ДМБ-91
зычу вярнуцца дадому
Сяргей Пляскач
Выдавец: Галіяфы
Памер: 312с.
Мінск 2021
Пасля таго, як утаймаваныя калыханкаю дзяды нарэшце зрабілі выгляд, што спяць, а кабаны засталіся адны ў бытавым пакоі, Лёха Камароў пашкадаваў Радзевіча:
— Хопіць! Няўжо яны не бачаць, што ты ледзь прытомны?! Няхай ідуць сёння ў задніцу, не будзем мыць іхныя анучы! Абыдуцца! Ты, Міхал, ідзі кладзіся, а мы з Вацлавам толькі падшыем сёння ім кіцелі і хопіць!
Міхал пажадаў змяніць хаця б адну дзедаўскую «падшыву», каб трохі дапамагчы хлопцам, але не змог нават уцягнуць нітку ў іголку, і тыя пагналі яго з бытоўкі...
Дзве гадзіны! Цэлых дзве гадзіны ён зможа праспаць у ложку! Нават можна распрануцца!.. Ад гэткіх салодкіх думак Міхалу нават здалося, што ён пачуваецца значна лепей...
Але той стан, у які праваліўся Радзевіч, ніяк не падпадаў пад традыцыйнае паняцце пра сон: гэта было ўсё тое ж хваравітае трызненне, у якое ён трапляў штораз ужо больш за месяц пасля прыезду з вучэбкі, калі на нейкі час заставаўся нерухомым... Толькі цяпер усе тыя прывідныя, няўцямныя вобразы, што нахабна, без усялякага запрашэння лезлі ў Міхалаву свядомасць, нечакана набылі абсалютную рэалістычнасць... I толькі іх імгненная зменлівасць і немагчымасць ледзь-ледзь, без усялякай настойлівасці падказвалі, што ўсё ж такі гэта не сапраўднае жыццё...
Бацька бегае-спяшаецца па ворыве за плугам: конь калгасны, трэба за паўгадзіны паспець пераараць гарод, пакуль сусед паабедае... Міхал чамусьці ў ваеннай форме, але па-дзіцячы ные-вяжацца, каб бацька даў яму пахадзіць за плугам. Нарэшце Пятрок саступае. Міхал хапаецца за ручкі, тузае лейцы:
— Но! Пайшоў!
Конь кранаецца з месца, і з-пад адвала прыгожымі бліскучымі лустамі выслізгвае зямля і разбіваецца на дробныя камячкі. Але Міхал не паспявае прайсці і дзесяці метраў, як плуг падскоквае ўверх і вылятае з баразны. Конь адразу спыняецца, а бацька злосна крычыць:
— Зялёны ты яшчэ для такой справы! Дай ужо даараць! Другім разам павучышся!
Міхал не пярэчыць, саступае і пільна ўзіраецца на свае кірзавыя боты: ці не моцна запэцкаў. Але на нагах у яго ўжо не боты, а белыя кухарскія нагавіцы і цёмнасінія ці брудна-фіялетавыя, як колер формы, у якой ходзіць нарад па сталоўцы, паўкеды, і стаіць ён ужо не на цвёрдай глебе, а на кавалку асфальту, які выспаю вытыркаецца пасярод лужыны з карычневай глінянай жыжкі...
Чаму разбілі асфальт ля галоўнага ўвахода ў сталоўку? Цеплатрасу будуць мяняць? I як жа я трапіў акурат на сярэдзіну гэтай багны? Як выбрацца?..
— Скачы! — падказвае нехта нябачны.
Праўда! Я ж няблага ўмею скакаць! I з разбегу, і патроеным, і з месца! Чаго баяцца?
Міхал прымае стойку: крыху падгінае каленкі, адводзіць левую штуршковую нагу назад і, некалькі разоў гайдануўшыся ўзад-уперад, адштурхоўваецца і ляціць...
Здаецца, атрымалася: хуткасць нармальная, напрамак правільны... Але чаму так доўга, нібы на Месяцы, цягнецца палёт?..
Толькі паспявае Радзевіч падумаць, што здарылася з прыцягненнем, як адразу ж каменем падае ўніз. Правая нага надзейна прызямляецца на цвёрды бераг, а левая па-здрадніцку спачатку проста пляскае па глінянай жыжы, а ў наступнае імгненне і зусім правальваецца ўяе па калена... Толькі машынальна падагнуўшы пра-
вую нагу і нахіліўшыся наперад, Міхал не плюхнуўся спінаю ў лужыну... Цяпер левая нага напалову карычневая.
Халера! Толькі надзеў чыстыя нагавіцы!
