ДМБ-91
зычу вярнуцца дадому
Сяргей Пляскач
Выдавец: Галіяфы
Памер: 312с.
Мінск 2021
Паша пляскаў ліпкай кашай, якая не жадала адрывацца ад чарпака, па малых кацялках, Шпачок засяроджана, бы капітан карабля, сачыў за ватэрлініямі імбры-
каў, Міхал без загаду павалокся следам за Раманам да патэльні з асноўнаю страваю.
Да яе таксама прыставілі жалезны стол, на якім стаялі гэткім самым чынам, складзеныя адна ў адну, як і ля катла з кашай, кацялкі, стосы вялікіх алюмініевых місак.
Раман адкінуў накрыўку, і неверагодна прыемны водар смажанага мяса стаў яшчэ больш выразным і невыносным для галоднага Міхала.
Дзед узяў малы чарпак і памяшаў гуляш.
— Халера!.. Дрэнна...
Што было дрэнна, Міхал не разумеў, але ўдакладніць не рашыўся. Было бачна: Раман не на жарт азадачаны і нешта ліхаманкава спрабуе для сябе вырашыць.
— Надта шмат мяса атрымалася... I як гэта я не падумаў, — раптам прамовіў уголас Аліеў.
Чаму тое, што мяса шмат, — дрэнна, Міхал не разумеў.
— Падай кацялок, — звярнуўся дзед да Радзевіча, і калі той пайшоў у бок вялікага катла, дадаў, — бяры два!
Міхал паставіў кацялкі на стол ля патэльні, і Раман тут жа абодва ледзь не даверху напоўніў духмяным гуляшом.
— Пастаў у духавую шафу! — загадаў Міхалу.
— Віцёк, — звярнуўся дзед да таго хлопца, які начаваў у сталоўцы і завіхаўся тут разам з поварамі ад самага рання. Ён, відавочна, быў галоўным у нарадзе пасля дзяжурнага па сталоўцы прапаршчыка і толькі тым цяпер і займаўся, што камандаваў тымі жаўнерамі ў фіялетавай форме, якія былі ў варачным цэху, — скажы сваім, каб гаспадарчаму ўзводу, на тыя два сталы, за якімі дзядулі сядзяць, мяса пакуль не ставілі і для нарада таксама, я для вас асобна пакінуў.
Віцёк згодна кіўнуў у адказ і пайшоў раздаваць загады сваім падначаленым.
— Цяпер глядзі, — Аліеў звярнуўся да Міхала, — мяса жаруць усе! Яго заўсёды не хапае! Таму з ім трэба быць асабліва ўважлівым! Калі не хопіць — п.. .дзец!
Раман паказаў, колькі трэба класці ў адну талерку, каб было болып-менш раўнамерна: мяса, сала, падліўкі. Прынамсі, каб выглядала раўнамерна. Міхал ведаў што па правілах падобныя стравы павінны ўзважвацца, але, як няцяжка было здагадацца, вагі зламаліся...
Як толькі нарад разнёс усе стравы, з вуліцы данесліся тупат дзясяткаў ног і прыглушаныя каманды.
— Паспелі. Так, — звярнуўся Аліеў да сваіх маладых калег, — зараз пойдзем снедаць разам з усімі. Ты, — тыцнуў ён у Міхала пальцам, — ідзі прабяжы да раздатачнага акна з другога боку. Я табе перадам кацялок з мясам. Твая задача будзе даставіць яго за наш стол. Бачыў, дзе я сяджу?
Міхал у адказ сцвярджальна кіўнуў, Раман паглядзеў на Пашу і Ваціка:
— Ваша задача прыкрываць яго, каб ён не наскочыў на дзяжурнага па сталоўцы. Сачыце за прапарам: ён зараз як шалёны будзе тут усюды гойсаць! Таму, калі данясеш кацялок, сядзеш за наш стол бліжэй да сцяны, а мяса ні ў якім разе не выстаўляй: паставіш побач з сабою на лаўцы. Зразумела? Усё, пайшлі!.. Стоп! Фартухі здыміце! Яны толькі залішнюю ўвагу да вас прыцягваюць!
Дзе і калі яшчэ, у якой арміі свету адбываліся падобныя вайсковыя аперацыі?! Тут былі і выведка, і прыкрыццё, і заблытванне праціўніка, імклівае перамяшчэнне і маскіроўка! Ніводзін з удзельнікаў гэтай аперацыі, калі ішоў у войска, не мог і блізка ўявіць, што яму давядзецца займацца чым-небудзь падобным у самай непераможнай і магутнай арміі на планеце... Што і казаць: бегчы праз вялізную абедзенную залу з поўным
кацялком гарачэннага гуляшу — гэта вам не з калаша шмаляць па мішэнях ці скакаць з парашутам з самалёта...
— У цябе колькі скачкоў з парашутам?
