ДМБ-91
зычу вярнуцца дадому
Сяргей Пляскач
Выдавец: Галіяфы
Памер: 312с.
Мінск 2021
— Мой бацька памёр, — прашаптаў Вацік.
— Тым больш! — ляпнуў нешта незразумелае і недарэчнае прапаршчык і нечакана супакоіўся... — Усё. Болей да гэтага пытання не вяртаемся: выконваем толькі
тое, што загадаў камандзір. Ідзіце падшывайцеся і да мяне ў кабінет, — зусім лагодна скончыў Пятроў ушчуванні...
Смешна, але крыкі камандзіра ўзвода нечакана хлопцам дапамаглі: на нейкі час адагналі сон, і яны змаглі падшыць каўняры на сваіх кіцелях даволі хутка.
Калі прыйшлі ў кабінет начальніка, ён выдаў ім анучы, вядро і швабру і павёў некуды ўніз. Выйшлі на вуліцу і рушылі ў бок другога атынкаванага будынка ў гарадку. У штабе мінулі пост дзяжурнага па частцы. Праз акно ў сцяне з адтулінай для пропускаў, як у касе на вакзале, было бачна, што ў пакоі дзяжурнага ўсе сцены спрэс завешаныя нейкімі пультамі з рознакаляровымі маленькімі лямпачкамі, а стол застаўлены незлічонай колькасцю тэлефонных апаратаў. I як у іх не заблытацца?
Прапаршчык выняў ключ і адчыніў дзверы з шыльдачкай «Архіў», прапусціў хлопцаў наперад і растлумачыў, што трэба сцерці пыл з бясконца доўгіх шмат’ярусных стэлажоў на якіх шчыльна, адна да адной, стаялі аднолькавыя кардонныя шэрыя тэчкі з надпісам «Дело», і памыць падлогу. Пасля інструктажу Пятроў пакінуў хлопцаў у пакоі адных, а дзверы зачыніў на ключ, і маладыя кухары выразна пачулі, як у калідоры аддаляюцца ягоныя крокі.
Хлопцы ўзялі па невялікім кавалку прасціны, намачылі, выціснулі і пачалі праціраць паліцы. Але вельмі хутка стала відавочным, што ніякага прыкметнага пылу на іх няма. He зусім каб яны былі ідэальна чыстыя, але ж і архіў — не аперацыйная хірурга.
Падлога, якую тут пакрываў шэранькі стракаты лінолеум, і зусім выглядала чысцюткай: пры ўсім жаданні не маглі ж па архіве адвольна бадзяцца натоўпы жаўнераў у кірзавых ботах. Таму хлопцы якую хвіліну пацерлі найбліжэйшыя да ўваходу кавалкі лінолеуму, а потым
узялі вядро з вадой, швабру і вялікую анучыну, якая прызначалася для мыцця падлогі, і перайшлі да дальняй сцяны досыць вялікага пакоя. На гэтай сцяне месцілася аж чатыры акны, але, як высветлілася, паглядзець на вуліцу праз іх было немагчыма: ва ўсіх шыбах стаяла нятаннае рыфлёнае шкло. У памяшканні было горача не толькі таму, што вокны выходзілі на поўдзень, а таму, што яго працягвалі ацяпляць, відаць, каб у ім не завялася цвіль і, барані божа, не з’ела звышкаштоўныя дакументы. Увага да папер у войску была куды больш пільнаю, чым да людзей: жытло радавых даўно ўжо не ацяплялася і пад раніцу тэмпература ў кубрыках станавілася такой самай, як і на вуліцы. Дзяжурны па роце, як палонны немец пад Масквой, соўгаўся туды-сюды па доўгім калідоры казармы ў накінутай на плечы коўдры.
