Доўгая дарога да свабоды
Мікалай Махнач
Выдавец: Тэхналогія
Памер: 135с.
Мінск 2014
ІРАН, ІРАК
Урэшце ў перапоўненых вагонах рушылі на Ашхабад і да Крас-наводска. На дарогу атрымалі сухі паёк, а недзе пасярэдзіне да-рогі, у горадзе Мары, завялі ўсіх групамі ў вялізную сталоўку, дзе сілкаваліся і чырвонаармейцы, што ехалі на фронт, і параненыя з фронту. Іх перавозілі з Баку ў Краснаводск параходамі, а пасля чы-гункай у азіяцкія рэспублікі на лячэнне. У сталоўцы падалі нам суп з крошкамі мяса і незаменную кашу з скваркамі.
У Краснаводск прыбылі амаль увечары наступнага дня. Са стан-цыі перайшлі ў блізкі порт. Там і была перавалачная база, дзе нас затрымалі на начлег і далі крыху падсілкавацца. 3 побыту ў Красна-водску запомнілася вялікая колькасць рэзервуараў на нафту і бензін паблізу порта, а таксама вялікіх і малых параходаў на рэйдзе.
14 жніўня, пасля снедання, пачалі грузіць войска на параходы, па 300 чалавек. Было вельмі спякотна, таму пасадзілі нас пераважна на палубах. Прыбіральня была высунутая за борт парахода, і ўсе
16 Гэта быў другі этап эвакуацыі Польскай арміі з СССР, які доўжыўся ад 5 да 25 жніўня 1942 г. За гэты час у Іран эвакуяваліся 44 832 вайскоўцы і 25 457 цывільных асобаў.
46 • ІРАН, ІРАК
людскія выдзяленні траплялі проста ў мора. Часта гэта ўсё сплывала ўніз па борце карабля і надта смярдзела.
Плылі мы цэлую ноч і наступнага дня перад поўднем былі ў іранскім порце Пехлеві. Да самога порта не дайшлі, яшчэ ў моры сталі на якар. Да нас падплыў ад берага меншы карабель, кінуў якар побач з нашым. Мы перабраліся на яго па перакінутым маст-ку і на гэтым судне трапілі ў порт. Неўзабаве выйшлі на бераг, і нас падраздзяленнямі павялі адразу ў лагер на беразе Каспійскага мо-ра, які абслугоўвала індыйскае войска пад брытанскай камандай. Тут стаяла штосьці падобнае да баракаў, сцены якіх былі з плеце-ных трысняговых матаў, а стрэхі саламяныя. Пакармілі нас рысам з баранінай і дынямі на дэсерт. Порцыі былі вялікія і каларыйныя. Калі хто хацеў, мог атрымаць і дадатак. Хоць нас і перасцерагалі ад пераядання (згаладалым магло зашкодзіць), аднак спакуса напхаць жывот напоўніцу была вялікая. Шмат хто паплаціўся недамаганнем.
А я, яшчэ плывучы на параходзе, адчуў тэмпературу. Нягледзя-чы на цёплае надвор'е, бралі мяне дрыжыкі. Думаю, якое ліха зноў на мяне напала? Выявілася - малярыя. Доктар-індус адразу паслаў мяне ў малярыйнае аддзяленне амбулаторыі. Далі піць хінін (смак на-шага беларускага палыну). Хворы на малярыю адзін дзень тэмпера-турыць, чалавека трасе (добра нам вядомае слова -трасца), наступ-ны дзень маеш моцны боль галавы. Ды п’ючы хінін, па некалькіх днях той пакуты, пачынаеш ачуньваць. Хвароба праходзіць, але траціш шмат вагі. Пасля з’яўляецца такі воўчы апетыт, што еў бы без супын-ку. На маё шчасце, ужо тут, у Іране, есці было што.
Выпадкова і неспадзявана сустрэў Мікалая Мядзінскага, свайго суседа з Валожына. Яго сям'я і мы жылі побач, на цяперашняй ву-ліцы Мічурына (тады гэта была палявая дарожка). Мы сябравалі, хоць Коля быў старэйшы за мяне на тры гады. На пачатку Другой сусветнай вайны быў ён у польскім войску на фронце, а пасля 17 ве-расня 1939 года трапіў у савецкі палон і працаваў у шахце жалезнай руды ў Крывым Розе ва Украіне. Зразумела, не маглі нагаварыцца, успамінаючы ўсё роднае. (Бедны, загінуў пад Монтэ-Касіна.)17 Але тады, абодва хворыя, спаткаўшыся выпадковатакдалёка ад Радзімы і сваіх сем’яў, былі мы бліжэйшыя за родных братоў.
На другі ці трэці дзень пасля прыбыцця ў Іран выдалі нам пер-шы раз прыстойную жаўнерскую плату: шараговым - восем туманаў, а далей, у залежнасці ад рангу, - большую. Адразу знайшліся першыя гандляры, якія прапаноўвалі звараныя нацвёрда вароніны яйкі. Мяс-
17 Жаўнер з такім прозвішчам адсутнічае ў спісе палеглых вайскоўцаў Польскіх узброеных сіл на Захадзе (ПУСЗ).
