• Газеты, часопісы і г.д.
  • ДМБ-91 зычу вярнуцца дадому Сяргей Пляскач

    ДМБ-91

    зычу вярнуцца дадому
    Сяргей Пляскач

    Выдавец: Галіяфы
    Памер: 312с.
    Мінск 2021
    78.59 МБ
    Такі ж гідкі, як той пацук у падвале!
    — Лепей адвалі! — пагрозліва прасіпеў Радзевіч. — A то не пагляджу, што ты дзед!
    Відаць, у інтанацыі і позірку Міхала з’явілася штосьці такое, што Падаляк не рашыўся чапляцца да яго далей.
    Федзька выйшаў у калідор і ўжо адтуль, каб усе, хто быў у медчастцы, добра чулі, пачаў выкрыкваць пагрозы і праклёны ў бок Радзевіча:
    — Зусім расперазаліся кабаны! Асабліва ў гаспадарчым узводзе! Блатны знайшоўся! Толькі ачуняй! Я цябе навучу з дзядамі размаўляць!
    Hi даць ні ўзяць шакаляня з мульціка пра Маўглі.
    Табакі яшчэ хвілін трыццаць не сунімаўся, зычыў Радзевічу найхутчэй здохнуць, бо ў адваротным выпадку
    ён пакажа нахабнаму кабану штосьці такое, пасля сузірання чаго той стоадсоткава склеіць ласты!
    Брудная плынь хваравітай свядомасці...
    Як усё ж цяжка, напэўна, быць такім быдлам...
    У панядзелак доктарка, як толькі агледзела Радзевічаву нагу, адразу ж сказала, што яго трэба тэрмінова адправіць у шпіталь.
    Дзе знаходзіцца шпіталь, Міхал не ведаў.
    Выйшлі з медчасткі на вуліцу ўтрох: Сабанаеў, Радзевіч і яшчэ адзін хворы кабан, які адразу не без расчаравання ў голасе спытаў сяржанта:
    — Мы што, не на машыне?
    — Ведама, пешшу пойдзем, тут недалёка! — адказаў медбрат з адметным акцэнтам.
    «Нядаўна дзесьці я ўжо чуў гэтую фразу», — падумаў Міхал...
    Калі мінулі КПП і пайшлі ўздоўж агароджы часткі па гарадской вуліцы, Міхал з цікаўнасцю пачаў разглядаць будынкі ваеннага гарадка з новага ракурсу, быццам хацеў даведацца, якімі яны бачацца мясцовым жыхарам. У нейкі момант ён зірнуў на будынак сталоўкі — ніякай вежы з гадзіннікам на яго даху не было...
    'С 7" т Т Т	У шпіталі Радзевіча накіравалі ў хірур-
    ✓ Ill гічнае аддзяленне.
    JJ-	Няўжо сапраўды ўсё так сур ’ ёзна?
    Раптам словы Антонава пра гангрэну не былі бессэнсоўным трызненнем п’янага чалавека? А што як нагу адпілуюць?
    Ад хвалявання ці ад хваробы ў Міхала на лбе выступіў халодны пот, а па спіне пабеглі мурашкі.
    У вялізнай палаце з высокай столлю, у якую прывяла Радзевіча дзяжурная па хірургіі, як скарочана называлі аддзяленне, медсястра, стаяла цэлых дванаццаць ложкаў, аднак занятыя былі толькі чатыры. Міхал толькі раз зірнуў на сваіх суседзяў і ўжо ведаў, хто з іх якога перыяду: адзін дзед, чарпак і два кабаны. Нічога дзіўнага: чым даўжэй чалавек знаходзіцца ў войску, тым старэйшым выглядае. Няхітрая тэорыя Радзевіча пацвердзілася адразу ж, як толькі хлопцы пазнаёміліся:
    — Сяргей, ДМБ-90, восень. Зрэшты, «вясеннікі» ўжо ўсе з’ехалі, — прадставіўся дзед.
    Абрэвіятурай ДМБ замянялі доўгае і складанае слова дэмабілізацыя, а лічба азначала год гэтага самага адваротнага працэсу мабілізацыі — звальнення з войска. Падобныя скарачэнні бясконцую колькасць разоў былі выдрапаныя чым-небудзь вострым на кожнай драўлянай тумбачцы і падаконніку ў кожнай без выключэння казарме, толькі яшчэ, як правіла, суправаджаліся імем аўтара і назваю геаграфічнай кропкі, з якой ён паходзіў: Віктар, ДМБ-85, Варонеж; Саня Котаў, ДМБ-61, Караганда; ДМБ-73, Краснадар... Запаветныя надпісы, старанна выведзеныя шарыкавымі ручкамі і алоўкамі, часам па-мастацку карункавыя, пакрывалі сталы ў ленінскіх пакоях і навучальных класах, калі не на знешняй, добра бачнай паверхні, дык на ўнутранай, прыхаванай ад старонніх вачэй, абавязкова. Гіпертрафавана вялізнымі, каб было бачна ўсім і здалёк, гэтыя літары і лічбы наносілі рознакаляровымі фарбамі на разнастайныя муры і агароджы, якія вельмі рэдка ці зусім ніколі не траплялі на вока вялікіх вайсковых начальнікаў...
