Эканамічны стан, побыт і гандаль Старажытнай Беларусі (IX-XIII стст.)
Валерый Галубовіч
Выдавец: Экаперспектыва
Памер: 176с.
Мінск 1997
Дробны рознічны гандаль пашыраўся за кошт не толькі прадуктаў харчавання, але і вырабаў рамеснікаў. Наву-коўцы прыйшлі да высновы, што на тэрыторыі былой Кіеўскай Русі існавала каля 70 відаў рамяства. Аднак спіс гэтых відаў рамяства, на іх думку, з’яўляецца няпоўным.
Аб формах разліку пры дробным рознічным гандлі навукоўцы так і не прыйшлі да адной думкі. Так, В.Р.Янін лічыць, што пад такой грашовай адзінкай, як куна, трэба мець на ўвазе сярэбраны арабскі дырхем афрыканскай чаканкі масай 2,7 —2,9 г, які пераважаў у грашовым
169
абарачэнні на тэрыторыі Беларусі ў пачатку IX ст.; пад нагатай — аббасідскі і саманідскі дырхемы азіяцкай ча-канкі масай 3,41 г серабра, якія пераважалі ў грашовым абарачэнні з 30-х гг. IX ст. і да 30-х гг. X ст.; пад рэзанай — абрэзаны арабскі дырхем масай у 1,2 г або германскі пфеніг; пад векшай, або веверыцай, — маленькія абрэза-ныя манеты масай 0,34 г серабра.
І.Г.Спаскі пагаджаецца з ім у тым, што куны, нагаты, рэзаны і веверыцы — гэта манеты. Але куна магла азначаць і арабскі сярэбраны дырхем, і заходнееўрапейскі сярэбра-ны дынарый, і сярэбраныя манеты, якія чаканілі тураўскія, кіеўскія і пераяслаўскія князі. Нагату ён раз-глядае як адборную паўнацэнную манету, бо нагата — гэта назва, якая ўтварылася ад арабскага слова "нагд", што азначала адборны, паўнацэнны дырхем. Рэзану і веверыцу І.Г.Спаскі разглядае як абрэзкі дырхема.
Б.А.Раманаў выказвае меркаванне аб тым, што з’яўленне на тэрыторыі ўсходніх славян сярэбраных арабскіх дырхемаў істотна паўплывала на мясцовыя грошы, у якасці якіх выкарыстоўвалася футра куніцы. Складаючы пастаянны эквівалент футру куніцы, арабскі дырхем як асноўная грашовая адзінка таго часу атрымаў яе назву, гэта значыць стаў называцца кунай. Палову дырхема пачалі называць рэзанай, а чацвёртую яго частку — веверыцай. Пры гэтым падзел манеты на часткі адбы-ваўся не толькі пры куплі-продажу, але і ў Азіі, дзе гэтыя манеты вырабляліся. Калі з цягам часу разам з паўнацэн-нымі арабскімі дырхемамі ўсё часцей пры разліках пачалі выкарыстоўваць абрэзаныя па кругу манеты з меншым утрыманнем серабра, то паўнацэнны дырхем пачалі назы-ваць нагата. Адначасова слова "куны" атрымала значэнне грошай увогуле. Такія прыклады, калі назва адной грашо-вай адзінкі дае ўсеагульную назву грошай, характэрны для гісторыі грашовых сістэм і іншых краін Еўропы.
Некаторыя навукоўцы лічаць, што такія дробныя гра-шовыя адзінкі, як куна, нагата, рэзана і веверыца, прымя-няліся для абазначэння тавара-грошай. Так, нагата — гэта цэлая футра куніцы без ног, рэзана — верхняя частка футракуніцы, векша, абовеверыца, — гэта дробныя часткі футра куніцы або вавёркі, напрыклад вушы, лапкі, мор-дачкі і г.д-
Тэорыя, заснаваная на тым, што ў безманетны перыяд у якасці тавара-грошай выкарыстоўвалася футра дзікіх звяроў, у асноўным куніц і вавёрак, атрымала найбольшае
170
распаўсюджванне. Здаецца, што сапраўды каштоўнае футра і яго асобныя часткі маглі выконваць часовыя функцыі дробных разменных грошай на шляху ад вытворцы да спажыўца. Таму невыпадкова, што ў старажытных пісьмо-вых крыніцах утрымліваецца шмат успамінаў замежных купцоў аб вьікарыстанні ў гэты час футравых грошай.
