Дзікі сабака дзінга, альбо аповесць пра першае каханне
Рувім Фраерман
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 144с.
Мінск 1975
Гэта было так страшна! Ён звінеў сярод ночы ўзімку, калі яму зусім не трзба звінець.
Таня сядзела на ложку, гледзячы ў цемру, і слухала гэты звон, гэтае трапятанне камарыных крылаў, а сэрца яе стукала моцна, нібы ляскотка начнога вартаўніка.
Няўжо гэты слабенькі гук мог яе спалохаць?
«Трэба яго забіць»,— падумала Таня.
Але камар папішчаў яшчэ трохі і змоўк. Ён памёр сам.
Таня зноў заснула і раніцай прачнулася з радасцю.
Маці пайшла ўжо ў бальніцу на дзяжурства, але гэта не засмуціла Таню. Якое раздолле было ў яе на душы, якім лёгкім стала яе цела — яно нібыта згубіла сваю вагу.
«Што гэта,— думала яна, — канікулы? Ці, быць можа, на самай справе каханне, пра якое без усякага сумнення гаворыць тоўстая Жэня? Ну і няхай каханне... Няхай яно... Але я буду з ім сёння танцаваць на ёлцы. I я пайду на каток. Я ім нв буду перашкаджаць. Я пастаю там з краю за сумётам і пагляджу, як яны будуць катацца. I, можа, у яго на каньку развяжацца які-небудзь раменьчык. Тады я завяжу яго сваімі рукамі. Так, я зраблю гэта абавязкова».
I пакуль Таня мылася і снедала, яна ўвесь час думала пра гэта. I вочы яе ззялі, і новым уражаннем здаваўся ёй кожны яе крок, кожны рух рукі.
Яна натачыла канькі, перавязала іх моцна раменьчыкамі і паклікала старога сабаку, кінуўшы яму на снег кавалачак цукру. Той пашукаў яго, тыцкаючы пысай у розныя месцы, але пры сваім слабым нюху так і не змог знайсці.
I ўсё-такі бедны Тыгр і гэтым разам пайшоў з ёю. Але, як потым разважыў ён сваім старэчым розумам, гэта было абсалютна дарэмна. Яны дарма прастаялі цэлую гадзіну на рацэ ля катка, хаваючыся за кожны сумёт. Нікога яны тут не напаткалі. Пуста было вакол. А тое, што яны ўбачылі ўнізе на рацэ, было нават небяспечна. 3-за далёкага мыса, пакрытага лесам, ціха краўся вецер, ён краем чапляў скалы і з сіленнем здуваў снег з камення.
Так прастаялі яны з Таняй даволі доўга і пайшлі назад. Але толькі яны падняліся наверх па сцежцы за рьібаковымі хатамі, як адразу ж убачылі Колю. Ён ішоў, падтрымліваючы Жэню, а яна нахілялася, коўзалася па ледзяных дарожках, раскатаных дзецьмі рыбакоў. У руках яны трымалі канькі.
Таня завярнула налева ў завулак і стаілася за хатай, схаваўшы свае канькі ў сумёт. Тыгр прысеў побач, гледзячы на яе. Ён не разумеў яе.
Вось Коля прайшоў міма, нічога не прыкмеціўшы, а яна ўсё стаяла. Тыгр паскуголіў трошкі, лапы яго задрыжалі. Ён успомніў пах птушыных костак, якія Коля часта прыносіў яму, і сумленне яго заныла. Ён з віскам скочыў з-за хаты і кінуўся следам за Колем. Той азірнуўся.
— Тыгр, ты тут? — сказаў ён здзіўлена.— А дзе ж Таня?
А Таня — вось яна — выйшла з завулка і стаіць: хавацца больш няма чаго. Твар яе залівае яркая фарба, гусцейшая, чым гэта магло быць ад халоднага ветру, які яшчэ з раніцы дзьмуў 3 усходу.
— Тыгр,— сказала яна,— хадзі зараз жа сюды.
Коля пакланіўся Тані і пайшоў ёй насустрач, як папала размахваючы канькамі.
— Ты была ўжо на катку, так рана? — спытаў ён.— А я думаў, ты з Фількам пайшла на спектакль у школу.
Таня стаяла нерухома, павярнуўшы твар убок, і словы дрэнна слухаліся яе, хаця яна гаварыла ганарліва:
— Я зусім не была на катку, ты ж бачыш, што канькоў у мяне няма. Філька сказаў табе праўду. Мы ідзём з ім у школу на спектакль.
Коля зірнуў на Таніны рукі. Так, канькоў яна не трымала ў руках, не было іх і на плячы.
