• Газеты, часопісы і г.д.
  • Этнаграфічная спадчына: Беларусь: Краіна і людзі  Віктар Цітоў

    Этнаграфічная спадчына: Беларусь: Краіна і людзі

    Віктар Цітоў

    Выдавец: Беларусь
    Памер: 208с.
    Мінск 2001
    57.92 МБ
    Польскае насельніцтва Віленшчыны фарміравалася ў асноўным за кошт акаталічаных беларусаў. У сваю чаргу, рускія афіцыйныя ўлады не прызнавалі за беларусамі права на самастойнасць і суверэнітэт, на іх самабытную старажытную культуру і мову, інтэрпрэтуючы апошнюю як заходнерускі дыялект.
    Дэталёвы параўнаўчы аналіз культурнага ландшафту Віленшчыны і беларускага Панямоння, рэгіёна старажытнай Літвы, выяўляе іх значнае падабенства, якое выразна прасочваецца ў этнакультурным абліччы вёсак, традыцыйным інтэр’еры жылля, земляробчых прыладах працы і прадметах хатняга ўжытку, у спосабах апрацоўкі зямлі, аграрнакаляндарных святах, старажытнай міфалогіі і г. д. Такое падабенства з’яўляецца невыпадковым і мае глыбокія вытокі.
    Беласточчына
    Беласточчына размешчана на заходняй ускраіне беларускай этнічнай тэрыторыі ў зоне сумежнага пражывання беларусаў і палякаў. У старажытнасці (у канцы I — пачатку II тысячагоддзя) рэгіён уяўляў сабой
    140
    зону цераспалоснага рассялення дрыгавічоў, валынян (бужан), яцвягаў і мазураў. У XI — XIII стст. рэгіён не раз аказваўся ў зоне ваенных дзеянняў паміж галіцкавалынскімі, мазавецкімі князямі і Тэўтонскім ордэнам. Утварэнне магутнай БеларускаЛітоўскай дзяржавы вырашыла лёс Беласточчыны, якая ў XIII — XIV стст. увайшла цалкам у склад Вялікага княства Літоўскага. Аднак у часы зацяжной Лівонскай вайны, калі БеларускаЛітоўская дзяржава вымушана была звярнуцца за дапамогай да Польшчы, апошняя патрабавала для сябе разам з другімі (украінскімі) землямі Беласточчыну, якая ў складзе Падляшша па ўмовах Люблінскай уніі (1569) перайшла да Польшчы.
    Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай (1795) Беласточчына перайшла да Прусіі, што прыкметна ўзмацніла тут пазіцыі аўтакефальнай царквы і садзейнічала развіццю фабрычнай прамысловасці. Пасля паражэння Прусіі ў вайне з Напалеонам Беласточчына, паводле Тыльзіцкага дагавора, увайшла ў склад Расійскай імперыі (1808); тут была створана асобная Беластоцкая вобласць, што падзялялася на Беластоцкі, Бельскі, Сакольскі і Драгічынскі паветы. У 1842 г. вобласць была скасавана і далучана да Гродзенскай губерні.
    Па даных перапісу 1897 г., на тэрыторыі трох паветаў (Беластоцкага, Сакольскага і Бельскага) пражывала ў агульнай колькасці 154 892 беларусы, 128 753 палякі, 65 347 украінцаў, 25 530 рускіх і 98 528 яўрэяў. Па заселенасці і шчыльнасці насельніцтва Беласточчына займала першае месца ў Беларусі. Гэты край быў меней зруйнаваны шматлікімі войнамі; старажытныя вёскі, мястэчкі, невялікія гарады мелі кожны сваё непаўторнае аблічча і гарманічна стасаваліся з мясцовымі ландшафтамі. Спрыяльныя глебавакліматычныя ўмовы садзейнічалі развіццю ўзорнай гаспадаркі, арыентаванай на вырошчванне азімых (пшаніцы і жыта), бульбы, гародніны, садавіны, тэхнічных культур (лён, хмель, табака) і прадукцыйную жывёлагадоўлю. Разнастайныя народныя промыслы — ткацкія, дрэваапрацоўчыя, гарбарныя, кравецкія, апрацоўка сельскагаспадарчай сыравіны паслужылі асновай для шырокага развіцця адпаведных галін лёгкай прамысловасці. Беласточчына славілася сваімі дыхтоўнымі сукнамі, кортавымі тканінамі, гарбарнымі вырабамі, адзеннем, абуткам, мукамольнай, вінакурнай, табачнай вытворчасцю.