На ганку сталоўкі аж заходзяцца ад рогату бройлерны Амурчык Фрол і малодшы сяржант Ігар.
Гэтых тут толькі не хапала!
— «Косіш»? — пытаецца школьная медсястра Алена Мікалаеўна, якая незразумела як апынулася побач.
— He! — абураецца Міхал. — Хіба я вінаваты, што гэгую лужыну ніяк не пазначылі?!
— Якую лужыну? — шчыра дзівіцца медработнік.
— Гэтую! — Радзевіч паварочваецца ў бок лужыны і па інерцыі тыцкае ўказальным пальцам у брук.
Ніякай лужыны і блізка няма. Да таго ж які асфальт? На гэтым месцы заўсёды быў брук!..
Але ў наступнае імгненне Міхал разумее, што знаходзіцца ў нейкім дзіўным памяшканні са шклянымі сценамі, бы ў акварыуме. Побач сядзяць незнаёмыя хлопцы ў ярка-сініх касцюмах, і позіркі ўсіх скіраваныя ў адным напрамку, з якога даносіцца шум вадаспаду.
Радзевіч бачыў вадаспады толькі па тэлебачанні, але яму здаецца, што шумець яны павінны прыкладна так.
— Што там?! — пытаецца ён у суседа, нібы сам баіцца паглядзець.
Але той нічога не паспявае адказаць, бо вакол няма ніякага шуму, ён знік, цяпер гэта нейкі іншы пакой, тут пануюць паўцемра і цішыня. Цяпер Міхал сам штосьці тлумачыць, відаць, не вельмі кемліваму слухачу, аблічча якога не можа разгледзець:
— .. .Таму што калгасных кароў так кепска кормяць, што яны даюць столькі ж малака, колькі дае каза ў добрага гаспадара. A то і яшчэ меней!
Раптам Міхала аж да пят пранізвае шчымлівае шкадаванне, аж да слёз!
3 чаго б раптам? Яму так шкада калгасных кароў? Укормленых коз? Ці, можа, загадкавага слухача?
— Ведама, пешшу пойдзем, тут недалёка! — зазначае нечы знаёмы голас з нейкім адметным акцэнтам.
— Уставай ужо, кухцік, пара ісці гатаваць сняданак, — зусім не па-вайсковаму разбудзіў Міхала той самы Герман, з якім ён быў у нарадзе на КПП у парку.
Міхал сеў на ложку і звесіў ногі: левая, бы драўляная.
Зацякла ці што?
Галава трашчала, а майка была мокрая, хоць выкручвай. Міхал нават на імгненне падумаў, што не мог так спацець, верагодней ідыёты-чарпакі забаўляліся, лінулі нечым.
Хоць бы не мачой...
Але гэтыя так проста не пазбавілі б сябе асалоды паглядзець на рэакцыю ахвяры, не палеглі б вось так будзённа спаць...
Побач корпаўся-апранаўся Шпачок.
Міхал пацягнуўся да крэсла, узяў штаны і, па-ранейшаму седзячы, прасунуў у калашыну спачатку правую нагу, а потым паспрабаваў здранцвелую левую. He падалося: левая распухла і цяпер не пралазіла ў звужаную да нізу калашыну: расклёшаныя нагавіцы не надта зручна сунуць у боты. На шчасце, ад нізу было некалькі гузікаў. Радзевіч расшпіліў іх, і нага не без напружання, але пралезла праз дзірку.
Мабыць, для падобных выпадкаў і змешчаныя там тыя гузікі.
Калі Міхал уссадзіў боты, халява на левым ссунулася гармонікам.
Чортаў душман! Гэтага толькі не хапала!
Трэба абавязкова вырвацца ў санчастку!
Хадзіць аказалася цяжка: левая нага смылела, бы абвараная. Радзевіч прыкметна кульгаў. Адразу пасля сняданку ў сталоўцы з’явіўся начальнік. Міхал спытаў у яго дазволу схадзіць у медчастку. Антонаў паглядзеў на Міхалаву хворую нагу і, прыкметна здзіўлена, пацікавіўся:
— Хто гэта цябе так?
Радзевіч і не задумваўся пакуль над тым, як будзе тлумачыць, што сталася з ягонай нагой: праўду гаварыць нельга ні ў якім выпадку.
Давялося імправізаваць на хаду. Міхал зірнуў на варачны цэх: зачапіўся за зліўны кран катла? Традыцыйна ўпаў з лесвіцы ці выпадкова стукнулі дзвярыма? На нагу ўпала вялікая каструля? На вочы трапіўся жалезны стол з тых, якія падстаўлялі да катлоў з посудам, каб раскладаць стравы.
