Дзікі сабака дзінга, альбо аповесць пра першае каханне
Рувім Фраерман
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 144с.
Мінск 1975
«Дзе ён цяпер? У Жэні сёння таксама ёлка».
Але тут Філька з братамі пачаў ціха кружыцца, пашыраючы круг. Яны закідвалі ногі мякка, ледзь падымаючы іх з падлогі, і то адзін з іх, то другі клікаў да сябе Таню. Яны танцавалі танец, які звычайна танцуюць вясёлыя звенкі на пясчаным беразе Тугура ў час, калі ўзыходзіць над лесам месяц.
Таня ўвайшла ў іх кола. Яна танцавала, штохвілінна пазіраючы на дзверы.
— Малайцы! — крыкнуў у захапленні бацька.— Чорт пабяры, мы будзем сёння весяліцца! Таня, папрасі ў мамы віна. Я маю для вас яшчэ адзін падарунак.
Маці сказала:
.— Бацька, не дурэй. Віна ім нельга.
— Я ведаю цвёрда толькі адно,— сказаў бацька: — Нельга есці воўчыя ягады. А віна — па кроплі можна.
— Па кропельцы можна,— паўтарылі дзеці.
I нянька прынесла на вялікім падносе бутэльку салодкага віна. А ўслед за нянькай зайшоў зусім малады чырвонаармеец Фралоў. Ён быў у кажусе шафёра, усміхаўся ўсім хітрай усмешкай, а ў руцэ трымаў вядро.
— Фралоў, дружок,— сказаў бацька,— пакажы-тка наш падарунак дзецям.
Дзеці самі зазірнулі ў вядро, але ўбачылі там толькі снег.
— Што гэта? — спыталіся яны.— Тут снег і болып нічога няма.
— А вось зараз, дзеці,— сказаў Фралоў.
I, запусціўшы руку ў вядро, ён дастаў з-пад снегу вялікі апельсін, потым яшчэ два і яшчэ. Дзеці крыкамі сустрэлі гэтыя плады. Яны бралі іх у рукі і адразу ж клалі назад, таму што апельсіны былі халодныя і цвёрдыя. Трымаць іх было цяжка, як жалеза, якое доўга ляжала на марозе.
— Пачакайце, дзеці,— сказаў смеючыся бацька.— 1х трэба спачатку размарозіць. I тады — даю слова — яны спадабаюцца вам.
Ён апусціў апельсін у халодную ваду, і на паверхні яго праз імгненне выступіў лёд. Ён пакрываў яго тонкай скарынкай, і апельсін блішчаў, як шар на маленькай піхце. Бацька ўдарыў па скарынцы нажом, яна раскалолася на часткі, і з асколкаў лёду, якія раставалі хутка на далоні, выйшаў круглы і свежы плод. Незнаёмы і цудоўны на Поўначы быў ягоны пах і колер. I маленькі брат Фількі баяўся яго і не еў.
Сам жа Філька прынёс свой апельсін бацьку.
— З’еш яго,— сказаў паляўнічы, без усялякага здзіўлення гледзячы на гэты дзіўны плод.— Ён падараваяы табе сябрамі і не можа быць шкодным. Калі б ён не быў такі вялікі, я палічыў бы яго за ягаду, што ўпала з рабіны на зямлю, і пачысціў бы ім сваю люлечку, на якой медзь так хутка цямнее
ад холаду ў нашым лесе. Аднак,— дадаў ён з гонарам,— рабіна ў нас таксама бывае буйная перад марозам.
Ён адхіліў апельсін рукой. Ён быў ужо стары і не хацеў аддаваць перавагу таму, што не расло ў яго родным лесе.
Тады Філька сунуў свой апельсін за пазуху, каб падзяліцца ім з Таняй. Нічога не мог ён з’есці адзін — ні салодкага кораня, які знаходзіў у лесе, ні веснавой абалоны ліп, ні чмялінага мёду, ні кіслага соку мурашак.
Але Тані не было ў натоўпе яе гасцей. Куды яна пайшла? Яна была сёння сумная.
Філька зазірнуў у другі пакой, дзе было цёмна і на ложках ляжалі футры.
Яе і тут не было. Тады ён пайшоў на кухню і ў сенцах убачыў Ташо. Яна непрыкметна прабіралася да дзвярэй. Яна была апранутая ў кажушок і, нагнуўшыся, зацягвала на шчыкалатках раменьчыкі сваіх новых тарбасаў.
Філька моўчкі адсунуўся, засланіў яе ад позіркаў гасцей.
Таня выйшла на ганак. Паветра слупамі падымалася ўгору. I на страшэннай вышыні ператваралася ў тонкія аблокі, што валачыліся па асветленым небе. I скрозь іх, нібы скрозь празрыстае шкло, затуманенае дыханнем, глядзеўся невялікі халодны месяц.
