Эканамічны стан, побыт і гандаль Старажытнай Беларусі (IX-XIII стст.)
Валерый Галубовіч
Выдавец: Экаперспектыва
Памер: 176с.
Мінск 1997
Такі спосаб вырабу юхту, яго афарбоўкі, надання эластычнасці быў добра вядомы гарбарам Беларусі ўжо ў XI ст. і захаваўся ў вёсках амаль да канца XIX ст.
У чырвоны колер скура афарбоўвалася з дапамогай раслінных фарбавальнікаў, якія дастаўляліся на тэрыто-рыю старажытных княстваў Беларусі з Каўказа шляхам гандлю.
У працэсе вытворчасці скуры старажытныя гарбары Беларусі ў IX —XIII стст. шырока спажывалі дзёгаць, які атрымлівалі шляхам сухой перагонкі кары. У асноўным ён вырабляўся ў вёсцы, дзе ў пэўным дастатку было сыраві-ны. У спецыяльных бочках, так званых дзягцярках, дзе-гаць перавозілі ў горад, дзе і рэалізоўвалі на кірмашах.
58
Рыс. 34. Драўляныя калодкі XII —XIII стст. з Мінска
Узоры юхту гарбароў Беларусі XI —XIII стст. добра захаваліся і, нягледзячы на такі доўгі час знаходжання ў зямлі, не страцілі сваёй мяккасці, эластьпнасці, колеру і нават захавалі пах дзёгцю.
Спецыяльна для падэшваў гарбары Полацка, Мінска, Гародні, Слуцка і іншых гарадоў Беларусі выраблялі больш тоўстую і трывалую скуру.
Гарбары мелі свае майстэрні, памеры якіх залежалі ад маёмаснага стану рамесніка. Археолагамі знойдзе-ны рэшткі адной з такіх майстэрань у Полацку, плошча якой перавышала 25 м2. Такая майстэрня была даво-лі вялікай для свайго часу і ў ёй працаваў не адзін чалавек.
Амаль усе гарбары былі і шаўцамі, але сталі назірацца першыя прыметы аддзялення гарбарнага рамяства ад шавец-кага.
На сённяшні дзень археолагамі Беларусі знойдзены дэталі прыкладна ад 600 экзэмпляраў старажытнага абут-ку, некаторыя ўзоры абутку захаваліся амаль цалкам. Знойдзены таксама інструменты шаўцоў — абутковыя калодкі, раскройныя нажы, шылы, іголкі.
Спачатку рамеснік, які спецыялізаваўся на вытворчасці скуранога абутку, вырабляў калодку — своеасаблівую ма-дэль нагі. Менавіта драўляная калодка ўнесла сапраўдны пералом у тэхналогію шавецкага рамяства. Яе з’яўленне сведчыць аб тым, што вытворчасць абутку стала ўжо спецы-яльнасцю, асобным відам рамяства, калі абутак стаў выраб-
59
ляцца на заказ. Калодка была неабходна майстру, каб у адсутнасці заказчыка пашыць абутак неабходнага памеру і формы. Акрамя таго, калодка значна аблягчала пашыў абутку/прымацаванне падэшвы да верху, на калодцы абутак старанна распраўляўся (рыс. 34).
Упершыню абутковыя калодкі на тэрыторыі сучаснай Бе- ларусі з’явіліся ў X ст. У той час яны былі індывідуа-льнымі формамі нагі заказчыка і стандартамі не з’яўлялі-ся. 3 дапамогай калодак выраблялі як мужчынскі, так і жаночы абутак.
Вырабляліся калодкі з аднаго кавалка дрэва — ліпы, бярозы, елкі. Акрамя калодак шаўцы карысталіся нажамі з кароткім, плаўна закругленым лязом, шыламі з прамым ці трохі загнутым вастрыём. Нажы і шылы мелі драўляныя ручкі. Увогуле інструмент шаўцоў Беларусі IX —XIII стст. мала чым адрозніваецца ад прылад працы саматужнікаў-шаўцоў XIX —XX стст.
Верх абутку вырабляўся з цэлага кавалка скуры, таму пры раскроі скуранога матэрыялу, каб пазбегнуць памылкі і выкраіць неабходную загатоўку, шаўцы Беларусі ўжо ў X ст. карысталіся выкрайкамі дэталяў абутку. Без плоскіх выкраек было немагчыма зрабіць форму абутку ўстойлі-вай, дэталі — сіметрычнымі, а таксама добра падагнаць часткі абутку адна да другой. Акрамя таго, пры дапамозе выкраек больш эканомна расходаваўся каштоўны скураны матэрыял, больш эфектыўна ўлічваліся такія якасці скуры, як мяккасць, гібкасць, цягучасць, таўшчыня і г.д. Выкрайкі, як правіла, вырабляліся з больш танных матэ-рыялаў — тканіны, бяросты, радзей з больш танных гатункаў скуры.
