ДМБ-91 зычу вярнуцца дадому Сяргей Пляскач

ДМБ-91

зычу вярнуцца дадому
Сяргей Пляскач

18+
Выдавец: Галіяфы
Памер: 312с.
Мінск 2021
78.59 МБ
Рэферэндум правялі, але небяспека грамадзянскай вайны пачала здавацца яшчэ больш выразнаю перспектываю, чым раней. Супярэчнасці былі сапраўдныя, а метады вырашэння ранейшыя: прапаганда і яшчэ раз прапаганда, прычым абсалютна бязглуздая ды няздатная: а раптам атрымаецца загаварыць. Ад усяго гэтага патыхала агоніяй і наіўным жаданнем адцягнуць непазбежнае...
XVI
Неяк на пачатку красавіка Міхал звярнуў увагу на тое, што ўжо некалькі дзён маладыя кухцікі не выпускаюць з рук кавалкі тканіны, з якой шыюць салдацкія шынялі. Праўда, у іхных руках тыя кавалкі ўжо страцілі свой натуральны шэры колер, а былі цяпер зялёныя ад пасты ГОІ, як і пальцы, што іх няспынна церабілі.
— Was ist das?* — пацікавіўся Радзевіч y Сяргея Сівохіна.
— Я англійскую вучыў.
— Што гэта?
— Савецкая Армія!
Сяргей расклаў на далоні тканіну і прадэманстраваў дзве медныя літары, такой самай формы, як і на салдацкіх пагонах: «С» ды «А», аднак выразаныя з даволі тоўстай пласціны.
— Трэба нацерці так, каб выглядалі, як залатыя.
— I для чаго гэта трэба?
— Ну, нашыя дзядулі не могуць сабе дазволіць вярнуцца дадому ў звычайных пагонах!
— Вашыя дзядулі і самі па сабе, мякка кажучы, незвычайныя: арміі, лічы, няма, а ім залатыя літары на пагоны падавай! Ачмурэць можна!
— Чужымі ж рукамі не балюча жар заграбаць! Я і Саня паспяваем, а вось Камышанава Фрол ужо другі дзень пагражае прыбіць: у яго яшчэ на тыдзень працы, не меней! Ну і паб’е яго дзядуля — літары ж ад гэтага не заблішчаць! Навошта ён здзекуецца з яго? Усё адно ў найлепшым выпадку толькі праз месяц дэмабілізуецца. Сто разоў паспець можна, нават з Андрэевымі тэмпамі!
На наступны дзень маладыя кухары прыйшлі ў сталоўку нейкія асабліва прыцішаныя і засяроджаныя. Андрэй выглядаў найбольш засмучана. Увесь час яны збіваліся ў сваю невялічкую купку і нешта эмацыйна абмяркоўвалі.
Старэйшыя хлопцы стараліся лішні раз іх не турбаваць: і так было відавочна, што праблемаў у растоўцаў вышэй за дах!
* — Што гэта? (ням.)
Увечары ўся тройца затрымалася ў сталоўцы ледзь не да поўначы. Яны пайшлі ў казарму толькі тады, калі Радзевіч, які павінен быў гатаваць сняданак, сказаў, што кладзецца спаць у кухарскім пакоі.
Пайшлі і пайшлі сабе. Міхал зачыніў за імі дзверы, узняўся на другі паверх, рассцяліў ложак і заваліўся спаць...
He меней, як праз тры гадзіны, Радзевіч аж падскочыў на ложку, калі з неверагодным грукатам раптам расчыніліся дзверы ў пакой, запалілася святло і ў памяшканне ўваліўся Андрэй Камышанаў. У яго быў такі спалохана-стомлены ды разгублены выгляд, нібы ўсю ноч ён уцякаў ад зграі галодных ваўкоў...
У два крокі ён пераскочыў пакой, схапіўся ад нізу за бок вялізнай трохстворкавай шафы і, быццам яна нечакана страціла ўсю сваю немалую вагу, лёгка адставіў яе ад сценкі, зняў з вешалкі бушлат, выняў крышку з увахода ў падстрэшша, праціснуўся ў яго невялічкую адтуліну і ўжо адтуль звярнуўся да Радзевіча:
— Схавай мяне, Міхал, калі ласка!
— Што здарылася?! — паспрабаваў высветліць агаломшаны Радзевіч.
— Потым! Усё потым! Калі ласка, пастаў на месца шафу! I нікому не кажы, што бачыў мяне!
Міхал прычыніў уваход у падстрэшша, не без намаганняў паставіў шафу на ранейшае месца...
Сну як і не было!
