Паляўнічы | Стары чалавек і мора | Планета людзей | Маленькі прынц
Антуан дэ Сент-Экзюперы, Эрнэст Хемінгуэй, Джэймс Олдрыдж
Выдавец: Юнацтва
Памер: 429с.
Мінск 1996
— Ды ніхто цябе там і не ўбачыць, у заказніку,— сказаў Мэрэй.
— Вельмі нават проста! — заявіў Рой.
— А яшчэ прасцей папасціся,— папярэдзіў Скоці.
— Яго прападобнасць, айцец Скоці Малькольм,— сказаў Рой.— Чаго, уласна, ты баішся? Інспектара?
— Нічога я не баюся, і інспектара таксама,— сказаў Скоці.— Вам, сябры, проста не церпіцца парушыць закон. Толькі і чакаеце выпадку. А як жа можна без закону? Чым была б без яго наша краіна?
— Менавіта тым, чым з’яўляецца і зараз,— адказаў за ўсіх Рой.
— Трэба ж ва ўсім адрозніваць дабро і ліха,— настойваў Скоці.
— Тады гэта ліха,— сказаў Рой.— Пойдзем, Самсон?
На барадатым твары Самсона было выразна бачна, як яму цяжка ўстрымацца супраць адкрытай каверзы.
— Скоці? — усклікнуў ён.— Што ты на гэты конт думаеш?
— He, вы ўжо без мяне!
Самсон паціснуў плячыма, і гэта было дастаткова выразным адмаўленнем, але Рой ужо не мог стрымацца і прыставаў да Скоці аж да той пары, пакуль Мэрэю гэта не надакучыла.
— Ладна, адзін або ўсе,— сказаў ён.— Але толькі кожны са сваімі пасткамі.
Скоці адчуў, што, бадай, перайшоў мяжу са сваімі павучаннямі, ён пакалупаўся ў брызентавым мяху і дастаў бутэльку гарэлкі.
— Мара звералова,— сказаў ён Рою.— Пачынай!
— За вашу прападобнасць! — усклікнуў Рой і адразу ж прыклаўся да бутэлькі, быццам чалавек, які паміраў ад смагі.
Да гэтай пары Рой несур’ёзна адносіўся да прапановы Мэрэя паляваць у заказніку. Разыгрываў на гэты конт ён і Самсона. Але ў душы ён ведаў, што заводзіць Самсона таму, што сам заведзены Мэрэем, паддражнівае Самсона рызыкоўнай ідэяй таму, што яна і самога яго зачапіла за жывое. Заўсёдная гісторыя. Даўнішні выклік Самсону пераплысці возера ўзнік з насмешлівай заўвагі Самсона, нібыта Рой старэе. Ен перакінуў насмешку на самога Самсона, і так атрымалася, што замест саракатрохгадовага мужчыны цераз возера паплыў малады дваццацісямігадовы чалавек. На гэты раз Роя вьіратавала тое, што Самсон ледзь вытрымаў гэтае выпрабаванне, і Рой з задавальненнем пераканаўся, што маладыя целы могуць быць менш вынослівыя, чым тыя, што старэюць. Але зараз Мэрэй прапаноўваў сур’ёзна, і Рою даводзілася аднаму змагацца са спакусай і самастойна рабіць выбар.
— Даўжыня таго возера каля дзесяці міль,— расказваў Мэрэй, пакуль усе чацвёра дапівалі гарэлку.— 3 усіх бакоў у яго ўпадаюць рэчкі, і на кожнай — бабровыя плаціны, так што ўсё навокал забалочана. На ўсіх запрудах, відаць, не менш трохсот бабровых хатак. А гэта значыць, не менш дзевяцісот дарослых баброў. Так, Рой?
— А чаму ж ніхто іх там не ахоўвае? — спытаў Рой.
— He ведаю,— сказаў Мэрэй,— але ўжо больш як пяць гадоў тудьі ніводзін абходчык і носу не паказваў. Нам трэба толькі перакінуць туды адзін з тваіх чаўноў яшчэ да марозаў, тады можна будзе аблоўліваць адну рэчку за другой. I ўся гэта першагатунковая пушніна на адным пятачку!
Адзін з чоўнаў Роя! Мэрэй патрабаваў шмат і ведаў гэта, як ведалі і Рой, і Самсон, і Скоці. Але Мэрэй умеў прасіць, ён не лічыўся з тым, пра што просіць, умеў прасіць з мімаходнай абыякавасцю. Рой ухіліўся ад прамога адказу.
— А скуль ты ведаеш, што абходчыкі туды не зазіраюць? — спытаў у Мэрэя Скоці.
— Яны заўсёды пакідаюць свае сляды,— сказаў Мэрэй.— Забіваюць слупы, пазначаюць дрэвы, дарогу. А вакол гэтага возера ніякіх слядоў альбо адзнак няма; я там усё аблазіў. Ва ўсякім выпадку, да бліжэйшага кардона там не менш як трыста міль, і гэта на самай ускраіне заказніка.
