• Газеты, часопісы і г.д.
  • Этнаграфічная спадчына: Беларусь: Краіна і людзі  Віктар Цітоў

    Этнаграфічная спадчына: Беларусь: Краіна і людзі

    Віктар Цітоў

    Выдавец: Беларусь
    Памер: 208с.
    Мінск 2001
    57.92 МБ
    Як бачым, усе гістарычныя тыпы этнасу — племя, народнасць, нацыя — маюць шэраг агульных рыс, у тым 12
    ліку: агульныя мову, самасвядомасць, блізкі духоўны склад і культуру, этнічную тэрыторыю. Разам з тым яны адрозніваюцца паміж сабой узроўнем народнай кансалідацыі, сацыяльнапалітычнай арганізацыяй грамадства, сацыяльнай структурай (іерархіяй), эканамічнай інтэграцыяй і рэальнымі культурнаэканамічнымі сувязямі з іншымі народамі.
    Тыя ці іншыя этнасы адрозніваюцца паміж сабой, як правіла, цэлым комплексам прыкмет, якія вызначаюць этнічную атрыбуцыю, прыналежнасць чалавека да таго ці іншага народа. Некаторыя даследчыкі ў якасці асноўнай прыкметы этнічнай прыналежнасці разглядаюць мову, іншыя — аддаюць перавагу этнічнай самасвядомасці, гістарычнай памяці, рэлігіі і інш.
    Сапраўды, мова як сродак зносін і духоўны набытак у большасці выпадкаў з’яўляецца даволі яскравым паказчыкам прыналежнасці чалавека да пэўнай культурнай сістэмы, да пэўнага этнасу; у ёй зашыфравана багацейшая і унікальная інфармацыя аб народзе, яго духоўных традыцыях, светаўяўленнях, ладзе мыслення, народных ведах, вобразах роднага краю; яна — своеасаблівы код нацыі. Калі чалавек страчвае мову, на якой гаварылі яго продкі, ён адрываецца ад сваіх каранёў, ад народнай глебы, ад нацыянальнай культурнай сістэмы і дзесьці ў другімтрэцім пакаленні страчвае нацыянальную свядомасць і гістарычную памяць, асімілюецца ў культурным асяроддзі іншага этнасу. Аднак у гісторыі ёсць прыклады, калі розныя нацыі маюць агульную мову. Такія параўнаўча маладыя нацыі, як амерыканская ці канадская, размаўляюць на англійскай мове, але ні амерыканцы, ні канадцы англічанамі сябе не лічаць. Ды і амерыканскі лад жыцця, амерыканская цывілізацыя прыкметна адрозніваюцца ад англійскіх. 3 другога боку, ёсць выпадкі, калі адзіны народ, што пражывае ў адной і той жа краіне, размаўляе на розных мовах. У прыватнасці, швейцарцы складаюць адзіную нацыю, тым не менш размаўляюць на трох мовах — нямецкай, французскай і італьянскай. Жыхары французскай правінцыі Эльзас размаўляюць на нямецкай мове, тым не менш немцамі сябе не лічаць. Розная мова не перашкодзіла і яўрэйскаму народу, пачынаючы з біблейскіх часоў, захаваць сябе як этнас, як жыццяздольны этнасацыяльны арганізм. Такім чынам, апрача мовы істотнымі крытэрыямі ідэнтыфікацыі і вызначэння этнічнай прына
    13
    лежнасці выступаюць іншыя прыкметы, у прыватнасці самасвядомасць і гістарычная памяць.
    Этнічная самасвядомасць — усведамленне сваёй прыналежнасці да пэўнага народа, да пэўнай культурнай сістэмы. На бытавым узроўні яна звязваецца з аўтэнтычнасцю паходжання і выяўляецца ў размежаванні «сваіх» (тутэйшых, «наськіх») і «чужых» («ненаськіх»), у супрацьпастаўленні «мы» — «яны». Асновай этнічнай самасвядомасці, апрача мовы, з’яўляюцца гістарычная памяць, адносіны да Бацькаўшчыны, усваенне культурных здабыткаў свайго народа, нацыянальны менталітэт.
