ДМБ-91
зычу вярнуцца дадому
Сяргей Пляскач
18+
Выдавец: Галіяфы
Памер: 312с.
Мінск 2021
Ён нават маё імя ведае!
— Ты будзеш жыць у нашым кубрыку! У нас добра: толькі «асеннікі» тут жывуць. Вось твой ложак. Я сам хадзіў са старшыною да гаспадарнікаў па твае рэчы. Паглядзі ў тумбачцы: здаецца, нічога не забылі.
— Усё добра, — адказаў Міхал. — Нічога каштоўнага ў мяне там і не было.
Наіль сышоў. Усе вакол спакойна спалі. Радзевіч таксама ўклаўся ў ложак і яшчэ з паўгадзіны круціўся з боку на бок і ўслухоўваўся ў гукі з калідора: няўжо вось так проста яго пакінулі ў спакоі і ўпершыню за час службы ў батальёне сувязі дазволяць заснуць без усялякіх прыгодаў?..
Раніцай днявальнаму нават не давялося будзіць Радзевіча, бо ён так добра выспаўся, што прачнуўся самастойна!
Вацік, калі прыйшоў у сталоўку, таксама з радасцю паведаміў, што праспаў усю ноч!
— Дзяды мяне не чапалі зусім, а кабаны для іх хоць нешта і рабілі, але мне сказалі, што справяцца самі. Папрасілі толькі па магчымасці здабыць на вечар цукру ды гарбаты! Сказалі яшчэ, што чарпакі з гаспадарчага ўзвода сцвярджаюць, быццам мы стукачы, але яны гато-
выя самі мяне расшпіліць пасля дэмбелю дзядуляў калі цяпер я буду ім дапамагаць здабываць прадукты! На гаспадарнікаў ім напляваць! Падобна, іх тут усе не любяць: блатныя!
Паша сказаў, што яму спатрэбіцца дні тры, каб усё ж увесці Толіка ва ўсе тонкасці няпростай хлебарэзнай справы.
— Абыдземся і без цябе! — аптымістычна зазначыў Вацік. — Вунь колькі я і зусім адзін спраўляўся.
Але праз два дні Меліхаў сказаў, што заўтра будзе трывога. Значыцца, кухары павінныя будуць са сваімі ПУСамі ўзняцца па сігнале, атрымаць зброю і бегчы ў парк, удзельнічаць у фармаванні аўтакалоны.
— Трымайся поруч са мной, я ўсё пакажу! — кінуў старшына да Міхала.
Такім чынам, Толікава навука на новай пасадзе скончылася на дзень раней: Паша і Саня ўпершыню павінныя былі гатаваць сняданак.
Пра трывогу ведалі ўсе. За дзесяць хвілін да ўмоўнага сігналу жаўнеры не толькі ўзняліся і апрануліся, а паспелі нават засцяліць ложкі.
Калі прагучаў сігнал, сувязісты нетаропка зайшлі ў пакой, у якім захоўвалася зброя, узялі свае аўтаматы, супрацьгазы і рэчыўныя мяшкі, выйшлі на вуліцу, пастроіліся і пабеглі ў парк.
У Радзевіча была задача прычапіць разам са старшыною бочку з вадою да машыны, у якой знаходзілася палявая кухня. Усяго было дзве машыны забеспячэння: у другой захоўваліся прадукты.
Калі бочку падчапілі, Міхал сеў у кабіну да Алега, а Меліхаў ускочыў у другі навюткі ЗІЛ з жалезным кунгам. Праз дзесяць хвілін яны ўжо стаялі ў доўгай калоне з практычна аднолькавых для неспрактыкаванага вока
аўтамабіляў, гатовай рушыць па сігнале ў любым напрамку. Насамрэч у кожным кунгу размяшчалася свая ўнікальная станцыя, здольная забяспечыць якаснымі, зашыфраванымі, абсалютна недаступнымі для ворага каналамі сувязі вялізную колькасць падраздзяленняў розных родаў войск. Прызначэнне кожнай станцыі хавалася за лічбамі, якія, акрамя спецыялістаў, ні пра што не казалі іншым: сто шэсцьдзесят першая, чатырыста трыццаць восьмая, сто шэсцьдзесят шостая...
— Як думаеш, паедзем ці не? — пацікавіўся Міхал У кіроўцы.
— Зараз будзе адбой! Калі выпраўляемся на выезд, таксама ўсе ведаюць. Да таго ж перад вучэннямі старшына харчы атрымоўвае на складзе. Так што сёння толькі адпрацоўвалі выхад у парк і фармаванне калоны. Цікава, хто сёння хутчэй справіўся: мы ці першы ПУС?
