ДМБ-91
зычу вярнуцца дадому
Сяргей Пляскач
18+
Выдавец: Галіяфы
Памер: 312с.
Мінск 2021
незаконна былі акупаваныя ў трыццаць дзявятым і жадаюць толькі аднаго — аднаўлення сваёй незалежнасці.
Палякі — самыя простыя грамадзяне, моладзь, — якія самі зусім нядаўна пазбавіліся ад камуністычнага ярма і лічылі сваю краіну таксама пацярпелай ад змовы Сталіна з Гітлерам, імкнуліся ўсяляк выказаць падтрымку і салідарнасць найперш з Літвою: не толькі ўсё часцей і часцей ля варот КПП савецкіх вайсковых частак ладзіліся пікеты, выбухалі ўзрыўпакеты, але і ўся агароджа вакол іх была распісаная адпаведнымі лозунгамі.
Дзіўная была сітуацыя: вялікая частка тых, хто быў за тымі параспісанымі агароджамі, таксама была на баку літоўцаў, латышоў ды эстонцаў.
Упершыню людзі ў адкрытую пачалі абмяркоўваць верагоднасць грамадзянскай вайны ў імперыі зла.
Выбрыкі Садама Хусейна ў Кувейце крыху адцягнулі ўвагу ад таго, што адбывалася ў Савецкім Саюзе. Усе чакалі развязкі. А потым пачалася ці не першая ў гісторыі тэлевізійная вайна: яшчэ ніколі да «Буры ў пустыні», як назвалі аперацыю па вызваленні Кувейта саюзнікі, свет не бачыў столькі наўпроставых тэлетрансляцый з непасрэдных месцаў падзеяў.
Тым часам, каб захаваць хоць нейкае адзінства ці, прынамсі, выгляд нейкай супольнасці, крамлёўскія ўлады пачалі прапаганду ўсесаюзнага рэферэндуму пра лёс СССР, які прызначылі на сямнаццатага сакавіка.
Міхал Радзевіч, відаць, як і большасць жаўнераў, адчуваў нейкую двухсэнсоўнасць свайго становішча: з аднаго боку, у яго з’явілася процьма сяброў ды знаёмых з розных саюзных рэспублік, розных нацыянальнасцяў, з якімі яму зусім не было чаго падзяляць, яны цудоўна разумелі адзін аднаго, чыталі адны і тыя ж кнігі ды слухалі адну і тую ж музыку; з другога боку, ён задаваўся
пытаннем: а што мы тады ўсе робім тут, у абсалютна чужой краіне? Пры ўсіх раскладах атрымоўвалася, што, каб адбыліся сапраўдныя перамены ў жыцці, трэба галасаваць супраць захавання СССР. Бо дабіцца нейкай справядлівасці, усталяваць простыя і зразумелыя ўсім правілы гульні, як тады здавалася, у меншай краіне значна прасцей. Але найперш яго падштурхоўвалі галасаваць супраць самыя адданыя агітатары-прыхільнікі захавання адзінай краіны: пераважную большасць з іх утваралі такія замшэлыя наменклатуршчыкі, камуністы ды непрыхаваныя ворагі свабоды, што яны ж і не пакідалі сумневаў, якім бачаць абноўлены саюз — той самай ранейшай турмою з касметычным рамонтам.
Неверагодна папулярны ў Маскве Старшыня Вярхоўнага Савета РСФСР Барыс Ельцын за месяц да правядзення рэферэндуму публічна запатрабаваў адстаўкі Гарбачова. Калі да рэферэндуму заставаліся лічаныя дні, Ельцына пад пільным вокам тэлекамер спыталі, як ён будзе галасаваць. I са словаў папулярнага палітыка напрошвалася тая самая выснова, якую Міхал Радзевіч зрабіў самастойна: калі жадаеце сапраўдных перамен, свабоды ды дэмакратыі, трэба галасаваць супраць захавання імперыі.
Вацік і Паша чамусьці ў сваіх разважаннях паўтаралі выключна тое самае, што казалі салідныя дзядзькі ў касцюмах па тэлевізары: разам лепей! Маладзейшым кухарам, падобна, зусім не было справы да таго, што адбываецца за межамі казармы: іх займала толькі тое, як выжыць.
На галасаванне Міхал з’явіўся проста раз’юшаны ад упартасці сяброў: ніякія ягоныя аргументы пра тое, што незалежнасць рэспублік ніяк не пашкодзіць ім сябраваць, супрацоўнічаць ды ўтвараць нейкія аб’яднанні,
на іх не дзейнічалі. Тое, што цяпер галоўнаю праблемаю на ўсіх абшарах вялізнай краіны з’яўляюцца зацятыя камуністы-імперыялісты, якія цягнуць усіх назад, да звыклага ім таталітарызму, палітычнага ды нацыянальнага ўціску, ні Паша, ні Вацік не хацелі разумець.