    141
    На працягу шэрага стагоддзяў рэгіён адыгрываў важную ролю ў беларускім этнакультурным працэсе на заходніх ускраінах этнічнай тэрыторыі. У сярэднявеччы тут склалася некалькі значных асяродкаў культуры. У Заблудаве ў другой палове XVI ст. працавалі вядомыя друкары і дзеячы беларускага рэнесансу Іван Фёдараў, Пётр Мсціславец, Грынь Івановіч, што прадаўжалі пачэсную справу Францыска Скарыны. Другі цэнтр кнігадрукавання існаваў у Супрасльскім манастыры, заснаваным гетманам А. Хадкевічам у 1533 г. Супрасльскі, як і Заблудаўскі, манастыр быў духоўным цэнтрам беларускага праваслаўя (з пач. XVII ст.— уніяцтва). У Беластоку пры сядзібе Браніцкіх існаваў вядомы тэатр, багатая бібліятэка, карцінная галерэя, пазней тут быў адкрыты інстытут шляхотных дзяўчат. У заштатным гарадку Кнышыне быў пабудаваны каралеўскі палац з садамі і заапаркам, дзе бавіў свой час польскі кароль і вялікі літоўскі князь Жыгімонт Аўгуст (1548—1572). Пасля пераходу Беласточчыны да Польшчы тут прыкметна ўзмацніўся польскі ўплыў. Аднак народная культура паранейшаму трывала захоўвала свае самабытныя беларускія рысы.
    Смаленшчына
    Па этнаграфічных і гісторыкакультурных прыкметах Смаленшчына вылучаецца ў асобы рэгіён, што размешчаны на сумежжы рассялення беларусаў і рускіх. У VII — XI стст. гэтую тэрыторыю засялялі дняпроўскія (смаленскія) крывічы, якія ўтварылі сваё княства з цэнтрам у Смаленску (упершыню ўпамінаецца ў летапісах пад 882 г.). У другой палове X — XI ст. Смаленскае княства знаходзілася ў залежнасці ад Кіева; у 1125 г. пры Расціславе Мсціславічу набыло самастойнасць, у 1137 г. тут заснавана епіскапія, працавалі школы. У славянскім свеце добра вядомы імёны старажытных асветнікаў і хрысціянскіх дзеячаў Клімента Смаляціча, папярэдніка Кірылы Тураўскага, і Аўрама Смаленскага. Смаленская зямля захавала сваю незалежнасць ад манголататарскага іга. 3 узмацненнем Маскоўскай дзяржавы яна станавілася «яблыкам раздору» паміж ёю і Вялікім княствам Літоўскім.
    У 1351 г. Альгерд рабіў паход на ўсход і бараніў
    142
    Смаленшчыну ад маскоўскага войска. Пры Вітаўце Смаленшчына ўвайшла ў склад Вялікага княства Літоўскага (1395, 1405). Межы БеларускаЛітоўскай дзяржавы прасціраліся на ўсходзе да вярхоўяў рэк Угры і Масквы і ў асноўным супадалі з усходнімі граніцамі Смаленскага княства і этнаграфічнымі межамі рассялення беларусаў. У 1514 г. Васілій III узяў Смаленск і далучыў да Маскоўскай дзяржавы. У 1609 г. Жыгімонт IV адваяваў Смаленск, далучыўшы Смаленскую зямлю да Рэчы Паспалітай. Пасля кровапралітнай вайны 1654—1667 гг. Смаленшчына адышла да Рускай дзяржавы.
    Па выніках генеральнага межавання (другая палова XVIII ст.) была ўтворана Смаленская губерня ў складзе 10 паветаў. Па звестках 1860 г., 68 % насельніцтва губерні складалі беларусы. Аўтары вядомага шматтомнага выдання «Жывапісная Расія» (1882. Т. 3) прысвяцілі Смаленшчыне два самастойныя нарысы, у якіх падрабязна разгледжаны гісторыя краю, матэрыяльная культура, традыцыйная гаспадарка, быт мясцовых жыхароў, іх звычаі, народная творчасць. «Большая палова насельніцтва гэтай губерні,— піша вядомы рускі географ П. П. Сямёнаў (ЦяньШаньскі),— сапраўды адносіцца да беларускага племені... і нічым не адрозніваецца ад самых тыповых частак Беларусі» (с. 473); ён дадае, што «пры фарміраванні таго рускага тыпу, які апасля атрымаў назву беларусаў, Смаленская губерня адыгрывала не меншую ролю, чым астатнія губерні нашай Беларускай вобласці». Рускі пісьменнік і этнограф, аўтар другога нарыса пад назвай «Беларуская Смаленшчына з суседзямі» памастацку апісвае народнае жыццё, духоўны склад, этнічную псіхалогію, норавы розных этнаграфічных груп насельніцтва; усходняй мяжой рассялення беларусаўлітвінаў ён лічыў лясную паласу, што раскінулася па водападзелах Дняпра і Волгі і іх прытокаў Дзясны і Акі.
