Этнаграфічная спадчына: Беларусь: Краіна і людзі
Віктар Цітоў
Выдавец: Беларусь
Памер: 208с.
Мінск 2001
ЭВ.С.Цітоў тнаграфічная СПАДЧЫНА Беларусь. Краіна і людзі
2ое выданне
МІНСК «БЕЛАРУСЬ» 2001
УДК 39(476)(091)
ББК 63.5(4Бен)
Ц 74
Цітоў В.С.
Ц 74 Этнаграфічная спадчына: Беларусь: Краіна і людзі/ В. С. Цітоў.— 2ое выд.— Мн.: Беларусь, 2001.— 208 с.: іл.
ISBN 9850103728.
Кніга дае асновы этнаграфічных ведаў пра беларускі народ (этнас) і яго старажытную культуру. Першая частка знаёміць чытача з асноўнымі паняццямі ў этнаграфіі, асаблівасцямі этнагенезу і этнічных працэсаў на Беларусі, з яе геапалітычным становішчам і этнічнай тэрыторыяй, а таксама з міжэтнічнымі сувязямі і стасункамі з суседзямі (рускія, палякі, украінцы, літоўцы) і іншымі народамі (яўрэі, татары, цыганы), што здаўна пражывалі на Беларусі. Гісторыкакультурная спадчына розных краёўрэгіёнаў адрозніваецца багатымі фарбамі і паўстае перад намі як жывое дрэва, вечна пульсуючая крыніца народнай творчасці і духоўнай энергіі Аслбняя Увяга Ўдзяляецца беларускаму замежжу.
Кніга багата ілюстравана. Адрасуецца ўсім тым, хто цікавіцца гісторыяй і культурнай спадчынай народа, пойдзе на карысць і студэнтам, гупткоўпамкпаязнаўцам, вучням старэйшых к~—"
»дл 39(476)(091)
ББК 63.5(4Бен)
ISBN 9850103728
© Цітоў В. С„ 1996
© Выдавецтва «Беларусь», 1996
УВОДЗІНЫ
Этнаграфія — навука аб народахэтнасах, іх паходжанні і жыццядзейнасці, быце і культурных традыцыях. Кожны народ мае ўласную гісторыю і культурную спадчыну, якая ўвасобіла шматвяковы працоўны вопыт, духоўныя памкненні і творчы плён многіх пакаленняў. Народ заўсёды быў сапраўдным творцам і носьбітам нацыянальных традыцый, якія ён рупліва захоўваў і ўзбагачаў, перадаючы як святыню ў спадчыну сваім нашчадкам. Нягледзячы на неспрыяльныя гістарычныя ўмовы, што не раз ставілі беларускі народ на мяжу генацыду і вынішчэння, яго традыцыйная культура, маючы здаровыя карані, пасля чарговай навалы зноў і зноў адраджалася на папялішчах і буяла маладымі парасткамі, выяўляючы жыццяздольнасць, унутраную пругкасць і багатую лакальную разнастайнасць.
Этнаграфія — гэта слова грэчаскага паходжання: ethnos — племя, народ, grapho — пішу, даслоўна — «апісанне народаў». У апошнія гады паралельна з гэтай назвай у спецыяльнай літаратуры ўсё часцей ужываецца тэрмін «этналогія», што вызначае этнаграфію як тэарэтычную дысцыпліну ў адрозненне ад апісальнай (ethnos — народ, logos — вучэнне, навука). I той і другі тэрміны маюць права на існаванне і могуць ужывацца ў розных кантэкстах як узаемазамяняльныя словысінонімы. Тым больш, што ў навуковых этналагічных даследаваннях бывае вельмі цяжка і няпроста адчляніць канкрэтны факталагічны матэрыял ад тэарэтычных выкладак і абагульненняў, якія магчымы толькі на аснове канкрэтных этнаграфічных ведаў.
Асноўнымі раздзеламі або праблемнымі накірункамі этнаграфічнай навукі з’яўляюцца этнагенез, этнічная гісторыя, традыцыйнабытавая культура, этнічныя і этнасацыяльныя працэсы, у тым ліку і нацыянальныя ўзаемаадносіны.
3
Этнагенез (genesis — паходжанне, утварэнне) — гэта паходжанне народа, працэс яго станаўлення, фарміравання ў выніку змешвання (міксацыі), асіміляцыі, інтэграцыі розных плямён і народаў. Гэты працэс адбываецца пры збегу пэўных гістарычных акалічнасцей — масавай міграцыі, каланізацыі, эскалацыі ваенных дзеянняў, істотных зменах у этнасацыяльнай структуры грамадства і інш.
