• Газеты, часопісы і г.д.
  • ДМБ-91 зычу вярнуцца дадому Сяргей Пляскач

    ДМБ-91

    зычу вярнуцца дадому
    Сяргей Пляскач

    Выдавец: Галіяфы
    Памер: 312с.
    Мінск 2021
    78.59 МБ
    Глядзі ты! Аказваецца, Рома ўсё ж ведае, як завуць гэтага з нарада. Адразу пыхі паменела, калі замаячыла перспектыва не паспець прыгатаваць сняданак...
    Літаральна праз пяць хвілін у халадзільнік былі вернутыя голыя косці, а белыя і ружовыя дробныя кубікі свініны засквырчэлі ў распаленай электрычнай патэльні.
    * На складах мяса праходзіла санітарную праверку, пра што і засведчвалі пячаткамі адпаведныя службы.
    — Вялікая патэльня не працуе, — працягваў каментаваць усе дзеянні Аліеў. — На ёй, вядома ж, хутчэй было б.
    I дадаў прыцішана, каб не пачуў Віцёк з нарада:
    — Мы яе самі наўмысна зламалі, каб катлеты не рабіць і рыбу не смажыць: занадта марудныя заняткі. Хоць месяц які адпачнем, пакуль адрамантуюць. Потым можна мясарубку сапсаваць. Але яна занадта простая, за які тыдзень зробяць. Злоўжываць з гэтым, вядома ж, не трэба, але час ад часу можна... Зірніце, ці кіпіць там вада, — зноў ні да каго канкрэтна звярнуўся дзед.
    Хлопцы пайшлі адразу ўсе. Міхал і Паша зазірнулі ў вялікі кацёл, Вацік — у меншы. I там, і там не кіпела.
    — Салілі? — спытаў Раман.
    Хлопцы паглядзелі адзін на аднаго: што за дурное пытанне, загаду ж не было, ды і ніхто з іх не ведаў, колькі трэба сыпаць той солі.
    Аліеў зразумеў бессэнсоўнасць свайго пытання і пайшоў да насілак.
    — Саліце ваду адразу: напалову хутчэй закіпіць, — каментаваў ён на хаду.
    Выцягнуў з насілак пачак з соллю, рэзкім, спрактыкаваным рухам, відаць, каб яна стала сыпкаю, выцяў ім аб падлогу — на шчасце, прусакоў ужо на ёй не было — і падышоў да вялікага катла.
    — Адчыні, — зноў не зразумела да каго звярнуўся дзед.
    Міхал узняў вялізную накрыўку. Раман сыпануў з паўпачкі солі ў ваду і працягнуў распараджацца:
    — Размяшай!
    Паша зняў з падстаўкі, што стаяла побач з катлом, вялікую драўляную вясёлку і, бы вяслом, пабоўтаў ёю ў вадзе. Зрэшты, вясёлка такіх памераў і сапраўды больш нагадвала вясло, чым кухарскую прыладу.
    — Што з чаем?
    — He кіпіць пакуль, — адказаў Вацік, гледзячы пад накрыўку меншага катла.
    — Ну дык прычыні, не выстуджвай, хутчэй закіпіць. Ідзі лепей за мясам сачы, а вы ўдвух за мной!
    Услед за дзедам Паша і Міхал павалакліся з варачнага цэха. Пераход аказаўся цікавым: узняліся на другі паверх, прайшлі праз вялікую абедзенную залу, застаўленую радамі сталоў, разлічаных на восем чалавек, і па другой лесвіцы спусціліся на першы паверх у такое самае памяшканне, у далёкім куце якога пад стэндам з надпісам «Меню», аздобленым нейкімі табліцамі і графікамі, асобна стаяў меншы стол. На ім ляжалі два журналы.
    — Іх трэба абавязкова запоўніць, — тлумачыў Раман, гартаючы старонкі, — адзін для медчасткі, другі для дзяжурнага па батальёне. Перад кожным прыёмам ежы ў журналах павінны быць усе запісы: якія стравы, вага порцыі на аднаго чалавека і хто з повараў гатаваў, нічога складанага...
    Да аднаго і другога журналаў былі прывязаныя самыя танныя шарыкавыя асадкі.
    — Вось, глядзіце! — Аліеў нарэшце дабраўся да апошняга запісу і пацягнуўся да ручкі. — Сука! Ё...аны Крот! Ужо запісаў! Гэта ён не забыў зрабіць! Яшчэ з вечара пастараўся! Ну я яму!.. Гэта падстава!.. Бачыце, якая сука! А вы яму ўсю ноч порткі мылі!
    Па ўсім было бачна, што Раман раз’юшыўся не на жарт!
    — П...дуйце на х... назад! Увечары пагаворым!..
