцу і ўздоўж сцяны прасунуліся да рога казармы — усё ціха, нідзе нікога не бачна. Цяпер самы асветлены кавалак — паміж двума найбліжэйшымі будынкамі: праезджая частка з ліхтарамі, з левага боку ў метрах пяцідзесяці КПП у парк, справа на такой самай адлегласці галоўны КПП, на якім яшчэ болей людзей — там акрамя днявальных можа адпачываць патруль ці нават зайшоў дзяжурны па частцы... Застацца не заўважанымі ні з аднаго паста было практычна немагчыма! Значыцца, перапаўзаць ці перабягаць гэты ўчастак бессэнсоўна: наадварот, трэба яго перайсці абсалютна спакойна, як удзень.
    Рушылі. Рэдзенькія кусцікі бэзу, дарога, палоска зеляніны — газон ля сталоўкі, мур з брукаваным адлівамтратуарам пад ім... Якраз сярэдзіна будынка. Цяпер дабрацца да краю і павярнуць за рог, там цёмна, можна нават перадыхнуць хвіліну...
    Як толькі хлопцы ступілі ў цень ад бакавой сцяны сталоўкі, з цэнтральнага КПП данёсся гучны шматгалосы вокліч:
    — Гол!!!
    Халера, яны там што, футбол глядзяць?
    Міхал шчыра пазайздросціў тым, хто цяпер сядзіць ля тэлевізара і любуецца матчамі чэмпіянату свету! Адна восьмая ўжо напэўна!
    Калі хлопцы былі гатовыя пайсці далей, рыпнулі дзверы на КПП у парку. Яно цяпер было ад іх зусім блізка, якіх-небудзь метраў пятнаццаць-дваццаць. На парозе паў-
    стаў цёмны сілуэт, які не зачыніў за сабою дзверы, зрабіў некалькі няўпэўненых крокаў і нахіліўся да зямлі, быццам нешта спрабаваў на ёй разгледзець у цемры. Да кухараў данесліся выразныя гукі: чалавек ванітаваў.
    3 КПП незадаволена крыкнуў другі днявальны:
    — Ты што, не мог далей адысці!
    — Я прыбяру, — адказаў першы голасам чалавека на добрым падпітку.
    Ён яшчэ пастаяў некалькі хвілін на вуліцы. Хлопцы чулі, як днявальны прагна ўдыхае свежае паветра. Нарэшце ўсё ж павярнуўся і сышоў назад на пост.
    I не баяцца ж нічога!
    Як ні дзіўна, найбольш адкрытая частка гарадка — пляц — ноччу аказалася практычна поўнасцю ахінутая цемрай: цудоўна, па ім можна прайсці непрыкметна ледзь не да самага склада, толькі ўздоўж дарожкі і ля тарцовай часткі будынка, дзе ўваход у падвальнае памяшканне, у якім захоўваюцца прадукты, гараць ліхтары.
    Ці Малчанаў сам не ведаў, які ключ ад вісячага замка на дзвярах склада, ці Радзевіч, пакуль дайшлі, забыў — давялося перабіраць усю звязку. Па законах жанру падышоў ледзьве не апошні. Як Міхал ні стараўся, выцягнуць ніткі з-пад пластылінавага камяка, на якім стаяла пячатка, і не парушыць на ім малюнак, не атрымалася: нічога не паробіш, потым разбярэмся.
    Увайшлі на склад і прычынілі за сабою дзверы. Радзевіч ліхаманкава абмацаў сцяну ля ўвахода, знайшоў выключальнік: дзіўна, на ім была не звычайная клавіша, а такая самая круцёлка, як на ўключальніках у бабуліным доме, цяпер такія не робяць. Міхал уключыў святло. Адкладзеныя прадукгы знайшліся там, дзе і казаў Малчанаў. Распіхалі іх у рукавы: кожнаму па бохане, заварку і цукар Ваціку, Радзевічу паперчыну з падталым маслам...