— А мо яны пра гэтае возера наогул не ведаюць? — сказаў Рой.
— Я ў гэтым цалкам перакананы,— сказаў Мэрэй.
— Ты і мінулым разам быў перакананы, аднак жа папаўся,— сказаў Скоці. Ен пашкадаваў, што дастаў бутэльку, баяўся, што яна магла падштурхнуць Роя да вар’яцкіх учынкаў, і лічыў сваім абавязкам змагацца за Роя супраць злачыннага ўплыву гэтага валацугі.
— Мінулым разам,— спакойна азваўся Мэрэй,— мне давялося прайсці праз увесь заказнік, каб дабрацца да месца палявання. Вось яны мяне і высачылі. Але гэтае возера ў самым далёкім канцы. Туды мы можам патрапіць, калі абыйдзем участак Індзейца Боба і зрэжам на поўнач ад твайго, Скоці, затым перацягнем човен праз хрыбет Белых гор і спусцімся па даліне да Сярэбранай ракі. Возера крыху на поўнач,
і знайсці яго няпроста. Яно губляецца сярод соцень іншых азёр і ў самім заказніку і за яго межамі. Нам толькі трэба дабрацца туды да замаразкаў і аблавіць болей рэчак, пакуль яны моцна не замерзнуць. Інакш давядзецца зрабіць добры шпацыр туды і назад.
Рой устаў і сплюнуў жвачку проста ў печку.
Самсон быў заняты чарговым глытком з бутэлькі.
Мэрэй круціў самакрутку надзвычай старанна і вельмі лоўка.
Скоці нервова пстрыкаў затворам свайго трыццаціпяцікалібернага рэмінгтона.
— А чаму б і на самай справе нам не выправіцца туды, Скоці? — раптам спытаў Самсон.
— He, выбачайце! — паўтарыў Скоці.
Рой больш не ўгаворваў Самсона. Але сам ён станавіўся ўсё больш перакананы ў сваім рашэнні.
— Хоць яшчэ раз па-сапраўднаму паглядзелі б на баброў,— усё больш горача разважаў ён.— A то тут на гэтыя пакінутыя хаткі глядзець гідка. Калі пойдзе бабёр, увесь лес апусцее, а бабёр сыходзіць, Скоці; мне ты можаш паверыць, ён сыходзіць. I ты гэта ведаеш, і я ведаю, і ўсе мы ведаем. Сыходзіць усё роўна як фермеры з Сент-Элена. Вылавілі звера, выаралі зямлю.
— Проста ты сп’янеў раней часу,— зазначыў Скоці.
— I ты, і інспектар, абодва вы толькі і ведаеце, што нагадваць мне, што я п’яны!
Усе яны добра выпілі, таму спрэчка разгаралася і пераходзіла на асобы, пакуль, нарэшце, Скоці не закрычаў, імкнучыся ўратаваць Роя ад самога сябе:
— Ты скончьіш тым, што апынешся па-за законам, як Мэрэй!
Мэрэй зрабіў яшчэ глыток і спакойна слухаў іхнюю спрэчку.
— Я яшчэ не па-за законам,— пярэчыў Рой.
— Але хутка будзеш,— настойваў Скоці.— Пападзешся на незаконнай лоўлі ў заказніку, вось ты і па-за законам, Рой.
— Я не збіраюся пападацца,— крычаў Рой.— Я ўсё жыццё лавіў каралеўскую дзічыну, аднак не пападаўся. Так, я страляў каралеўскіх аленяў у самой Англіі і не пападаўся. Чаму ж мне трэба пападацца зараз?
Гэта была даўняя пахвальба Роя, кожны звералоў Муск-о-гі чуў ад яго самога альбо ад іншых, што Рой паляваў на каралеўскую дзічыну ў Вялікім Віндзорскім парку. Падчас першай сусветнай вайны часць
Роя была раскватаравана ў ваколіцах гэтага парка, і Рой пераконваў, што забяспечваў аленінай увесь лагер, пералазячы праз каралеўскі плот, ловячы аленяня або лань і з дапамогай ротных кухараў замяняў ёю каніну, якую давала ім інтэнданцтва. Гэта была адна з лепшых ставак Роя ў яго гульні з жыццём, гэта, ды яшчэ тое, што ў шаснаццаць гадоў ён мог пахваліцца, што акружнасць грудной клеткі ў яго рэкордная для ўсёй Канадскай арміі.
— Чулі мы, як ты абедаў за кошт караля,— кісла перапыніў яго Скоці.— Толькі у Віндзорскім парку не было ніякіх інспектараў, а ў заказніку іх пяць. I яшчэ, Рой, трэба ж калі-небудзь спыніць гэтае браканьерства.
Рой засмяяўся.
