Унія. Дзяржаўнасць. Культура Філасофска-гістарычны аналіз Сямен Падокшын

Унія. Дзяржаўнасць. Культура

Філасофска-гістарычны аналіз
Сямен Падокшын
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 111с.
Мінск 1998
43.6 МБ
Істотнай перашкодай у справе адэкватнага асэнсавання праблемы уніі з’яўляюцца шматлікія стэрэатыпы і клішэ, якія ўсталяваліся ў навуковай і папулярнай літаратуры з часоў Рэчы Паспалітай, Расійскай імперыі, СССР, а таксама канфесійная, палітычная або ідэалагічная ангажаванасць многіх аўтараў. На жаль, канфесійнага або ідэалагічна-палітычнага падыходу да праблемы царкоўнай уніі не пазбаўлены і некаторыя сучасныя лублікацыі. Навуковая аб’ектыўнасць, як і гістарызм, павінны, на наш погляд, з’яўляцца галоўнымі прынцыпамі даследавання праблемы царкоўнай уніі, высвятлення яе ролі ў рэлігійным, палітычным і духоўна-культурным жыцці беларускага народа.
Якія аспекты дадзенай праблемы закранаюцца ў публікацыі?
Перш за ўсё гэта праблема перадгісторыі, перадумоў уніі. Існуе пункт гледжання, што унія не мела каранёў у народнай свядомасці беларусаў і ўкраінцаў, што яна выключна палітычная акцыя, інспіраваная пэўнымі сіламі. He адмаўляючы цалкам апошняга, мы імкнёмся паказаць, што уніяцкая ідэя мела ў грамадскім жыцці ВКЛ глыбокія духоўна-культурныя і рэлігійна-царкоўныя карані. Карані гэтыя ў геапалітычным становішчы ВКЛ, Беларусі і Украіны "паміж Усходам і Захадам", Польшчай і Расійскай дзяржавай. Менавіта гэтым становішчам абумоўлена шматвяковая барацьба беларускага і ўкраінскага народаў на чале са сваімі лідэрамі за дзяржаўны і духоўна-культурны суверэнітэт, стварэнне аўтакефальнай праваслаўнай, незалежнай рэфармаванай і уніяцкай царквы.
У высвятленні праблемы царкоўнай уніі і наогул культурна-гістарычнага лёсу Беларусі надзвычай важным з'яў-
ІаЗак. 1631
9
ляецца пытанне "Усход—Захад", якое закранаецца ў шэрагу прац даследчыкаў, у тым ліку і ў працах аўтара дадзенай публікацыі (1; 44; 53; 54; 55). I тут трэба падкрэсліць адну істотную акалічнасць: няправільна лічыць Брэсцкую царкоўную унію першым "акном у Еўропу". Ужо з XIV— XV стст. ВКЛ, у прыватнасці Беларусь, Украіна, кантактавалі з заходнееўрапейскімі краінамі праз шырока адчыненыя дзверы. Каралеўскія, вялікакняжацкія лрывілеі, а потым і Статуты гарантавалі спачатку шляхце, а потым і ўсім станам свабодны выезд за мяжу. Задоўга да царкоўнай уніі, у эпоху першага беларускага Адраджэння ў межах ВКЛ, адбываўся грандыёзны сінтэз усходняй і заходняй культур, аб чым сведчаць шматлікія працы беларускіх і ўкраінскіх даследчыкаў — філосафаў, гісторыкаў, літаратараў, мовазнаўцаў, мастацтвазнаўцаў.
Праблему царкоўнай уніі нельга адэкватна асэнсаваць па-за сувяззю з больш глабальнай, цэнтральнай праблемай палітычнай гісторыі ВКЛ, Беларусі — праблемай дзяржаўнага суверэнітэту. Імкненне ВКЛ да дзяржаўна-царкоўнай незалежнасці, як вядома, выклікала ўзрастаючае супрацьдзеянне як з боку Польшчы, так і з боку Маскоўскай дзяржавы. Калі ў адносінах з Полыпчай ВКЛ час ад часу ўдавалася дасягнуць пэўных камлрамісаў, адносіны з Масквой станавіліся ўсё больш складанымі. Менавіта ў гэты перыяд фарміруецца самадзяржаўная і вялікадзяржаўная ідэалогія (яна змяшчала і ідэю прыярытэту рускага, "ісцінага” праваслаўя), з дапамогай якой маскоўскія вялікія князі, а потым і рускія цары тэарэтычна абгрунтоўвалі свае прэтэнзіі на беларуска-ўкраінскія землі. Высвятленне яе сутнасці дае магчымасць лепш зразумець складаныя і супярэчлівыя адносіны паміж Беларуссю, Украінай і Рускай дзяржавай на працягу XIV—XIX стст., у тым ліку і праблему царкоўнай уніі.
