ДМБ-91 зычу вярнуцца дадому Сяргей Пляскач

ДМБ-91

зычу вярнуцца дадому
Сяргей Пляскач
Выдавец: Галіяфы
Памер: 312с.
Мінск 2021
78.59 МБ
Радзевіч выдатна памятаў, як і калі захварэў на футбол. Чэмпіянат СССР 1982 года, калі мінскае «Дынама» раптам пачало перамагаць ледзь не ў кожнай гульні і ператварьшася з нічым не прыкметнай каманды ў топавы клуб, які прымусіў гаварыць і цікавіцца футболам ці не ўсіх жыхароў рэспублікі: не тое што ўсе мужчыны, нават жанчыны імкнуліся трапіць на стадыён ды абмяркоўвалі вынікі гульняў у гасцях. Дзеці ж на футбольным полі цяпер не проста спрачаліся, хто на якой пазіцыі будзе гуляць, а высвятлялі, хто будзе Пракапенкам, Курненіным, Алейнікавым ці Кандрацьевым. Часта спрэчкі перарасталі ў сапраўдныя бойкі. Каб раз і назаўсёды расставіць усе кропкі над «і», самыя ўпартыя саматужна на майках пісалі нумары і прозвішчы куміраў, таму нярэдка можна было назіраць карціну, калі ў адной і другой камандах сапернікаў гулялі па тры-чатыры футбалісты з адным прозвішчам і нумарам. Хто такія Пеле ці Яшын, новае пакаленне ўяўляла цьмяна...
А потым быў феерычны чэмпіянат свету 1986-га ў Мексіцы, калі ці не трэцюю частку савецкай зборнай складалі беларусы. Міхал тады прагледзеў усе трансляцыі, стаў сведкам самага хуткага гола першынства ў выкананні Сяргея Алейнікава і, акрамя рукі Марадоны, на жаль, не ўгледзеў руку бога ў чвэрцьфінальнай гульні паміж Англіяй і Аргенцінай.
Гадзіны праз дзве Радзевіч не вытрымаў: узняўся і пайшоў дапамагаць хлопцам зарабляць доступ да свята.
Пакой, у якім стаяў тэлевізар, нагадваў акварыум: тры сцяны, акрамя вонкавай, у ім былі празрыстыя. Запаветны прыбор аказаўся практычна новенькім каляровым «Гарызонтам» з ідэальнымі карцінкай і гукам. Толькі калі сітуацыя на полі абвастралася і шматтысячны стадыён выбухаў крыкам, мікрафоны, відаць, не вытрымлівалі такога напору і з дынаміка даносілася штосьці аглушальнае, як шум вадаспаду.
У гэтым памяшканні Міхала штораз даймала трывалае адчуванне дэжавю.
Радзевіч па-дылетанцку думаў што, выпусціўшы з галёнкі гной, яе зашылі, але на насіупны дзень падчас перавязкі высветлілася, што ў ягоным выпадку, наадварот, трэба не дапускаць, каб рана зажыла перш, чым не будзе знішчана ўся інфекцыя. Калі медсястра зняла павязку, Міхал заўважыў што пакладзены зверху на разрэз скрутак бінту і ваты набрыняў усё той жа чырвона-зялёнай брыдою. Калі тампон паляцеў у сметніцу, хлопец здзівіўся яшчэ больш: з незашытай раны тырчала штосьці колерам вельмі падобнае да косткі. Як выявілася, гэта была палоска танюткай спецыяльнай гумы, скручанай у рулончык, які закладаецца ў рану і не дазваляе зрастацца краям. Сястра разы тры прамыла дзірку на Міхалавай назе нейкімі вадкасцямі, заклала новы рулончык гумы, зверху прыладзіла чысты тампон і забінтавала.
— I надоўга гэта? — пацікавіўся хворы.
— He меней, як на тыдзень.
Камерунцы перамаглі Аргенціну 1-0. Фантастыка!
На наступны дзень нашы прайгралі Румыніі 0-2. Першая гульня — і такі правал. Крыўдна было да болю.
Раніцай Міхал быў на першым паверсе, калі заўважыў, як прыехала хуткая дапамога і з яе разам з незнаёмым санітарам выскачыў Сабанаеў: мабыць, некага з нашых прывезлі. Да машыны падбеглі яшчэ некалькі чалавек у белых халатах і дапамаглі выцягнуць некага на насілках, з галавой прыкрытага прасціною.
— Што здарылася? — пацікавіўся Радзевіч у Сабанаева.
Той моўчкі працягнуў руку — павітаўся, праводзячы поглядам працэсію з хворым, якая ўжо размяшчалася ў грузавым ліфце, адказаў:
— Андрэя Гуцула з першага ПУСа ведаеш?