ІРАН,ІРАК • 47
цовыя людзі, персы, добра гаварылі па-расейску. Восем туманаў-не так і многа, але курцы куплялі папяросы, а большасць жаўнераў -дыні, кавуны ды садавіну: абрыкосы, апельсіны, вінаград, а таксама гранаты, якіх раней я не бачыў. Была нават імпартаваная перад вай-ной польская “Зуброўка”. Калі, вылечыўшыся хінінам, пачуўся лепш, далучыўся да іншых хлолцаў, каб выкупацца ў Каспійскім моры, бо вада была цёплая, быццам падагрэтая.
Ад першага дня знаходжання ў Іране мы перайшлі пад каман-даванне галоўнай стаўкі Вялікабрытаніі18. У Пехлеві часціны, што прыбывалі з Савецкага Саюза, затрымліваліся не даўжэй за IQ-12 дзён і грузавікамі адпраўляліся праз Іран у Ірак. Транспартаванне адбывалася за чатыры этапы. Там ужо наперад былі падрыхтаваныя пункгы харчавання, санітарная служба і начлег. Першы пастой быў у горадзе Казвін. Ехалі вельмі гарыстым краем. Шаша тады не была яшчэ заасфальтаваная (толькі жвір), вельмі крутая і месцамі ляжала па-над прорвамі - чалавеку страшна было глянуць уніз. У кожным грузавіку 36 жаўнераў. Шафёры-персы ехалі на вялікай хуткасці. На прыпынках, мы бачылі, яны курылі гашыш і ў такім узбуджаным стане вялі машыны. Аднак не было чуваць, каб у дарозе з польскімі жаўнерамі здарыўся які выпадак.
3 Казвіна прывезлі нас на вячэру, начлег і снеданне ў Хамадан -святы горад мусульманаў. 3 Хамадана - да Керменшаха і адтуль у Ірак да горада Ханакін, яшчэ недалёка ад іранскай граніцы. Здаецца, быў тады верасень.
У Іраку пачалася рэарганізацыя войска19. Адны фармаванні лік-відавалі, стваралі новыя, іншыя папаўнялі. Наш батальён дарожных сапёраў зліквідавалі, асобныя плютоны далучылі да іншых сапёрных аддзелаў. Я з групай сапёраў апынуўся ў 2-й кампаніі 7-га батальёна сапёраў.
Размясціліся ў трапічных намётах - па 60 чалавек у большых і па восем у малых.Трапічныя намёты мелі падвойны тэнт. Верхні не дапускаў простых сонечных промняў непасрэдна на намёт. Тэрыто-рыя, на якой раскінуліся намёты, - гэта пустыня, усыпаная камянямі. Меншыя - велічынёй з грэцкі арэх, а большыя - з кулак. 3 сярэдзіны намётаў іх выкідалі, бо інакш нельга было не тое што легчы, а нават
18 Польская армія знаходзілася ў аператыўным падпарадкаванні брытанскага ка-мандавання. Тактычнае ж кіраванне ажыццяўляла польскае вайсковае камандаванне.
19 У верасні 1942 г. эвакуяванае з Савецкага Саюза войска генерала У. Андэрса было злучанае з польскімі вайсковымі фармаваннямі на Сярэднім Усходзе. У выніку была створана Польская армія на Усходзе (ПАУ), з якой у ліпені 1943 г. вылучыўся 2-гі Польскі корпус пад камандаваннем Андэрса.
48 • ІРАН, ІРАК
сесці. Ачышчалі ад камянёў таксама пляц для шыхтаванняў і сцежкі ад намёта да намёта. Сама ж зямля была гліністая. Неўзабаве ў гэ-тым пераканаліся, калі ў другой палове кастрычніка надышла пара дажджоў і гліна пачала прыліпаць да нашага абутку. Перш чым зайсці ў намёт, трэба было тую гліну саскрабаць. Каб дажджавая вада не цякла ў сярэдзіну, намёт навокал абкладвалі мяхамі з пяском, але пры моцных дажджах вада ўсё адно сачылася.
Горад Ханакін размешчаны ў даліне даволі вялікай ракі, прыкла-дам як наша Бярэзіна. У горад нам заходзіць забаранялася. Мабыць, каб часам не правакавалі насельніцтва якімі-небудзь неразумнымі паводзінамі. Жылі там пераважна курды. Пару кіламетраў уверх па рацэ знаходзіўся вялікі нафтаперагонны завод, які працаваў “на поўных абаротах” пад наглядам брытанскіх інжынераў. Сярод арабаў панавалі пранямецкія сімпатыі, і заўсёды можна было ча-каць сабатажу. I тут польскае войска якраз прыдалося, каб такога не дапусціць. 3-я Карпацкая дывізія20 ўжо была размешчана каля гора-да Масул, дзе былі нафтавыя свідравіны.