— Сто!
— Крута!
— А ў цябе колькі забегаў з перашкодамі па сталоўцы з гарачым кацялком?
— Дзвесце!
— Грандыёзна!.. Ты — сапраўдны герой!..
Пакуль даставілі той гуляш да прызначанага месца, адрэналіну хапнулі ўсе.
Толькі Міхал сеў за дзедаўскі стол — адразу ў залу пачалі ўваходзіць жаўнеры і займаць свае месцы. Праз хвіліну ўсё вакол гуло і віравала, як на кірмашы. З’явіліся і гаспадарнікі. Калі дэмбелі ўбачылі, што за дзедаўскім сталом сядзіць кабан, яны проста зарыкалі на яго, як раз’юшаныя драпежнікі, але на Міхалава шчасце падаспеў Аліеў, які растлумачыў, што так трэба, гэта частка звышсакрэтнай вайсковай аперацыі па ўлагоджванні стараслужачых.
За суседнімі сталамі кабаны жэрлі з поўных місак кашу, у талеркі дзядоў і чарпакоў перакачавала па некалькі невялічкіх кавалачкаў свініны з падліўкай, якую яны старанна, бы губкамі, вымоквалі белым хлебам. Чорны хлеб зноў-такі елі толькі маладыя.
На сталах гаспадарчага ўзводу пшанічнага хлеба было прыкметна болей, чым на іншых, — яшчэ адзін прывілей, Махмуд пастараўся. Гэта значыць, камусьці дасталася меней, чым прызначалася. Паўнюткія ж талеркі мяса ў стараслужачых і зусім выглядалі дэманстрацыяй сваёй перавагі над іншымі жаўнерамі: любуйцеся, хто тут галоўны, хто тут гаспадар, глытайце слінкі і зайздросціце!..
— О! Бач, якія кемлівыя новыя повары аказаліся! — зазначыў уголас Садоўнічы.
— Ага! Настолькі кемлівыя, што не дазволілі Рому мяса скрасці! — выбуркнуўся Якіменка.
Аліеў змаўчаў. А Міхал толькі цяпер зразумеў, чаму раптам Раман быў такі шчодры: нараду поўны кацялок мяса наклаў, сваім кабанам дапамог улагодзіць дзядоў. Чаму ён, мяшаючы гуляш, прыгаворваў, што нешта шмат мяса атрымалася: бо калі б усё яно трапіла па прызначэнні, на іншыя сталы, лёгка было б заўважыць розніцу паміж звычайнымі порцыямі, калі мяса раскрадалася, і тымі, якія яны павінны быць. Наўрад ці Аліева стрымала прысутнасць маладых повараў, каб скрасці мяса. Верагодней, яго збіў з панталыку Кротаў, калі адмовіўся гатаваць сняданак: кудысьці ж трэба было падзець скрадзенае, а той чалавек, якому звычайна прадае Раман, не быў папярэджаны. Вось і давялося дзеду імправізаваць... Атрымалася на карысць кабаноў...
Маладыя кухары і Лёха Камароў зусім не грэбавалі прасяной кашай і не без асалоды засяроджана працавалі лыжкамі. Да таго ж, у адрозненне ад кабаноў з іншых падраздзяленняў, ім перапала не толькі падліўка, але і па некалькі кавалачкаў мяса!
Яшчэ адной прыемнасцю выявілася тое, што дэмбелі не павінны ўжываць масла, а іхныя порцыі абавязаныя з’есці кабаны. Супраць такой традыцыі кабаны нічога не мелі і з асалодаю з’елі яшчэ па кавалку белага хлеба з тоўстым-тоўстым слоем масла. Якія там заварныя пірожныя! Яны і блізка не стаялі побач з незапланаванай лустаю звычайнага пшанічнага хлеба з гарачым салодкім чаем! Для сябе, вядома ж, кухары чаю не пашкадавалі. Да таго ж ён быў сёння такі насычаны і салодкі!..
— Хадзем на развод, — сказаў да ўсіх Садоўнічы, — і вы таксама, — кінуў ён у бок маладых кухараў.
Калі прыйшлі на малы пляц ля казармы, Міхал адчуў, як невыносна ён хоча спаць: бяссонная ноч далася ў знакі. Пакуль мітусіліся ў сталоўцы, неяк асабліва не было калі звяртаць увагу на стому, а як паснедалі, дык стала проста немагчыма трываць: вочы зліпаліся самі, хоць запалкі ўстаўляй.
Міхал зірнуў на хлопцаў: і Паша, і Вацік таксама клявалі насамі.
З’явіўся камандзір узвода Пятроў. Садоўнічы даклаў яму, што ніякіх здарэнняў не адбылося за час ягонай адсутнасці. Камандзір прывітаўся — яму нязладжана адказалі. Пятроў загадаў разысціся ўсім па месцах. Дзе тыя месцы, усе, відаць, выдатна ведалі. Новым поварам было сказана застацца.