Разам з тым памеры выкарыстання футравых грошай, калі гэта з’ява і мела месца, былі вельмі абмежаванымі і не выходзілі за межы асобных унутраных рынкаў. Пры-мяненне футра і яго частак у якасці сродка абарачэння магло быі№ часовым па прычыне нетрываласці, хуткага зносу, цяжкасці стандартызацыі і ацэнкі каштоўнасці таго ці іншага футра або яго часткі. Таму магчымае выкарыс-танне футра і яго асобных частак у якасці грошай непаз-бежна абмяжоўвалася вузкімі тэрытарыяльнымі і часовымі рамкамі абарачэння.
Трэба, аднак, адзначыць, што пры археалагічных рас-копках навукоўцы знайшлі шмат рэчаў і іх рэшткаў са скуры, але не знайшлі нічога, што хоць бы крыху нагад-вала футравыя грошы. Нават знойдзеныя археолагамі кашалькі, якія датуюцца XII —ХШ стст., гэта значыць імі карысталіся ў безманетны перыяд, нічым не адрозніваюцца ад кашалькоў больш ранняга або больш позняга перыяду, калі існавала манетнае грашовае абарачэнне.
Відавочна, што вывучэнне грашовага абарачэння Ста-ражытнай Беларусі ў XII —XIII стст., у перыяд безманет-нага абарачэння, выклікае вялікія цяжкасці. Куны, нага-ты, рэзаны і веверыцы як дробныя плацёжныя адзінкі, фракцыі або часткі грыўні застаюцца для нас загадкай. Старажытныя пісьмовыя крыніцы не даюць поўных уяўленняў, бо захоўваюць тэрміналогію, якая склалася раней, калі асновай грашовага абарачэння былі іншазе-мныя манеты — сярэбраныя арабскія дырхемы або заход-нееўрапейскія дынарыі.
На нашу думку, куны, нагаты, рэзаны і веверыцы, хоць і лічыліся фракцыямі грыўні і прыраўноўваліся па вазе да той ці іншай манеты, былі ўсё ж такі ўмоўнымі грашовымі адзінкамі, свайго роду ўмоўнымі арыфметычнымі велічы-нямі.
Аб гэтым ускосна сведчаць даныя некаторых пісьмовых крыніц XI ст., якія ўспамінаюць грашовы лік таго часу на чале з сярэбранай грыўняй наўгародскага тыпу:
1 грыўня серабра = 4 грыўням кун, гэта значыць грыўням грошай;
171
1 грыўня кун = 49,25 г серабра = 20 нагатам = 25 ку-нам = 50 рэзанам = 100 веверыцам;
1 нагата = 2,46 г серабра = 1,25 куны = 2,5 рэзаны = = 5 веверыцам;
1 куна = 1,97 г серабра = 2 рэзанам = 4 веверыцам;
1 рэзана = 0,93 г серабра = 2 веверыцам; 1 веверыца = = 0,49 г серабра.
3 гэтага грашовага ліку, які склаўся яшчэ ў XI ст., бачна, што нагата прыраўніваецца да аднаго арабскага сярэбранага дырхема масай у 2,46 г серабра. Самая ма-ленькая грашовая адзінка — веверыца менш за астатнія ўспамінаецца ў пісьмовых крыніцах, таму яе суадносіны з іншымі грашовымі адзінкамі могуць быць і іншымі. Калі ў далейшым у грашовым абарачэнні на тэрыторыі Беларусі з’явіўся заходнееўрапейскі дынарый, які ўтрымліваў ад 1 да 1,5 г серабра, ён даволі ўдала ўключыўся ў гэты грашовы лік.
Масавы прыток заходнееўрапейскай манеты, якая за-мяніла сабой арабскі дырхем, не мог не паўплываць на грашовы лік. Грашовы лік XII ст. ужо не ведае той куны, якая ў адрозненне ад нагаты азначала нізкапробны арабскі дырхем і была роўнай 0,25 грыўні грошай. У XII ст. куна азначала цэлы заходнееўрапейскі дынарый, які быў блізкі да 0,5 грыўні. Змяніўся таксама і курс рэзаны, нагата свайго значэння не страціла.
У агульным выглядзе граіцрвы лік у XII ст. быў прыблізна такім:
1 грыўня серабра наўгародскага тыпу = 4 грыўням грошай ці кун;
1 грыўня кун = 49,25 г серабра = 20 нагатам = 50 ку-нам =100 веверыцам;
1 нагата = 2,46 г серабра = 2,5 куны = 5 веверыцам;
1 куна = 0,98 г серабра = 1 рэзане = 2 веверыцам;
1 веверыца = 0,49 г серабра.