    Ці то ад хваробы, ці то з нейкай іншай прычыны Сяргей падаўся нейкім надта меланхалічна-спакойным.
    — Валера. Я якраз «вясеннік», толькі ДМБ-91.
    «Гэты больш жвавы», — адзначыў у думках стан чарпака Міхал.
    Наступныя два суседы па палаце Ягор і Пеця нічым асаблівым не вызначаліся: хлопцы як хлопцы, такія ж пакуль зашпіленыя кабаны, як і Міхал, іхнае ДМБ-91, восень хаваецца яшчэ недзе вельмі-вельмі далёка...
    Вярнулася сястра і павяла Радзевіча да доктара.
    «Падпалкоўнік медыцынскай службы Кім В. А.», — Міхал прачытаў шыльду на дзвярах.
    «Карэец?» — падумаў Міхал і адразу ж адчуў сімпатыю да яшчэ нябачанага афіцэра: прадстаўнік той самай нацыянальнасці, што і Віктар Цой, проста не можа быць кепскім чалавекам.
    Азіяцкая знешнасць доктара пацвердзіла здагадку Радзевіча, і хлопец зразумеў, што ён у надзейных руках.
    Падпалкоўнік не стаў выслухоўваць даклад хворага пра ягонае прыбыццё, зрабіць які патрабавалі вайсковыя статуты, а махнуў толькі рукой — змоўч, і пачаў распытваць, як абсалютна цывільны чалавек.
    У выніку агляду Радзевічу прызначылі курс лячэння: нейкія таблеткі і, чаго ён ніяк не чакаў, праграванне хворай галёнкі: раней усе настойліва раілі прыкладаць да нагі што-небудзь халоднае...
    Відаць, пасля ўжывання патрэбных лекаў, ужо на наступны дзень галава ў Міхала перастала балець, а тэмпература прыйшла да нормы.
    Даўно ўжо хлопец не адчуваў сябе так добра. Міжволі згадаліся словы аднакласніка, які неяк выказаўся, што яму надзвычай падабаецца хварэць і ляжаць у бальніцы, бо не трэба рабіць урокі, усе цябе шкадуюць, спачуваюць, прыносяць самыя найлепшыя ласункі, і нават мама не крычыць: яна гадавала сына адна і, відаць, таму павышэнне голасу лічыла самым дзейсным выхаваўчым
    сродкам. У астатні час крык у іхным доме не змаўкаў: мабыць, жанчына прывыкла гаварыць на падвышаных тонах і працягвала лямантаваць нават тады, калі ніякай нагоды для гэтага не было.
    Радзевіч, наадварот, не выносіў хварэць, тым больш хоць на ноч застацца ў бальніцы для яго было сапраўдным пакараннем!
    Але ў войску перавагі шпіталя над казармаю былі бясспрэчнымі, нават над статутнай школай повараў, не кажучы ўжо пра гаспадарчы ўзвод батальёна сувязі з яго гестапаўскімі парадкамі.
    Адзінае, што Радзевіча цяпер турбавала, дык гэта думкі пра недарэку Ваціка: ці дапамагае яму там хтонебудзь, ці дае рады ён. Хоць бы гэтыя паганцы дзяды меней яго тузалі...
    На трэці дзень Міхала зноў агледзеў доктар Кім. Ён доўга мацаў пухліну, цікавіўся, у якой кропцы баліць болей, а дзе меней. За тым знерухомеў на некалькі хвілін — задумаўся, а потым вынес вердыкт:
    — Будзем рэзаць!
    Калі хворы вярнуўся ў палату і распавёў астатнім пра вынікі візіту да хірурга, жвавы чарпак Валера з веданнем справы пацікавіўся:
    — Хто цябе лечыць, Кім?
    — Так, — пацвердзіў Міхал.
    — Ён заўсёды так: вагаецца, вагаецца, а тады і кажа: лепей усё ж адрэзаць, будзем рэзаць, сястра! Яго хлебам не кармі — дай што-небудзь адрэзаць!
    Усе засмяяліся: можна было падумаць, што той хірург няшчаснага Валеру спаласаваў скальпелем уздоўж і ўпоперак. Праўда, гаварыў хлопец пра доктара з сімпатыяй, а зусім не з папрокам.
    Прыйшла сястра і адвяла Радзевіча не ў аперацыйны пакой, як ён думаў, а ў працэдурны кабінет. Аднак
    тут стаяў такі самы хірургічны стол, а над ім вісела вялікая круглая свяцільня з мноствам лямпачак, якія звычайна бываюць у аперацыйных.