На повараў зноў пачала навальвацца санлівасць. Яны спачатку папаселі, а потым ляглі на падлогу і імгненна паснулі. Толькі сон іхны быў зусім не падобны да глыбокага салодкага забыцця, якое авалодвае чалавекам у цёплым утульным ложку, калі яму не пагражае небяспека і ўсе турботы мінулага дня засталіся недзе ў недасяжным далёка. Хлопцы ж праваліліся ў той трывожнапамежны стан, калі знясілены чалавечы арганізм адмаўляецца нармальна працаваць і, у якасці папярэджання, пасылае ў мозг сігналы ў выглядзе самых неверагодных і выкшталцона рэалістычных вобразаў... Пасля такіх сноў людзі падоўгу блытаюцца ва ўспамінах: што было на самай справе, а што прыснілася. Рэальнасць і мроі перасякаюцца ў свядомасці і ўтвараюць нейкую дадатковую рэчаіснасць... Часам мінаюць дні, месяцы, гады, перш чым чалавек канчаткова ўсведамляе, што таго ці іншага здарэння, падзеі, сустрэчы, гутаркі ніколі ў матэрыяльным свеце не адбывалася... Відаць, пасля такіх усведамленняў нараджаюцца сумненні ў рэальнасці ўсяго
існага: можа, яно — толькі сон, плён неўтаймаванай фантазіі, ілюзія... А на самай справе мы — нешта іншае, і цяпер знаходзімся ў зусім іншым месцы і толькі на імгненне заплюшчылі вочы... Ці гэта ўжо цягнецца не адно дзесяцігоддзе, стагоддзе, не адну тысячу гадоў... Ці ёсць у нас увогуле вочы? Можа, яны — таксама ілюзія, спроба некаму ці сабе растлумачыць, як мы бачым? Як мы ходзім, дыхаем, ямо?.. I да бясконцасці: пішам карціны, складаем вершы, ствараем музыку, будуем хмарачосы, ляцім да зорак, кахаем, нараджаемся і паміраем... А мо і не існуе ніякіх «мы»?.. Можа, усё існае — гульня толькі адной свядомасці?.. I ўсе гэтыя «мы» толькі затым, каб было не так самотна і страшна... Бо аднаму напэўна ж страшна... Страшна толькі ад усведамлення, што ты адзін!...
Зусім не выпадкова егіпецкія жрацы, шаманы напаўдзікіх народаў і цалкам сучасныя паэты ў па-чалавечы наіўнай спробе знайсці адказы наўмысна, пры дапамозе самых разнастайных сродкаў і рэчываў, даводзілі сябе да такога памежнага стану... Яны зазіралі за край ля бездані пазасвядомага, валачылі адтуль малапрыдатныя для нашай рэчаіснасці вобразы і спрабавалі больш ці менш удала прыстасаваць іх да наваколля...
У выніку часам нараджаліся мастацкія шэдэўры, часам прыносіліся крывавыя ахвяры, але, па вялікім рахунку, для большасці людзей у рэчаіснасці нічога не мянялася, яна заставалася надзейнай і грунтоўнай...
Да таго ж сацыялістычны рэалізм і матэрыялізм, ваяўнічы атэізм, маразм састарэлых савецкіх правадыроў з мільёнамі іхных малаадэкватных адэптаў практычна не пакідалі на адной шостай частцы планетнай сушы ніякага месца для няпэўнасці, цьмянасці ды прывіднай хісткасці...
ХПрывідная грунтоўнасць рэчаіснасці, якая выявілася зусім нядаўна і нечакана, крыху палохала Міхала Радзевіча, але ж болей усё забаўляла: цяпер па вяртанні з памежнага стану, у які ўсё часцей і часцей трапляў хлопец, ён падоўгу спрабаваў расшыфраваць значэнне тых мройных вобразаў, якія не выпалі з памяці. Што гэта — прадказанні ці папярэджанні? Як навучыцца разумець іх загадкавую мову? Можна было б зрабіць выгляд, што нічога незвычайнага не адбываецца, махнуць рукой на ўсё невытлумачальнае, як на бязглуздыя сны, што паспяхова і зрабілі Вацік ды Паша, але Міхал заўважыў, што некаторыя сцэны, бачаныя ў мроях надзіва рэалістычна, потым акурат так і паўтараліся ў жыцці. Ён не раз моцна ўражваў сяброў, калі казаў, хто зараз зойдзе, напрыклад, у варачны цэх і што спытае, калі за секунды да з’яўлення начальства прыбіраў падалей з вачэй тое, што яно не павінна было бачыць...
Выхаваны на трывалых забабонах вясковых жанчын, Вацік цяпер пазіраў на Міхала, быццам на нейкага ведзьмака, і, як ніколі раней, практычна не пярэчыў, калі зямляк загадваў яму нешта зрабіць ці ўшчуваў за нейкія «касякі»...
Але найчасцей Радзевіч думаў, што разумеў сэнс ужо некалі перажытага ў мроях толькі тады, калі падзея адбывалася ў рэчаіснасці. Ён ніяк не мог растлумачыць сабе: ці на самай справе яму даваліся нейкія падказкі, ці ён проста спрабуе звязаць сапраўднае жыццё з бязглуздымі вобразамі хваравітай свядомасці. Практычна так, як гэта бывае з людзьмі, апантанымі тлумачэннем сноў: стаў у сне ў каровіну аладку — да грошай! Праз нейкі час і сапраўды знайшоў грошы — спраўдзіўся сон! А потым усё ж улез па самую шчыкалатку ў дзярмо
буйной рагатай жывёліны! Пра што быў сон?! I ці меў ён хоць нейкае дачыненне да рэальных здарэнняў?