    Калі б з ім тут апынуўся Вацік, а не значна дужэйшыя за яго Міхал ды Паша, можна не сумнявацца: Раман не стаў бы чакаць вечара, а сарваў бы на ім злосць проста тут.
    Вярнуліся ў варачны цэх. Усю дарогу назад на гэты раз Аліеў ішоў моўчкі.
    — Засыпайце проса! — зноў скамандаваў, не звяртаючыся ні да каго дакладна, Раман.
    — А памыць? — не стрымаўся Міхал.
    — Хочаш — мый, толькі гэта ж параша! Яе ніхто акрамя кабаноў не есць! Дзяды і чарпакі ўжываюць толькі высакародныя стравы: пюрэ, рыс, грэчку і макароны. Усё астатняе — пярлоўка, проса, сечка, аўсянка — гэта параша! Парашу дзядам нельга есці!
    Міхал падумаў, што калі б яны ў сваёй вучэбцы былі такія пераборлівыя, то напэўна вымерлі б ад голаду: там якраз пераважалі кашы-парашы. Толькі ён асабіста нічога кепскага супраць іх не меў: цалкам сабе смачныя стравы.
    Радзевіч моўчкі наліў вады ў каструлю з крупамі, узяў вясёлку і памяшаў. Зліў мутную ваду і паўтарыў увесь няхітры працэс яшчэ двойчы, пакуль вада ў каструлі не засталася чыстаю. Потым вытрас мокрыя крупы ў вялікі кацёл, спаласнуў гарачай вадой з катла каструлю, каб змыць тое, што наліпла да яе сценак, і вытрас у кацёл рэшту.
    Паша, які дапамог Міхалу вытрасаць крупы ў кацёл, ціха, каб толькі Радзевіч пачуў, прагаварыў:
    — Няўжо нарэшце наядзімся ад пуза?!
    — He кажы! — па-змоўніцку пагадзіўся Міхал.
    Раптам Аліеў падскочыў як уджалены:
    — Цыбуля дзе?!
    Ён скочыў да насілак і рассунуў тыя два невялічкія кулёчкі, якія там яшчэ заставаліся і за якімі нібыта магла заваляцца цыбуля.
    — Там, дзе бульбу чысцім, — абсалютна спакойна зазначыў Віцёк.
    — За мной! — скамандаваў дзед і літаральна вылецеў з варачнага цэха.
    Следам, бы ад пажару, з пакою выбеглі ўсе.
    Бегчы давялося недалёка: Раман ускочыў у адзіны незачынены на замок пакой у канцы калідора.
    — Ты чаго прыляцеў, Малы? — цяпер усе зразумелі, што дзед звяртаецца да Ваціка, — Бяжы назад і выключы патэльню.
    — А як?
    — Проста пераключальнік пастаў на нуль! Бягом!
    На такім самым жалезным стале, як і ў мясным цэху, ляжала з дзясятак цыбулін і з тузін морквін.
    — Дзякуй богу! Пачысцілі... Так, бярэм нажы, дошкі і наразаем! Агароднінарэзка не працуе!
    Міхалу карцела пацікавіцца, чаму яна не працуе, але нервовасць дзеда, здаецца, лунала ў паветры, і ён не рашыўся.
    Па дошках дружна застукалі нажы, а з-за акна даляцеў тупат многіх дзясяткаў ног у цяжкіх ботах.
    — Ужо зарадка. Зараз мае прыйдуць. Пайду дзверы адчыню.
    Віцёк выйшаў з пакоя.
    Літаральна за хвіліну цыбуля і морква былі дробненька нарэзаныя.
    — Зграбайце на дошкі і за мной!
    Хлопцы на дошках перанеслі і высыпалі ў патэльню моркву і цыбулю. Раман сам пераключыў уключальнік патэльні на максімум, пасаліў мяса, даліў вады. Потым дзед выняў з насілак маленькія папяровыя пакуначкі і першым разгарнуў той, што выглядаў крыху прамоклым. Там была таматная паста. Лязом нажа ён рэзка ссунуў пасту ў патэльню і яшчэ раз перамяшаў страву.
    — Паспяваем. Заварвайце чай і высыпайце цукар. Толькі пакіньце па паўпачкі таго і таго. Міхал, — упершыню звярнуўся дзед да маладога па імені, — аднясі заварку і цукар у поварскі пакой і прыхавай дзе-небудзь там, не кідай навідавоку. Вам яны яшчэ сёння спатрэбяцца.
    Міхал выйшаў на калідор, за некалькі секунд перабег яго, павярнуў налева, выйшаў на пляцоўку, з якой разыходзіліся дзве лесвіцы: адна вяла ў падвал, а другая — на другі паверх; і толькі паспеў зрабіць некалькі крокаў уніз, як з верхняй пляцоўкі данёсся гучны вокліч:
    — Стаяць, таварыш салдат!