    Гістарычная памяць — здольнасць усвойваць і трывала захоўваць інфармацыю аб сваёй Радзіме, яе гістарычным мінулым, аб сваіх продках, іх культурных здабытках і здзяйсненнях. Яна стварае пэўны эмацыянальны фон для сцвярджэння ўласнай годнасці і творчасці на карысць Радзіме. Вялікі самападман, як заўважаў М. Бердзяеў, жадаць тварыць паза нацыянальнасцю. У таталітарнай дзяржаве палітыка ўладнай эліты скіравана на знішчэнне шматлікіх нацыянальных традыцый, якія аб’яўляліся перажыткамі «проклятого прошлого»; паняцці нацыянальнай свядомасці і гістарычнай памяці замяняліся лозунгамі інтэрнацыяналізму, «свабоды і брацтва ўсіх народаў». У гэтых умовах самасвядомасць выконвала важныя ахоўныя функцыі і супрацьдзейнічала наступу асіміляцыі і дэнацыяналізацыі. Толькі незалежная суверэнная дзяржава стварае належныя ўмовы для свабоднага і натуральнага развіцця духоўнага патэнцыялу народа і сцвярджэння яго годнасці на пасадзе сярод іншых народаў.
    Менталітэт — гэта слова французскага паходжання і азначае літаральна «склад душы», «лад мыслення». Вобразна кажучы, менталітэт — гэта душа народа, ягоны характар, этнічная псіхалогія, што ў значнай ступені вызначаюць шляхі развіцця этнасу, яго жыццяздольнасць і прыстасаванасць да зменлівых умоў існавання. Ментальнасць таго ці іншага народа бывае абумоўлена ладам яго жыцця, гістарычнымі і экалагічнымі ўмовамі, ступенню кансалідацыі, рэлігіяй і інш. Духоўны склад беларусаў, тыповыя рысы яго характару ў значнай ступені вызначаліся геапалітычным становішчам Беларусі ў цэнтры Еўропы па суседству з магутнымі (ды яшчэ агрэсіўнымі) суседзямі, эскалацыяй ваенных дзеянняў і іншаземных уплываў, поліэтнічным характарам дзяр
    14
    жавы. Грамадскапалітычны лад Вялікага княства Літоўскага ўвасабляў у сабе ідэі свабоды і народнага права, юрыдычна аформленых у Статуце 1588 г., Асноўным Законе жыцця, абавязковым як для простых людзей, так і для вышэйшага саслоўя. Ён ставіў у прававыя рамкі і ўладу вялікага князя, вызначаў адпаведныя прывілеі для кожнай сацыяльнай групы насельніцтва, бараніў правы асобы, яе маёмасць, годнасць падданых. Заўважым, што такая культурнаправавая сістэма прыкметна адрознівалася ад таталітарнай сістэмы суседняй Рускай дзяржавы з абсалютнай уладай манарха, што стаяў над законам.
    Аднак страта дзяржаўнасці, знішчэнне прадстаўнічых органаў (соймаў, магістратаў, копных судоў і інш.), дэмаграфічныя катастрофы, падрыў інтэлектуальных сіл, зацяжныя войны і акупацыі вызначылі новыя тэндэнцыі ў развіцці нацыянальнай культуры і беларускага менталітэту. Народ, які жыве ва ўмовах акупацыйнага рэжыму, вымушаны прыстасоўвацца да існуючых абставін, выпрацоўвае механізмы і спосабы самавыжывання, вызначаецца цярплівасцю, насцярожанасцю да чужынцаў, памяркоўнасцю, самакрытычнасцю. Гэтыя рысы спалучаліся з уласцівымі беларусам верацярпімасцю, талерантнасцю, спагадай і абавязковай узаемадапамогай, выпрацаванымі ва ўмовах абшчыны і суіснавання побач розных рэлігій і канфесій. Пры гэтым розныя формы хрысціянства зазнавалі на сабе магутны ўплыў язычніцкай стыхіі і ў бытавой культуры беларусаў стасаваліся са старажытнымі дахрысціянскімі вераваннямі і культамі, у прыватнасці культамі зямлі, вады і хлеба. Аднак палітыка заходнерусізму і ўдушэння нацыянальнавызваленчага руху не магла не пакінуць негатыўных вынікаў на эмацыянальнапсіхалагічным стане, стэрэатыпах паводзін беларуса, яго нацыянальнай самасвядомасці. У шматлікай літаратуры, што выдавалася ў XIX — пачатку XX ст., розныя аўтары неадназначна паказвалі вобраз беларуса, даючы яму розныя, часта супярэчлівыя характарыстыкі.