Міхал сцвярджальна кіўнуў.
— Вось знайшлі на падлозе ва ўмывальні ў лужыне крыві.
— Дык ён жывы хоць?
— Пакуль жывы, — абыякава адзначыў медбрат.
— Ён жа, здаецца, твайго перыяду, дзед практычна!
— Дзед: нашы духі ўжо ў батальёне, курс маладога байца праходзяць.
— Дык хто ж яго?
— Хто-хто, з лесвіцы ўпаў — ты што, не ведаеш!
Яшчэ Марат распавёў Радзевічу, што Ваціку, па ўсім відаць, ніхго не дапамагае: кожны раз адзін завіхаецца ў варачным, і выгляд у яго стаў яшчэ страшнейшы, чым быў...
Ад такіх навінаў Міхал не знаходзіў сабе месца: няўжо сапраўды Шпачок з дня ў дзень гатуе адзін, куды толькі глядзяць Антонаў з Пятровым, проста не заўважаюць нічога ці не хочуць заўважаць.
Наступную гульню савецкая зборная прайграла аргенцінцам. Нічога дзіўнага: яны фаварыты ў групе, у іх сам Дыега Марадона!
Міхалу тым часам перасталі закладаць у рану гуму, і яна пачала імкліва зацягвацца. I хоць у шпіталі было, як на курорце, ён выдатна разумеў, што трэба як найхутчэй вяртацца ў батальён: не толькі таму, што Шпачок там недзе ўжо ледзь жывы, а яшчэ і таму, што дзяды і так яго абвінавацяць у тым, што ён «закасіў».
Вось жа парадокс: Махмуд яго сюды справадзіў, а крайнім, як ні круці, усё адно застанецца Міхал!
Узяць бы тую ручку ад шчоткі ды выцяць таго Забірава па галаве! Страсення мозга дакладна не будзе, бо няма чаму стрэсціся...
Шпіталь тым часам імкліва пераязджаў. Усё часцей і часцей тых, хто ачуняў, прыцягвалі да працэсу: яны складалі ў скрыні абсталяванне, потым грузілі скрыні і мэблю ў машыны.
3 нейкага часу перасталі прывозіць новых хворых: цяпер усіх адпраўлялі ў Легніцу.
3 рэанімацыі ў палату перавялі Андрэя Гўцула. Міхал яго добра ведаў, бо той часта бываў у нарадзе па сталоўцы. Гуцул, вядома ж, — гэта мянушка. Андрэю забаранялі хадзіць, ды і выглядаў ён так страшэнна, што наўрад ці здолеў бы: высачэнны, пад два метры ростам, важыў ён цяпер ці не палову ад нормы — скура ды косці; на голенай галаве чырванелі чатыры доўгія пачварныя шнары, сцягнутыя хірургічнымі ніткамі; пераноссе, відаць, было зламанае, бо распухла проста да неверагодных памераў, і яго таксама аздабляла зашытая рана; бялкі вачэй былі спрэс залітыя крывёю, нават кропелькі белага на іх не праглядалася, ды і самі вочы атачалі цёмна-сінія плямы.
Калі нехта з хлопцаў забіраў з-пад Андрэя вутку, то ўсяляк імкнуўся захінуць ад вачэй хворага яе змесціва: там была кроў.
Першае, што сказаў Гуцул Міхалу, калі змог большменш разборліва гаварыць, дык гэта тое, што Ваціку вельмі цяжка і што ва ўсіх сваіх няшчасцях ён вінаваціць яго, Радзевіча.
Халера! Ну, хіба ж ён не бачыў маю нагу! Ды вось яшчэ і скардзіцца кожнаму сустрэчнаму!..
Нават тое, што СССР перамог зборную Камеруна са зруйнавальным лікам 4-0 і адзін гол забіў мінскі дынамавец Андрэй Зыгмантовіч, не супакоіла перажыванняў Радзевіча.
На наступную раніцу Міхал пайшоў прасіцца ў загадчыка хірургічнага аддзялення падпалкоўніка Кіма, каб яго сёння ж выпісалі. Але доктар сказаў, што ў сувязі з пераездам ёсць загад начальніка шпіталя, які забараняе адпускаць хворых да асобага распараджэння. Як Радзевіч ні ўпрошваў — нічога не атрымалася. Калі ён толькі памкнуўся вярнуцца ў палату, зазваніў тэлефон, і падпалкоўнік жэстам паказаў Міхалу затрымацца.
Выявілася, што патрэбны яшчэ адзін днявальны на КПП, і Кім загадаў Радзевічу пераапрануцца ў форму і заступаць у нарад.
