Унія. Дзяржаўнасць. Культура Філасофска-гістарычны аналіз Сямен Падокшын

Унія. Дзяржаўнасць. Культура

Філасофска-гістарычны аналіз
Сямен Падокшын
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 111с.
Мінск 1998
43.6 МБ
Адны з іх прытрымліваліся плюралістычнага, рэнесансна-гуманістычнага падыходу да такой згоды. Згода гэта прадугледжвала свабодны ад прымусу дыялог паміж культурамі і канфесіямі. Як ні парадаксальна знешне, у светапоглядзе многіх праваслаўных антыуніятаў таксама пры-
сутнічала ідэя уніі, аднак гэта ідэя грунтавалася на іншых падставах у адрозненне ад прыхільнікаў Брэсцкай царкоўнай уніі. Яе рэалізацыя прадугледжвала той шлях, які накрэсліў яшчэ Францыск Скарына і які ў новых гістарычных акалічнасцях рэалізаваў Пётр Магіла, — шлях духоўнай свабоды, талерантнасці, добраахвотнага дыялогу.
Прыхільнікі контррэфармацыйнай мадэлі уніі, рэлігійна-культурнага сінтэзу па сутнасці ставілі ўсходнехрысціянскія духоўна-культурныя каштоўнасці ў залежнае становішча ад каштоўнасцей заходнехрысціянскіх. Прычым сінтэз на першым этапе ажыццяўляўся з дапамогай прымусу, на што адразу ж адрэагавалі не толькі інтэлектуалы, але і шырокія пласты беларускага і ўкраінскага праваслаўнага насельніцтва (55, с. 40—44).
Трэба адзначыць яшчэ адну акалічнасць, асаблівасць беларуска-ўкраінскага праваслаўя XV—XVI стст.: яно лаяльна, цярпліва адносілася да філасофскай рэфлексіі сваіх багасловаў, іх імкнення звяртацца да арыстоцелізму, неаплатанізму і іншых накірункаў антычнай філасофіі, рэнесансна-гуманістычных ідэй, пазабіблейскіх уяўленняў пра свет і чалавека. Заканамерным вынікам гэтай асаблівасці было ўзнікненне першай вышэйшай беларуска-ўкраінскай праваслаўнай установы — Кіева-Магілянскай акадэміі (1632).
Характар заходняга, беларуска-ўкраінскага, праваслаўя вельмі трапна падмеціў рускі праваслаўны князь-эмігрант Андрэй Курбскі. У сваіх пасланнях да Івана Грознага Курбскі адзначаў, што праваслаўнае супольніцтва ВКЛ істотна адрозніваецца ад маскоўскага, бо тут шануюць не толькі багаслоўе, але і свецкія навукі, філасофію, логіку. Як вядома, сам Курбскі, апынуўшыся ў новым рэлігійнакулыурным асяродку, вельмі старанна вывучаў лацінскую мову, філасофію, перакладаў на царкоўнаславянскую працы па філасофіі і логіцы (Іана Дамаскіна "Крыніца ведаў", Йогана Спангенберга "Пра сілагізм"), фрагменты з твораў Цыцэрона і інш. (59, с. 74—169; 13, с. 494—503).
У гісторыі праваслаўнай царквы ў Беларусі і на Украіне, на наш погляд, трэба вылучыць два перыяды — дападзельны, г. зн. перыяд да падзелаў Рэчы Паспалітай, і пасляпадзельны, г.зн. лерыяд, калі беларускія і частка ўкраінскіх зямель у выніку падзелаў Рэчы Паспалітай увайшлі ў склад Расійскай імперыі. I розніца тут не ў дагматычна-літургічным сэнсе (у асноўным ён быў тоесным), a ў спосабе існавання і духоўным свеце, ментальнасці яго служыцеляў і адэптаў. Дападзельнае беларуска-ўкраінскае
лраваслаўе, як гэта падкрэсліваюць даследчыкі, існавала ў даволі ліберальных (калі не лічыць час ад Брэсцкай уніі да пачатку 30-х гг. XVII ст.) палітычных і юрыдычных умовах, карысталася пэўнымі канстытуцыйнымі свабодамі, якія існавалі ў Рэчы Паспалітай, нягледзячы на перапады яе ўнутранай палітыкі. Яго служыцелі і многія адэпты, як адзначалася, былі ў значнай ступені інтэграваны ў заходнееўрапейскую культуру, даволі цярпліва адносіліся да іншаверцаў і нават да іншадумцаў, яскравым прыкладам чаго, як мы паказалі, з’яўлялася духоўная эвалюцыя князя Андрэя Курбскага.
Далучэнне да Расіі ў якасці тэрытарыяльнага суб’екта імперыі разбурыла асаблівы менталітэт Беларусі. Паступова, але непазбежна адбываецца уніфікацыя беларускаўкраінскага і расійскага праваслаўя, нівеліроўка духоўнага свету яго служыцеляў і адэптаў па расійскаму вялікадзяржаўнаму эталону. Беларуска-ўкраінскае праваслаўе пазбаўляецца сваіх асобных спецыфічных рыс. Таму не дзіўна, што першае пакаленне беларускіх адраджэнцаў звязвала надзею стварэння нацыянальнай царквы не з праваслаўем, якое з'яўлялася носьбітам вялікадзяржаўнай, імперскай ідэі, а з уніяцтвам.