Таня ступіла на снег, стараючыся не рыпець. Лёгкая зіхатлівая імгла пасыпалася ёй на плечы, на твар. Яна правяла рукой па сваёй непакрытай галаве і выйшла за вароты. Яна перабегла вуліцу і спынілася ля дома, дзе жыла Жэня. Яна ўся патанула ў сумётах.
Таня прьісела на снег і пасядзела трохі, саромеючыся зазірнуць у акно. Потым стала на сумёт. Акно было якраз перад вачыма. I скрозь шкло было бачна святло, падобнае на месяц сваёй смутнай белізной. Гэта гарэлі свечкі на ёлцы. A вакол яе рухаліся дзеці. Цені іх праплывалі міма нерухомага позірку Тані, і ў кожнай яна пазнавала Колю.
Галава яе палала на марозе.
А яна ўсё глядзела. I цені плылі і плылі, як у цьмяным царстве вады. I толькі адна заставалася нерухомай, больш глыбокай і нерухомай, чым іншыя,— цень вялізнай рыбы з апушчаным хвастом. Але і яна таксама паплыла. Яна рухалася то ўверх, то ўніз, то станавілася ўпоперак усяго шкла. I нават бурбалкі, што яна выпускала з рота, былі добра бачны.
«Што гэта? — з дзікім страхам падумала Таня.— Дык гэта ж акварыум Жэні, які стаіць на акне».
Але вось чыесьці цёмныя рукі пацягнуліся да акна, і рыба знікла. Знікла і ўся чароўная карціна, якая доўга займала Таню. Нехта спіной засланіў акно.
Блізка стукнулі дзверы на ганку. Таня хутка прысела. Яна слізганула з сумёта і, пераскокваючы цераз снег, цераз лёд, праз мёрзлыя дошкі палісада, памчалася прэч.
Яна бегла немаведама куды, блукала без напрамку, пакуль хваляванне яе не сціхла. Але якая глыбокая журба ўсё яшчэ цясніла яе істоту!
Таня не адважвалася зайсці ў свой дом. Яна пастаяла яшчэ на двары пад плотам за ствалом бярозы, якая схавала яе ад усіх.
— Што гэта са мной? — гаварыла яна, невядома да каго звяртаючыся.— Што са мной? Адкуль усё гэта, скажыце мне хто-небудзь!
Бяроза маўчала, і шумела адна толькі яліна, неахвотна прапускаючы скрозь хвою халоднае паветра.
Філька выйшаў без шапкі на ганак і ціха паклікаў Таню. Яна не азвалася. Ён зазірнуў нават за браму і пайшоў назад. I толькі калі ён схаваўся, Таня вярнулася ў дом. Яна ўвайшла ў свой пакой, дзе дзеці па-ранейшаму кружыліся вакол яе бацькі. А на крэсле стаяў Коля і мяняў згарэлыя на піхце свечкі. Калі Таня ўбачыла яго, у яе перахапіла дыханне. Яна пахіснулася. Валасы яе былі вільготныя ад інею, уся вопратка ў снезе.
— Таня, дзе ты была? — спытаў з трывогай бацька.
— Я выходзіла на вуліцу падыхаць. У мяне закруцілася галава.
— Тады ідзі лажыся на мой ложак,— сказала маці.
Коля саскочыў з крэсла і падышоў да Тані зусім блізка.
— Пачакай,— сказаў ён,— я хачу паказаць табе свой падарунак. Я хадзіў па яго далёка да знаёмага кітайца.
Ён прынёс ёй спачатку цзлую кучу матылёў — тонкіх чарвячкоў, чырванейшых за ягады шыпшыны ў лесе. Яна паклала іх на печ, дзе сушыліся дровы. Потым ён паказаў ёй маленькі акварыум, дзе плавала залатая рыба. Яна была вялікая, з апушчаным хвастом, падобным на доўгую сукенку. Яна штурхалася ў шкло. Яна ледзьве змяшчалася ў сваіх празрыстых сценах. Лісточкі зеляніны плавалі зверху па ваДзе.
Таня сказала:
— Ты хадзіў па яе да кітайца? I зусім дарэмна. Я не трымаю, як Жэня, рыбак за шклом на акне. Прыйдзецца яе засмажыць.
Коля ссунуў бровы, вочы яго пацямнелі, зрабіліся непранікальныя. Ён як быццам не чуў слоў Тані. Толькі рукі яго аслабелі, акварыум захістаўся, рыба, пляснуўшы хвастом, усплыла наверх, і некалькі кропель вады вылілася цераз край на падлогу.