— Дык гэта праўда? Выдатна! — сказаў ён.— У такім разе, Тыгр, хадзі сюды.
Таня крыкнула:
— Тыгр, ні з месца!
I стары сабака застаўся на месцы, хаця пах смачных костак не ішоў у яго з галавы. Ён пасядзеў яшчэ крышку каля Тані, і, можа, падумаў, што яму рабіць у такім цяжкім выпадку, і, успомніўшы, відаць, пра свае справы, кінуўся назад у завулак, пакінуўшы дзяцей адных.
Услед за ім шпаркімі крокамі пайшла і Таня.
Яна ішла, стараючыся не азірацца назад.
«Не, я не буду болып хавацца ад Колі за хатамі і сумётамі,— думала Таня, ідучы па вуліцы.— Я не завяжу яму раменьчык на каньках, і ніколі не трэба гэтага рабіць».
I як мала ні жыла Таня на зямлі і як доўга ёй яшчэ ні заставалася жыць, але яна рашыла ўсё астатняе жыццё нават не ўспамінаць пра Колю, забыць думаць пра яго. Ёсць жа на свеце радасці лепшыя, чым гэтая, і, напэўна, болып лёгкія.
Япа іх ведала раней, яшчэ зусім нядаўна ловячы фарэль у рацэ ці слухаючы гукі горна на лінейцы ў адным радзе з іншымі.
I Філька зараз чакае яе ў школе на спектаклі, і ля адкрытых варот тоўпяцца яе сябры.
Нарэшце яна можа проста глядзець па баках, ні пра што не думаючы, можа разглядаць свой родны горад. Ён таксама прыносіць ёй радасць. Ён невялікі, але, як і яна, сябруе з яе небам, з чорнымі ад хвой лясамі. I вясной рачныя арлы любуюцца ім з вышыні, Ён і цяпер, узімку, прыгожы. I ён не
ўвесь драўляны. Яго прыстань каменная, і школа каменная, і каменны новы дом, у якім плавяць золата. А колькі новых дарог бяжыць да яго з лесу і зноў уцякае ў лес, дзе ў самай глыбіні днём і ўначы чутно дыханне высокіх труб, плыве новы дым над вяршалінамі кедраў! А колькі машын праходзіць праз горад, абкруціўшы ланцугамі свае колы, каб яны не коўзаліся па снезе!
А вось і стары меднік таксама праходзіць праз горад і крычыць на скрыжаваннях: «Лудзіць, паяць!» Вясной ён носіць сваю маленькую рэйку на плячах, а зімой цягне яе на вяроўцы па снезе, і яна слізгоча, палягчаючы яму працу,— бяжыць за меднікам, як сабачка. Каму што трэба — слізгацца ці не слізгацца. Хіба гэта блага?
I, праводзіўшы вачыма медніка, які грукатаў жалезам, Таня пакрочыла шырэй, хутчэй пабегла наперад да адчыненых варот школы.
Каля школы тоўпіліся дзеці. Але дзіўна, яны не заходзілі, а выходзілі з варот. Яны з крыкам беглі насустрач Тані, і яна доўга не магла зразумець іх словы.
— Буран,— крычалі яны,— буран! Ніякага спектакля не будзе!
Маці, хутаючыся ў футра, хапалі малых за рукі і вялі дадому. Іншых забіралі бацькі.
3 варот выйшла Аляксандра Іванаўна, ведучы за сабой тую самую дзяўчынку, хуткія ногі якой так часта перабягалі Тані дарогу. А за другую руку настаўніцы трымаўся маленькі хлопчык, каторы, як здавалася, нікуды не хацеў ісці.
Таня ўважліва агледзелася вакол. Яна ўзняла вочы і ўбачыла неба, падзеленае рэзка на два колеры — чорны і сіні. Чорным яно было злева, на ўсходзе, і стаяла там прамой сцяной. I сцяг на гарадской каланчы ляцеў наперад, таксама прамы, як струна. На горад насоўваўся буран. Ён плыў высока, ён яшчэ не апускаўся на зямлю.
Таня паглядзела на паветра скрозь пальцы. Яно было цёмнае і густое.
«Буран,— з трывогай падумала Таня,— а яны на рацэ».
— Буран! — крыкнула Аляксандра Іванаўна.— Вяртайся, Таня, дадому. Скажы пра гэта ўсім, каго сустрзнеш.
Але Таня не павярнула. Яна падбегла бліжэй.
— Я ке баюся бурану,— сказала яна.— Я дапамагу вам. Дайце мне дзяўчынку, я завяду яе дадому.
— Яна жыве далёка, каля ракі, дзе баржы.