Сапраўды, праз трыццаць хвілін прагучала каманда «адбой» і калона была расфармаваная.
Пацягнуліся нязвыкла спакойныя і аднастайныя дні.
Нічога ад былога фанабэрыстага намесніка камандзіра гаспадарчага ўзвода ў Толіку не засталося: ён паводзіў сябе надзіва сціпла і добразычліва, ніяк не згадваў пра астатніх дзядоў, ледзь не па-сяброўску трымаўся з кухарамі.
Праз тыдзень батальён у поўным складзе ўсё ж выехаў на вучэнні. Першы і другі ПУСы рушылі ў розных напрамках.
Міхалу спадабалася сама даволі доўгая паездка ў кабіне ЗІЛа праз малыя і большыя паселішчы. Нейкую частку шляху ехалі па якаснай бетоннай аўтастрадзе, якую, як аўтарытэтна сцвярджаў Алег-кіроўца, збудавалі тут пры Гітлеры, і вяла яна на Берлін.
Разгарнуўся вузел сувязі дзесьці на самай мяжы з Германіяй у прыгожым старажытным лесе. Цяпер Радзевіч перазнаёміўся з усімі жаўнерамі, афіцэрамі і прапаршчыкамі.
Сярод дзядоў і чарпакоў большасць складалі расейцы з Масквы, Падмаскоўя і цэнтральных абласцей. Сярод жа кабаноў дзве трэці былі ўкраінцы, а трэць, па дватры чалавекі, — рускія, татары, узбекі і таджыкі. 3 Беларусі Міхал быў адзін.
Украінцы з заходнікаў паміж сабою размаўлялі толькі на роднай мове, а з усімі астатнімі па-руску, але з надта выразным акцэнтам. Яны шчыра здзівіліся, што Радзевіч іх без праблем разумее, і прыйшлі ў поўнае захапленне, калі ён пачаў з імі гаварыць па-беларуску: яны яго таксама выдатна разумелі. Жартам украінцы кпілі з «москалів», пагражалі расейцам тым, што, калі Украіна аб’яднаецца з Беларуссю, ім капец! Міхал не згаджаўся на падобнае аб’яднанне:
— Вас так шмат і вы такія спрытныя, што і нам тады капец! Лепей ужо паасобку! Будзем адзін да аднаго ў госці ездзіць!
Ніхто ні на каго не крыўдзіўся: ужо праз хвіліну «MacKani» і «хахлы» супольна цягнулі нялёгкую салдацкую лямку і зусім не надавалі ніякай перавагі ці палёгкі землякам.
А яшчэ старшына Меліхаў прывёз з сабою тэлевізар, і ўсе, хто хацеў, змаглі паглядзець фантастычныя гульні адной другой фіналу, а затым сёмага ліпеня — матч за трэцяе месца гаспадароў чэмпіянату свету з англічанамі, якія і перамаглі па пенальці. На наступны дзень зборная ФРГ з лікам 1—0 выйграла ў Аргенціны і трэці раз у сваёй гісторыі стала чэмпіёнам свету!
Што і казаць, відовішча было немагчымае, бо абсалютна супярэчыла ўсёй выхаваўчай рабоце вайсковых палітрукоў: недзе ў лесе, на захадзе Польшчы, ля самай мяжы з пакуль яшчэ фармальна падзеленай Германіяй натоўп савецкіх вайскоўцаў роў ад радасці за перамогу немцаў! Тых самых немцаў, з якімі ваявалі іхныя дзяды і якія, заходнія, па-ранейшаму прадстаўляліся прапагандыстамі выключна як спадкаемцы фашыстаў!
Сістэма па развіцці трывалага пачуцця нянавісці ўсё часцей давала збоі!
Радзевіч ад першай сустрэчы пабойваўся Меліхава: той заўсёды крычаў як рэзаны, мацюкаўся проста неверагодна складанымі маўленчымі зваротамі, нібы закончыў спецыяльны філалагічны факультэт нейкага адмысловага ўніверсітэта, і вельмі часта паскараў рухавасць асабліва запаволеных жаўнераў выспяткамі. Да кухараў, аднак, ставіўся даволі прыязна: мог прысесці побач, абсалютна чалавечымі словамі ды інтанацыямі распавесці якую-небудзь гісторыю. Прадметам асаблівага гонару і захаплення старшыны, па ўсім відаць, была ягоная дачка: як толькі ён згадваў сваю крывіначку, дык адразу ж пераўтвараўся з пачварнага двухметровага светла-русага монстра ў маленькага, надзіва сентыментальнага чалавечка, у голасе якога пачынала праяўляцца пяшчота, нейкія танюткі ноткі замілавання, і ніводнага не тое што грубага, але і без станоўчай эмацыйнай афарбоўкі слова ад яго не гучала:
— Яна такая прыгожанькая ў мяне...