Надалей адбываліся змены і перамяшчэнні жаўнераў да новых або іншых баявых адзінак. Праз некалькі тыдняў 7-мы сапёрны ба-тальён апынуўся ў стане расфармавання. Аднаго дня пашыхтавалі нашую кампанію і прызначылі нам паручніка Расціслава Кэнпіньскага (узросту каля трыццаці), які меў намер выбраць групу жаўнераў і падафіцэраў для спецыяльнага “піратэхнічнага” плютона. Прайшоўся паволі перад нашым шэрагам, уважліва ўзіраючыся ў кожнага жаў-нера. На вока выбраў з соракжаўнераў і некалькі падафіцэраў, а рэш-це сказаў адысці. Пачаў ла чарзе падыходзіць і пытацца прозвішча, адкуль лаходзіць, якая адукацыя і прафесія. Урэшце ўзяў 27 чала-век, у тым ліку восем падафіцэраў, і сказаў, што мы выбраныя для новастворанага спецыяльнага плютона абясшкоджвання бомба-вых невыпалаў, і калі нехта з нас лічыць, што такая спецыяльнасць яму не падыходзіць, то можа адмовіцца. Уся наша група засталася. Даў нам паўгадзіны на збор і пакаванне нашай сціплай маёмасці і грузавіком завёз у мясцовасць Кізіл-Рабат, аддаленую ад Ханакіна на кіламетраў дзевяноста. Да лістапада ўсё нашае войска атабары-лася непаводдаль таго Кізіл-Рабата, і мы занялі пад намёты даволі роўную тэрыторыю на абшары 15-20 квадратных кіламетраў.
У гэтым месцы хацелася б згадаць пра сваіх землякоў, з якімі да-вялося служыць у плютоне. Сярод нашай нешматлікай групы былі тры беларусы, два ўкраінцы і адзін жыд. Астатнія - палякі, хоць сярод
20 Маецца на ўвазе 3-я Дывізія карпацкіх стральцоў.
ІРАН,ІРАК • 49
іх былі тры беларусы-каталікі, якія лічылі сябе палякамі. Беларусамі былі капрал Васіль Рубанік, Максім Леановіч і я. Рубанік паходзіў з Нясвіжскага павета, быў жанаты, браў удзел у вераснёўскай кампаніі 1939 года. Леановіч таксама быў “вераснёўцам”, меў жонку і дзяцей, якія засталіся на хатняй гаспадарцы ў Столінскім павеце. Палякамі беларускага паходжання былі Станіслаў Стукін, Антон Круповіч і Вік-тар Сяліцкі. Стукін паходзіў з-пад Вялейкі, быў арыштаваны пры са-ветах і нейкі час знаходзіўся ў лагеры. Распавядаў нам, што да вай-ны займаўся гадоўляй лісаў. Быў у званні звязовага. Круповіч быў “вераснёўцам" і паходзіў з Вільні, жыў у раёне, які называўся “за Зя-лёнай брамай”. Сяліцкі таксама быў “вераснёўцам”, жанаты, паходзіў дзесьці з-пад Ліды і да вайны працаваў дарожным майстрам. Пасля вайны Леановіч вярнуўся на Бацькаўшчыну, дзе быў арыштаваны. Круповіч і Сяліцкі ў 1947 годзе вярнуліся з сваімі сем’ямі ў Польшчу, дзе пасяліліся на “адзысканых землях”. Рубанік застаўся ў Англіі.
Быў сярод нас капрал Адам Адамскі, родам з Кракава. У сярэ-дзіне трыццатых гадоў ён адбываў чынную службу на Палессі, у Пін-скай рачной флатыліі. Там упершыню ў жыцці сустрэў беларусаў і “закахаўся” ў іх. Пасля сканчэння вайсковай службы Адась за-стаўся сярод беларусаў. Знайшоў сабе працу ў Стаўпецкім павеце ў сыраварні і асеў там. Пры нейкай нагодзе пазнаёміўся з удавой асадніка, якая была крыху старэйшай за яго і мела трое дзяцей, але таксама і 20 гектараў зямлі. Быў маладым, нябрыдкім і разум-ным хлопцам, таму неяк да той удавы ён наблізіўся і пабраўся з ёй. Як у той прымаўцы: “У ўдовы хлеб гатовы”. Адась хоць і не быў гаспадарскім сынам, але хутка зразумеў, што ў гаспадарчай “траве пішчыць”, і гаспадарыў лепей, чым ягоныя суседзі. Пасынкі такса-ма яго палюбілі, і ўсё было б добра, калі б не “вызваліцелі” з Усхо-ду. Вывезлі іх потым на спецпасяленні ў Архангельскую вобласць. Пасля вайны і дэмабілізацыі мы з ім працавалі ў Вялікабрытаніі на бетонным заводзе ў Ньюпарце. Яго жонка з дзецьмі была ў лаге-ры для ўцекачоў у Індыі. У 1948 годзе яны прыбылі ў Англію. Сям’я пасялілася ў горадзе Свіндон. Адамскі пражыў 91 год.