ДМБ-91
зычу вярнуцца дадому
Сяргей Пляскач
Выдавец: Галіяфы
Памер: 312с.
Мінск 2021
— Карацей кажучы, у нас тут такая сістэма: пакуль праходзіш курс маладога байца, ты — дух. Духі, праўда, жывуць асобна... Пасля прысягі духаў размяркоўваюць па ротах. Ад гэтага часу яны кабаны. Як вы цяпер. Ваша задача — выконваць усё, што загадваюць дзядулі: падшыць гімнасцёрку, памыць форму, пачысціць боты. Але самае галоўнае, каб у дзядуляў быў добры настрой, забяспечыць ім пасля адбою смачную пайку: бульбачкі насмажыць, плоў згатаваць, проста мяса таксама падыдзе, гарбата з прысмакамі, само сабой зразумела... Для повараў гэта не праблема... Уявіце, як тым кабанам, што не ў гаспадарчым узводзе служаць, выкручвацца даводзіцца: дзе што ўзяць і як прыгатаваць? Аднак спраўля-
юцца ж неяк... Калі прыходзіць наступны прызыў, кабаноў расшпільваюць, і яны больш не абавязаныя дзядулям дагаджаць, цяпер гэта не іхны клопат, ад гэтага часу яны чарпакі. Калі прыходзяць малодшыя на год, чарпакі аўтаматычна становяцца дзядамі: больш над імі нікога няма! Калі чарпака дзед яшчэ можа аб нечым папрасіць: нейкую дробную справу выканаць ці нават яшчэ абавязаны, напрыклад, у нарад за дзядулю ісці, дык дзядуля не падпарадкоўваецца нікому! Дзядулі ў прынцыпе добрыя: могуць і раней расшпіліць таго, хто асабліва добра шарыць, і калі кабаноў хапае. Вось сёння мы расшпілілі апошняга свайго кабана, вы бачылі. Цяпер ваш абавязак — дагаджаць сваім дзядулям і нам, дэмбелям. Але гэта, зразумела, зусім ненадоўга: максімум да канца траўня нас тут не будзе...
Да канца траўня застаецца роўна сорак дзён: нейкае злавеснае спалучэнне.
Адчувалася, што дэмбеляў вельмі цешыла думка аб тым, што да канца траўня іх тут не будзе. На хвілін дваццаць гаворка набыла выразныя прыкметы фальклору: згадваліся дагістарычныя часы, гэта значыць, дэмбелі і дзядулі расказвалі пра здарэнні, якія тут адбываліся так даўно, калі болыпасць з іх і думаць не думалі, што некалі будуць служыць у самым непераможным войску з такімі грунтоўнымі небаявымі традыцыямі. Па большай частцы ўсе гісторыі былі пра тое, як нехта з мамчыных сынкоў не вытрымаў старэчай навукі, здрадзіў традыцыям, не пажадаў у перспектыве стаць дзедам, стукнуў айцам камандзірам (якія ў большасці людзі разумныя і цудоўна ўяўляюць, што адбываецца ў казармах пасля іхнага сыходу дадому, але негалосна як ніхто і зацікаўленыя ў падобным стане рэчаў, бо дзедаўшчына спрошчвае іх нялёгкую працу па падтрыманні дысцып-
ліны і парадку ў даручаным вышэйшым кіраўніцтвам калектыве), і што таму небараку ў выніку за тое было. Як правіла, дзядулям ніколі не было нічога: ну хіба можна лічыць сапраўдным пакараннем некалькі колаў па стадыёне ў касцюмах хімабароны ці нават пяць содняў на губе. Значна цікавей пасля даносу складалася жыццё наіўнага шукальніка паратунку: тут табе і ўсеагульная пагарда, асабліва з боку прадстаўнікоў свайго ж перыяду, якіх ён у першую чаргу спадзяваўся абараніць ад дзедаўскага прыгону сваім учынкам, каварныя падставы і выкшталцоныя катаванні, якія ў выніку абсалютна лагічна прыводзілі стукача ці да самагубства, ці да вар’яцтва, ці да вялікага тэрміну ў дысцыплінарным батальёне... Асабліва ўсебакова смакаваліся выпадкі, у якіх прысутнічалі ўсе згаданыя павароты лёсу, толькі ў адваротнай паслядоўнасці: турма, вар’яцтва, самагубства... Давесці стукача да жывёльнага стану, калі ён пачынаў біцца аб сцены, ці падкінуць яму ў рэчмяшок поўны патронаў аўтаматны ражок, страшэнна даражэнны і папулярны ў мясцовых паляўнічых прыбор начнога бачання, малюпасенькую цыдулку, на якой запісаныя сакрэтныя коды са станцыі касмічнай сувязі, лічылася вышэйшым пілатажам, прыкметай абсалютнай казарменнай арыстакратычнасці.