Трэба адзначыць, што паралельна з ідэяй уніі ў грамадскай свядомасці ВКЛ фарміруецца ідэя рэлігійна-царкоўнага плюралізму і знітаваная з ёй ідэя верацярпімасці як альтэрнатыва уніяцкай ідэі. Ідэя рэлігійна-царкоўнага плюралізму, або верацярпімасці, арганічна вынікала з духоўна-культурнага становішча ВКЛ ''паміж Усходам і Захадам", шматканфесійнай сітуацыі, якая існавала ў беларускаўкраінска-літоўскай дзяржаве з самага пачатку яе ўзнікнення. Паступова гэтая ідэя набыла выгляд сталай прававой нормы, зафіксаванай у шэрагу вялікакняжацкіх і каралеўскіх прывілеяў і юрыдычных актах, у тым ліку і ў Статуце Вя10
лікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага. У параўнанні з уніяцкай плюралістычная канцэпцыя арганізацыі рэлігійна-царкоўнага жыцця з’яўлялася больш дасканалай і гістарычна перспектыўнай. Менавіта па гэтаму шляху пайшла ў далейшым еўрапейская, амерыканская, ды і наогул сусветная цывілізацыя.
Што тычыцца уніяцкай ідэі, то яна мела два варыянты: глабальны, або універсальны, і лакальны, або сепаратны. Першы, глабальны варыянт, нягледзячы на яго ўтапізм, у значнай ступені з'яўляецца экуменічным і гуманістычным. Справа ў тым, што пэўная частка еўрапейскага грамадства, у тым ліку і беларуска-ўкраінска-літоўскага, лічыла, што праблему рэлігійна-царкоўнага расколу хрысціянства, супрацьстаяння Захаду і Усходу, каталіцтва і праваслаўя можна вырашыць шляхам усеагульнай уніі, глабальнага царкоўнага кампрамісу, рэлігійнай згоды паміж заходняй і ўсходняй царквой. Ідэя глабальнай уніі карысталася папулярнасцю ў беларуска-ўкраінскім праваслаўным асяроддзі. I папулярнасць гэта вынікала са спецыфічнага, адметнага ад маскоўскага, менталітэту грамадства ВКЛ, заходняга, беларуска-ўкраінскага праваслаўя.
Адметны характар заходняга праваслаўя адзначалі гісторыкі рускай царквы, у прыватнасці А. Ул. Карташоў. На думку С. В. Марозавай, рэгіянальнай адметнасцю беларуска-ўкраінскага праваслаўя з’яўляліся такія яго рысы, як кантроль над царкоўным жыццём свецкіх асоб, існаванне брацтваў, інстытут патранату, беларуская рэдакцыя царкоўнаславянскай мовы (44, с. 6). Яраслаў Ісаевіч і Валерыя Нічык нават лічаць, што гэтыя адметнасці даюць падставу гаварыць пра пэўныя рэфармацыйныя тэндэнцыі ў заходнім праваслаўі (27, с. 84; 49, с. 65). Такой жа думкі прытрымліваецца вядомы даследчык рэфармацыйнага руху ў беларуска-ўкраінскіх землях М. В. Дзмітрыеў (18, с. 46, 100). Аднак адметны менталітэт беларуска-ўкраінскага праваслаўя гэтым не абмяжоўваўся. Вынікі ўзаемадзеяння з заходняй культурай тут былі больш значныя. Многія беларускія і ўкраінскія дзеячы праваслаўнай царквы, феадалы, нават мяшчане ў значнай ступені былі інтэграваны ў заходнееўрапейскую культуру: яны мелі права свабоднага выезду за мяжу, зафіксаванае ў Статуце ВКЛ, падарожнічалі па Еўропе, вучыліся ў замежных навучальных установах, заходнееўрапейскіх універсітэтах. Да таго ж значная частка праваслаўных іерархаў, князёў, паноў, шляхты, мяшчан была параднёная з каталіцкімі, а потым
і пратэстанцкімі сем’ямі. Асаблівасцю, спецыфікай беларуска-ўкраінскага праваслаўя XV—XVII стст. было і тое, што яно лаяльна, талерантна адносілася да філасофскай рэфлексіі сваіх багасловаў, іх імкнення звяртацца да арыстоцелізму, неаплатанізму і іншых накірункаў антычнай філасофіі, рэнесансна-гуманістычных ідэй, навуковых, пазабіблейскіх уяўленняў пра свет і чалавека. Характэрна, што нават такі праваслаўны артадокс, як князь Андрэй Курбскі, апынуўшыся ў эміграцыі на Валыні, істотна змяніў свае адносіны да заходняй культуры і пачаў вывучаць латынь. Заканамерным вынікам гэтай асаблівасці было ўзнікненне праваслаўных брацкіх школ, дзе выкладаліся традыцыйныя для Захада "семь навук вызвалёных", а таксама першай вышэйшай беларуска-ўкраінскай праваслаўнай установы — КіеваМагілянскай акадэміі (1632), у сістэме адукацыі якой быў рэалізаваны сінтэз усходніх і заходніх культурна-рэлігійных каштоўнасцей.