    Збянтэжаны Міхал спыніўся. Зверху на пляцоўку спусціўся нейкі здаравяка ў афіцэрскай фуражцы.
    — Сюды падыдзі!
    Радзевіч развярнуўся і зрабіў некалькі крокаў уверх па прыступках. На пляцоўцы стаяў вялізны афіцэр у белай, як у Аліева, поварскай куртцы з чырвонай павязкай на рукаве: дзяжурны па сталоўцы.
    — Што гэта ў цябе? — афіцэр кіўнуў на пачак з-пад цукру, які трымаў Міхал.
    — Гэта, — Міхал ліхаманкава спрабаваў прыдумаць правільны адказ, — цукар.
    — I куды гэта ты яго валачэш?
    — Ну, мы гэта... Хацелі гарбаткі папіць...
    — Хто мы?!
    — Повары...
    — Вось жа сучкіна адроддзе! За мной! — літаральна зароў вайсковец страшэнным басам і рушыў па калідоры ў варачны цэх.
    He на жарт спалоханы нечаканай рэакцыяй, Міхал павалокся следам.
    Чаго ён так усхадзіўся?
    — Здравія жадаю, таварыш прапаршчык! — выпаліў Раман, як толькі дзяжурны пераступіў парог варачнага цэха.
    — А! Аліеў! Сучкіна трыбуха! Тамбоўскі воўк табе таварыш, зладзюга! Я цябе папярэджваў, што, калі я дзяжурны, лепей нават не спрабуй што-небудзь скрасці?! Казаў?!
    — А я нічога і не краў!
    — Ага, ты думаеш, я паверу, што гэты малады самастойна дадумаўся асобна гарбаткі заварыць?! Як бы не так! Я выведу гэтую вашу паганую звычку ўсё цягнуць за плот! Вы ў мяне будзеце з агульнага катла жэрці! Як усе! Што для ўсіх гатуеце, тое і самі жарыце! Ідзі сюды! — прапаршчык зірнуў на Міхала.
    Дзяжурны падбег да катла з гарбатай і адчыніў накрыўку:
    — Высыпай!
    Міхал выняў з каробкі з цукрам паўпачка заваркі, спачатку высыпаў яе, потым цукар.
    — Размяшай! — кінуў дзяжурны Ваціку, які стаяў побач з вясёлкаю ў руках. — Вось так! — сказаў ужо прыкметна спакайней прапаршчык. — Гэты злодзей вас добраму не навучыць! А вам сорам пачынаць службу з хлусні. Глядзіце, будзьце пільнымі, яны тут усе зладзюгі, усё крадуць, і вас будуць прымушаць! Так нядоўга і да дысбата! Прывыклі чужымі рукамі жар заграбаць! Праўда, Аліеў?!
    Раман, нічога не адказваючы, памешваў гуляш у патэльні...
    Дзяжурны зірнуў на гадзіннік.
    — Пара накрываць! Нарад! — гаркнуў ён так гучна, што можна не сумнявацца, яго пачулі ва ўсім вялізным будынку сталоўкі.
    У імгненне вока ў памяшканні з’явілася з паўтузіна жаўнераў у фіялетавых робах і пачалася, на першы погляд, сапраўдная вакханалія: да вялікага катла прыставілі жалезны стол і на яго пачалі пераносіць стосы ўстаўленых адна ў адну, недзе літры на тры металічных ёмістасцяў. Іх падавалі праз невялічкае акенца ў далёкім кутку варачнага цэха. Раман зазірнуў у кацёл з парашай і перакрыў пару:
    — Ідзі сюды, — махнуў Пашу.
    Дзед поўнасцю адкінуў накрыўку катла, узяў вялізны чарпак і зачарпнуў кашы:
    — Дзесьці па столькі. Калі застанецца—нічога страшнага. Яе ўсё адно ніхто не есць!
    Воклічы дзяжурнага цяпер даносіліся аднекуль з глыбіні сталоўкі і суправаджаліся бразганнем жалезнага посуду.
    — Ты, — Раман тыцнуў пальцам у Ваціка, — сюды! Будзеш разліваць гарбату. Сёння яна вунь якая насычаная і, мабыць, салодкая!
    Пры апошніх словах дзед красамоўна паглядзеў на Міхала.
    — Глядзі, паказваю адзін раз, — Аліеў працягнуў навучаць Ваціка, — нарад падстаўляе імбрыкі вось пад гэты кран. Твая задача наліць туды роўна на шэсць чалавек. Гэта прыкладна дасюль, — Раман правёў пальцам па боку пасудзіны. — Імбрыкі ў большасці старыя, і калі зазірнуць у сярэдзіну, то адмеціна, дакуль яны наліваліся заўсёды, добра бачная. Арыентуйся на яе. Запас, вядома ж, ёсць, але асабліва не захапляйся. Давай, пачынай!