Экскурсіі ў свет жывёл
Дапаможнік для настаўніка
Аляксандар Курскоў
Выдавец: Народная асвета
Памер: 80с.
Мінск 1984
Калі месца экскурсіі знаходзіцца на значнай адлегласці ад школы, то трэба карыстацца транспартам.
11. Замацуйце экскурсію ў памяці вучняў. Экскурсія
можа лічыцца закончанай, калі ўвесь сабраны матэрыял перапрацаваны і падведзены вынікі. Дабівайцеся максімальнага выкарыстання матэрыялаў экскурсіі ў выкладанні заалогіі.
Схема плана правядзення экскурсіі ў прыроду
Арганізацыйная частка.
1. Тэма. Мэта. Дата. Клас.
2. Месца правядзення. Маршрут з указаннем паслядоўнасці прыпынкаў і прыкладнай адлегласці паміж імі. Размеркаванне часу на асобныя пункты маршруту.
3. Арганізацыя вучняў. Папярэджанне аб часе, экіпіроўцы і спосабе перамяшчэння да месца экскурсіі. Утварэнне звёнаў. Размеркаванне індывідуальных і групавых заданняў, абсталявання. Паўтарэнне па падручніку.
4. Абсталяванне для настаўніка, звёнаў і кожнага вучня.
5. Праверка наяўнасці вучняў і размеркаванне абсталявання.
Ход экскурсіі.
1. Уступная гутарка. Знаёмства з тэмай і мэтай. Характарыстыка біяцэнозу, сезона. Напамінанне асноўных тэарэтычных палажэнняў, якія трэба праверыць у ходзе назіранняў. Асноўныя напрамкі работы на экскурсіі. Правілы паводзін вучняў. Неабходнасць беражлівых адносін да прыроды.
2. Работа па выкананню заданняў на асобных прыпынках маршруту. Назва задання. Інструктаж аб методыцы яго выканання. Самастойная работа па знаходжанню і вывучэнню аб’ектаў. Калектыўнае абмеркаванне вынікаў асобных назіранняў. Дадатковыя тлумачэнні настаўніка.
3. Заключная гутарка. Абмеркаванне агульных вынікаў работц. Дасягненне мэты экскурсіі. Указанні па афармленню справаздачы, апрацоўцы сабранага матэрыялу, арганізацыі назіранняў у школе за жывымі аб’ектамі.
4. Праверка наяўнасці вучняў і абсталявання. Вяртанне ў школу.
Пасляэкскурсійная работа. Размяшчэнне жывых аб’ектаў у кутку жывбй прыроды. Працяг назіранняў за імі. Апрацоўка матэрыялу, прызначанага да захавання (выпростванне насякомых, фіксацыя, засушка, манціроўка калекцый). Афармленне справаздач па заданнях і па ўсёй экскурсіі. Магчыма правядзенне ўрока-гутаркі па матэрыялах экскурсіі або напісанне сачынення «Што я бачыў на экскурсіі».
Дысцыпліна на экскурсіях. Настаўнік павінен памятаць, што на экскурсіі ён адказвае не толькі за выкананне вучэбных заданняў, але і за здароўе і жыццё вучняў. Адсутнасць належнай дысцыпліны можа не толькі сапсаваць усю работу, але і прывесці да няшчасных выпадкаў. Каб пазбегнуць гэтага, трэба патрабаваць ад вучняў выканання наступных правілаў: не адлучацца без дазволу настаўніка; строга выконваць прыняты план; не купацца без дазволу; не лазіць па дрэвах і равах; па населенаму пункту рухацца строем, прытрымліваючыся ўказанняў светлафораў; там, дзе няма пешаходных дарожак, рухацца па левым баку дарогі, насустрач транспарту; не забягаць наперад і не адставаць; асцярожна абыходзіцца з рэжучымі і колючымі інструментамі, шкляным посудам; берагчы прыроду.
Пры пераходах вучні могуць і пабегаць, і паспяваць. Пры выкананні самастойнай работы патрэбна больш жорсткая дысцыпліна, але вучні могуць свабодна перамяшчацца і размаўляць паміж сабой. У час гутаркі патрэбна дысцыпліна, блізкая да той, якая бывае на ўроках у класе. Вучні пры гэтым менш стамляюцца і працуюць больш эфектыўна.
Настаўніку трэба ўлічваць, што дысцыпліна можа парушацца пры недастатковай загружанасці, неканкрэтных заданнях, няправільным размяшчэнні вучняў вакол аб’екта, ціхім голасе настаўніка і г. д.