    Спецыяльнымі рамянямі Міхала за рукі і ногі прывязалі да стала, накрылі прасціной, абмазалі хворае месца ёдам і абкалолі — дэзінфекцыя і абязбольванне.
    Потым прыйшоў доктар Кім. Сястра падставіла пад Міхалаву хворую нагу вялікі металічны латок.
    Навошта? — не зразумеў хлопец.
    Доктар узяў скальпель і спрактыкаваным рухам занёс над месцам удару. Радзевіч заплюшчыў вочы, але адчуў толькі нейкае паторгванне пухліны, а потым з яе нешта як быццам пацякло.
    Міхал расплюшчыў вочы: хірург ужо без скальпеля, пальцамі паціскаў вакол разрэзу.
    Хлопец прыўзняў галаву і зірнуў на сваю левую нагу: з невялікай раны струменіў жоўта-зялёны гной, перамяшаны з крывёю. У латок пад нагой ужо налілося не меней за літр агіднай вадкасці.
    Нічога сабе! I дзе там столькі змясцілася?
    — He глядзі, — сказала медсястра Міхалу.
    Ён не баяўся крыві і не вызначаўся гідлівасцю, але паслухмяна апусціў галаву.
    — Добра, што разрэзалі! — зазначыў хірург.
    Потым доктар даў нейкія незразумелыя распараджэнні сёстрам і пайшоў.
    Калі галёнку забінтавалі, жанчыны ўкацілі ў пакой каталку і паставілі побач са сталом, на якім ляжаў Міхал.
    — Пералазь, пакатаем! — загадала адна.
    — Я і так дайду!
    — Толькі не ў гэты раз. Гадзіны дзве яшчэ не зможаш.
    Хлопец перасунуўся на каталку, і адна жанчына з лёгкасцю павезла хворага ў палату. Другая засталася навесці парадак у працэдурным.
    Ля паста дзяжурнай сястры жанчына раптам спынілася, каб перагаварыць з калегаю.
    — Ну, што, даведалася? — спытала тая, якая везла Міхала.
    — Ужо вырашана дакладна: пераязджаем на працягу бліжэйшага месяца.
    — У Легніцу?
    — Так.
    У гэты час Міхал звярнуў увагу на стос свежых газет, які ляжаў на стале дзяжурнай сястры.
    Нічога сабе: ужо восьмага чэрвеня!.. Пятніца...
    Міхал хацеў запомніць дзень, калі яму зрабілі аперацыю, але ён адчуваў, што сённяшняя дата павінна сказаць яму пра нешта большае. Што ж такое?
    Ён прыўзняўся на локці.
    — Усё нармальна? — пацікавілася медсястра, якая кіравала каталкаю.
    — Можна? — Міхал тыцнуў пальцам у стос газет.
    — Забірай. Я ўжо ўсе перагледзела — нічога цікавага, — падзялілася сваімі ўражаннямі дзяжурная сястра, — усё толькі пра футбол...
    Так і ёсць: футбол! Сёння ў Італіі стартуе чэмпіянат свету па футболе! Як ён мог пра гэта забыць?! Зрэшты, Міхал, калі толькі даведаўся, што падчас чэмпіянату будзе ў войску, ці не найбольш перажываў з гэтай нагоды: атрымаецца паглядзець ці не.
    — А тут дзе-небудзь тэлевізар ёсць? — зусім беспардонна перарваў гаворку жанчын хлопец.
    — Пачынаецца! — абурылася дзяжурная. — Хлебам іх не кармі — дай толькі футбол паглядзець!.. Ведама ж, ёсць, не ў каменным веку жывем!.. Толькі давай так: вы мне дапаможаце ўпакаваць для перавозкі лекі ды абсталяванне са склада, а я вам дазволю глядзець тэлевізар!..
    Трэба было бачыць, што ўсчалося ў палаце, калі Радзевіч распавёў іншым хворым пра гутарку з медсястрой: нікога ўгаворваць не давялося, усе імгненна забыліся пра бязглуздую іерархію, якая іх падзяляла на дзядоў, чарпакоў ды кабаноў, і тут жа паляцелі на пост да дзяжурнай сястры, гатовыя выканаць любое яе даручэнне, абы толькі атрымаць доступ да запаветнага тэлевізара...
    Міхал застаўся ў палаце адзін. Ён пагартаў газеты, даведаўся, што, калі ўсё будзе добра, яны змогуць ужо сёння а шаснаццатай гадзіне па мясцовым часе пабачыць прамую трансляцыю з Мілана стартавай гульні паміж зборнымі Аргенціны і Камеруна. Савецкае тэлебачанне паказвала менавіта гэты матч, бо зборная СССР уваходзіла ў тую самую групу «В», што і афрыканцы з паўднёвымі амерыканцамі.