I шчасціць жа мне на варотах стаяць!
Шпітальны КПП аказаўся даволі вялікім дамком з такімі ж аўтаматычнымі варотамі, на якіх Радзевіч ужо дняваліў у батальёне сувязі. Толькі тут было дзве канапы, пісьмовы стол і пара крэслаў. А яшчэ меўся радыёпрыёмнік, які, хоць і не бездакорна, лавіў асноўныя савецкія радыёстанцыі і — нават лепей, чым дома, бо тут, відаць, не «глушылі» — беларускую службу радыё «Свабода», дзе Міхал упершыню больш як за паўгода мог
даведацца, што адбываецца на радзіме. Акрамя таго, на КПП былі дзверы, якія наўпрост выходзілі на гарадскую вуліцу Свідніцы: была б цывільная вопратка — ніякай цяжкасці не склала б прагуляцца па вулках старога места. Тым больш днявальных ніхто ніяк не кантраляваў: пад’язджае машына — вароты адчыняюцца, выехала — зачыніліся, значыцца, усё нармальна. Міхал і так падчас гэтага нарада, пасля вячэры, калі практычна ўсе супрацоўнікі шпіталя разыходзіліся па дамах, штовечар выходзіў на вуліцу і шпацыраваў туды-сюды ўздоўж агароджы. Калі б нарваўся на патруль з камендатуры, які таксама час ад часу праходзіў за дзень па некалькі разоў каля шпітальнага КПП, сказаў бы, што збірае смецце.
Напарнікам Радзевіча на гэтым пасту аказаўся хлопец ягонага ж перыяду Саня Каваленка, які не прыдумаў нічога лепшага, як на пачатку чэрвеня захварэць на пнеўманію.
— Гэта, мабыць, таму, што я важыў да войска сто дзесяць кілаграмаў, а тут за паўгода скінуў аж трыццаць пяць! — выказваў ён свае меркаванні пра прычыны хваробы, больш уласцівай для зімы,
Саня спецыяльна, каб пахудзець, нічога не рабіў, усё атрымалася неяк само сабой: піва не піў, як дома, кінуў курыць, бо ад «Казбеку» можна задыхнуцца, зарадка штораніцы, спартовыя святы кожную нядзелю, ну і, вядома ж, начныя пазачарговыя трэніроўкі пад кіраўніцтвам дзядоў. Акрамя таго, хлопец служыў у батальёне пантоншчыкаў, дзе асноўнай зброяй была цяжэнная кувалда, якой часам даводзілася махаць без перадыху па некалькі гадзін.
Каваленкава сям’я пераехала з-пад Адэсы ў Абхазію, якраз калі Саня павінен быў ісці ў першы клас, таму
хлопчыку з украінскамоўнай сям’і мала таго што давялося вучыцца па-руску, дык яшчэ, як асобны прадмет, прыйшлося вывучаць грузінскую мову!
— Дык ты ведаеш грузінскую? — шчыра дзівіўся Міхал.
— Прызнацца, прытым, што ў атэстаце ў мяне па грузінскай стаіць чацвёрка, ведаю вельмі мала, мабыць, па-англійску і то болей засвоіў. Грузіны дома гаварылі па-свойму, таму і ведалі, для ўсіх астатніх гэта быў абсалютна фармальны прадмет. Пры пэўных акалічнасцях, напрыклад, калі бацькі вайскоўцы, можна было і зусім яе не вывучаць.
Радзевіч успомніў, як ганарыўся ягоны аднакласнік, якога вызвалілі ад вывучэння беларускай мовы, бо дактары знайшлі ў хлопчыка нязначнае пагаршэнне зроку: а вы ўсе калгаснікі!
— А з украінскай як?
— Нармальна: дома ж усе на ёй працягвалі гаварыць. Мама навучыла мяне чытаць па-ўкраінску. Толькі на працы і ў школе рускай карысталіся. А яшчэ, калі прыходзілі сябры бацькоў, украінцы, яны таксама гаварылі на роднай мове.
Сяржук Сокалаў-Воюш гарлаў пад гітару па радыё «Свабода» па-сапраўднаму надзённую і не пазбаўленую гумару песню, галоўнаю гераіняю якой нечакана сталася самая звычайная каза.
— Гэта ён пра што? — не зусім успрыняў досціп спевака гараджанін Саня Каваленка.
Міхал з веданнем справы тлумачыў калегу ўсе перыпетыі сюжэта песні і суадносіны іх з рэчаіснасцю: калгасныя каровы ад хранічнага голаду даюць гэтулькі ж мала малака, што і маленькая каза. Таму ці не прасцей на калгасных фермах трымаць замест кароў коз: можа.