— Нічога, я ведаю, дзе яна жыве.
— Ну, добра, адвядзі, а я павяду хлопчыка. Толькі глядзі, хутчэй вяртайся дадому,— неспакойна сказала настаўніца.
— Я зраблю ўсё добра, — таропка сказала Таня,— не хвалюйцеся, Аляксандра Іванаўна.
Яна схапіла дзяўчынку за руку, і ўдваіх яны пабеглі па доўгай вуліцы, дзе, не гледзячы на поўдзень, гаспадыні зачынялі аканіцы на вокнах і запальвалі ў дамах агні.
Яны беглі хутка, не спыняючыся, толькі вецер на скрыжаваннях затрымліваў іх.
Ля ракі з вышыні Таня ўбачыла баржы, занесеныя снегам па самыя мачты. А направа — каток. Шырокі і роўны лёд быў чысты ад снегу. Па краях яго на ўбітых колах віселі гірлянды з яловых лапак. Яны матляліся, як снасці на шхуне, якую застала бура. А далёка за катком, на рацэ, на вяршынях адкрытых гор, як кветкі, падымаліся на тонкіх сцяблінах белыя віхуры. На катку нікога не было. Толькі дзве маленькія постаці, трымаючыся за рукі, каталіся па краі.
Таня збегла ўніз па сцежцы і памчалася ўздоўж берага, паглядаючы то на каток, то на дзяўчынку, якая задыхалася ад бегу.
Яна спынілася на секунду.
— Гэта нашы,— сказала дзяўчынка.— Чаго ж ты ім не крычыш?
Але замест адказу Таня прыклала руку дзяўчынкі да свайго сэрца.
— Паслухай, як б’ецца.
— У мяне змерзлі вушы,— сказала дзяўчынка.— Я нічога не чую. Ідзе буран, а яны катаюцца. Чаму ты ім не крычыш?
I Таня зноў не адказала ёй. Яна ўзяла яе на рукі і панесла ў дом, які стаяў на самым беразе.
Праз імгненне Таня зноў паказалася на парозе дома, цяпер адна. Яна скочыла ўніз на лёд і пайшла паміж барж па сцежцы, дзе ногі патаналі ў снезе. Яна вырашыла зусім не спяшацца. Яна пойдзе яшчэ марудней па гэтай цяжкай сцежцы. I хай буран засыпле ёй вочы, засыпле і каток, і гірлянды з яловых галін, да самых гор няхай ён пакрые ўсю раку снегам. Яна не будзе спяшацца. Яна прыйдзе на каток і скажа ім груба: «Пара вам адумацца і разысціся па дамах. Толькі не думайце, што я прыйшла сказаць вам гэта. Я вадзіла дзяўчынку дамоў і выпадкова праходзіла міма. Гэта ваша шчасце, таму што я бачу — вы абое забыліся на ўсё. А калі і не дзяўчынка, то мне проста падабаецца гуляць тут, на рацэ, перад буранам. Можаце не верыць мне, як хочаце. Толькі вы бачыце — вось я павольна прыйшла сюды і пайду зараз, зусім не спяшаючыся».
Так мармытала Таня, паскорваючы крок, пакуль ногі не панеслі яе, як на крылах. Яна імчалася міма змёрзлых барж, і цёмнае паветра гудзела ў яе вушах. А дарожка аказалася самай кароткай з усіх. Яна хутка прывяла яе на каток. Але тут Таня нікога не застала. Яна абвяла вачыма ўсю раку, бераг, што дыміўся на высокіх мясцінах. I нечакана заўважыла Колю блізка, амаль каля ног. Ён сядзеў на снезе побач з хвойнымі гірляндамі, што ўпалі ад ветру, і Жэня сядзела побач з ім. Імгла падбіралася ўжо да сонца.
Таня грудзьмі разадрала яловыя галіны.
— Вы што, сляпыя? — сказала яна Жэні.— Хутка пач-
нецца буран. Аляксандра Іванаўна загадала, каб усе ішлі па дамах.
Але, сказаўшы гэта, яна ўбачыла, што Жэня і без таго напалохана: хаця шчокі яе былі чырвоныя, але яна ўся дрыжала.
— Што здарылася? — у трывозе спытала Таня.
— Гэта ўсё Коля падстроіў,— сказала Жэня, дрыжучы. — Яму хацелася пакатацца са мной на каньках. Але мне страшна, тут вецер.
— Нашто ты маніш? — сказаў Коля.— Хіба ты не хацела пакатацца раніцай?
— А хіба ты не прасіў Фільку, каб той сказаў Тані, што мы раніцай пойдзем сюды? — злосна адказала Жэня.