ДМБ-91
зычу вярнуцца дадому
Сяргей Пляскач
Выдавец: Галіяфы
Памер: 312с.
Мінск 2021
— Радавы Лермантаў! Ка мне! — скамандаваў дэмбель.
Да яго выйшаў той добры хлопец, як пра яго казаў Вацік, Віталік.
Паэт, значыцца, ягоная мянушка, а прозвішча на самай справе Лермантаў. Бывае ж!
— Па вашым загадзе прыбыў! — нібы афіцэру на пляцы, паведаміў Віталік.
Паэт тут адзін быў апрануты ў форму, у зашпіленай на ўсе гузікі і верхні кручок гімнасцёрцы, а рэмень
наўмысна быў зацягнуты тужэй за патрабаванні любых нарматываў, відаць, каб надаць выгляду адмыслова перабольшаную кабанскасць.
Дэмбель пацягнуўся да Паэта і не без намаганняў зняў з яго рэмень. Потым з тэатральнай павольнасцю, няспешна ссунуў спражку, тым самым ці не ўдвая павялічыўшы дыяметр рамяня, калі яго зашпіліць. Але ён не стаў чапляць рэмень на Віталіка, а таксама павольна наматаў яго да паловы на правую руку і зноў скамандаваў:
— Упор у крэсла прыняць!
Лермантаў абапёрся дзвюма рукамі на сядзенне крэсла.
3 купкі чарпакоў хтосьці кінуў:
— Расслабся!
Дэмбель размахнуўся і моцна выцяў спражкай Паэта па адстаўленым азадку.
Міхал адвярнуўся: яны тут дакладна ўсе ненармальныя. Запар прагучалі яшчэ два ўдары. I здавалася кожны быў мацнейшым за папярэдні.
— Смірна! — зноў скамандаваў дэмбель.
Круглы твар Віталіка палаў чырванню, як сігнал святлафора, вялізныя сінія вочы былі поўныя слёз, і здавалася, вось-вось яны абрынуцца сапраўдным вадаспадам, які ўжо нічога не стрымае.
Дэмбель начапіў на ранейшае месца Віталікаў рэмень, які цяпер павіс адвольна і нічога не сціскаў зноў дэманстратыўна запаволена пацягнуўся да Паэтавай шыі і расшпіліў кручок на каўняры:
— Усё: ты болей не кабан! Цяпер ты чарпак і вольны чалавек! Віншую!
Дэмбель паціснуў прыкметна збянтэжанаму Віталіку руку і пахлопаў па плячы. Следам да Паэта кінуліся віншаваць астатнія, найбольш радаваліся за таварыша чарпакі.
Калі амаль усе ўжо выйшлі з пакоя, Вацік таксама падышоў да Лермантава: яны ж ужо знаёмыя.
— Віншую! — мо крыху і занадта радасна, як для малазнаёмага чалавека, выпаліў Шпачок.
— Дзякуй, — неяк збянтэжана адказаў Паэт.
У сваю чаргу, тыя, хто яшчэ заставаўся ў пакоі, неяк з неразуменнем утаропіліся ў Віталіка. Ён адразу адчуў сваю памылку і выправіўся:
— Шарыш, кабан!
Цяпер можна было падумаць, што Вацік вось-вось заплача ад крыўды: ён жа ўжо лічыў Віталіка практычна сябрам...
Зноў здалося, што ўсе страцілі ўсялякі інтарэс да новенькіх, і хлопцы не прыдумалі нічога лепшага, як вярнуцца ў ложкі.
Гармідар на трэцім паверсе тым часам не толькі не зменшыўся, але і прыкметна ўзмацніўся.
— Паэт праставіўся не так ужо і сціпла, як можна было чакаць: пяць пляшак гарэлкі ўсё ж знайшоў, толькі плакаўся, што грошай няма, — гэта разважаў уголас той невысокі таўсіун з круглым тварам і кучаравымі светлымі валасамі, якога Міхал за знешняе падабенства і гіпертрафаваны памер у параўнанні з арыгіналам паспеў ужо ў думках ахрысціць бройлерным Амурам.
— Я яму пазычыў — азваўся той самы Герман, з якім паспеў пабываць у нарадзе Радзевіч.
— Навошта? Ты ж ведаеш — ён чмошнік*! Няхай бы хадзіў і надалей зашпілены!
Герман не паспеў нічога адказаць: у пакой забег Лермантаў і пачаў расштурхоўваць маладых кухараў, якія ляжалі ў ложках і рабілі выгляд, што спяць:
* Недарэка.
— Гэй, кабаны, пад’ём! 3 вамі хочуць пагаварыць! Бягом у капцёрку!
Чаго хацелі кабаны, тут нікога не цікавіла. Давялося зноў уздымацца і следам за Паэтам цягнуцца ў капцёрку.