— Вядома ж, можна адмовіцца і жыць самому па сабе, — тамадою на гэтым банкеце ўсё ж быў Макс Кротаў, які і працягнуў неабходныя павучанні. — Вось ты, Паша, дужы хлопец, любому з нас рады дасі. Можаш хоць сёння сам расшпіліцца і не слухаць нікога. Знаходзіліся і такія, але ў выніку ні адзін не вытрымаў: кім ты станеш для сваіх таварышаў, як ты будзеш пачувацца, калі яны будуць пахаць? Самае галоўнае, што будзе, калі прыйдуць вашы кабаны... Ты для іх не будзеш
дзедам! Ты не зможаш імі камандаваць: твайго ж перыяду хлопцы не дазволяць! Міша і Вацлаў будуць сядзець нага за нагу і семкі паплёўваць, а ты будзеш усю працу выконваць разам з кабанамі...
Міхал страшэнна абурыўся, што Макс прыраўняў яго да Ваціка, нібы толькі Паша і здольны з трох новенькіх пастаяць за сябе. Дэмбель увогуле па большай частцы звяртаўся да Герасімава, нібы ён галоўны ў іхнай кампаніі...
— Ды і Міша, відаць, дужы хлопец і мог бы любому з нас, калі што якое, пысу намыліць, — раптам зазначыў Кротаў, нібы адчуў настрой Радзевіча. — Падумайце, хлопцы, падумайце, што лепей: крыху пацярпець і стаць паўнавартасным членам грамады ці ўсю службу быць ізгоем. Што ж, а пакуль вольныя, ідзіце...
Хлопцы выйшлі ў пусты калідор — нават днявальнага не было на тумбачцы — і пабрылі ў кубрык. Паша выразна паглядзеў у вочы Міхалу і цяжка ўздыхнуў: ніякага выбару на самай справе няма.
— Крута, — раптам азваўся Вацік. Здавалася, ён аж свеціцца ад радасці і надзвычай нагадвае ў гэтую хвіліну дурнога шчанюка. — Мы прайшлі праверку!
— Ідыёт...— не стрываў Міхал. — Божачкі! Які ж ты, Вацік, ідыёт!
— Дык што, не трэба было згаджацца? — разгубіўся Шпачок.
Міхал у адказ толькі прыставіў указальны палец да скроні і пакруціў.
— Штосьці я не чуў, каб нехта пытаў у цябе згоды, — як ніколі раздражнёна зазначыў Ваціку Паша.
3 ленінскага пакоя данёсся гучны рогат: відаць, чарпакі глядзелі тэлевізар.
У кубрыку спалі толькі чацвёра, астатнія ложкі былі пустыя. Хлопцы зноў паклаліся на свае месцы.
Бясконца доўгі і трывожны быў дзень, уражанняў хапіла б на тыдзень у вучэбцы, і каб засвоіць іх, таксама спатрэбіцца нямала часу. А зараз... Міхал адчуваў, што зараз варта толькі заплюшчыць вочы — і прагучыць каманда «пад’ём», як гэта адбывалася апошнія месяцы...
Каманда і сапраўды прагучала, як толькі Радзевіч заплюшчыў вочы, але на гэты раз яна чамусьці бясконца паўтаралася і ложак хадзіў хадуном.
— Э! Пад’ём, я сказаў — зноў па чарзе калаціў ложкі маладых Ігар. — Зусім ах...елі, кабаны!
Радзевіч падумаў, што ён не пачуў каманду дзяжурнага і той цяпер прыбег будзіць іх асобна — як няёмка атрымалася: першая ноч у частцы, і такая прыкрасць. Усе, напэўна, ужо на зарадцы. Ля тумбачкі іх зараз сустрэне камандзір узвода, будзе прачуханка!
Але калі Міхал ужо нацягнуў штаны, ён звярнуў увагу, што за вокнамі яшчэ цёмна і ўсе астатнія спакойна спяць. Ашаломленыя Паша і Вацік таксама няўцямна тапталіся ля сваіх ложкаў.
— Цішэй вы! Апранацца не трэба! П.. .дуйце на калідор!
Калі выйшлі з кубрыка, дзяжурны ледзь не ўголас працягнуў ушчуваць повараў:
— Ніколі такога нахабства не бачыў! Спаць яны заваліліся! Іх таварыш пахае не пакладаючы рук адзін, а яны спяць! Ва ўмывальнік ідзіце! Лёха растлумачыць, што трэба рабіць!