Дэталі абутку пры дапамозе шыла сшываліся льнянымі навошчанымі ніткамі, так званай дратвай. Швы былі двух-нітачнымі, што дазваляла даволі трывала прымацоўваць адну дэталь абутку да другой. Прымянялі і патайныя швы, якія на паверхню скуры не выводзілі. Падэшва прышыва-лася да верху абутку прама на калодцы.
Выкарыстанне драўляных калодак у шавецкім рамяст-ве Старажытнай Беларусі дазваляла вырабляць трывалы, зручны і прыгожы для свайго часу абутак. Разнастайныя інструменты і прылады працы павышалі прадукцыйнасць працы шаўцоў і сведчылі аб высокім прафесіянальным узроўні іх майстэрства.
Абутак таго часу можна ўмоўна падзяліць на пяць асноўных тыпаў.
60
1. Поршні. Гэта быў найбольш просты абутак, які нават не шыўся, а згінаўся з аднаго кавалка мяккай скуры. Па пе-рыметры скураной загатоўкі рабіліся адтуліны для рамень-чыкаў, пры дапамозе якіх поршні прымацоўваліся да нагі ні-жэй калена. Галоўка поршняў рабілася ажурнай. Як від абут-ку поршні атрымалі распаўсюджванне на Беларусі з XI ст.
2. Чаравікі. Верх гэтага віду абутку вырабляўся з цэлага кавалка скуры, радзей з некалькіх кавалкаў, якія потым сшываліся патайнымі ці вываротнымі швамі і, як правіла, упрыгожваўся ўзорамі. Прасцейшы ўзор уяўляў сабой шэраг ліній і рысак, больш складаны — геаметрыч-ны ці раслінны арнамент. Чаравікі мелі падкладку з ткані-ны, якая акуратна прышывалася знутры. ІІадкладка рабі-ла чаравікі больш цёплымі, трывалымі і зручнымі, бо ахоўвала нагу ад націрання швамі. Некаторыя чаравікі мелі крыху загнуты ўверх насок. Як правіла, яны фарба-валіся ў чорны колер. Вышыня стаячых борцікаў чаравікаў рабілася такой, каб закрыць шчыкалатку нагі. Ніжэй шчыкалаткі чаравікі сцягваліся раменьчыкамі, якія завяз-валіся ззаду. У XI —XIII стст. чаравікі былі ўлюбёным відам абутку гараджан Беларусі (рыс. 35).
3. Туфлі. Гэты абутак закрываў нагу ніжэй шчыкалаткі і ў адрозненне ад чаравікаў туфлі не мелі стаячых борцікаў. Туфлі пачалі вырабляцца на Беларусі ў XII —XIII стст.
4. Паўбоцікі. Гэты абутак адрозніваўся ад чаравік тым, што меў невысокія халявы. Звычайна паўбоцікі выраблялі-ся з двух кавалкаў скуры. Пярэдняя дэталь паўбоцікаў у сваёй ніжняй частцы служыла галоўкай і вышэй пераходзі-ла ў невысокую халяву. Задняя дэталь у сваёй ніжняй частцы ўтварала мяккі заднік і вышэй таксама пераходзіла ў халяву. Паўбоцікі афарбоўваліся не толькі ў чорны, але і ў чырвоны колер. Такі від абутку атрымаў распаўсюд-жванне на Беларусі з XI ст. (рыс. 36).
5. Боты. Найбольш старадаўні від абутку, які выраб-ляўся старажытнымі шаўцамі Беларусі ўжо ў X ст. Перады і заднікі ботаў вырабляліся з мяккіх, але тоўстых і шчыль-ных скур. Абцасы ў абутку гаго часу адсутнічалі, яны ўпершыню з’явіліся на Беларусі ў XIV ст.
Жаночы абутак у той час істотных адрозненняў ад мужчынскага не меў. Неабходна звярнуць увагу на такі цікавы факт, што ў Полацку — сталіцы першай раннефе-адальнай дзяржавы на тэрыторыі сучаснай Беларусі архе-олагамі не знойдзены нават рэшгкі такога старадаўняга віду абутку, як лапці. А між тым фізіка-хімічныя ўмовы
61
Рыс. 35. Чаравікі з Мінска (а) і Полацка (6)
як лыка, з якога вырабляліся лапці, даволі добра заха-ваўся. Вядомы беларускі археолаг Г.В.Штыхаў зрабіў вывад аб тым, што насельніцтва старажытнага Полацка такі від абутку, як лапці, не ўжывала і не вырабляла.
Рыс. 36. Паўбоцікі
Па форме і тэхналогіі вытворчасці абутак Старажытнай Беларусі меў шмат агульнага з абуткам Ноўгарада, Пскова, Смаленска і іншых старажытных рускіх гарадоў.
