Унія. Дзяржаўнасць. Культура Філасофска-гістарычны аналіз Сямен Падокшын

Унія. Дзяржаўнасць. Культура

Філасофска-гістарычны аналіз
Сямен Падокшын
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 111с.
Мінск 1998
43.6 МБ
Маскоўская царква ўсё больш становіцца залежнай ад самадзяржаўя. Разам з тым яна паступова вызвалялася ад улады канстанцінопальскага патрыярхата, адасобліваючыся ад грэчаскай і заходнеправаслаўнай царквы, перат-
вараючыся ў дзяржаўную царкву. Эвалюцыя рускай праваслаўнай царквы паказана A. I. Клібанавым у яго, на жаль апошняй, кнізе "Духоўная культура сярэднявечнай Русі". Сутнасць яе ў тым, што праваслаўная царква, падпадаючы пад уплыў свецкай улады, становіцца прыладай унутранай і знешняй палітыкі самадзяржаўя (32, с. 99—104).
Самадзяржаўная ідэалогія і вялікадзяржаўны менталітэт рускага грамадства абумовілі абсалютную бесперспектыўнасць уніяцкай ідэі ў Расіі, што і пацвердзіла гістарычная практыка. Перакрэсліваліся ўсе надзеі на універсальную унію. Ідэя лакальнай уніі была прадвызначана. Але ж гэта азначала ўзмацненне канфрантацыі паміж Усходам і Захадам (ВКП, Польшчай, з аднаго боку, і Рускай дзяржавай — з другога), паміж каталіцтвам і праваслаўем. Непрымальнай для Расіі была таксама і ідэя верацярпімасці. Дарэчы, ад гэтай ідэі ў рэшце рэшт адмовіўся і ўрад Рэчы Паспалітай, які пераарыентаваўся на ідэю уніі.
5.	Ідэя верацярпімасці як альтэрнатыва ідэі уніі
Менталітэт беларуска-ўкраінска-літоўскага грамадства істотна адрозніваўся ад менталітэту грамадства маскоўскага. Яго падставай з’яўлялася ліберальная ідэя ў яе першапачатковай, канкрэтна-гістарычнай форме, менавіта прызнанне канстытуцыйнай манархіі ў якасці аптымальнай палітычнай сістэмы ўлады (г.зн. каралеўскай улады, абмежаванай законам і прадстаўнічымі ўстановамі). Другой характэрнай рысай грамадскага менталітэту ВКЛ з’яўляўся плюралізм рэлігійна-царкоўнага жыцця, які вымушаў свецкую ўладу праводзіць палітыку адноснай верацярпімасці.
Нягледзячы на складаныя міжнародныя абставіны, войны, якія ВКЛ вяло з Маскоўскай дзяржавай (1492—1494, 1500—1503, 1507—1508, 1512—1522, 1534—1537), крымскім ханствам і інш., адбываецца пэўная стабілізацыя ўнутранага сацыяльна-палітычнага, рэлігійна-царкоўнага і духоўна-культурнага жыцця. На працягу XV — першай паловы XVI ст. узнікае шэраг прававых актаў, прывілеяў, якія ўраўноўваюць у правах праваслаўных і католікаў, паступова ўсталёўваюць у краіне атмасферу рэлігійнай талерантнасці. Значна паляпшаецца становішча праваслаўя пры вялікім князю Жыгімонце I (1506—1548), што ў першую чаргу знітавана з імем беларуска-ўкраінска-
га праваслаўнага мітрапаліта Іосіфа II Солтана. Солтан зрабіў царкоўны сабор галоўнай інстанцыяй стаўлення мітрапалітаў і вырашэння царкоўных спраў. Па яго ініцыятыве на Віленскім царкоўным саборы (1509) былі прыняты рашэнні, якія ўмацоўвалі ўладу мітрапаліта над епіскапамі і святароў — над міранамі. Солтан дабіўся адмены пастановы, якая забараняла праваслаўным будаваць новыя цэрквы і аднаўляць старыя. У гэтыя ж гады актывізуецца брацкі рух, асабліва ў асяроддзі віленскіх мяшчан, які імкнецца ўзяць пад свой кантроль не толькі матэрыяльнае, але і рэлігійнае жыццё праваслаўнай царквы. За гады вялікага княжання Жыгімонта I значна павялічылася колькасць праваслаўных манастыроў (з 30 да 50). Колькасць праваслаўных цэркваў у Вільні павялічылася да 20, у Пінску — да 12, Полацку — да 7, Гародне — да 6 (30, с. 574—575).