Ідэя неабходнасці рэлігійна-культурнага дыялога была значным адкрыцём айчыннай беларуска-ўкраінскай думкі. Яна стала вельмі актуальнай у наступныя стагоддзі (у прыватнасці, яна была ўзята на ўзбраенне часткова, з вялікай асцярогай Рускай дзяржавай ў канцы царствавання Аляксея Міхайлавіча, а больш рашуча і паслядоўна Пятром Першым), а ў нашы дні перарасла ў канцэпцыю глабальнага дыялога не толькі паміж рознымі рэлігіямі і культурамі, але і паміж сацыяльна-эканамічнымі сістэмамі.
Разам з тым трэба адзначыць, што ў айчыннай гістарычнай практыцы канца XVI—XVII ст. ідэя царкоўнага і духоўна-культурнага сінтэзу была істотна перакручана, скажона галоўным чынам па той прычыне, што царкоўная згода, унія укаранялася, уводзілася, пашыралася прымусова, насуперак перакананням і жаданню значнай часткі беларуска-ўкраінскага грамадства. Рэлігійны прымус — першародны грэх уніі. Прымус у значнай ступені дыскрэдытаваў уніяцкую ідэю, зрабіў яе праціўнікамі многіх гараджан і шляхціцаў. Першапачатковы прымус з’яўляўся казырнай картай расійскага самадзяржаўя і праваслаўя ў барацьбе з беларускай уніяцкай царквой у канцы XVIII — пачатку XIX ст. і ў рэшце рэшт — у забароне яе на Flo-
лацкім царкоўным саборы 1839 г. 3 праблемай прымусовага ўвядзення уніі знітавана больш шырокая праблема — праблема духоўнага прымусу наогул, праблема гістарычнага прымусу, гвалту над натуральным развіццём грамадскага жыцця, канкрэтна-гістарычнай і стагоддзямі складаўшайся духоўна-культурнай традыцыяй і г. д. Вопыт, набыты з гісторыі ўвядзення ў Беларусі і на Украіне Брэсцкай царкоўнай уніі, сведчыць пры тое, што нельга насільна ўкараняць "дабро", "прагрэс", "згоду", "культуру", "сацыяльную справядлівасць" і г. д. Нельга гвалтам заганяць народ "у лепшае жыццё", "шчасце", "усеагульны дабрабыт". Нельга ажыццяўляць насілле над гісторыяй нават с самымі лепшымі намерамі. Усё гэта дае адваротны эфект, што і адбылося ў Беларусі ў пачатку XVII ст. Зразумела, вельмі цяжка трымаць руку на пульсе гісторыі, ведаць, дзе дзеянне ў адпаведнасці з ёй, а дзе — супраць. Але ж ёсць такое паняцце, такі настаўнік, як гістарычны, палітычны, эканамічны, сацыяльны, духоўны вопыт, вопыт мінулага. I той кіраўнік, правіцель, гаспадар, уладар, тыя, ад каго ў першую чаргу залежыць лёс краіны, лёс народа, лёс дзяржавы, павінны гэты вопыт улічваць і выкарыстоўваць. Дарэчы, у XVI ст. ужо быў выпрацаваны пазітыўны вопыт, які максімальна ўлічваў наяўны менталітэт народа "паміж Усходам і Захадам", які прадугледжваў паступовую, натуральную, добраахвотную інтэграцыю ВКЛ, Беларусі, Украіны ў еўрапейскую культуру. Гэта вопыт Адраджэння, вопыт Скарыны, Цяпінскага, Сапегі і інш. Вопыт, які не гвалціў дух народа, не пазбаўляў яго сваёй рэлігійнай і нацыяльнай адметнасці, а цярпліва, паступова, памяркоўна накіроўваў яго па шляху засваення агульначалавечных каштоўнасцей.
Унія дэкларавала рэлігійны мір і згоду ў краіне. Але ці ж можна было дабіцца міру, згоды цаной дыскрымінацыі праваслаўя і падаўлення пратэстантызму, цаной знішчэння існуючай рэлігійнай свабоды, верацярлімасці, цаной ганенняў на іншаверцаў? Толькі потым, у канцы 20-х гг., урад РП апамятаўся і пачаў стрымліваць ціск на праваслаўе, ісці на пэўны кампраміс (легалізацыя праваслаўнай іерархіі, дазвол на стварэнне Кіева-Магілянскай акадэміі і інш.), але было лозна, "човен разгайдалі", народ раздваілі, варожасць узгадавалі і махавік "вайны ўсіх супраць усіх" нелыа было прыпыніць. Па Беларусі і Украіне "гулялі" казацкія загоны, якія рабавалі і шляхту, і гараджан, і сялян. У 1648 г. пачалася сапраўдная грамадзянская вайна, якая закончылася
далучэннем Левабярэжнай Украіны да Рускай дзяржавы, што з’явілася першым актам трагедыі — распаду Рэчы Паспалітай. Безумоўна, не адна унія была ў гэтым вінаватая, але ж яна таксама ўнесла свой "важкі ўклад" у справу развалу дзяржаўнасці. Страта беларусамі сваёй, хаця недасканалай, інтэграванай і абмежаванай, дзяражаўнасці, якой з’яўлялася дзяржаўнасць ВКЛ, у выніку падзелаў РП прывяла да істотных змен у менталітэце нацыі, яе самасвядомасці. У нацыянальную культуру і самасвядомасць укараняюцца чужыя ёй каштоўнасці, паняцці, спачатку польскага, а потым, пасля далучэння да Расійскай імперыі, і расійскага менталітэту.