На працягу некалькіх стагоддзяў у духоўным жыцці Беларусі і Украіны склаўся тып свецкага і царкоўнага дзеяча (Ф. Скарына, М. Гусоўскі, С. Будны, Л. Сапега, В. Цяпінскі, I. Пацей, М. Сматрыцкі, П. Магіла, С. Полацкі і інш.) "на мяжы культур", менавіта ўсходнееўрапейскай і заходнееўрапейскай, грэка-візантыйскай і лацінскай. Статус "на мяжы" даваў магчымасць беларускай і ўкраінскай культурам весці інтэнсіўны і плённы дыялог паміж Захадам і Усходам, які станоўча сказваўся на іх развіцці. Усё гэта абумоўлівала шырокі светалоглядны кругагляд беларускіх і ўкраінскіх свецкіх і царкоўных дзеячаў талерантныя адносіны заходняга праваслаўя да каталіцтва, заходняй культуры, у тым ліку і да уніяцкай ідэі. Адзначым, што пасля ўваходу беларускіх зямель у склад Расійскай імперыі паступова, але непазбежна адбываецца уніфікацыя беларуска-ўкраінскага і расійскага праваслаўя, нівеліроўка духоўнага свету яго служыцеляў і адэптаў па расійскаму, вялікадзяржаўнаму эталону. Беларуска-ўкраінскае праваслаўе паступова пазбаўляецца сваіх асобных спецыфічных рыс. Таму не дзіўна, што многія беларускія адраджэнцы XIX ст. (К. Каліноўскі і інш.). звязвалі надзею стварэння нацыянальнай царквы не з праваслаўем, якое з’яўлялася носьбітам вялікадзяржаўнай ідэі, а з уніяцтвам.
Шматлікія уніяцкія памкненні на глабальным узроўні, у тым ліку і Фларэнційская унія 1439 г., не вытрымалі выпрабаванняў у сутыкненні з суровай гістарычнай рэчаіснасцю і ў рэшцэ рэшт аказаліся ўтопіяй. Ім супрацьстаялі пэў-
ныя ўплывовыя сілы як на Захадзе, так і на Усходзе. У прыватнасці, хутка высветлілася, што Масква прынцыпова адмаўляе ідэю глабальнай уніі, прызнаючы адзіна лравільнай, праўдзівай хрысціянскай верай рускае праваслаўе. Гэтыя абставіны істотна паўплывалі на далейшыя падзеі. Быў выпрацаваны новы, лакальны варыянт уніяцкай ідэі, аўтарамі якога былі праваслаўныя іерархі, ініцыяваныя папскай канцылярыяй, езуітамі, каталіцкімі біскупамі. Праект лакальнай уніі быў знітаваны з контррэфармацыйнай дзейнасцю каталіцкай царквы ў межах ВКЛ, якая пачалася з другой паловы XVI ст. Ён сустрэў падтрымку ў пэўных колах беларуска-ўкраінскага грамадства і перш за ўсё з боку ўрада Рэчы Паспалітай. Апрача іншых істотную ролю тут адыграў такі фактар, як узрастаючая пагроза незалежнасці ВКЛ з боку Маскоўскай дзяржавы (Лівонская вайна 1558—1583 гг., стварэнне Маскоўскай патрыярхіі ў 1589 г. і інш.)
Аднак с самага пачатку ідэя лакальнай царкоўнай уніі мела шэраг істотных заган. Па-першае, яна была лалітычна і ідэалагічна тэндэнцыйнай, знітаванай з геапалітычнымі і канфесійнымі планамі Рыма, каталіцкай царквы, польскіх свецкіх і духоўных феадалаў, контррэфармацыйнага руху. Па-другое, яна прадугледжвала фарсіраванне уніяцкай ідэі. Па-трэцяе, царкоўная унія супярэчыла перакананням і жаданню шырокіх колаў беларуска-ўкраінскага грамадства, і таму пры яе ўвядзенні непазбежны быў прымус, які ў значнай ступені дыскрэдытаваў уніяцкую ідэю, абумовіў шэраг адмоўных рыс у наступным гістарычным жыцці беларускага народа: разбурэнне прававой свядомасці і стымуляцыю супрацьпраўных учынкаў, дзеянняў, насілля; узмацненне ў грамадстве рэлігійна-інтэлектуальнай нецярпімасці, сацыяльнай варожасці; змену настрояў у частцы праваслаўнай супольнасці ў адносінах да ўрада Рэчы Паспалітай з лаяльных да варожых і на гэтай падставе імкненне да палітычнай інтэграцыі з Маскоўскай дзяржавай; выкарыстанне "насілля над праваслаўнай верай" у якасці казырной карты рускага самадзяржаўя ў яго імперскай палітыцы; раскол нацыі на уніяцкае сялянства і каталіцкую шляхту, што вельмі адмоўна паўплывала на лёс беларускай дзяржаўнасці і нацыянальнай культуры. Перманентны канфесійны канфлікт, ініцыяваны лакальнай Брэсцкай уніяй 1596 г., стаў адной з прычын страты Рэччу Паспалітай сваёй дзяржаўнай незалежнасці. (Як вядома, рэлігійны фактар адыграў істотную ролю ў падзелах Рэчы Паспалітай 1772, 1793, 1795 гг.)