Некаторыя даследчыкі пашыраюць храналагічныя рамкі этнагенезу, мяркуючы, што гэты працэс не спыніўся і ў наш час. Сапраўды, нельга ігнараваць якасныя змены за апошнія 100—150 гадоў, якія істотна закранулі ўклад паўсядзённага жыцця нашага народа, яго старажытную культуру, мову, нацыянальную самасвядомасць і нават фізічны, ці антрапалагічны, стан (наш жыхар стаў вышэй ростам, аднак больш успрымальным да сучасных хвароб; нам яшчэ невядомы і маштабы вынікаў Чарнобыля на генетычным кодзе беларускай нацыі). Аднак нельга не прымаць пад увагу і тую акалічнасць, што беларусы як этнас, іх антрапалагічны тып, мова, звычаі, народная мараль, стэрэатыпы паводзін сфарміраваліся ў асноўным у старажытную эпоху. 3 улікам гэтых падстаў працэс развіцця (эвалюцыі) этнасу як самабытнага ўтварэння з моманту яго ўзнікнення, выхаду на гістарычную арэну і да нашага часу прынята называць этнічнай гісторыяй.
Этнагенез, этнічную гісторыю і гісторыю культуры як блізкія па зместу накірункі аб’ядноўваюць пад агульнай назвай — гістарычнай этнаграфіі (ці этналогіі). Гістарычная этнаграфія вывучае, такім чынам, дынаміку этнакультурных працэсаў і культуры ў цэлым, рэканструіруе знікшыя (старажытныя і больш познія) формы грамадскага жыцця і быту, выяўляе вытокі і заканамернасці ў развіцці этнічных з’яў. Яна разглядае народыэтнасы як носьбіты пэўных культурных традыцый, што ўзаемадзейнічаюць, узбагачаюцца, трансфарміруюцца на розных стадыях гістарычнага развіцця пад уздзеяннем прыроднагеаграфічных, сацыяльнаэканамічных і палітычных умоў.
Апрача гістарычных крыніц этнаграфія шырока выкарыстоўвае даныя сумежных дысцыплін — археалогіі, антрапалогіі, лінгвістыкі. Сумесныя намаганні вучоных гэтых дысцыплін даюць плённыя вынікі, асабліва ў даследаванні праблем этнагенезу, антрапагенезу, параў
4
наўчага вывучэння вытокаў і шляхоў развіцця культур розных народаў. Антрапагенез вывучае паходжанне і эвалюцыю чалавека, асобных этнічных груп і рас з пункту гледжання біялагічных заканамернасцей іх развіцця, уплыву экалагічных і сацыяльных фактараў на арганізм і жыццядзейнасць (пасіянарнасць) нацыі.
Экалагічны аспект (праблема ўзаемадзеяння прыроды і чалавека) набліжае этнаграфію да геаграфічнай навукі, ва ўлонні якой яна зарадзілася і набыла свой аўтарытэтны і самастойны статус. На памежжы гэтых навук узнікла новая дысцыпліна — этнагеаграфія. Апошняя вывучае размяшчэнне народаў і асобных этнічных груп, шляхі іх міграцыі, заканамернасці распаўсюджання тых ці іншых этнакультурных элементаў у прасторы, уплыў геаграфічных і іншых фактараў на характар жыццядзейнасці і рэгіянальныя асаблівасці этнічнай культуры.
Вывучаючы духоўныя традыцыі народа, яго звычаі, абрады, народную творчасць, этнографы цесна супрацоўнічаюць з фалькларыстамі і мастацтвазнаўцамі. Мастацтвазнаўства, у сваю чаргу, шырока выкарыстоўвае этнаграфічныя матэрыялы пры вывучэнні нацыянальных вытокаў і творчых узаемастасункаў народнага і прафесійнага мастацтва.
Асобая сфера інтарэсаў этнаграфіі звязана з нацыянальнай самасвядомасцю, станам маралі, псіхалагічнымі праблемамі міжнацыянальных зносін, сістэмай нацыянальнага выхавання. Спецыфічны змест гэтых пытанняў і асаблівасці метадаў іх даследавання садзейнічалі вылучэнню асобных напрамкаў у этнаграфіі — этнапсіхалогіі і этнапедагогікі. Першая даследуе асаблівасці псіхічнага складу, нацыянальны менталітэт, стэрэатыпы паводзін, якія ў многім вызначаюцца прыналежнасцю да пэўнага этнасу, пэўнай нацыянальнай цывілізацыі. Другая — этнапедагогіка — вывучае змест, спосабы і метады традыцыйнага народнага выхавання, якое забяспечвае жыццяздольнасць этнасу, вызначае здаровы маральны мікраклімат у сям’і і грамадстве.
Пытанні і заданні:
1. Што вывучае этнаграфія?
2. У чым сэнс паняцця «этналогія»?
