Эканамічны стан, побыт і гандаль Старажытнай Беларусі (IX-XIII стст.)
Валерый Галубовіч
Выдавец: Экаперспектыва
Памер: 176с.
Мінск 1997
Волакі, як правіла, былі даволі густа для свайго часу заселены, на іх склаўся асаблівы від гаспадарчай дзей-насці. Насельніцтва волакаў, ці валачане, зарабляла на жыццё перавозкай грузаў і іх абслугоўваннем. Валачане валодалі інвентаром для перавозкі рачных суднаў па зямлі, якога купцы не мелі. Акрамя таго, для гэтага патрабаваліся шматлікія прыстасаванні — каткі для выцягвання суднаў на бераг, канаты, валакушы, колы для перавозкі невялікіх суднаў і тавараў, цяглавая жывёла. Гэта рабіла валачан незалежнымі і прыносіла ім значны прыбытак. Кіраваў волакам волацкі цівун. Гэта была афіцыйная асоба, якая па даручэнні князя збірала за праезд праз волак спецыяль-ны грашовы падатак. Развіццё водных гандлёвых шляхоў і волакаў патрабавала новых рамесных спецыяльнасцяў. Да ліку самых распаўсюджаных спецыяльнасцяў у X — XIII стст. адносіліся перавозчыкі, якія перавозілі грузы і людзей не толькі ад аднаго берага ракі да другога, але і па рацэ ад аднаго паселішча да другога. Сярод рамеснікаў, якія абслугоўвалі рачныя судны і волакі, былі грузчыкі, рулявыя, весельнікі і г.д. Шмат з’явілася новых спецыяль-насцяў і ў суднабудаванні.
Усе водныя гандлёвыя шляхі, іх асноўныя напрамкі і адгалінаванні, а таксама волакі выкарыстоўваліся перш за ўсё для перавозкі грузаў. Выкарыстоўваліся яны і ў якасці ваенных дарог. У пасажырскіх перавозках старажытныя водныя шляхі Беларусі адыгрывалі нязначную ролю.
He ўсе волакі на Беларусі мелі аднолькавае значэнне, большая частка іх мела мясцовае значэнне. Адным з галоўных волакаў на тэрыторыі Полацкага княства быў волак каля Лукомля, які знаходзіўся ля возера Лукомль. У гэтым месцы сходзіліся рэкі Друць, Бобр і Усіца, прыток Улы. Непадалёку працякае рака Обаль, якая ўпадае ў Лучосу, прыток Заходняй Дзвіны. Праз гэты волак купцы з Ноўгарада па Заходняй Дзвіне пападалі ў Балтыйскае мора.
143
Важным па значэнні быў Усвяцкі волак. Горад Усвят быў адным з самых старажытных гарадоў Беларусі. Упер-шыню ён упамянуты ў летапісе пад 1021 г. у сувязі з барацьбой полацкага князя Брачыслава з кіеўскім князем Яраславам Мудрым. У выніку ваеннага канфлікту Усвят разам з Віцебскам увайшоў у склад Полацкага княства. Менавіта Усвят і Віцебск, якія займалі ключавое становіш-ча на адрэзку ад Дняпра да Ловаці старажытнага воднага гандлёвага шляху з вараг у грэкі, і сталі прычынай бараць-бы Брачыслава з Яраславам Мудрым. Узросшая палітыч-ная і эканамічная моц Полацкага княства прымусіла кіеўскага князя саступіць, і барацьба за вельмі даходныя месцы — Усвят і Віцебск — закончылася перамогай по-лацкага князя Брачыслава. У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай г.Усвят у 1772 г. адышоў да Расіі і зараз гэта в. Усвяты Пскоўскай вобласці Расійскай Федэрацыі.
Каля г.Усвят існаваў волак, які пачаў дзейяічаць у першай палове X ст. Да волака шлях ішоў так: вярхоўе Дняпра — рака Каспля — рака Заходняя Дзвіна — возера Усвят — возераУзмень — волаку 7 вёрстаў — ракаЛоваць — возера Ільмень і далей на поўнач. У гэтых месцах людзі пасяліліся ўжо ў IX ст.
Каля гэтага горада на захад ад возера Ужанскае зна-ходзіцца і зараз балоцістая мясцовасць, якая і ў тыя часы была даволі лёгка праходнай. Яна мела назву Валочынскі мох. У гэтым імху часта знаходзілі рэшткі старадаўніх рачных суднаў і прыстасаванняў для іх перавозкі. Ад Вало-чанскага мху амаль на 2 км цягнуўся канал шырынёй 6 — 8 м пад назвай "Капанка". Гэты канал злучаў Валочынскі мох і ручай пад назвай "Чырвоны Валочынскі", які ўпадаў у раку Ловаць. Агульная працягласць Усвяцкага волака складала 7,7 км. Кантроль за ім ажыццяўляў г.Усвят (рыс. 50).