Такім чьша^; Грыўня серабра была асновай грашовай сістэмы, якая існавала на тэрыторыі старажытных княст-ваў і зямель Беларусі ў XII —XIII стст., у перыяд безма-нетнага грашовага абарачэння. Разлікі паміж купцамі, выплаты падаткаў, мыта і штрафаў, дробны рознічны гандаль арыентаваліся на грыўні грошай і яе звьгчныя часткі — нагату, куну, рэзану або веверыцу. Па дагаворы Смаленска, Полацка і Віцебска з Рыгай 1229 г. за забой-ства чалавека накладваўся штраф у 10 грыўняў серабра, за забойства халопа — у 1 грыўню. Другая пісьмовая 172
крыніца XIII ст. "Мітрапалічае правасуддзе” вызначае памеры штрафаў за крадзеж хатняй жывёлы і птушкі: голуба — 9 кун, гуся — 30 кун, кошкі — 3 грыўні, сабакі — 3 грыўні, кабылы — 60 кун, вала — 3 грыўні, каровы — 40 кун, барана — 1 нагата, парася — 1 нагата, авечкі — 5 кун, жэрабя — 1 грыўні. Звяртае на сябе ўвагу вельмі высокая каштоўнасць кошкі і сабакі, толькі вол можа сапернічаць з імі ў цанеГ^
Гэта арыентацыя нйЧрыўню і яе звычныя для на-сельніцтва больш дробныя часткі — нагату, куну, рэзану і веверыцу — працягвалася незалежна ад таго, якімі грашыма разлічваліся ў рэальнасці — дырхемамі, дына-рыямі або іх часткамі. Пры гэтым грыўні серабра выка-рыстоўваліся толькі пры буйных разліках, пры правяд-зенні буйных гандлёвых аперацый, бо былі для свайго часу вялікай грашовай адзінкай. Менавіта гэтым зліткам сераб-ра было прадназначана ў будучым ператварыцца ў рублі.
Такім чынам, грашовае абарачэнне і грашовыя сістэмы старажытных княстваў і зямель, якія існавалі на тэрыторыі сучаснай Беларусі ў IX —XIII стст., былі вынікам працяг-лага гістарычнага развіцця. Гэта была тая старонка эка-намічнай дзейнасці насельніцтва, якая склалася ўжо даўно. Для грашовага абарачэння Старажытнай Беларусі адметнай рысай з’яўляецца цесная сувязь унутранага аб-мену са знешнім гандлем. Гэтая сувязь была абумоўлена тым, што менавіта знешні гандаль быў адзінай крыніцай паступлення на Беларусь арабскага і заходнееўрапейскага серабра — асноўнага сродку грашовага абарачэння. Гра-шовае абарачэнне ў IX —XI стст. складваецца пад уплывам знешняга гандлю, у XII — XIII стст. набывае свае асаблівыя рысы, калі пачынаецца рэдкае ў эканамічнай гісторыі абарачэнне зліткаў каштоўных металаў, у асноўным з серабра і радзей з золата. 7
Пытанні для праверкі
1. Калі ўпершыню на тэрыторыі Беларусі з’явіліся першыя манеты? Апішыце іх.
2. Выдзяліце перыяды ў абарачэнні арабскіх сярэбраных дырхемаў на тэрыторыі Старажытнай Беларусі і вызначце характэрныя асаблівасці кожнага з іх.
3. Назавіце і растлумачце сутнасць меркаванняў аб разліку арабскімі манетамі на вагу.
4. Апішыце заходнееўрапейскія дынарыі. Параўнайце іх з арабскімі дырхемамі.
5. У чым заключаюцца галоўныя прычыны спынення прытоку заходнееўрапейскіх сярэбраных дынарыяў на Беларусь? Растлумачце іх.
173
6. Якія віды грашовых адзінак перыяду безманетнага грашовага абарачэння ведаеце Вы? Дайце іх класіфікацыю.
7. Абмяркуйце думкі навукоўцаў аб формах разліку пры дробным рознічным гандлі ў безманетны перыяд грашовага абарачэння на Бела-РУС»
8. Раскрыйце сутнасць грашовага ліку ў XI і XII стст.
9. Выявіце адметныя рысы грашовага абарачэння на Беларусі ў IX-XIII стст.
10. Як узаемаўплывалі знешні гандаль і грашовае абарачэнне Ста-ражытнай Беларусі?
Кантрольныя заданні
1. Распрацуйце схему шляхоў паступлення арабскіх дырхемаў на Беларусь.
2. Параўнайце розныя перыяды ў грашовым абарачэнні Старажыт-най Беларусі і выявіце адметныя рысы кожнага з іх.