Акрамя абутку шаўцы Беларусі ў IX — XIII стст. выраб-лялі са скуры шмат іншых рэчаў — ножны для кінжалаў, чахлы для нажоў, кашалькі розных формаў, мячы для гульняў і інш. Гэтыя вырабы прызначаліся для шырокіх слаёў гараджан і сялян.
У XI ст. сярод рамеснікаў, якія займаліся апрацоўкай скуры і вырабам з яе розных рэчаў, вызначыўся падзел працы. Ужо існавалі кажамякі, чабатарнікі, хамутнікі, сяд-62
зельнікі. Наяўнасць такой даволі вузкай спецыялізацыі сярод гарбарна-шавецкага рамяства Старажытнай Беларусі пераканаўча сведчыць аб яго таварнай вытворчасці, высокім узроўні і значнай ролі ў развіцці народнай гаспадаркі.
Да ліку аднаго з самых распаўсюджаных відаў рамяства на тэрыторыі сучаснай Беларусі ў IX —XIII стст. адносілася апрацоўка дрэва. 3 дрэва будавалі жыллё і гаспадарчыя пабудовы, гарадскія ўмацаванні, разнастайныя механізмы, транспартныя сродкі, шматлікія прылады працы, мэблю, розную пасуду. Драўніну выкарыстоўвалі для ацяплення і асвятлення жылля. Вырабы з дрэва былі шырока прадс-таўлены ў той час на ўнутраным і знешнім рынку.
У X —XII стст. у галіне дрэваапрацоўкі існавала больш 10 спецыяльнасцяў. Гэта плотнікі, сталяры, бондары, токары па дрэве, карабельнікі, сярод якіх вызначыліся будаўнікі асобнага тыпу рачных суднаў — учанікі і г.д. У сваёй працы прадстаўнікі гэтых прафесій выкарыстоўвалі больш 13 відаў рознага інструмента — тапары, пілы, цяслы, долаты, скоблі, свёрлы, стамескі, такарныя разцы, рубанкі і г.д.
Жылыя і гаспадарчыя пабудовы як на вёсцы, так і ў гарадах будаваліся ў той час, як правіла, з дрэва. Перавага драўляных пабудоў была абумоўлена тым, што на Беларусі і ў той час былі даволі халодныя зімы, сырыя восень і вясна, што патрабавала будаваць сухое і цёплае жыллё. Акрамя таго, большая частка сучаснай Беларусі ў IX —XIII стст. была пакрыта вялікімі лясамі, якія былі багатыя танным будаўнічым матэрыялам.
Са старажытных часоў на тэрыторыі Беларусі жыллё будавалася з круглых акораных бярвёнаў, так званага круг-ляка. Нярэдка зруб рубілі прама ў лесе, а потым па частках перавозілі на тое месца, дзе меркавалі будаваць хату. У ніжняй частцы бярвёнаў рабілі паз, з дапамогай якога вянцы падганяліся адзін да другога. Злучалі вянцы ў просты вугал, ці чашку. Такая тэхналогія будаўніцтва была найбольш распаўсюджана на Беларусі ў IX —XIII стст. (рыс. 37).
У асноўным пры будаўніцтве жылых і гаспадарчых пабудоў выкарыстоўвалася сасна, потым елка. 3 дубу выраблялі аснову падмурка і ніжнія вянцы. Асіна ў той час лічылася дрэвам нядобрым і будаваць з яе хаты і хлявы не раілі.
Традыцыйнай формай арганізацыі працы ў будаўніцтве жылля сялян і гараджан, гаспадарчых і культавых пабу-доў, замкаў і палацаў феадалаў была талака. Яна была замацавана ў звычаёвым праве, з’яўлялася вельмі ўдалай
63
Рыс. 37. Двор гараджаніна (рэканструкцыя) формай не толькі ўзаемадапамогі, але і перадачы вытвор-чага вопыту нашчадкам.
Рыс. 38. Хата селяніна (рэканструкцыя)
64
Рыс. 39. Вулічная маставая XI ст.
У IX —XIII стст. будавалі пераважна пяцісценныя драўляныя дамы з двух пакояў плошчай 40 — 60 м2 або дамы з адным пакоем плошчай 20 — 50 м2 (рыс. 38). Будаваліся дамы і значна болынай плошчы, што залежала ад матэрыяльнага становішча гаспадара. Вокны ў дамах у той час рабіліся невялічкімі, вышынёй у адно-два бервяна. Яны завешваліся рагожамі ці закрываліся дошкамі. Шкля-ныя вокны на Беларусі з’явіліся ў XIV ст. Дахі дамоў накрываліся саломай або драўлянай дранкай, радзей до-шкамі. Дошкі выраблялі шляхам расколвання бярвёнаў на плахі пры дапамозе дубовых і кляновых кліноў. Пілы ў гэтай справе пачалі выкарыстоўвацца пазней — у другой палове XIV — першай палове XV ст.