    Этнічныя працэсы — якасныя змены, што адбываюцца ў этнічным асяроддзі, у этнасацыяльным арганізме. Яны закранаюць традыцыйны ўклад жыцця этнасу, яго самасвядомасць, культуру, ментальнасць, міжэтнічныя ўзаемаадносіны. Гэтыя змены адбываюцца як натуральным шляхам эвалюцыі этнасу і яго культуры, так і ў вы
    15
    ніку змены этнапалітычнай сітуацыі, ваенных падзей, міграцыі, парушэння звыклага ўкладу жыцця. Паводле характару і рэальных вынікаў вылучаюць наступныя віды этнічных працэсаў: міграцыя, інтэграцыя, кансалідацыя, асіміляцыя, акультурацыя, міксацыя, генацыд, урбанізацыя і інш.
    Міграцыя (ад лацінскага migratio — перасяленне) — перамяшчэнне, перасяленне, рух насельніцтва на пэўнай тэрыторыі. Вылучаюць міграцыю пастаянную (незваротную) і часовую (зваротную), сезонную і маятнікавую (напрыклад, штодзённыя ці штотыднёвыя паездкі на працу па прыгарадных маршрутах), знешнюю і ўнутраную. Знешняя міграцыя называецца інакш міжнароднай і звязана з пераездамі з адной краіны ў другую. Пры гэтым адрозніваюць эміграцыю (выезд за межы краіны) і іміграцыю (уезд у краіну на пастаяннае ці часовае жыхарства), адпаведна і людзі, што выязджаюць з краіны ці прыбываюць сюды зза мяжы, называюцца эмігрантамі і імігрантамі.
    Інтэграцыя (ад лацінскага integratio) азначае аб’яднанне ў адзінае цэлае разнародных частак, у даным выпадку розных народаў у выніку пастаянных кантактаў, наладжвання рэгулярных эканамічных, культурных, палітычных сувязей. Гаворка часцей за ўсё ідзе аб садружнасці розных дзяржаў і народаў, аднак інтэграцыя можа адбывацца і ў выніку інкарпарацыі, уключэння ў склад больш магутнай дзяржавы іншых этнічных тэрыторый (менавіта такімі дзяржавамі былі Рэч Паспалітая, Расійская імперыя, АўстраВенгрыя і інш.).
    Кансалідацыя — згуртаванне, зліццё ў адзінае цэлае блізкіх па паходжанню і культуры этнасаў ці асобных частак (этнаграфічных груп) адзінага этнасу. У якасці канкрэтных прыкладаў можна прывесці кансалідацыю старажытных плямёнаў у адзіную народнасць, кансалідацыю народнасці ў нацыю, калі рэгіянальная самасвядомасць (бургундзец, гасконец — у Францыі, прусак, саксонец — у Германіі, паляшук, пінчук — у Беларусі і інш.) уступала месца агульнанацыянальнай самасвядомасці.
    Асіміляцыя (ад лацінскага assimilatio — упадабленне, зліццё) — этнічны працэс яднання двух этнасаў, калі адзін з іх поўнасцю ўспрымае (займае) мову і культуру другога этнасу і «раствараецца» ў ім. У сярэднявеччы беларусы асімілявалі асобныя групы балцкага насель
    16
    ніцтва, рускіх перасяленцаў, татар, разам з тым у больш позні перыяд самі падвергліся прымусовай асіміляцыі з боку польскіх і рускіх місіянераў.
    Акультурацыя — працэс узаемапранікнення культур, калі народ усвойвае мову і культуру другога народа, але не губляе сваю, захоўвае гістарычную памяць і нацыянальную самасвядомасць. У этнаграфіі заходніх краін пад акультурацыяй у вузкім сэнсе падразумяваюць працэс еўрапеізацыі, гэта значыць распаўсюджанне еўрапейскай культуры і вопыту сацыяльнага кіравання сярод народаў Усходняй Еўропы, Азіі, Афрыкі, Лацінскай Амерыкі.
    Міксацыя (ад англійскага mix — змешваць) — працэс сімбіёзу, змешвання разнародных этнакультурных элементаў, у выніку чаго ўтвараецца новы этнас. Зыходным пачаткам яе з’яўляюцца нярэдка вялікія перасяленні народаў, калі ў працэсе ўзаемадзеяння розных міграцыйных плыняў і мясцовых элементаў фарміруецца новая супольнасць са сваёй уласнай культурай і антрапалагічнымі прыкметамі. Спашлёмся, у прыватнасці, на этнагенез балгар, патомкаў волжскіх булгар і славян з дамешкам палавецкіх элементаў. Працэс міксацыі ў пэўнай ступені быў уласцівы і этнагенезу беларусаў (у выніку змешвання славянскіх і балцкіх элементаў), а ў больш позні час — фарміраванню амерыканскай нацыі.