— О! Бачыў, Фрол, — звярнуўся Герман да бройлернага Амура, — а ты кажаш, чмошнік! Ён яшчэ будзе самым лютым дзедам, вось пабачыш! За ўсе свае пакуты адарвецца на маладых!
Калі ўвайшлі ў капцёрку, Міхал заўважыў, што Лермантава з імі няма: дзесьці згубіўся па дарозе.
— О! Заходзьце, заходзьце, хлопцы, не бойцеся! — гаварыў адзін з тых дэмбеляў, якія былі на паверцы ў тапачках.
У капцёрцы было дзесяць чалавек: значыцца, Радзевіч у сваіх вылічэннях суадносінаў дэмбеляў і дзядоў на душу кабанскага насельніцтва не памыліўся.
I хоць па ўсіх прыкметах настрой у пакоі панаваў вясёлы, Міхал адчуў, як па спіне прабеглі мурашкі: адчувалася, што ад усіх гэтых людзей з усмешкамі на тварах нічога добрага чакаць не выпадае. Ды і ўсмешкі тыя былі больш падобныя да ашчэрвання драпежнікаў перад нападам.
Міхал разглядаў брыдкія чырвоныя ад гарэлкі абліччы і цяпер не адрозніваў, хто з іх дэмбель і крыху больш як праз месяц з’едзе адгэтуль, а хто будзе яшчэ паўгода на правах дзеда псаваць ягонае жыццё патрабаваннямі дадатковай працы, а магчыма, калі ён не будзе паспяваць задавальняць іхныя капрызы, і распускаць рукі. I здачы не дасі: старых крыўдзіць нельга!
— Ты, значыцца, з Масквы? — распытваў тым часам Пашу дэмбель.
— Так, з Масквы...
— 3 самой ці, можа, прыгарада якога?
— Побач з Арбатам жыву...
— Крута... Дзіця Арбата, значыцца, ну-ну...
— А вы абодва з Беларусі, землякі?..
— Так, мы з аднаго раёна, — адказаў за двух Міхал.
— А што гэта ў вас такія польскія прозвішчы ды і імёны?
— Звычайныя, беларускія, — зноў узяўся тлумачыць Радзевіч, — мы ж некалькі стагоддзяў у адной дзяржаве жылі...
— Міхал ці Міша?
— Мне ўсё адно: каму як падабаецца больш, той так і заве...
— А ты, значыць, Вацлаў? — пераключыўся следчы на Шпачка.
— Ага, Вацік... Так мяне ўсе завуць...
— Ну добра, хлопцы, зразумела. Мяне завуць Максім Кротаў я тут адзін Максім, таму запомніць будзе просга, не пераблытаеце. Для вас я ніхто, дэмбель. Вось гэта, — паказаў ён на высокага смутлявага хлопца, — таксама дэмбель Аляксандр Якіменка. Вас сюды прывезлі замесг нас: мы — повары. Незразумела толькі, чаму Пятроў прывёз трох, бо звальняемся толькі мы ўдвух. Ты не ведаеш, Толік? — раптам спытаў ён у сяржанта Садоўнічага.
У адказ той толькі адмоўна пакруціў галавой.
— Ладна, пазней разбярэмся. Дык вось, мы з Санем звальняемся. Значыцца, з заўтрашняга дня мы ў сталоўку ні нагой! Хопіць, мы сваю лямку адцягнулі...
— Э-э! Макс! Яны ж яшчэ ні халеры не ўмеюць! — раптам абурыўся нейкі хлопец з азіяцкай знешнасцю, што быў апрануты ў цяльняшку, як і яшчэ чацвёра.
— Знаёмцеся! — як ні ў чым не бывала працягнуў Максім. — Ваш дзед Рома Аліеў!
I працягнуў ужо да Ромы:
— Вось ты і павучыш, пакуль Вася не вернецца з выезду!
— Заўтра твая чарга сняданак гатаваць! — працягваў абурацца Аліеў.
— Усё! Я сказаў: хопіць! — агрызнуўся Кротаў тонам, які не прадугледжваў пярэчанняў. — Бяры аднаго ці трох адразу і наперад! Калі такое было, каб дэмбелі працавалі пры наяўнасці кабаноў?
Аліеў аж кіпеў ад злосці, але больш пярэчыць не стаў.
— Яшчэ адзін наш повар, таксама ваш дзядуля Вася Пунтус, цяпер з другім ПУСам на вучэннях, — зноў цалкам лагодным тонам працягнуў Максім. — Праз дні два яны павінны ўжо вярнуцца. Гэта, значыцца, у нас зноў жа дэмбель Юра Бандарэнка, кладаўшчык, — ён паказаў рукою на худога-худога цыбатага хлопца, галоўнай адметнасцю якога былі не толькі абсалютна белыя валасы, а і проста незвычайна брыдкае аблічча, на якое немагчыма было глядзець больш за секунду.