— Мы браканьерым толькі таму, што нехта назваў гэта браканьерствам. Пачакай, вось хутка інспектар аб’явіць мёртвы сезон на ўсе віды пушнога звера ў нашым Муск-о-гі і кожную злоўленую табой мыш таксама аб’явіць браканьерствам.
— Ну, гэтага яны не зробяць,— сонна азваўся Самсон.
Рой выпіў тое, што заставалася на дне бутэлькі. Гарэлка была густая і мутная, і калі яна абпаліла яму язык, да Роя вярнуўся заснулы гумар.
— Самсон,— сказаў Рой,— калі кароль аб’яўляе бабра пацуком, а рысь — мядзведзем, ён усё адно мае рацыю. Так сказана ў законе пра звералоўства і рыбалоўства. Губернатар таксама можа назваць кожную рэч, як ён захоча. Ен можа аб’явіць рыбу пушным зверам, ён можа ўсялякае стварэнне лічыць каралеўскай дзічынай і на ўсё заявіць каралеўскае права. Губернатар у дзяржаўным савеце можа аб’явіць бярозу піхтай, сасну — клёнам, возера — ракой, дрэва — каменнем. На тое ён і губернатар. I калі ён заявіць, што ты браканьер, дык, клянуся Богам, Самсон, ты ім і будзеш, чым бы ты на самай справе не займаўся. Дык чаму ж нам не браканьерыць? I чаму б нам не паляваць у заказніку? Што, хіба гэта не той жа лес? Усялякая дзічына належыць лесу, а лес належыць траперам, гэтаксама, як Сент-Элен належыць фермерам, а Сэдберы — шахцёрам. Ты верыш у тое, што ты браканьер, толькі таму, што браканьерам цябе называе губернатар. Так! А ты паспрабуй злавіць мяне, калі я залезу ў лес!
— Ты п’яны! — з агідай сказаў Скоці.
— Ваша прападобнасць, вельмі шаноўны айцец інспектар Скоці Малькольм,— прамовіў Рой.
— Дык што, ты і на самай справе туды збіраешся? — спытаў Скоці.
Рой засмяяўся.
— А што, там і праўда процьма баброў, Сахаты?
— А як жа,— сказаў Мэрэй, які з кожным глытком станавіўся ўсё больш спакойным, усё больш разважлівым.
— Тады чаму б не пайсці,— сказаў Рой.— Пайду. Хоць бы дзеля таго, каб паказаць нос гэтаму губернатару.
— Пакажы ім, Рой! — падтрымаў Самсон.
— Вось мы з табой і пакажам усяму свету, Самсон,— сказаў Рой.
— Мы з табой,— паўтарыў Самсон, устаючы на ўвесь свой рост побач з Роем.
— Самсон,— сказаў Рой,— даю пяцьдзесят долараў, што ты не выкінеш Скоці за дзверы. Даю сто, што зачэпіш яго за парог!
Тут засмяяўся нават Мэрэй.
— А я даю яшчэ пяцьдзесят, што не скінеш Роя ў возера,— сказаў ён Самсону.
Скоці гаротна дапіваў гарэлку, а тым часам выклікі станавіліся ўсё больш адчайнымі.
— Хто лепшы стралок ва ўсім Муск-о-гі? — раптам спытаў Рой.
— Я! — закрычаў Самсон.
— Ну што ж, паглядзім, як ты падстрэліш мыш у тым кутку з трыццаціпяцікалібернага ружжа Скоці,— сказаў Рой. Ен узяў рэмінгтон Скоці і падаў яго Самсону.— Пяць долараў!
— Дай патронаў,— папрасіў Самсон у Скоці.
Скоці зірнуў на свайго напарніка.
— Толькі не маімі патронамі,— адрэзаў ён.
— Ну, хопіць, Скоці,— прасіў Самсон.
Іншыя назіралі за іхняй перапалкай, чакаючы, што яна ператворыцца ў сварку. Яшчэ ніколі ў іх не заходзіла так далёка. Скоці быў раз’юшаны, а Самсон поўны самаўпэўненай ганарлівасці, і абодва п’яныя.
— Калі вы распачнеце стральбу тут, хто-небудзь стане пацярпелым,— сказаў Скоці.
— Перастань, Скоці,— сказаў Рой.— Дай яму пастраляць.
Ведаючы, што гэтага рабіць нельга, але не жадаючы сварыцца з Самсонам, Скоці разарваў пачак і даў Самсону прыгаршчы патронаў. Самсон сядзеў на адным ложку з Роем, а Мэрэй і Скоці — на другім, усе ў адзін рад ля адной сцяны хаціны. Падстрэшша, з якога вылазілі мышы, было на іншым канцы, на верхнім бервяне, якое яднала сцяну са страхой. Па гэтым бервяне мышы маглі бегаць вакол усёй хаціны, але часцей за ўсё яны з’яўляліся над дзвярыма. Гняздо, відаць, было у іх у куце, за складзенымі цуркамі.