— У сталоўцы пакуль абыдуцца без вас. Там і так лайдакоў хапае. А чаму гэта вы не паголеныя?!
— He паспелі, таварыш старшы прапаршчык! — адказаў за ўсіх Міхал.
— He паспелі?! Як гэта?! Усе паспелі, а вы не паспелі! Пакажыце падшыву!
Хлопцы расшпілілі кручкі на каўнярах.
— Што за трасца! — абурыўся Пятроў. — I падшыцца не паспелі!.. Апошні раз такое бачу: наступны раз атрымаеце нарад па-за чаргой!
Які нарад? Ён жа сам казаў, што гаспадарчы ўзвод вызвалены ад нарадаў.
— На губу адпраўлю! — для большай важкасці дадаў камандзір. — Бягом ва ўзвод! Даю паўгадзіны, каб прывесці сябе ў належны стан! Затым да мяне на даклад!
Хлопцы пабеглі ў казарму.
— He зразумеў! Якога хера прыперліся?! — абурыўся малодшы сяржант Ігар, які стаяў ля тумбачкі днявальнага і, відаць, чакаў, хго ж там уздымаецца на ягоны паверх.
— Пятроў загадаў, — адказаў Паша.
— Ды насраць я хацеў на Пятрова!
— Ён ідзе следам, яму і скажы! — сонна зазначыў масквіч.
Болей пытанняў не ўзнікала, і хлопцы хутка пайшлі ў свой кубрык.
Калі яны паголеныя ўжо ішлі ў бытавы пакой, каб адпрасаваць падшыву, на парозе дзедаўскага кубрыка Пятроў распытваў малодшага сяржанта:
— Гэта хто спіць?
— Аліеў.
— Сняданак гатаваў?
— Так точна.
— Дык не ягоная ж чарга, здаецца.
— Хто іх там разбярэ з іхнымі чэргамі. Ён гатаваў. 3 вечара папрасіў, каб яго разбудзілі, забраў новенькіх і пайшоў.
— Што?! Іх? — камандзір кіўнуў у бок повараў.
— Так точна, — без ранейшай самаўпэўненасці ў голасе адказаў сяржант, бо зразумеў па рэакцыі начальніка, што сказаў нешта лішняе.
— Стаяць! — гаркнуў прапаршчык і прычыніў дзверы ў дзедаўскі кубрык. — Бягом да мяне!
— Вы гатавалі сняданак з Аліевым?! — звярнуўся прыкметна разнерваваны камандзір.
Сэнсу адмаўляць не было ніякага: Ігар ужо ўсё сказаў. Але хлопцы маўчалі, не цямячы, што так раззлавала Пятрова і які адказ будзе правільны.
— Хто загадаў?!. Я пытаюся, хто вам загадаў?! Аліеў?! Хто ваш камандзір?!
— Вы, таварыш прапаршчык, — нечакана адказаў найбольш спалоханы Вацік.
—Я ваш камандзір! — роў на ўвесь калідор Пятроў. — Без майго загаду вы нічога не павінныя рабіць! Я ваш непасрэдны начальнік! У войску нічога не робіцца без загаду! Ні-чо-га! — паўтарыў ён апошняе слова па складах. — А калі б там што-небудзь з табой здарылася: палец адарвала мясарубка ці лопнула труба і абварыла цябе параю з галавы да ног, — Пятроў тыцкаў пальцам у гаротніка Шпачка, — хто б адказваў, як ты думаеш, каму б твой бацька прад’явіў прэтэнзіі?!
Можна падумаць, наяўнасць загаду непасрэднага начальніка ўратавала б каго-небудзь з іх ад таго, каб бяздумна не ўсунуць руку ў мясарубку, ці ад струменю гарачэннай пары. Міхала заўсёды здзіўляла, відаць, выключна савецкая звычка ва ўсім, што б і дзе ні здарылася, шукаць крайняга і прызначаць вінаватага: сонечнае зацьменне — хто вінаваты? Землятрус? Нехга павінен адказаць!
Да таго ж у савецкім войску ў тыле, а не ў Афганістане, штогод гінулі дзясяткі жаўнераў, і Радзевіч ніколі не чуў, каб нехта з бацькоў прад’яўляў некаму нейкія прэтэнзіі: гэта ж гонар — гераічна (а па-іншаму ў нас ніколі нічога не адбывалася, асабліва ў войску) загінуць пры выкананні службовых абавязкаў, пераконвала афіцыйная прапаганда. Хіба што са з’яўленнем Камітэта салдацкіх маці нешта пачало змяняцца. Прынамсі ў галовах. I нават у мужчынскіх справах, як гэта нярэдка здаралася раней, жанчыны аказаліся наперадзе: бацькі пакуль не спяшаліся задаваць пытанні.