— Я ж таксама повар, толькі працую на складзе, — раптам азваўся пачварны Бандарэнка.
— А, і праўда! — тут жа падхапіў Кротаў. — Нас жа ўтрох з яварскай вучэбкі прывезлі, як і вас! Зусім забыў! Цяпер зразумела, чаму Пятроў трох узяў: нехта з вас пойдзе на месца Юры!
Міхал згадаў харчовы склад, на якім пабываў у разведбаце, і яму зрабілася зусім сумна ад перспектывы правесці паўтара года сярод цвілі і смуроду.
Толькі туды яшчэ не хапала трапіць! Як толькі магчыма трэба выкручвацца, каб застацца ў сталоўцы.
— Так, вось гэта, — Максім паказваў на чарговага дэмбеля, — Віктар Сакалоў. Ён вадзіцель. А гэта самы блатны і забяспечаны з тых, хто ў найбліжэйшы час вернецца дадому, — не без зайздрасці ў голасе казаў
Кротаў, — Андрэй Шумейка. Андруха ў нас працуе на батальённай свінаферме. Так бы мовіць, адмысловы спецыяліст па кабанах...
Усе зарагаталі, а Кротаў аж зайшоўся ад смеху і некалькі хвілін не мог спыніцца, каб працягнуць сваю місію па прадстаўленні сяброў.
— Смешнага нічога няма, — скрозь смех працягнуў тлумачыць Макс, — начальства лічы ніякага, а нешта прадаць заўсёды знойдзецца... Вось значыць як... Што ж, дэмбелі ўсе... Цяпер вашыя дзяды... Намесніка камандзіра, Толіка Садоўнічага, вы ўжо ведаеце, Рамана Аліева таксама, Вася Пунтус на вучэннях, яшчэ ўбачыцеся, такім чынам, вось гэта Сяргей Васільеў, ён возіць з гарнізоннай пякарні хлеб. Таксама кіроўца, — Кротаў паказаў на чарговага дзеда, — Лёха Малчанаў, — гэта быў той боўдзіла, які курыў за рогам казармы, калі сяржант вёў повараў са сталоўкі да камандзіра ўзвода ў першы дзень. — Усе? Нікога не прапусціў?
— А Махмуд?! — азваўся Садоўнічы.
— Прабач, брат, — цяпер Кротаў глядзеў на вусатага смуглявага хлопца, вельмі падобнага да персанажа індыйскіх фільмаў, — рэдка бачымся. Гэта Махмуд Забіраў, батальённы хлебарэз!
Махмудава ўсмешка была падобная да ідыёцкай грымасы, якія з’яўляюцца на тварах замежнікаў, калі яны ўслухоўваюцца ў абсалютна незразумелую мову і пры гэтым жадаюць прадэманстраваць прыязнасць да гаспадароў.
Міхал падумаў, што аднаго дзеда ўсё ж не палічыў: таго, што на вучэннях, Васю Пунтуса. Такім чынам, шэсць дзядоў на чацвярых маладых...
— Што ж, хлопцы, — зноў звярнуўся Максім да новенькіх, — вось і пазнаёміліся. Мы тут да вас прыгле-
дзеліся за тыя дні, што вы пабылі ў нарадзе, здаецца, вы нармальныя пацаны. Тады растлумачым вам правілы, паводле якіх мы тут жывем. Ёсць часткі статутныя і нестатутныя. Статутныя — гэта тыя, у якіх усё жыццё адбываецца па статутах, як у вас было ў вучэбцы. Цэлых два гады адбой-пад’ём, служба ды нарады: ніякай вольніцы! У нас квітнее дзедаўшчына! I гэта здорава! Яна зусім не такая страшная, як вы, напэўна, чулі яшчэ да службы. Там, дзе няма статутаў, служыць нашмат лягчэй! Як мы былі кабанамі, праўда, дзядулі нашы былі сапраўднымі ідыётамі, проста так з нас здзекаваліся, без усялякай прычыны збівалі штодзень і не давалі спаць! Мы напаўжывымі пачуваліся! Здавалася, прасцей павесіцца, чым такое трываць! Але ад нас усё змянілася: мы ад сваіх патрабавалі толькі выконваць такія-сякія даручэнні — і ўсё, ніякіх здзекаў! He, ведама, за касякі каралі, але так сабе, без дай прычыны, ніколі!..
Выглядала, што ў іхным разуменні Толік Малы быў збіты да паўсмерці абсалютна справядліва... Нічога сабе: ніякіх здзекаў!