Дасканалая і рознабаковая падрыхтоўка настаўніка ў спалучэнні з разумнай патрабавальнасцю — залог поспеху любой экскурсіі.
ВЕСНАВАЯ ЭКСКУРСІЯ НА ВАДАЕМ
Вадаём з’яўляецца найбольш зручным месцам для правядзення першай экскурсіі па заалогіі, таму што:
1. Жывёлы вадаёмаў сустракаюцца ў любой канаве, лужы, сажалцы, затоцы. Важна, каб яны знаходзіліся недалёка ад школы і падысці да іх было зручна. 2. Экскурсія можа быць праведзена ў любы сезон (нават зімой). Найбольш спрыяльны час яе правядзення—другая палавіна мая — канец верасня. 3. У вадаёмах сустракаюцца.жывёлы амаль усіх сістэматычных груп (тыпаў, класаў, атрадаў). 4. Колькасць відаў кожнай групы невялікая. Гэта дае магчымасць настаўніку параўнальна лёгка ў іх разабрацца. 5. Склад відаў пэўнага вадаёма ў значнай ступені пастаянны. Папярэдняя, пробная лоўля дапаможа настаўніку прадугледзець, якія жывёлы яму могуць сустрэцца, і зага-
дзя падрыхтавацца. Гэта пазбавіць ад усялякіх нечаканасцей у час экскурсіі. 6. На жыхарах вадаёма можна вельмі добра паказаць узаемасувязь паміж будовай арганізма жывёлы, яго жыццёвымі функЦыямі і тымі ўмовамі, дзе ён жыве. 7. Умовы назірання за жывёламі могуць быць дастаткова блізкімі да натуральных. У шкляных слоіках з вадой арганізмы працягваюць рухацца, дыхаць, а часам і карміцца.
На гэтай экскурсіі, акрамя насякомых, карысна разгледзець прадстаўнікоў іншых сістэматычных груп беспазваночных жывёл, якія вывучаліся ў школе.
На адным з урокаў, які папярэднічае экскурсіі, настаўніку трэба разбіць клас на звёны і выбраць адказных за абсталяванне і інструктароў. Кожнаму вучню-інструктару даць заданне па кнігах (1, 11, 14, 17) (глядзі спіс літаратуры на с. 79) падрыхтавацца да распазнавання 3—5 жывёл пэўнага слоя вадаёма. Гэтыя вучні дапамогуць настаўніку ў час самастойнай работы па адлову і вывучэнню жывёл.
Адказныя за абсталяванне павінны паклапаціцца аб наяўнасці і спраўнасці экскурсійных прылад. Яны ж будуць сачыць за іх захаванасцю ў час экскурсіі.
Настаўнік папярэджвае вучняў аб даце, часе, месцы збору і неабходнасці мець блакноты і алоўкі.
План экскурсіі
Тэма. Разнастайнасць і паводзіны водных жывёл.
Мэта. Пазнаёміцца з найболып звычайнымі відамі жывёл вадаёма і іх прыстасаванасцю да ўмоў жыцця.
Абсталяванне. Для настаўніка: вызначальнік жывёл вадаёма (11, 17), карткі з заданнямі для самастойнай работы, белая фотаванначка (30X40), акварыумны сачок. Для звяна: даведнік аб жывёлах вадаёма (1), водны сачок, экскурсійнае вядзерца або бітон, 2—3 паўлітровыя слоікі з вяровачнымі ручкамі, 2—3 белыя фотава-нначкі 13X18 см (пластмасавыя або алюмініевыя міскі), пінцэт на шнурку, лупа 10 х — 15 х, 2—3 прэпаравальныя іголкі, швейныя іголкі, слоік з вазелінам або іншым тлушчам. Пажадана мець фотаапарат «Зеніт» з падаўжальнымі кольцамі. Для кожнага вучня: блакнот і аловак (ручка).
Ход экскурсіі. Уступная гутарка. Работа 1. Жыхары паверхні вадаёма. Работа 2Жыхары тоўшчы вадаёма. Работа 3. Жыхары дна вадаёма. Заключная гутарка.
Пры вы-кананні кожнай работы прытрымліваюцца агульнай схемы дзеянняў: арганізацыя назірання ў вадаёме; інструктаж аб прыёмах лоўлі жывёл пэўнага слоя вадаёма; самастойная работа па адлову жывёл адпаведнага слоя; самастойная работа па вывучэнню адлоўленых жывёл і абмеркаванне вынікаў назіранняў.