У Валочынскім імху для перавозкі суднаў колы былі не патрэбны. Па мяккім імху тэхналогія валачэння заклю-чалася ў тым, каб набіць на плоскае дно судна падбойныя брусы або полазы, а потым з дапамогай канатаў і цяглавай жывёлы перацягнуць судны. Перад тым як спусціць судны на ваду, валачане займаліся іх рамонтам, аглядалі і раман-тавалі ветразі, замянялі канаты і г.д.
Акрамя водных гандлёвых шляхоў існавалі і сухапут-ныя. Аднак сухапутныя гандлёвыя шляхі Беларусі IX — XIII стст. даследаваны значна горш водных. У Полацкім, Тураўскім і іншых княствах Беларусі сухапутныя дарогі, асабліва на вялікія адлегласці, як правіла, не пракладвалі-144
ся. Разгалінаванасць рэк, вялікая колькасць азёр і балот, невялікіх рэчак і ручаёў, веснавыя паводкі, якія амаль да сярэдзіны лета затаплялі поймы рэк, ускладнялі стварэнне ўстойлівай сеткі сухапутных гандлёвых шляхоў. Толькі ўзімку, калі мароз скоўваў рэкі льдом, сухапутнымі шля-хамі станавіліся самі рэкі.
Аднак і ў IX —XIII стст. праз лясы, балоты і ўзгоркі пракладваліся сухапутныя шляхі зносін па склаўшыхся раней гандлёвых шляхах. Такія дарогі звязвалі гарады і паселішчы, праходзілі ў асноўным па рачных далінах і іншых найбольш зручных месцах у абход вялікіх магутных лясоў. Ваенныя дарогі пачалі пракладвацца на Беларусі ў XIV ст.
У IX —XIII стст. толькі праз тэрыторыю Полацкага княства праходзіла 7 асноўных сухапутных гандлёвых 10 Зак. 5059 145
шляхоў, якія звязвалі Полацк з Віцебскам, Мінскам, Ноўгарадам, Псковам, Рыгай, Лівоніяй.
Сухапутны шлях на Рыгу праходзіў ўздоўж Заходняй Дзвіны. Менавіта па гэтай дарозе полацкія князі хадзілі за данінай у залежныя ад Полацка гарады на тэрыторыі Латгаліі — Герцыке і Кукейнас. У асноўным гэты шлях пралягаў па правым беразе Заходняй Дзвіны, у XIV ст. пачаў выкарыстоўвацца і левы бераг.
На Ноўгарад і Пскоў сухапутных гандлёвых шляхоў было няшмат, бо гэтыя месцы і сёння густа пакрыты лясамі. Зыходзячы з даных археалагічных даследаванняў, можна меркаваць, што сухапутны шлях пачынаўся з ракі Ловаць і праз Мінтурава,. Струнь, Смарычы, Домнікі, далей уздоўж ракі Сосніца да Палучча і Малога Сітна, потым праз Страсліцы, Аўдзеева, Белахвостава, Буцнева да Емгнца і далей на Ноўгарад. 3 Полацка цераз Дуброўна, а з Віцебска цераз Усвяты сухапутным шляхам таксама можна было папасці ў Пскоў і Ноўгарад. Сухапутныя гандлёвыя шляхі звязвалі таксама Друцк з Псковам і Ноўгарадам, Полацк і Віцебск — са Смаленскам.
Некалькі сухапутных гандлёвых шляхоў вялі з Полац-ка на поўдзень, па якіх ажыццяўлялася сувязь з гарадамі Кіеўскай Русі. Сухапутны шлях з Полацка ў Кіеў ішоў уздоўж левага берага Заходняй Дзвіны да водападзела паміж Сергутам і Эсай, потым крута паварочваў на поўдзень, перасякаў Бярэзіну і Прыпяць і ўздоўж правага берага Дняпра прыводзіў ў Кіеў.
У Мінску зыходзіліся некалькі сухапутных гандлёвых шляхоў. Сухапутны шлях, які праходзіў праз Мінск з захаду на ўсход, звязваў буйныя гарады Беларусі таго часу — Ізяслаўль, Мінск, Лагойск, Барысаў, Друцк, Оршу і па правым беразе Дняпра выводзіў да Смаленска. Асабліва інтэнсіўна гэты сухапутны шлях пачаў выкарыстоўвацца ў XIII ст. пасля ўтварэння Вялікага княства Літоўскага.
3 Мінска на Тураў сухапутны шлях вёў старажытных гандляроў праз Ізяслаўль, Ракаў, Койданава, Грозава, Слуцк, Старобін, Жыткавічы. Гэтым шляхам Мінск быў звязаны і з Гародняй. 3 Клецкам Мінск і Ізяслаўль звязвалі сухапутныя шляхі цераз Ракаў, Волму, Рубяжэві-чы, Стаўбцы, Нясвіж. У гэтым напрамку ішла дарога ва Уладзімір-Валынскі.