У камісіі сядзелі некалькі добра знаёмых сяржантаў ды старшы лейтэнант, галоўны батальённы камсамолец.
I хто іх толькі сюды прызначаў? Наколькі аб’ектыўным будзе падлік галасоў?
Міхал атрымаў бюлетэнь, але не пайшоў у кабінку для галасавання, а наўмысна, каб бачыла па магчымасці большая колькасць людзей, сваёй ручкай пачаў тлуста замалёўваць слова «ДА»: можа, хто-небудзь задумаецца!
— Ніх.. ,я сабе бульбаш дае! — не стрымаў эмоцыяў адзін сяржант, сябра камісіі, чым прыцягнуў увагу ўсіх, хго знаходзіўся на ўчастку. — Супраць Саюза! Табе ўжо чаго карціць?!
— Ты ўсё адно не зразумееш.
— Паглядзіце на яго! Самы разумны знайшоўся, ці што?! — суправаджаў Міхалаў падыход да урны надта прынцыповы сябра камісіі. — Усе «за» галасуюць, а ён адзін супраць!
Ён працягваў яшчэ нешта бубніць у бок Радзевіча, але Міхал не стаў услухоўвацца і рушыў бліжэй да выхаду. Там у чарзе па бюлетэні сгаялі ўкраінцы з ягонага ПУСа.
— Чым ты яго так угнявіў? — спытаў кухара Ваня з Івана-Франкоўска.
— Супраць прагаласаваў.
— О! I я кажу, што трэба галасаваць супраць! — узрадаваўся Ваня і павярнуўся да сваіх землякоў: — Супраць трэба галасаваць!
— Адставіць агітацыю! — выгукнуў нейкі незнаёмы маёр, які таптаўся побач з чаргой.
Участак месціўся ў салдацкай кавярні, ці чайной, якую ўсе жаўнеры называлі «чайнік». Ля самага ўвахода стаяў тэлевізар, па якім на ўсю моц агітавалі галасаваць «за». Ён, відаць, маёра не раздражняў.
Разлік быў на тое, што тыя, хто пакуль не паспеў вызначыцца, як будзе галасаваць, пастаяць у чарзе, паслухаюць піпіні раз тэлевізар і пераканаюцца, што большасць галасуе «за», таму вылучацца не варта, трэба галасаваць, як усе. Нехта выдатна ведаў псіхалогію савецкіх людзей, якім змалку прышчаплялі статкавыя інстынкты: быць такім, як усе, не адрознівацца нічым ад іншых, нават думаць, як думае болынасць, ці прынамсі хаваць свае сапраўдныя думкі, калі яны не супадаюць з генеральнай лініяй.
Ужо ля самых дзвярэй Міхала зноў спынілі. Гэта былі хлопцы са спецкамендатуры Заходняй групы войскаў, з якімі ў Радзевіча склаліся надзіва прыязныя адносіны:
— Што не спадабалася нашаму маёру? — пацікавіўся Алег.
— А, дык гэта ваш такі апантаны! Тады зразумела! Агітацыю шые! — пажартаваў Міхал. — Вы ўжо прагаласавалі?
— Даўно! — адказаў за двух другі, Віталь.
— Тады чаго не сыходзіце?
— Забяспечваем парадак!
Радзевіч не ведаў прозвішчаў ні Алега, ні Віталя. Абодва хлопцы былі з Масквы, землякі Пашы Герасімава. 3 гэтай прычыны ці не, але пасля таго, як прадстаўнікі спецкамендатуры, ці, па сутнасці, прадстаўніцтва КДБ у войску, пабылі ў нарадзе па сталоўцы, Віталь і Алег часта заходзілі ў вольную часіну да кухараў, проста каб пагаварыць. Як ні дзіўна, але хлопцы распавядалі шмат падрабязнасцяў пра сваю звышсакрэтную
службу. У прыватнасці, з іхных словаў Міхал ведаў, што радавых у спецкамендатуры толькі адна рота, спартовая, як яе называюць. Па афіцыйнай версіі яны ўсе спартсмены, якія толькі і робяць, што трэніруюцца ды ўдзельнічаюць у спаборніцтвах. На самай жа справе ўсе радавыя ў іхнай частцы, хоць і маюць разрады па розных адзінаборствах, найперш займаюцца прыкрыццём следчых ды разведвальных аперацый іх ведамства, а не толькі спаборнічаюць з калегамі з іншых савецкіх вайсковых фармаванняў.