Але ж дамінуючым прынцып рэлігійнай талерантнасці становіцца ў часы праўлення вялікага князя і караля Жыгімонта II Аўгуста (1544—1572). Істотную ролю ва ўсталяванні гэтага прынцыпу ў грамадскім жыцці ВКЛ адыграў рэфармацыйна-гуманістычны рух (54). Гэты рух, як вядома, ахапіў не толькі каталіцкае, але і праваслаўнае насельніцтва ВКЛ, перш за ўсё магнатаў і шляхту (18). Ён схіліў караля, урад выдаць шэраг пастаноў, якія замацоўвалі лрынцып верацярпімасці ў якасці прававой нормы. Так, на сейме ў Вільні (1563) Жыгімонт II выдаў свой знакаміты дэкрэт, які ўсталёўваў роўнасць праваслаўнай і каталіцкай шляхты (5, с. 141—143). Сейм у Гародні (1568) пацвердзіў гэты акт. Ужо пасля смерці караля была прынята Варшаўская канфедэрацыя (1573), якая абвяшчала роўнасць усіх хрысціянскіх веравызнанняў ВКЛ — праваслаўнага, каталіцкага і пратэстанцкага — і як юрыдычная норма была замацавана ў Статуце ВКЛ 1588 г.
Гэты адносна кароткі час ў грамадскім жыцці ВКЛ беларускі пісьменнік канца XVI — пачатку XVII ст. Фёдар Еўлашоўскі назваў "залатым векам". (Ён аўтар данага тэрміну, a не "беларускія нацыяналісты", як лічылася ў 30—80-я гг. XX ст.) Менавіта "залаты век", век адноснай рэлігійнай свабоды і грамадскай раўнавагі, прапанаваў нацыі ў якасці альтэрнатывы уніяцкай мадэлі рэлігійна-царкоўнага жыцця мадэль плюралістычную, гуманістычную, ліберальна-дэмакратычную, падставай якой павінна стаць рэлігійная талерантнасць, інтэлектуальная свабода, адмова ад духоўнага, у тым ліку і рэлігійнага, прымусу.
I вялікай трагедыяй для беларуска-ўкраінскага грамадства была адмова ад гэтай ліберальна-плюралістычнай мадэлі і зварот да іншай, унітарнай мадэлі рэлігійна-інтэлектуальнага жыцця. 3 ёй не магла пагадзіцца ні большая частка праваслаўнага насельніцтва Рэчы Паспалітай, ні праваслаўная Расія. Плюралістычная структура рэлігійна-царкоўнага жыцця ВКЛ арганічна вымагала іншай мадэлі, і палітыка рэлігійна-царкоўнай унізацыі непазбежна павінна была выклікаць канфлікт велізарнай моцы, што і адбылося.
6.	Адраджэнне ідэі царкоўнай уніі ў другой палове XVI ст.
Новае жыццё, якое набыла ідэя царкоўнай уніі ў другой палове XVI ст., знітавана з шэрагам фактараў геапалітычнага, духоўна-культурнага і рэлігійна-царкоўнага характару. Адным з іх з’яўлялася ўзрастаючая пагроза незалежнасці ВКЛ, якая зыходзіла з боку Маскоўскай дзяржавы, у выніку чаго яно павінна было пайсці на больш цесную інтэграцыю з Польшчай. Палітычнай праявай гэтай інтэграцыі з’явілася Люблінская унія 1569 г., паводле якой ВКЛ і Польшча аб’ядноўваліся ў адзіную федэратыўную дзяржаву, што дало, па сутнасці, магчымасць атрымаць перамогу ў Лівонскай (Інфланцкай) вайне 1558—1583 гг. (5, с. 150—157). Царкоўная унія разглядалася як лагічны працяг урадавай інтэграцыйнай палітыкі (30, с. 590).
Тым не менш узнікае пытанне: чаму ідэю царкоўнай уніі пазітыўна ўспрыняла пэўная частка беларуска-ўкраінскага грамадства; чаму яе падтрымалі амаль усе праваслаўныя епіскапы і многія святары "сярэдняга звяна"; чаму ідэю уніі падтрымалі і прыклалі шмат сіл у яе рэалізацыі многія выдатныя праваслаўныя царкоўныя і культурныя дзеячы; чаму на бок уніі ўсталі многія беларускія ланы і шляхта, якія раней падтрымлівалі Рэфармацыю, і, нарэшце, чаму ўрад Рэчы Паспалітай, значная частка ўрадавых асоб ВКЛ, і ў іх ліку канцлер Леў Сапега, пераарыентаваліся з ідэі рэлігійна-царкоўнага плюралізму на ідэю уніі? Менавіта ж гэта ідэя паказала сваю жыццяздольнасць ва ўмовах ВКЛ. Пэўны час яна нават з’яўлялася дамінуючай падставай дзяржаўнай рэлігійна-царкоўнай палітыкі, што зафіксавана ў Статуце 1588 г. Палітыка верацярпімасці прынесла даволі пазітыўны плён, яна стварыла ўмовы, якія спрыялі падтрымцы грамадскай згоды, развіццю духоўнай культуры, аслабленню сацыяльна-рэлігійнай напружанасці. Тады чаму ж?