— Нарад не спраўляўся, дык я ўзяўся дапамагчы паднесці стол да катла, а ў таго дзятла, з якім я яго нёс, рукі мокрыя былі — стол і выслізнуў. Натуральна, я таксама сваю палову не ўтрымаў, і ніжняй перакладзінай якраз па назе стукнула.
— Заставайся там і лячыся, колькі трэба, — Антонава, відаць, цалкам задаволіла байка Радзевіча. — Тут, калі сам не патурбуешся пра сваё здароўе, ніхто пра цябе не падумае. Пятрову я скажу, дзе ты.
У медчастцы працавалі жанчына-фельчар і малодшы сяржант тэрміновай службы Марат Сабанаеў, якога Радзевіч выдатна ведаў, бо той па тры разы на дзень прыходзіў па ежу для хворых і распісваўся ў адпаведным журнале за якасць салдацкіх страў.
Міхал лічыў Сабанаева мо калі і не сябрам, дык добрым прыяцелем дакладна: Марат хоць і быў на перыяд старэйшым за Радзевіча чарпаком, аднак з кухарамі
паводзіў сябе заўсёды тактоўна і ветліва. Вельмі часта медбрат, як жартам называлі Марата, затрымліваўся ў сталоўцы даўжэй, чым гэта было неабходна для выканання яго спраў, толькі затым, каб якую хвіліну проста пагаварыць з кухарамі. Нярэдка, калі стравы былі асабліва смачныя, Сабанаеў прасіў пакласці ў ягоныя тэрмасы паболей, і яму ніколі не адмаўлялі.
На ганку медчасткі Міхала зусім нечакана сустрэў адзін з самых непрыемных дзядоў з першага ПУСа, якія бывалі ў нарадзе па сталоўцы, Фёдар Падаляк. На галаву ніжэйшы за Радзевіча, дзед заўсёды паводзіў сябе так, нібы гэта ён глядзіць на ўсіх зверху ўніз. Міхал даўно ўжо прыкмеціў, што невысокія людзі вельмі часта імкнуцца прадэманстраваць сваю значнасць, пнуцца ўсімі камандаваць і павучаць.
Напалеон хрэнаў!
— Што, кабан, «касіць» прыйшоў?
Радзевіч нічога не адказаў на гэткае адмысловае імператарскае прывітанне і пайшоў у памяшканне.
Сабанаеў сустрэў Міхала нязвыкла холадна, нібы бачыў упершыню.
Можа, ён на самай справе не пазнае мяне, бо ніколі не бачыў у форме?
Марат без асаблівай цікаўнасці выслухаў Радзевічавы скаргі, зірнуў адным вокам на нагу і сунуў у рукі хвораму градуснік:
— На. Мерай тэмпературу.
Тэрмометр паказаў трыццаць дзевяць з паловай.
Аднак Сабанаеў ні кропелькі не здзівіўся, выдаў нейкую таблетку і, не разумеючы, чаго яшчэ чакае гэты кабан, прамовіў:
— Усё! Ідзі!
— Куды? — шчыра здзівіўся Міхал.
— Адкуль прыйшоў, туды і ідзі!
— Ты не пакінеш мяне тут?!
— Яшчэ чаго захацеў!
— Але ж ты бачыш, што я ледзь хаджу!
— Я ж табе даў таблетку! Чаго ты яшчэ хочаш?!
Міхал не верыў сваім вушам.
— I што, яна, па-твойму, дапаможа?
— He дапаможа -— прыйдзеш яшчэ! Сёння ўсё адно пятніца, доктаркі ўжо няма, толькі ў панядзелак будзе. Які сэнс цябе тут трымаць? Выпі таблетку і выспіся як след. Якая розніца, дзе ты будзеш валяцца: тут ці ў казарме?!
Было незразумела: Марат на самай справе не ведае, што кабану ніхто не дазволіць выспацца ў казарме, ці прыкідваецца.
Міхала аж трэсла ці то ад хваробы, ці то ад злосці, але ён моўчкі ўзняўся і выйшаў з прыёмнага пакоя: ніякага сэнсу спрачацца, відавочна, не было. Пераацаніў ён, відаць, ступень блізкасці з Сабанаевым. Халера! Няхай цяпер толькі папросіць дабаўкі, сволач!
— Ну што, кабан, не праканала! — пазлараднічаў у калідоры Падаляк.
Міхалу хацелася раздушыць гэтага прусака, ён з такой злосцю зірнуў на дзеда, што той нават ускочыў з крэсла, але не ўцёк, не адвярнуўся, а, відаць, наўмысна гучна, каб чулі ўсе, хто толькі зможа, заверашчаў: