ДМБ-91
зычу вярнуцца дадому
Сяргей Пляскач
Выдавец: Галіяфы
Памер: 312с.
Мінск 2021
Цікавая, аднак, служба ў Антонава. Чым ён займаецца ў астатні час?
Кротаў і Якіменка, як і папярэджваў Макс, перасталі працаваць у сталоўцы зусім, хоць па-ранейшаму іх прозвішчы ўпісваліся ў графік. Фельд’егерскі кухар Сярожа не грэбаваў вучыць маладых, якія цяпер гатавалі з ранку да вечара. Праз гэта дэмбелі з гаспадарчага ўзвода бясконца кпілі з Сярожы, называлі яго лохам і «чмошнікам»: відаць, была ў іх нейкая гісторыя.
Аліеў і Вася Пунтус, які прыехаў з вучэнняў на другі дзень пасля несанкцыянаванага непасрэдным начальнікам удзелу ў прыгатаванні сняданку новымі кухарамі, з’яўляліся ў сталоўцы згодна з графікам, але толькі тое і рабілі, што прыхоўвалі ці кавалак мяса, ці некалькі бляшанак тушонкі на продаж і, у найлепшым выпадку, даўшы такія-сякія парады маладым, знікалі: самі ж не рабілі нічога.
Пасля салёнай гарбаты Вацік напрамілы бог прасіў Міхала кантраляваць яго. I недарма: некалькі разоў Радзевічу даводзілася ратаваць ад цукру боршч і кісель ад макаронных вырабаў. Гаворкі пра тое, каб яшчэ хоць раз дазволіць Шпачку застацца ў варачным цэху аднаму, і зусім не магло весціся.
Міхал і сам пабойваўся свайго стану: ён хоць і пастаянна кантраляваў кожнае дзеянне, выдатна разумеў, што ў любы момант можа адключыцца і ўчыніць штонебудзь як мінімум не горшае за салёны чай...
Праз чатыры тыдні службы ў батальёне сувязі, якія, здавалася, адабралі столькі ж высілкаў, колькі хапіла б на чатыры гады ў статутнай вучэбцы ваенных кухараў, дэмбелі пачалі з’язджаць. Першымі з гаспадарчага ўзвода, відаць, за асаблівыя службовыя заслугі, звольніліся Кротаў і Якіменка: забеглі неяк у парадных строях у сталоўку, раздалі ўсім, каго сустрэлі, па цыгарэціне і зніклі...
— Шкада нават неяк, — зазначыў Вацік.
Радзевіч толькі падумаў, што ён таксама чамусьці шкадуе, што больш ніколі ў жыцці, найверагодней, не ўбачыць ні Макса, ні Саню. I ў гэтым шкадаванні Міхал адчуў нешта хваравітае: яшчэ сёння раніцай ён пасылаў у думках гэтым брыдкім пачварам самыя страшныя праклёны, зычыў ім усяго самага найгоршага, у чым нават
нельга прызнавацца, а цяпер шкадуе... За бясконцыя знявагі і прыніжэнні, пастаянныя «наезды» і прабіванні фанеры... Шпачку ж яшчэ часцей ад іх даставалася, і вось табе на — шкадуе... Аб чым тут шкадаваць? Хіба толькі аб тым, што не паклапаціўся даведацца іх хатнія адрасы, каб вось цяпер, падчас развітання, назваць іх і паабяцаць абавязкова наведацца ў госці: няхай бы праз паўтара года ўздрыгвалі ад кожнага званка ў дзверы і ад любога шолаху за спінай... Але ж мы не зласлівыя і не помслівыя, мы — высакародныя, да такой нізасці ніколі не апусцімся... А як бы, цікава, гэтыя вылюдкі паводзілі сябе, калі б ведалі пра магчымасць акрэсленага развіцця далейшых падзеяў, як гэта бывае і сёння на Каўказе...
Пасля ад’езду Кротава і Якіменкі кабанам у гаспадарчым узводзе стала крышку лягчэй.
Потым знік фельд’егерскі повар Сярожа. Нават развітацца не забег. Міхалу і Ваціку адразу стала яшчэ складаней у сталоўцы: цяпер у іх тут не было ніякага перадыху, працавалі ад цямна да цямна ўдвух.
Яшчэ праз некалькі дзён зніклі ўсе разам асгатнія дэмбелі з гаспадарчага ўзводу. Лёха Камароў, Міхал і Вацік не хавалі сваёй радасці з гэтай нагоды: цяпер на іхных карках засталося толькі пяцёра дзядоў, бо не стане ж раптам Махмуд начаваць у казарме. Ледзь не ўдвая паменела эксплуататараў!
Эх, каб яшчэ Паша дапамог, дык і зусім ніштаватае жыццё стала!
Толькі ці не ў той самы вечар пасля ад’езду дэмбеляў дзяды быццам з ланцуга сарваліся: цяпер яны патрабавалі не проста памяняць «падшыву», вымыць нагавіцы ці кіцель, згатаваць смачную пайку і зварыць гарбату; цяпер дзядулі перад сном хацелі пачуць кожны раз новую казку пра тое, якое салодкае жыццё чакае іх
пасля звальнення, і абсалютна не маглі заснуць без адмысловай калыханкі ў выкананні хору кабаноў.
Тугія на вуха харысты завывалі без складу і ладу, дзяды крыўдзіліся, абураліся разбурэннем соннай атмасферы і арганізоўвалі пазапланавыя ўрокі сальфеджыа: прымушалі спевакоў адціскацца і прысядаць, вісець над ложкамі, упершыся рукамі і нагамі ў спінкі, прабівалі іхныя новыя, стодзюймовыя, гатовыя да бою фанеры і пастаянна падкрэслівалі, што яны не хацелі б ні ў якім разе займацца нечым падобным, дзядулі ўвогуле добрыя, але, бачыць бог, кабаны вінаватыя ва ўсім самі!
Цяпер нядаўняе мінулае да звальнення дэмбеляў здавалася казачным сном. Пасля начных трэніровак Міхал з цяжкасцю мяшаў вясёлкай кашу: рукі балелі невыносна. Яшчэ больш, чым раней, хацелася спаць, і захаванне кантролю над сабой вымагала неверагодных высілкаў...
А яшчэ ж неабходна было прыглядаць за Шпачком, які цяпер нагадваў гогалеўскую Панначку, адзінага паўстанца з труны, якога ведалі савецкія дзеці: і без таго доўгі нос цяпер здаваўся большым у два разы, шчокі запалі, а пад вачыма на папярова-бледнай скуры аблічча выразна праступалі чорныя плямы. Ён туляўся з цэха ў цэх, абапіраючыся на сцены, і калі яго пакідалі ў спакоі больш чым на хвіліну, тут жа выключаўся, аўтаматычна, па яго словах, як халадзільнік.
Чарпакі з гаспадарчага ўзвода пасля ад’езду сваіх былых дзядоў прыкметна актывізаваліся: глядзелі па начах тэлевізар, пілі піва, слухалі на магнітафоне ці спявалі пад гітару чароўныя ў сваёй тупасці салдацкія песні.
До свйданйя, родной КПП.
Болыйе мне не сйдеть на губе.
До свйданйя, кусок, мой закончйлся срок —
До вокзала одйн марш-бросок...
Праз месяц максімум павінны прыйсці навабранцы, і тады яны стануць сапраўднымі дзядамі з адпаведнымі паўнамоцтвамі. Радзевіч шчыра спачуваў тым не вядомым яму хлопцам, якім давядзецца замяніць у гэтым змяіным кубле пяць дэмбеляў: з іх будуць здзекавацца цэлых шаснаццаць адборных вылюдкаў. А ў тым, што суседзі па кубрыку ў большасці сапраўдныя дэгенераты, сумнявацца не даводзілася.
Неяк пасля чарговай бяссоннай ночы, калі не больш чым праз сорак хвілін кухары павінныя былі пайсці ў сталоўку гатаваць сняданак, Лёха, Міхал і Вацік прывалакліся ў кубрык і, як былі апранутыя, забурыліся, не рассцілаючы, на свае ложкі і тут жа праваліліся ў трывожнае забыццё. Камарову па-сапраўднаму пашчасціла: ён зможа праспаць больш за дзве гадзіны — нязбыўная мара для Радзевіча і Шпакоўскага. Іх прыйдзе будзіць днявальны праз нейкіх сорак хвілін. Што такое сорак хвілін для змардаваных штучнай бяссонніцай хлопцаў, для якіх гадзіна пралятае ў адно імгненне?..
Міхал адчуў, як нехта тузае яго за плячо і шэпча: «Пад’ём!» Але на гэты раз, супраць звычайнага, чамусьці не стаў адразу ўскокваць з ложка, а найперш расплюшчыў вочы: над яго галавой навісала нечая тлустая срака!
— Пад’ём! — цяпер значна выразней данёсся аднекуль голас.
Радзевіч міргнуў некалькі разоў — срака не знікала. Тады ён, наколькі гэта было магчыма ў такім нязручным становішчы, сціснуў кулак і даволі моцна па ёй ударыў!
— Уй! — срака адскочыла ўбок. — Ты што, ах...еў, кабан!
— Ціха, ціха, Фрол, — супакойваў гаспадара тлустага азадка дзяжурны па ўзводзе малодшы сяржант Ігар, — пайшлі другога будзіць.
Чаго яны дабіваюцца? Што хацелі ўтварыць гэтыя ідыёты?
— Вацік! — паспрабаваў папярэдзіць Шпачка Міхал.
Але было запозна: неабсяжная Фролава срака ўжо навісла над спячым, а сяржант тузаў Ваціка за плячо:
— Пад’ём!
Змардаваны Шпачок, не расплюшчваючы вачэй, паспрабаваў ускочыць з ложка і тут жа, бы ў падушку, уткнуўся ў чарпакоўскі азадак, адскочыў назад на ложак і, абсалютна агаломшаны, паспрабаваў хуценька ўзняцца зноў — усё паўтарылася... Чарпакі аж зайшліся ад смеху! Толькі цяпер Міхал заўважыў, што акрамя Ігара і Фрола, за канцэртам назіралі яшчэ чалавек пяць... Усе былі на сёмым небе ад захаплення!.. Як жа вам мала трэба для шчасця!..
Каб вам добра было...
3 нейкага часу Махмуд распачаў раз на тыдзень ладзіць у сваёй хлебарэзцы генеральныя ўборкі, для іх правядзення аднаго Пашы яму было, відаць, замала, а жаўнерамі з нарада ён грэбаваў. Таму душман, як ахрысціў яго ў думках і зваў за вочы Міхал, заганяў да сябе двух астатніх сталоўскіх кабаноў і прымушаў іх шураваць шчоткамі лінолеум, скрэбці нажамі да белі драўляныя латкі з-пад хлеба і націраць да бляску, каб быў як люстэрка, стол з нержавейкі, на якім дзялілася на порцыі масла.
Пры гэтым ён не пакідаў хлопцаў адных ні на секунду, не даваў ніякай магчымасці нязмушана пагаварыць, а ўвесь час вісеў над душою, чапляўся, злаваўся, бо ўсё, на ягоную думку, маладыя рабілі не так, як належала, былі крыварукія і ні на што не здатныя. У тым, што Махмуд не мог нічога ўцямна растлумачыць па-руску і яго папросту не разумелі, вядома ж, таксама былі вінаватыя ягоныя бледнатварыя кабаны.
Міхал так і не здагадаўся, чым ён справакаваў душмана, але той раптам схапіў з кута доўгую драўляную ручку ад шчоткі, пакруціў ёю ў паветры, як ніндзя, і нечакана даволі моцна выцяў Радзевіча па левай назе. Калі б удар прыйшоўся па цягліцах, мабыць, нічога страшнага і не здарылася б, але Махмуд трапіў якраз па сярэдзіне вялікай галёначнай косткі, дзе акрамя скуры нічога мяккага няма. Зрэшты, нічога надзвычайнага напачатку і не праявіліся: Міхал пацёр месца, куды трапіла палка, і праз хвіліну працягнуў працаваць, нібы нічога не адбылося.
На наступны дзень месца, куды прыйшоўся ўдар, чамусьці супраць звычайнага не пасінела, а пачырванела, і смылела, як апёк. Але Міхалу асабліва не было калі прыслухоўвацца да такой дробязі, як нага: штодзённых спраў у сталоўцы, як заўсёды, было аж занадта, і яны паглыналі ўсю ўвагу ды энергію. Аднак пасля вячэры хлопец адчуў, што яго пачало калаціць, нібы ён апынуўся ў лёгкім кухарскім адзенні на марозе. Толькі ўсе вакол аж млелі ад гарачыні: старэнькая вентыляцыя ў сталоўцы была вядомай праблемай.
Што ж гэта такое? Атруціўся? Штосьці падобнае з ім было тады, калі неяк у дзясятым класе ў школьнай сталоўцы ён з’еў няякасную катлету... Дакладна як і тады, усё вакол зацягнулася шчыльнай смугою... Што рабіць?..
У казарме нават дзяды заўважылі, што адзін з кабаноў выглядае не як звычайна, але адрэагавалі, як заўсёды, па-свойму, не арыгінальна: «Косіць»! Гэта значыць, прыкідваецца, спрабуе пазбегнуць выканання звычайных абавязкаў... Таму выявілі творчую фантазію напоўніцу, пастараліся як маглі, каб гэтай ноччу маладым было чым заняцца...