Асабліва Міхала непакоілі вобразы, якія ўпарта паўтараліся і якім пакуль усё ніяк не знаходзілася ніякага тлумачэння ў рэчаіснасці. Гэта магло азначаць толькі адно: наперадзе яго чакаюць нейкія незвычайныя і, калі меркаваць па вытанчанай абсурднасці тых мрояў, зусім не прыемныя прыгоды...
У якісьці момант Міхал пачынае бачыць сябе аднекуль з боку і з вышыні, але пры гэтым адначасова адчувае сваё цела. Ён ляжыць накрыты коўдрай і абкручаны нейкімі правадамі ці то на ложку, ці то на плыце, які павольна плыве пасярэдзіне невялікай ракі. Зверху сіняе-сіняе неба, як у сонечны дзень, але абрысы берагоў ледзь праглядаюцца скрозь густы белы туман. Паступова ложак-плыт прыбіваецца да невялічкай выспы — хлопцу добра бачна, як рака падзяляецца на два рукавы і агінае гэты кавалак сушы. Пасярод вострава ўзвышаецца проста неверагодна велічэзны дуб, пад якім на каменным троне сядзіць казачны старац у шэрай, да пят, бы жаночая сукенка, кашулі, з доўгаю сівою барадой і, відаць, ніколі не стрыжанымі белымі валасамі. У правай руцэ стары трымае крывы кій, які вянчае падобны да сарочынага гнязда неахайны клубок з голля і калючага дроту, левай рукою дзіўны чалавек павольна пагладжвае па загрыўку вялізнага ваўка-альбіноса. Ад асалоды страшэнны звер заплюшчыў вочы і перыядычна ашчэрвае бліскучыя жоўтыя зубы...
Ложак знік, і Міхал стаіць цяпер за два крокі ад старога ў звычайным сінім спартовым касцюме.
— Ты хто? — пытаецца дзед.
— Міхал Радзевіч.
На гук незнаёмага голасу воўк настаўляе вушы і рэзка ўздымае павекі — ад ненатуральнага выгляду вогненна-
чырвоных вачэй пачвары хлопцу здаецца, што ў яго ў сярэдзіне нешта абрываецца... Але ўжо праз імгненне ад ласкавага дотыку гаспадара фантастычная істота зноў заплюшчвае вочы, апускае вушы і больш не звяртае ніякай увагі на госця...
— Ведаеш, хто я?
— He, не ведаю, — няшчыра прызнаецца Міхал, бо яму вельмі карціць сказаць «Бог», таму што з падобным выглядам старога толькі ён і асацыюецца.
Але чаму ён спытаў маё імя: ён жа ўсё ведае. Выключна для парадку, ці што?
— Дык навошта тады ты прыйшоў сюды?
— Неяк само сабою атрымалася... Я не планаваў...
Міхалу карціць запытацца, дзе ён, але смеласці не хапае.
— Дзіўна... Выпадкова сюды не трапляюць...
Бог уважліва вывучае Міхала паглядам пранізлівых чорных вачэй, ад якіх хлопцу здаецца, што яго бачаць наскрозь.
Каб неяк пазбыцца няёмкасці, Радзевіч, у сваю чаргу, пачынае разглядаць каменныя карункі і загадкавыя знакі, якія шчодра аздабляюць трон. На высачэнную шырокую спінку каменнага крэсла адначасова аднекуль з супрацьлеглых бакоў прылятаюць і садзяцца два велічныя арлы, чорны і белы. Вялізныя птахі не складаюць крылы, а, наадварот, шырока разводзяць іх у бакі, быццам імкнуцца прадэманстраваць усю іхную неабсяжнасць...
— Калі ты здолеў сюды прайсці, — нечакана абзываецца стары, — значыцца, ты адзін з нашых... Толькі я чамусьці блытаюся ў тваім радаводзе... Відаць, ты здалёк прыйшоў...
Нейкі дзіўны Бог: не ведае, адкуль я прыйшоў!
— Ха-ха-ха! — раптам рагоча дзед зусім не старэчым сакавітым басам. — Ты падумаў, што я Бог?!..