Сухапутныя гандлёвыя шляхі існавалі паміж Мінскам і Кіевам. Адзін з іх вёў уздоўж Пцічы, потым левага берага Прыпяці і па правым беразе Дняпра прыводзіў ў Кіеў. 146
Добра вядомымі ў XI —ХІП стст. былі шляхі з Мінска на Слуцк, Клецк і Друцк.
Друцк звязвалі з Чарнігавам два шляхі — водны і сухапутны. Водны ішоў па рацэ Друць, потым каля Рага-чова пераходзіў ў Днепр і каля таго месца, дзе ў Днепр упадала Дзясна, зварочваў у яе. Сухапутны шлях з Друцка ў Чарнігаў трымаўся спачатку берага Дняпра, але ў Рага-чове зварочваў на паўночны захад і ішоў паралельна рацэ Друць. Акрамя таго, Друцк меў некалькі водных і суха-путных гандлёвых шляхоў з Пераяслаўлем.
Шмат водных і сухапутных гандлёвых шляхоў звязва-ла гарады Старажыгнай Беларусі з Масквой, Уладзімірам на Клязьме. Паміж Оршай і Лукомлем, напэўна, была прамая дарога, па якой у 1078 г. праімчаўся Усяслаў Полацкі, калі ратаваўся ад кіеўскага князя Манамаха пасля падзення Смаленска.
У IX —XIII стст. існавала шмат унутраных сухапутных гандлёвых шляхоў, якія звязвалі паміж сабой гарады і населеныя пункты асобных княстваў і зямель Беларусі. Так, з Віцебска ў Полацк купцы ехалі як па Заходняй Дзвіне, так і па сухапутнай дарозе, якая вяла ўздоўж правага берага ракі. 3 Полацка на Друцк вялі некалькі сухапутных шляхоў, адзін з якіх ішоў праз Чашнікі, Лукомль, Талачын.
3 Полацка на Мінск таксама існавала некалькі шляхоў, але часцей за ўсё выкарыстоўваліся два: адзін праз Ушачы, Лепель, Барысаў і Смалявічы, а другі — праз Камень, Лепель і далей на Барысаў. Але шмат хто з гандляроў выкарыстоўваў і больш доўгі шлях на Мінск цераз Ізя-слаўль.
Сухапутныя гандлёвыя шляхі звязвалі Ізяслаўль, Мінск, Лагойск, Лукомль, Друцк. Так, з Ізяслаўля ў Лагойск веў сухапутны шлях цераз Загор’е, Осава, Папер-ню, Бараўцы і Астрашыцкі гарадок. 3 Лагойска ў Друцк гандлёвы шлях вёў праз Талачаны, Бобр, Крупкі і Лошні-цу-
Аднак у IX —XIII стст. не ўсе населеныя пункты Бела-русі былі звязаны паміж сабой сухапутнымі шляхамі, хоць гандлёвыя шляхі ў той ці іншай форме існавалі. Менавіта старажытныя водныя і сухапутныя гандлёвыя шляхі сталі правобразам шляхоў зносін на Беларусі. Той факт, што на тэрыторыі Беларусі ў IX —XIII стст. была даволі разгалі-наваная для свайго часу сетка шляхоў зносін, пацвярджа-ецца шматлікімі ваеннымі паходамі, бо, каб прайсці цяжка
147
ўзброенаму войску, неабходны былі хоць якія-небудзь дарогі. Улічваючы, што большая частка тэрыторыі Бела-русі была ў той час пакрыта вялікімі і магутнымі лясамі, па ёй працякала мноства паўнаводных рэк, мелася шмат балот, азёр, рэчак і ручаёў, войска не магло траціць шмат часу на пракладванне дарог там, дзе іх увогуле не было. Калі было магчыма, дарогі напярэдадні прыводзіліся ў парадак, узводзіліся масты, масціліся гаці, праз невялікія лясы пракладваліся дарогі, па якіх у хуткім часе павінны былі прайсці вайсковыя атрады. Характэрна, што тэрмінам "дарога", які з’явіўся ў XII ст., называлі шлях, па якім толькі што прайшло войска.
У зімовы час снежныя заносы значна абцяжарвалі рух па сухапутных гандлёвых шляхах. Але яшчэ горш справа выглядала ўвосень і ўвесну, калі ішлі шматлікія дажджы. Калі Напалеон у 1812 г. казаў, што ў Літве і Беларусі гразь — гэта пятая стыхія, то можна сабе ўявіць стан сухапутных гандлёвых шляхоў на Беларусі ў IX —XIII стст. увосень і ўвесну.