    Паводле матэрыялаў Смаленскага статыстычнага камітэта 1866 г., беларусы прыкметна пераважалі на захад ад пазначанай мяжы і складалі ў Смаленскім павеце 90,5 % усяго насельніцтва, Краснінскім — 95,3, Рослаўскім — 94,3, Парэчскім — 90,3, Ельнінскім — 90,2 % (заўважым, што тут у беларускім асяроддзі нарадзіўся і вырас геніяльны кампазітар Міхаіл Глінка), у суседніх Духаўшчынскім і Дарагабужскім паветах беларусы складалі адпаведна 87,6 і 80,8 %. Асноўная маса бела
    143
    рўскага насельніцтва пражывала ў невялікіх паселішчах да 5—10 двароў, раскіданых сярод лясоў, па берагах невялікіх рэк. Асноўны гаспадарчы занятак — земляробства, вырошчванне збожжавых (жыта, авёс, ячмень), лёну, канапель, пазней і бульбы. Па пасевах лёну Смаленшчына займала першае месца сярод іншых беларускіх губерняў. Апрача земляробства і жывёлагадоўлі шырока развіваліся розныя промыслы—дрэваапрацоўчыя, лесахімічныя, апрацоўка лёну і пянькі, рагожны, гарбарны, пчалярства, збіральніцтва і інш.
    Шостая партыйная канферэнцыя Заходняй вобласці, што аб’явіла сябе Першым з’ездам КП(б) Беларусі і адбылася ў Смаленску, абвясціла ўтварэнне Беларускай ССР (01.01.1919 г.), у склад якой увайшла і большая (беларуская) частка Смаленскай губерні (без Вяземскага, Юхнаўскага, Гжацкага і Сычоўскага паветаў, дзе пераважала рускае насельніцтва); у лютым 1919 г. рашэннем савецкага ўрада Смаленшчына была перададзена ў склад РСФСР.
    Браншчына
    Браншчына размешчана ў зоне сумежжа трох славянскіх народаў — беларусаў, рускіх, украінцаў. У старажытнасці (VIII — XI стст.) тэрыторыю засялялі радзімічы, зона іх рассялення абмяжоўвалася на ўсходзе і поўдні Дзясной, а на захадзе — Дняпром. Суседзямі радзімічаў на поўдні, на тэрыторыі сучаснай Украіны, былі севяране, а на ўсходзе — вяцічы. Гэтыя старажытныя межы, як паказвае дэталёвае вывучэнне традыцыйнабытавой культуры і мясцовых гаворак, аказаліся надзіва стабільнымі і, нягледзячы на палітычныя нелады паміж суседнімі славянскімі дзяржавамі і сацыяльнаэканамічныя зрухі, у асноўным захаваліся ў гэтым рэгіёне да XX ст.
    У XI — XIII стст. тэрыторыя Браншчыны ўваходзіла ў Чарнігаўскае княства, у складзе якога ў канцы XI ст. вылучыліся Северскае (цэнтр НоўгарадСеверскі), пазней Старадубскае, Трубчэўскае і Бранскае ўдзельныя княствы. У сярэдзіне XIV ст. (пры Альгердзе) Браншчына ўвайшла ў склад БеларускаЛітоўскай дзяржавы. У выніку вайны з Іванам III (1500—1503) Вялікае княства Літоўскае страціла Браншчыну, праз стагоддзе (у
    144
    пач. XVII ст.) вярнула яе, аднак пасля зацяжной вайны 1654—1667 гг. зноў страціла на карысць Рускай дзяржавы.
    Пасля генеральнага межавання большая частка Браншчыны ўвайшла ў склад Чарнігаўскай губерні, другая, левабярэжная,— у Арлоўскую губерню. У канцы XIX — пачатку XX ст. беларусы складалі больш за 80 % насельніцтва правабярэжнай Браншчыны (Суражскі, Мглінскі, Навазыбкаўскі, Старадубскі, часткова Гараднянскі, НоўгарадСеверскі, Трубчэўскі і Бранскі паветы). У рэгіёне пражывала шмат старавераў (каля 7 %), што мігрыравалі сюды з усходніх раёнаў. Сельскія пасяленні размяшчаліся ўдалечыні ад вялікіх шляхоў сярод лясоў і балот, нярэдка на месцы колішніх лядаў. «Тутэйніы беларус,— заўважае С. Максімаў,— хаваецца па прасеках, за лясамі і ў лясах, не грэбуючы пры гэтым балотамі, якія ў многіх выпадках здаюцца нават нібыта ўпадабанымі месцамі». У вярхоўях Іпуці і Беседзі ён налічвае 131 паселішча, толькі 13 з іх па берагах гэтых рэк, 17 — на азёрах, 50 — каля невялікіх рэчак і ручаін сярод глухіх лясоў (жыхары карысталіся чыстай рачной вадой ці крынічкамі і абыходзіліся без спецыяльных студняў) і 51 — каля балот ці на лясных водападзелах (усе яны карысталіся вадою са студняў).