Відавочна, што здарылася нешта кепскае: магчыма, тлусты Фрол выканаў абяцанне і пабіў Андрэя, а можа і, загнаны ў кут, Камышанаў учыніў што-небудзь дрэннае з ненавісным дзедам. У любым выпадку, як кажуць, хрэн за рэдзьку не саладзейшы!
А палове на сёмую ў сталоўку прыйшоў нарад — спецкамендатура. Следам за імі ў варачны цэх чамусьці зазірнуў намеснік камандзіра батальёна сувязі па палітычнай частцы. Гэта было дзіўна, бо Радзевіч не мог прыпомніць, ці бачыў яго тут калі-небудзь раней.
Падчас сняданку, калі есці прыйшлі гаспадарнікі, Радзевіч адчуў у іхных паводзінах нейкую няўцямную перамену: звычайна гаваркія і нахабна-шумлівыя, сёння яны былі надзіва ціхія і засяроджаныя. Фрол быў на месцы, але душа ягоная, ці што ў яго там, відавочна не: ні кропелькі крыві на ўкормленым вечна румяным абліччы, ніякіх заклікаў да кухара кшталту «кладзі паболей, не шкадуй» на гэты раз не было...
Калі Радзевіч пасля сняданку ўзняўся ў кухарскі пакой, там яго напаткалі толькі Паша і Вацік, які тут жа паведаміў сенсацыйную навіну:
— Андруха Камышанаў уцёк!
Міхал, як для такой навіны, не надта здзівіўся. Яму нават было крыху смешна, бо ўцякач, які тут жа сядзеў за шафаю ў падстрэшшы, быў ад Ваціка не далей, як за якія-небудзь два метры.
— Што здарылася? — пацікавіўся Міхал у Герасімава, бо той павінен быў ведаць болей за Шпачка, які жыў у іншым падраздзяленні.
— Хто ж яго ведае, што... 3 вечара ў казарму нібыта прыйшоў адзін Саня Дзейкін, сказаў, што Сяргей з Андрэем быццам гатуюць сняданак і засталіся начаваць у сталоўцы. Я тады ўжо спаў. Потым нешта здарылася ў парку. Кажуць, часавыя нават стралялі. А потым патруль у горадзе затрымаў Сівохіна. Дзяжурны па батальёне паведаміў пра надзвычайныя здарэнні куды трэба — і пачалося! Батальён узнялі па трывозе а пятай
раніцы, праверылі асабовы склад, і, як няцяжка здагадацца ці Сяргей прагаварыўся, зразумелі, што сняданак гатуеш ты, а Андрэй збег! Размеркавалі паміж усімі падраздзяленнямі тэрыторыю гарадка і парку і загадалі прачасаць.
— Я хацеў сысці ў сталоўку, — падключыўся ўзрушаны Вацік, — не пусцілі! Давялося разам з усімі соўгацца па завуголлях! А мае дурні яшчэ і кпілі з мяне: што, давёў Шпакоўскі, маладога повара, кажуць, цяпер будзе табе гамон!
Міхал і Паша абмяняліся красамоўнымі позіркамі: сапраўды, у гэтай сітуацыі яны першыя падазраваныя, бо старэйшыя на перыяд, і маладыя практычна ўвесь час праводзілі ў сталоўцы, а зусім не ў казарме! Калі Capreft ды Саня не скажуць начальству праўду — а яны, вядома ж, не скажуць, бо зусім не жадаюць на векі вечныя заставацца зашпіленымі кабанамі ды атрымаць ганебны ярлык «стукача», — следчыя пачнуць прасаваць найперш Міхала, Пашу ды Ваціка!
— Трэба ўзгадніць, што казаць! — вельмі сур’ёзна зазначыў Герасімаў.
Але ўзгадніць нічога не атрымалася: у наступнае імгненне ў пакой увайшоў нам па тыле капітан Філіпенка і загадаў ісці за ім.
Хлопцаў прывялі ў штаб, дзе панавала трывожная мітусня: з кабінета ў кабінет літаральна бегалі афіцэры і прапаршчыкі. Сярод іх Міхал пазнаў некалькі чалавек са спецкамендатуры і палкоўніка Андрэева, намесніка камандуючага войскаў сувязі Паўночнай групы войскаў.
Ну, зараз пачнецца!
Галоўных падазраваных, як яны самі сябе вызначылі, развялі па розных памяшканнях.
Міхал апынуўся ў кабінеце камбата, дзе на месцы гаспадара сядзеў Андрэеў, а за сталом, які ўсутыч быў прыстаўлены да камандзірскага, сядзелі два незнаёмыя падпалкоўнікі і перабіралі нейкія паперы.