Некалькі хлопцаў са спецкамендатуры з’яўляюцца майстрамі аўтаспорту. У гаражы іх часткі толькі пара тыповых вайсковых УАЗікаў — астатнія аўтамабілі спрэс іншамаркі, на якіх хлопцы ў грамадзянскай вопратцы з чужымі дакументамі вазілі сваіх афіцэраў па ўсёй былой ГДР на сустрэчы з самымі сапраўднымі шпіёнамі, сачылі за нейкімі падазронымі суб’ектамі і, калі верыць Віталіку ды Алегу, не раз удзельнічалі ў пагонях ды перастрэлках. Прадметам асаблівага гонару аўтапарка спецкамендатуры з’яўляецца чырвоны амерыканскі «Форд», які некалі належаў самому дарагому Леаніду Ільічу Брэжневу. Кажуць, бацька «эпохі застою» вельмі любіў пакатацца на хуткасных спартовых іншамарках...
Яшчэ Віталь ды Алег распавядалі, што пераважную болыпасць асабовага складу іх камендатуры ўтвараюць афіцэры, спрэс маёры ды падпалкоўнікі, таму самым непрыемным з’яўляецца нарад у штабе: стой цэлыя содні навыцяжку перад імі! Да таго ж днявальны павінен сачыць за ўсімі афіцэрамі: хто да каго ў кабінет зайшоў, калі выйшаў, што было ў руках. Увагу падначаленых трэніруюць такім чынам ці настолькі не давяраюць адзін аднаму?..
— Ну-ну, забяспечвайце-забяспечвайце!
Радзевіч ужо павярнуўся, каб сысці, але Віталь нечакана выгукнуў:
— Глядзі, глядзі! — тыцкаў ён пальцам у тэлевізар, па якім паказвалі прамое ўключэнне з Ленінграда пра хаду ўсесаюзнага рэферэндуму. — Вось, зараз!
Міхал таксама прыпыніўся і ўгледзеўся ў экран: старшыня Ленсавета, вядомы дэмакрат Анатоль Сабчак распавядаў, як адбываецца галасаванне.
— Што? — пытаўся Алег, якому найперш адрасаваліся Віталевы воклічы. — Сабчак як Сабчак!
— Глядзі-глядзі! Побач з ім, вось!
Камера выхапіла побач з Анатолем Аляксандравічам нейкага непрыкметнага невысокага маладжавага тыпа.
— Пазнаў?!
— He можа быць! — здзівіўся Алег.
— Ды ён гэта! Ён!
— А хто ён? — не вытрымаў Радзевіч.
— Хто ён?! Ды хто ж яго ведае, хто ён?! Гэта ніхто іншы, як той суб'екг з Дрэздэна*, якога наш Алежа меў гонар укласці на лапаткі! Бачыш, дзе ён цяпер?! Побач з самім Сабчаком! Капец табе, Алежа! Лепей табе не вяртацца ў Саюз! Ён табе гэтага ніколі не даруе: нейкі саплівы радавы пасмеў укласці... Думаю, не ніжэй за палкоўніка ён!
— Падпалкоўнік*, — удакладніў той самы маёр са спецкамендатуры, які назіраў за чаргою, а цяпер звярнуў увагу на сваіх надта шумлівых падначаленых. — Толькі крычаць пра гэта зусім не трэба.
Віталь з Алегам адразу спалохана сцішыліся, а Радзевіч нарэшце выйшаў з участка для галасавання.
* Субчык з Дрэздэна, падпалкоўнік — пасля службы ў КДБ пад прыкрыццём дырэктара дрэздэнскага дома Дружбы СССР — ГДР, з траўня 1990 года У. У. Пуцін працаваў дарадцам старшыні Ленінградскага гарадскога Савета народных дэпутатаў A. А. Сабчака.
Праз чатыры дні маскоўскія тэлеканалы наперабой перадавалі вынікі ўсенароднага волевыяўлення: практычна дзевяноста адсоткаў з тых, хто прыняў удзел у галасаванні, выказаліся за тое, каб абноўлены Савецкі Саюз працягнуў сваё існаванне. Пра тое, што з пятнаццаці саюзных рэспублік шэсць не падтрымалі правядзенне рэферэндуму, сціпла не нагадвалі.
— Гэта нейкі цырк! — абураўся Радзевіч. — Атрымоўваецца, што калі дзевяноста адсоткаў беларусаў жадаюць жыць у СССР, дык, напрыклад, латышы, якія не галасавалі зусім, павінныя падпарадкавацца волі суседзяў і застацца ў Саюзе. Цікава, як яны збіраюцца ўтрымліваць нязгодных? Так, як гэта ўжо было ў Тбілісі ды Вільні? Скінуць на Талін атамную бомбу: дык не даставайся ж ты нікому! Так, ці што?