Метадычныя заўвагі да ходу экскурсіі
Ва ўступнай гутарцы высвятляюцца наступныя палажэнні:
1. Кожны арганізм жыве ў пэўным асяроддзі. Асяроддзем называюць усё тое, што акружае арганізм. Мы будзем знаёміцца з жыхарамі воднага асяроддзя.
2. Вада як' асяроддзе жыцця амаль у 800 разоў шчыльнейшая за паветра. Вялікая шчыльнасць вады абумоўлівае наяўнасць выштурхваючай сілы. Вада ўтрымлівае ў раствораным стане значную колькасць газаў і мінеральных рэчываў. Колькасць і састаў мінеральных рэчываў залежыць ад хімічнага саставу глебы берагоў і дна вадаёма.
3. Жыццё водных жывёл цесна звязана з наяўнасцю раслін або раслінных рэшткаў. Там, дзе ёсць расліны, больш кіслароду і ежы для раслінаедных жывёл. Тут жа трымаюцца і драпежнікі. Значыць, жыхароў вадаёма трэба шукаць там, дзе больш раслін.
4. Элементы воднага асяроддзя (шчыльнасць, хімічны састаў глебы, колькасць раствораных газаў, тэмпература, расліны і г. д.) ствараюць умовы існавання жыхароў вадаёма і аказваюць уплыў на іх будову, жыццёвыя функцыі і паводзіны.
Асноўная задача экскурсіі — пазнаёміцца з найбольш звычайнымі відамі жывёл вадаёма і асаблівасцямі іх будовы ў сувязі з жыццём у водным асяроддзі.
Жыццё на паверхні вады адрозніваецца ад жыцця ў тоўшчы вады або на дне. Таму кожны слой вадаёма будзе вывучацца ў тры паслядоўныя этапы.
Кожны вучань абавязаны выканаць усе заданні на кожным этапе работы і зрабіць пра іх кароткую справаздачу. У час экскурсіі неабходна весці запісы. Акрамя таго, кожнае звяно будзе пісаць больш падрабязную агульную справаздачу па адной з работ. За першым звяном замацоўваецца апісанне жыхароў паверхні вадаёма, за другім — тоўшчы вады і водных раслін, за трэцім — дна. Пасля заканчэння назіранняў усіх жывёл са слоікаў выпускаюць.
Работа 1. Жыхары паверхні вадаёма. Звычайна вучні імкнуцца як мага хутчэй пачаць лоўлю жыхароў вадаёма. Пры гэтым бывае страчана магчымасць назірання за жывёламі, якія спакойна трымаюцца на паверхні вады. Аб гэтым неабходна папярэдзіць.
Настаўнік звяртае ўвагу вучняў на насякомых, якія хутка перамяшчаюцца па паверхні вадаёма, і называе іх. Гэта можа быць вадзяны клоп вадамерка, даволі буйное (15—17 мм) насякомае з вузкім целам. Яна хутка перамяшчаецца, робячы рэзкія рыўкі і спыняючыся час ад часу. Складаецца ўражанне, што вадамерка быццам мерыць вадаём, адкуль і пайшла яе назва. Калі на шляху сустракаецца ліст расліны або дробная галінка, яна лёгка пераскоквае праз гэту перашкоду. Можна заўважыць, што цела вадамеркі не датыкаецца да паверхні вады, а прыўзнята на доўгіх нагах.
Другое звычайнае для паверхні вады насякомае — вадзяны жук-вяртун. Ён значна драбнейшы за вадамерку (5—7 мм). Mae бліскучае сплясканае цела, якое ляжыць на вадзе. У час руху жук апісвае невялікія кругі ў розных напрамках. Гэту асаблівасць вертуна перадае яго назва. Пры небяспецы жукі хутка ныраюць.
Настаўнік звяртае ўвагу вучняў на стракоз і ставіць пытанне, чаму значная колькасць стракоз трымаецца каля вадаёма. Гэта пытанне мае праблемны характар. 3 біялогіяй стракоз вучні ў школе не знаёмяцца і таму могуць выказваць розныя меркаванні. 3 адказам на пытанне спяшацца не варта. Вучні атрымаюць яго пры выкананні апошняй работы. У гэтым выпадку будзе выкарыстаны прыём адтэрмінаванага адказу, які садзейнічае падтрыманню цікавасці вучняў да аб’екта вывучэння.
На назіранні адводзіцца каля 3—5 мін. Большая працягласць стамляе вучняў, і ўвага іх пераключаецца на іншыя прадметы.