Коля падышоў да старой, якая ўвесь вечар стаяла ў дзвярах.
— Няня,— сказаў ён,— засмажце гэтую рыбу з бульбай. Таня просіць.
— Так, так,— сказала Таня,— засмажце яе, няня. Яна вельмі смачная. Яна з пароды карасёвых.
I падышоўшы да бацькі, яна ўзяла яго за рукі.
— Тата, мы будзем з табой сёння многа танцаваць. Ты добра танцуеш.
I вось ногі яе, што так многа выбегалі па сумётах і па снезе, зноў пачалі рухацца — цяпер па гладкай падлозе.
Яна станавілася на дыбачкі, каб пакласці руку на плячо бацькі. I калі галава яе, злёгку закінутая назад, стамлялася, Таня нахілялася і лбом прыціскалася да ягонага рукава. A рукі бацькі злёгку пагойдвалі яе. Яна хілілася туды і сюды, як рачная трава, што вырасла на ціхай плыні. I ён быў шчаслівы, усміхаўся. Нарэшце ён быў узнагароджаны за свае намаганні, якія здаваліся яму сёння дарэмнымі: за свае багатыя падарункі, за вясёлыя танцы, за апельсіны ў лёдзе, за некалькі кропель віна, якія дазволіў ён выпіць дзецям.
Маці хадзіла сярод гасцей таксама шчаслівая. Хаця кожны крок яе быў стрыманы, але твар жывы, і нават голас быў у яе іншы.
Таня танцавала і з маці, і з Надзеяй Пятроўнай і, стаміўшыся, спынілася ў кутку за сваім прыбраным дрэўцам. Побач з ёй ля акна стаяў адзінока Філька. Пра яго яна зусім забыла: за ўвесь вечар не сказала яму ні слова.
Філька некалькі разоў паклікаў яе. Яна ўзняла на яго свой няўважлівы позірк.
— А заўтра нехта з Колем пойдзе на каток,— сказаў Філька.
— Ты хіба? — спытала Таня.
Філька паківаў галавой.
— Дык хто ж?
— Жэня.
— А-а...
Таня схапілася за дрэўца. Яно захісталася пад цяжарам яе рукі, і срэбны шарык зваліўся і пабіўся аб падлогу. Таня наступіла на асколкі нагой.
— Што яшчэ прасіў цябе сказаць мне Коля?
Але Фільку ўжо стала шкада яе.
Яго твар, цёмны, як у бацькі і братоў, блішчаў пры святле свечак.
Ён сказаў:
— А я магу свечку з’есці.
Таня моўчкі глядзела на яго. А Філька сапраўды ўзяў з піхты запаленую свечку, пагасіў яе 1 пачаў жаваць.
Таня схамянуласяі
— Што ты робіш, Філька? — закрычала яна. — Можа, гэта шкодна!
— Ты што, Таня, гэта зусім не шкодна,— сказаў Філька. — Гэта не так смачна, але затое смешна. Праўда?
Сапраўды, Таня не магла ўтрымацца ад смеху.
А на вачах у Фількі загарэліся слёзы. Яны, быццам агеньчыкі, свяціліся з-пад ягоных тоўстых павек. Ён усё жаваў і жаваў.
«Чаму ён быццам плача?»
Таня азірнулася, але не знайшла нікога, праз каго Філька мог бы плакаць.
«Можа, у гэтыя дзіцячыя свечкі падмешваюць якое-небудзь горкае рэчыва?»
Яна сілай адабрала ў яго свечку.
— Ты захварэеш, Філька,— сказала Таня.— А раніцай я хацела пайсці з табой на спектакль у школу. I навошта ты, — дадала яна, — паказваеш дзецям дурныя прыклады? Паглядзі.
Побач з Фількам стаяў яго маленькі брат і таксама жаваў свечку. Але ён, напэўна, не адчуваў пры гэтым ніякай горычы. Яго твар з шырокімі сківіцамі быў толькі хітраваты і выказваў поўнае задавальненне.
А ў руцэ ён трымаў апельсін.
XV
Госці разышліся за поўнач, і Таня ўсім пажадала шчасця: сваім дружным і нядружным сяброўкам, і паляўнічаму, 1 Фільку, і бацьку, і маці, і Надзеі Пятроўне.
I Колю сказала:
— 3 Новым годам, Коля! Будзь, сябра, шчаслівы і забудзем пра гэтую дурную рыбу.
Яна вырашыла болей не думаць пра яго.
А сярод ночы Таня спалохана прачнулася. 3 лічынак, што яна ўчора паклала на печ, вывеўся малады камар. Можа, гэта быў і стары камар, які абагрэўся паміж матылёў на печы, але толькі ён раптам ажыў і зазвінеў.