Ля тумбачкі днявальнага вісеў гадзіннік. Хлопцы не паверылі сваім вачам: толькі палова на першую!
Ім здавалася, што ад таго, як яны ўзняліся на свой паверх пасля пераклічкі, прамінула цэлая вечнасць.
Умывальнікам у войску называлі пакой, у якім уздоўж сцен віселі рукамыйнікі з люстэркамі, каб можна было
пагаліцца, і, у залежнасці ад колькасці жаўнераў у падраздзяленні, адзін ці два, так бы мовіць, нагамыйнікі — эмаліраваныя чыгунныя скрыні са злівам і падведзенымі да іх кранамі.
Лёха сядзеў на кукішках і цёр той самай шчоткай, якую выкарыстоўвалі для мыцця ўзлёткі, раскладзеную на падлозе нейкую анучыну.
— Да раніцы трэба вымыць, высушыць і падшыць чатыры камплекты, — растлумачыў Камароў, калі хлопцы ўвайшлі ў пакой. — Кожнаму па адным. Гімнасцёрку я ўжо адпраў, зараз дамыю штаны і пайду сушыць.
— А як сушыць? — пацікавіўся Герасімаў.
— Прасам, як жа яшчэ, — у сваю чаргу здзівіўся някемлівасці новенькіх Лёха. — Вунь там шчоткі, там мыла, — тыцкаў пальцам Камароў у розныя куткі мыйні. Вось форма. Прыступайце...
Хутка хлопцы, таксама як і Лёха, ужо шаргацелі круглымі шчоткамі па раскладзеным на падлозе адзенні.
— I самае галоўнае, — зноў загаварыў сябра па няшчасці, — ледзь не забыў: калі ўсё зробіце, трэба будзе раскласці камплекты на крэслы ля ложкаў дзядуляў. А вы ж іх пакуль не ведаеце. Форма падпісаная, таму толькі зверце, каб штаны і гімнасцёрка былі з аднаго камплекта, а дзе хто спіць — спытайце ў Ігара, ён пакажа. Малодшы сяржант толькі з выгляду такі злосны, але на самай справе, паверце, ён тут далёка не самае смярдзючае гаўно.
Што ж, як мог, абнадзеіў!
Самым цяжкім, вядома ж, аказаўся працэс высушвання. I каму такая ідыёцкая ідэя магла прыйсці ў галаву: сушыць прасам адзенне. I толькі, калі мінула не меней за тры гадзіны, стала відавочным, што ідэя працэсу была зусім не ў тым, каб дзядулі атрымалі раніцою чысцюткую
ды ідэальна адпрасаваную вопратку, а ў тым, каб кабаны не спалі ўсю ноч.
Вось табе і «мы не такія, ніякіх здзекаў». Выконвай своечасова — і ў свой час атрымаеш!
Шпачок засынаў стойма ля прасавальнай дошкі. Міхал перайшоў за суседнюю і то выспяткамі, то воклічамі стараўся абудзіць небараку, каб той, барані божа, не прапаліў дзедаўскія нагавіцы. Аднак кожнае Вацікава абуджэнне працягвалася некалькі секундаў, пасля чаго прас у ягоных руках зноў пачынаў рухацца павольней і паціху спыняўся зусім.
— He спаць! — гаркаў Міхал.
Шпачкоў прас ненадоўга ажываў і праз імгненне заміраў нанова. Следам за воклічам ішоў выспятак, у адказ на які па пакоі разносілася няўцямнае мармытанне:
— Хто храп? Я не храп...
— Ты дзяцел!
— Я не хра...
— Шпак!
— Я дзяцел...
— Ты ёлупень! Прапаліш штаны — галаву адарвуць!
— Прапалоць гала... Усё, усё, не сплю, не спаць, не сплюць...
У іншых абставінах, магчыма, гэткае відовішча і падалося б смешным, але цяпер хлопцам не было калі і думаць, як выглядае іхнае змаганне са сном.
Нарэшце ўсе камплекты адзення былі прыведзеныя ў ідэальны стан, калі не лічыць рудых падпалаў знутры, старанна складзеныя, і хлопцы памкнуліся з бытавога пакоя ў калідор. Адразу ля дзвярэй яны напаткалі Аліева. Можна было падумаць, што ён чакаў іх наўмысна.
— Опанькі! А што гэта мы тут робім, стаяць! — з уяўна радаснай інтанацыяй звярнуўся дзед да каба-