Радзевіч даклаў аб сваім прыбыцці, як патрабавалі статутныя нормы, і замёр у становішчы «смірна» на сярэдзіне кабінета.
— Сядайце, таварыш салдат, -— сказаў Андрэеў і паказаў на крэсла насупраць.
Міхал нерашуча сеў і паспрабаваў засяродзіцца ў чаканні пытанняў, бо расхваляваўся ён не на жарт: што і казаць, не кожны дзень яму даводзілася трапляць у такое асяроддзе. Калі ўжо быць абсалютна аб’ектыўным, ніколі не даводзілася. Да таго ж у ролі падазраванага ў злачынстве хлопец паўстаў упершыню. Асабліва няёмка было тое, што ён адзіны ведаў, дзе цяпер той, каго ўсе шукаюць...
А што, калі Дзейкін і Сівохін ужо нагаварылі на яго з Вацікам усялякай лухты: дзяды з гаспадарчага ўзвода напэўна ж казалі сваім кабанам, што Радзевіч і Шпакоўскі «стукачы», на якіх не тое што можна, нават трэба даносіць! А раптам Андрэя знойдуць у сталоўцы і ён скажа, хто яму дапамог схавацца, ці пацвердзіць афіцыйную версію, што спрабаваў уцячы ад здзекаў старэйшых кухараў! Вось жа становішча: куды ні кінь — усюды клін!
Афіцэры маўчалі. Галоўны пільна ўзіраўся ў Радзевіча, быццам спрабаваў здагадацца, пра што ён зараз думае.
У кабінет увайшоў камандзір батальёна падпалкоўнік Чарных і адразу з парога звярнуўся да повара:
— Усё, салдат, твой таварыш ва ўсім прызнаўся! Мы ўсё ведаем!
Прыём быў сам па сабе збіты. Да таго ж, хто і ў чым мог прызнацца?
— Твой зямляк сказаў, што вы білі маладых кухараў!
Радзевіч ледзь утрымаўся, каб не пасміхнуцца:
— Таварыш падпалкоўнік! Мы старэйшыя за іх толькі на адзін перыяд, і яны не з нашага падраздзялення! Калі б мы іх кранулі, хоць пальцам, нам бы іхныя дзяды паадрывалі б галовы! Тым больш, спытайце капітана Філіпенку, гаспадарнікі лічаць мяне ды Шпакоўскага «стукачамі»!
— А Герасімаў жа таксама з гаспадарчага ўзвода! Ён іх крыўдзіў?
Камандзір здаў самога сябе гэтым пытаннем: ніхто нічога не сказаў ні са старэйшых кухараў, ні з маладзейшых.
— Яны ж «вясеннікі», а ён восеньскі, не іхны дзед!
Дзіўным было тое, што чужыя афіцэры слухалі пра пазастатутныя дачыненні радавых і не задавалі ніякіх пытанняў: значыцца, яны цудоўна ведалі пра іх існаванне! Тады б і капалі ў гаспадарчым узводзе!.. Ці не вельмі жадаюць выносіць бруд на агульны агляд...
— Добра, ідзі гатуй абед!
Герасімаў і Шпакоўскі вярнуліся ў сталоўку практычна адразу ж услед за Радзевічам.
— Уяўляеш! Гэты ёлупень сказаў, што браў у сталоўцы тушонку! — выпаліў са злосцю Паша.
— Я ж сказаў, што даўно! I толькі бляшанак дзесяць за ўвесь час! — апраўдваўся Вацік.
— Ды цябе за адну маглі ў дысбат на тры гады адправіць! Дзесяць ён узяў! А чаму не сто дзесяць?! Якая розніца, колькі?! — абураўся Герасімаў. — Узялі б і спісалі на цябе ўсе скрадзеныя прадукты са складоў усёй групы войск! Чаму б і не: ты ж сам прызнаўся! Генералы,
вунь, асабісты казалі, вагонамі крадуць! У Заходняй групе войскаў, як выязджалі з Германіі, пад шумок умудрыліся нават некалькі знішчальнікаў скрасці! А сядзець будуць вось такія ёлупні, як ты! За бляшанку тушонкі, як за вагон! За каністру саляркі, як за ўвесь скрадзены недатыкальны запас паліва!
— А што пра Андрэя пыталіся? — пацікавіўся ў калег Міхал.
— Казалі, што ты прызнаўся, нібыта мы іх білі! — усё яшчэ нервова адказаў Паша.
— А мне сказалі, што тое самае Вацік казаў!
— Ведама! На «понт» бралі!
— Мне тое самае гаварылі, — нясмела азваўся перапалоханы Шпачок, — але ж гэта няпраўда! Я адразу зразумеў, што вы такога не маглі сказаць!