Перш за ўсё трэба адзначыць, што ідэя рэлігійнай згоды праз унію, нягледзячы на тое што на працягу многіх стагоддзяў яна так і не змагла практычна рэалізавацца, працягвала заставацца "блакітнай марай", вельмі прывабнай ідэяй для многіх шчыра веруючых хрысціян, у тым ліку беларусаў і ўкраінцаў. Менталітэт беларусаў і ўкраінцаў другой паловы XVI ст. быў запраграмаваны на згоду, а не на канфрантацыю. Многія адукаваныя і памяркоўныя беларускія і ўкраінскія грамадскія і дзяржаўныя дзеячы, святары, пісьменнікі, купцы, рамеснікі карміліся ілюзіяй уніі, верылі ў магчымасць дасягнення ў ВКЛ, Рэчы Паспалітай, наогул у хрысціянскім свеце царкоўнай згоды, грамадзянска-канфесійнага міру метадам простага злучэння праваслаўя і каталіцтва. Дзеля гэтага, лічылі яны, трэба зрабіць намаганне, падняцца вышэй сваіх рэлігійна-дагматычных амбіцый, пайсці на кампраміс, тым болын што абодва веравызнанні — хрысціянскія. Да таго ж значная частка праваслаўных беларускіх і ўкраінскіх паноў і шляхты, і нават мяшчан, была параднёная з каталіцкімі сем’ямі: жонкі лраваслаўных феадалаў і мяшчан былі каталічкамі (і наадварот), іх дзеці вучыліся ў замежных або мясцовых каталіцкіх універсітэтах (Кракаў, Прага, Парыж, Падуя, Балоння, Вільня і інш.), акадэміях, калегіях або ўжо адракліся ад веры бацькоў. За прыкладам далёка не трэба хадзіць: глава праваслаўнай антыуніяцкай партыі Канстанцін Астрожскі. Яго бацька — найвышэйшы гетман ВКЛ К. I. Астрожскі, які праславіўся перамогай у бітве пад Оршай (1514), — паходзіў з тураўскіх князёў, маці — княгіня Аляксандра Слуцкая, жонка — дачка кракаўскага кашталяна Соф’я Тарноўская — каталічка, сын Януш — таксама католік, дочкі — замужам за пратэстантамі Крыштафам Радзівілам, Янушам Кішкай (9, с.47). Такім чынам, трэба было вярнуць мір у грамадства, згоду ў сем’і, раўнавагу ў людскія душы, і многія спадзяваліся, што гэта зможа зрабіць унія.
Далей, ідэя уніі з пачатку контррэфармацыі вельмі інтэнсіўна прапагандавалася папствам, заходняй царквой, езуітамі. Апошнія дабіраліся нават да Івана Жахлівага і ўгаворвалі яго прыняць унію. На беларуска-ўкраінскія землі каталіцкая контррэфармацыя прыйшла абагачоная папярэднім вопытам спроб і памылак, узброеная ідэямі Трыдэнцкага сабора, тэолагаў і філосафаў езуіцкага ордэна. Каб уцягнуць у сферу сваёй ідэйнай арбіты беларускаўкраінскае грамадства, галоўным чынам паноў і шляхту,
дзеячы контррэфармацыі зрабілі стаўку не толькі на масавую рэлігійна-палітычную, у тым ліку і уніяцкую, прапаганду, але і на шырокую культурна-асветніцкую дзейнасць, перш за ўсё на арганізацыю школьнай і кнігавыдавецкай справы, спрыянне мастацтву. Hi адна магнацкая фамілія, ніводзін шляхецкі дом не засталіся без увагі айцоў-езуітаў. I таму не дзіва, што да ідэі уніі беларуска-ўкраінскае грамадства было адносна падрыхтавана.
Як адзначалася, з ідэяй уніі была знітавана ідэя царкоўнай, а з ёй і дзяржаўнай незалежнасці. 3 старажытных часоў вялікія князі, тутэйшыя феадалы, значная частка праваслаўнага святарства ВКЛ імкнуліся да аўтакефаліі, адноснай незалежнасці заходняй праваслаўнай царквы як ад Канстанцінопаля, так і ад Масквы. Ідэя аўтакефаліі вынікала з глабальный стратэгіі ўрадавых колаў ВКЛ, накіраванай на захаванне і ўмацаванне дзяржаўнай незалежнасці ў сітуацыі "паміж Польшчай і Маскоўскай дзяржавай".