Пішучы аб прычынах царкоўнай уніі, рускія царкоўныя гісторыкі, на наш погляд, перабольшваюць такі фактар, як "маральны заняпад" іерархаў заходняй праваслаўнай царквы, перш за ўсё епіскапаў. I гэты заняпад яны абумоўліваюць галоўным чынам сістэмай патранату (залежнасцю заходнеправаслаўнай царквы ад міран, свецкіх феадалаў, шляхты, мяшчан, якія, як вядома, кантралявалі царкоўнае жыццё, істотна ўплывалі на прызначэнні на духоўныя пасады), якая ўсталявалася ў праваслаўнай царкве ВКЛ, Рэчы Паспалітай. У выніку гэтай сістэмы, сцвярджаюць яны, канкурэнцыя за епіскапскія кафедры нярэдка набывала форму ўзброенай барацьбы, а ў дзейнасці лраваслаўных святароў матэрыяльныя інтарэсы вельмі часта перавышалі інтарэсы пастырскія. Многія праваслаўныя епіскапы былі больш панамі, чым святарамі. Усё гэта правільна, усё гэта было, і захаваныя першакрыніцы вельмі багатыя на факты, якія пацвярджаюць гэта. Дарэчы, пра нізкі маральны і адукацыйны ўзровень пэўнай часткі праваслаўнага духавенства пісаў і Васіль Цяпінскі ў сваёй прадмове да Евангелля. Аднак сцвярджаць, што да уніі праваслаўных іерархаў Беларусі і Украіны падштурхоўваў у значнай ступені іх нізкі маральны стан, пагарда высокімі ластырскімі абавязкамі, — гэта значыць няправільна расстаўляць акцэнты, перабольшваць гэты фактар, скажаць сапраўдную карціну. Беларускія і ўкраінскія праваслаўныя іерархі і святары былі не больш амаральнымі, чым каталіцкія або маскоўскія. I прыхільнасць іх да уніі, як адзначалася, была абумоўлена больш важкімі прычынамі. Гэта — імкненне да царкоўнай незалежнасці, традыцыйныя рэлігійна-царкоўныя, палітычныя, культурныя, сямейна-бытавыя сувязі з Захадам, Польшчай, боязь падпасці пад самадзяржаўную ўладу рускага цара і інш.
Унія — з'ява складаная і неадназначная. Яна не з’яўлялася нейкай прыладай "злой волі", як яе імкнуліся і імкнуцца прадставіць некаторыя аўтары. Ідэя уніі, як адзначалася, арганічна вынікала з гісторыі беларуска-ўкраінскага грамадства, была знітавана з яго менталітэтам, шчырай прагай да аднаўлення адзінста хрысціянскай царквы, рэлігійнай згоды. Аднак для контррэфармацыйнага руху царкоўная унія з'яўлялася пераважна лалітычнай акцыяй. Еўрапейская контррэфармацыя — гэта не толькі супрацьпратэстанцкі рух, але новая сацыяльная, рэлігійна-царкоўная, духоўна-культурная палітыка каталіцкай царквы, якая, аправіўшыся пасля ўдараў, якія ёй нанеслі Рэфармацыя і Адраджэнне, перагрупіраваўшы свае сілы, аднавіўшы свой духоўны арсенал, у тым ліку і філасофію, перайшла ў паспяховае наступленне. 3 другой паловы XVI ст. пільным аб’ектам дзейнасці контррэфармацыі становяцца беларускія, украінскія і нават рускія землі. Мэта — пашырыць свой уплыў на Усход, радыкальна змяніць не толькі рэлігійнапалітычную, але духоўна-культурную сітуацыю, каталіцызаваць беларуска-ўкраінскае грамадства, адарваць яго ад іншага праваслаўнага свету. Унія якраз і з’яўлялася адным са сродкаў гэтай контррэфармацыйнай палітыкі, якую ў беларуска-ўкраінскіх землях узначальвалі, ідэалагічна рыхтавалі і практычна ажыццяўлялі галоўным чынам функцыянеры ордэна езуітаў. Ідэя уніі ў новых умовах істотна адрознівалася ад даконтррэфармацыйнай ідэі уніі. Яна была накіравана не толькі на знішчэнне пратэстантызму, але і праваслаўя, яна прадугледжвала глабальную духоўна-культурную і палітычную пераарыентацыю гістарычнага жыцця беларускага і ўкраінскага народаў.