3. Назавіце асноўныя накірункі этнаграфічнай навукі.
5
4. Якія накірункі этнаграфічных ведаў аб'ядноўвае гістарычная этнаграфія?
5. Назавіце сумежныя дысцыпліны, у якіх ёсць агульныя сферы інтарэсаў з этнаграфіяй.
6. Якія пытанні вывучаюць этнапсіхалогія і этнапедагогіка?
Традыцыйнабытавая культура
Народная культура базіруецца на глыбокіх традыцыях, якія адлюстроўваюць асаблівасці вытворчай дзейнасці, духоўны патэнцыял народа, яго «энергетычны рэсурс». Традыцыі — гэта феномен культуры; яны адыгрываюць выключную ролю ў міжпакаленных сувязях, у захаванні і развіцці духоўнай спадчыны, у забеспячэнні жыццядзейнасці народаэтнасу. Народ, які не мае сваіх нацыянальных традыцый і беззваротна губляе іх, не мае і будучыні.
Традыцыя — гэта ўстойлівая этнакультурная з’ява, якая перадаецца з пакалення ў пакаленне, жыве і функцыяніруе ў натуральным асяроддзі ў меншай ступені 80—100 гадоў, а часцей на працягу некалькіх стагоддзяў. У гэтым яе адрозненне ад навацыі, адносна новай з’явы ў культуры і быце. Большасць навацый не вытрымлівае іспытаў віруючага часу і знікае, нібы начныя знічкі, не пакінуўшы пасля сябе ўразлівага следу. Згадаем для прыкладу чарговыя моды і стылі ў жаночым адзенні, новыя савецкія абрады — прысвячэнне ў хлебаробы, безалкагольнае вяселле і інш. Разам з тым навацыі, што натуральна прыжыліся на дрэве народнай культуры, трывала ўвайшлі ў народны быт і вытрымалі выпрабаванне часам, становяцца народнымі традыцыямі.
Традыцыйнабытавая культура падзяляецца на матэрыяльную і духоўную. Матэрыяльная культура — гэта сукупнасць матэрыяльных каштоўнасцей і жыццёвых даброт, створаных чалавецтвам у працэсе гістарычнай дзейнасці,— разнастайныя прылады працы, жыллё, культавая архітэктура, абарончыя збудаванні, транспартныя сродкі, ежа, адзенне, амуніцыя і ўзбраенне, бытавыя і рытуальныя рэчы, прадметы мастацтва і інш.
Духоўная культура — гэта сукупнасць духоўных
6
каштоўнасцей і дасягненняў: гуманітарныя і тэхнічныя веды, працоўныя навыкі, звычаі, абрады, разнастайныя віды мастацкай творчасці, мова, самасвядомасць, рэлігія, мараль, права і да т. п.
Падзел культуры на матэрыяльную і духоўную не пазбаўлены ўмоўнасці і бездакорнасці. У рэальным жыцці не было такога падзелу; матэрыяльная і духоўная культура ў жывой практыцы выступала як двуадзіная іпастась. Беларус узводзіў храмы, будаваў і ўладкоўваў жыллё, рупліва апрацоўваў ніву, вырошчваў нялёгкі хлеб, вырабляў разнастайныя прылады, адзенне, прадметы мастацтва, упрыгожваў свой быт, спалучаючы ўсё гэта ў адзіным творчым, духоўным і працоўным працэсе. Нам няма патрэбы акцэнтаваць увагу на тым, што тут першаснае, а што другаснае (пакінем гэта пытанне на разгляд філосафам). Разглядаючы архітэктуру храма, яго інтэр’ер ці інтэр’ер жылога памяшкання, узорныя тканіны, адзенне, розныя вырабы народных майстроў,— ва ўсіх выпадках мы не аддзяляем духоўнае ад матэрыяльнага: яны арганічна спалучаюцца ў самой натуры, у форме і змесце гэтых аб’ектаў. Аб’екты матэрыяльнай культуры — гэта рэчавыя сведкі, застыўшыя згусткі гістарычнай стваральнай працы, што ўвасобілі ў сабе народныя веды, працоўныя навыкі, вытворчы вопыт і духоўныя традыцыі многіх пакаленняў. Разнастайныя рэчы — ад помнікаў архітэктуры да рабочага інвентару і бытавых дробязей — этнографа цікавяць не самі па сабе, а як увасабленне пэўных этнакультурных традыцый, што даюць нам каштоўную, а часам унікальную, інфармацыю пра нашу мінуўшчыну, пра тое, як жыў чалавек, чым жыў, пра яго духоўныя інтарэсы, эстэтычныя густы, пануючыя стылі, рэлігійныя ўяўленні, звычаі, спецыяльныя веды, майстравыя навыкі і да т. п.