У гэтую секунду ўсе слухачы нязменна напружваліся, бо не без страху чакалі, што прапаршчык ужыве параўнанне: «як я!».
— .. .Як сапраўдная маленькая каралеўна ці фея..,
Чуць слова «фея» ад гэтага чалавека было настолькі нечакана, як «дзякуй богу» ад палітрука.
— .. .Проста анёлак, а не дзяўчынка! Я прыходжу са службы, а яна сустракае мяне, у шчочку цалуе і кажа: «Татачка! Вось твае тапачкі! Адпачні хвілінку! Вось свежыя газеткі! Зараз будзем вячэраць!» I ўсё — стомы як і не было!..
Міхал думаў, што дачка была надта доўгачаканаю, таму і выклікае маленькая дзяўчынка такое захапленне ў немаладога ўжо старшыны.
На вучэннях Радзевіч хутка зразумеў, што ніхто з жаўнераў абсалютна не баіцца Меліхава: гэта ён знешне такі суворы ды шумны. Насамрэч ён выяўляў цуды вынаходніцтва, каб хоць крыху палепшыць побыт асабовага складу: недзе вышукваў дадатковыя матрацы, коўдры, падушкі, бо начаваць у палатках і ўлетку было досыць холадна; усімі праўдамі ды няпраўдамі павялічваў прапаршчык сціплы жаўнерскі паёк, меў запас адзення, ботаў бялізны, чым пастаянна і дзяліўся з падначаленымі. Хлопцы, вядома ж, бачылі і цанілі шчыры клопат свайго старшыны, таму і гатовыя былі выслухоўваць ад яго любыя мацюкі-знявагі, атрымоўваць кухталі ды выспяткі, тым больш што яны, як і абразы прапаршчыка, насілі хутчэй эмацыйна-сімвалічны характар, чым мелі на самай справе хоць нейкае сапраўднае фізічнае ўздзеянне.
На вучэннях Міхал звярнуў увагу, што, як толькі выпадае рэдкая вольная хвіліна, старшына хапае ў рукі нейкую кніжку ў цвёрдай вокладцы, ашчадна загорнутую ў газету, і надзіва засяроджана чытае.
Сам факт таго, што Меліхаў умее чытаць, ужо выклікаў здзіўленне: настолькі ягоная знешнасць не стасавалася з друкаваным словам. Тым больш цікава было даведацца, што ён чытае. Радзевіч не хацеў пытацца,
а вырашыў напачатку паспрабаваць адгадаць, што можа чытаць гэты чалавек, хаця б якога плану літаратура яго можа цікавіць.
Пасля доўгіх узважванняў усіх «за» і «супраць» Міхал спыніўся на двух асноўных варыянтах: або гэта які-небудзь навамодны замежны дэтэктыў, якіх апошнім часам зашмат з’явілася на палічках кнігарняў і нават у шапіках «Саюздруку», або нейкі падручнік па невядомай яму спецыяльнай вайсковай дысцыпліне, кшталту «Арганізацыя жыццядзейнасці ва ўмовах ваеннага часу». У крайнім выпадку, як малаверагоднае выключэнне, Радзевіч дапускаў яшчэ варыянт таго, што старшына праявіў слабіну і ўсё ж узяў у свае рукі мастацкую кніжку пра вайну: што тыя пісакі бачылі ў жыцці!
Калі кніга засталася без нагляду, а шалёныя крыкі старшыны данесліся аднекуль з далекаватага ўзлесся і несумненна былі чуваць у бліжэйшых польскіх ды нямецкіх вёсках, кухар не без ваганняў усё ж наважыўся і зазірнуў на наступную, пасля загорнутай у газету вокладкі, старонку, на якой звычайна дублююцца прозвішча аўтара і назва. Тое, што ён там прачытаў, было настолькі немагчымым, неверагодным і дзіўным, што не магло быць праўдай ні пры якіх абставінах: «Марнна Цветаева. Нзбранное». Гэта нейкая загадка, таямніца, невырашальны рэбус: дзе паэзія, тым больш такая складаная, не а-ля прыпеўкі пра правадыроў ды перадавікоў, а дзе Меліхаў!..