Эўрыка 2001

Эўрыка

2001
Выдавец: Юнацтва
Памер: 103с.
Мінск 2001
34.22 МБ
лацінавыя капсулы.
У апошнія дзесяцігоддзі ўсё больш выпускаюць таблетак, якія пакрыты спецыяльнымі абалонкамі. Падобныя абалонкі не толькі паляпшаюць смак лякарства і паспяхова выконваюць ахоўныя функцыі капсул, але і растаюць у дакладна вызначаным месцы стрававальнай сістэмы хворага. У выніку лекавыя рэчывы таблеткі пачынаюць больш эфектыўна ўздзейнічаць на хваробу.
Трэба яшчэ адзначыць, што даследчыкі лекавых сродкаў высветлілі такую заканамернасць: хуткасць уздзеяння лекавага рэчыва на хворага залежыць ад лекавай формы гэтага рэчыва. Напрыклад, сульфат атрапіну ў пілюлях пачынае дапамагаць праз 30 — 40 хвілін пасля прыёму пілюль, але на 10 хвілін хутчэй, калі ён прыняты ў выглядзе парашку, і ўжо праз некалькі хвілін, калі быў ужыты раствор гэтага рэчыва.
ВЫЗНАЧЭННЕ ІНШЫХ ШЛЯХОЎ УЗДЗЕЯННЯ НА ХВАРОБЫ
Так ужо атрымалася, што пры неадольным жаданні людзей хутчэй перамагчы шматлікія хваробы, да канца XIX стагоддзя іх намаганні ў асноўным абмяжоўваліся ўдасканаленнем формы лекаў для прыёму ўнутр і стварэннем розных націранняў, кампрэсаў і мазяў. Хаця вельмі часта бывала, што, захварэўшы, чалавек паміраў раней, чым лекі пачыналі ўздзеянне.
Гэта зусім не значыць, што людзі не прадпрымалі актыўных, рашучых і нават неверагодных спроб паўплываць на хваробу іншымі шляхамі і спосабамі. Але амаль усе спробы былі неэфектыўнымі, няўдалымі і вельмі часта заканчваліся трагічна як для хворага, так і для самога лекара.
Бывала, што людзі стагоддзямі праходзілі міма шматлікіх, як зараз здаецца,
відавочных з’яў, якія трэба было скарыстаць у інтарэсах хворых. Людзі чадзелі ад печак і топак у майстэрнях, банях і жылых пакоях, атручваліся дурманячымі і ўдушальнымі газамі ў балотах, штольнях, на вулканах, але ніводнаму не прыходзіла думка, што такім чынам (праз дыхальныя шляхі) можна рознымі рэчывамі хутка і эфектыўна уздзейнічаць на хваробу.
Дакладна вядома, што эфір упершыню вылучыў Люліўс яшчэ ў 1275 годзе. У 1540 годзе Валеры Кордус адкрыў “салодкі алей вітрыолы” — той жа самы эфір. Праўда, ён не ведаў пра дасягненні Люліўса. У 1680 годзе эфір сінтэзаваў Пойль, у 1704 годзе — Ньютан, а ў 1730 годзе — Аўгус Фрабеніўс, які і назваў гэта рэчыва эфірам. У 1818 годзе англійскі фізік Майкл Фарадэй праверыў на сабе ўсыпляючае дзеянне эфіра. Трошкі раней, у 1799 годзе, англійскі хімік Хемфры Дэві выявіў ап’яняючае і болесуцішальнае дзеянне “вяселячага
газу” — закісу азоту. На наступны год ён паведаміў пра гэта ў друку. Але нават не абмовіўся, што гэта рэчыва можна выкарыстаць для лячэння, хаця нейкі час сам быў вучнем хірурга.
Толькі з 1846 года, у выніку ўпартых і рашучых намаганняў некалькіх удумлівых і назіральных зубных урачоў і хірургаў Паўночнай Амерыкі і Еўропы, спачатку эфір, а потым закіс азоту і іншыя наркатычныя рэчывы паступова былі ўкаранёны ў медыцынскую практыку. 3 таго часу былі створаны сотні прэпаратаў і тысячы розных сумесяў лекавых сродкаў для ўдыхання праз наркозныя апараты і інгалятары, якіх сканструявалі дзесяткі тыпаў.
3 найстаражытнейшых часоў і аж да самага канца XVIII стагоддзя з мэтай ачышчэння арганізмаў хворых ад шкодных сокаў лекары вельмі часта ставілі ім клізмы. 3 той жа мэтай (выдаліць з арганізма хворага “атрутныя” рэчывы, што
з’яўляюцца прычынай пакут) рабілі кровапусканні, якія часта знясільвалі хворага болып, чым сама хвароба, і нават даводзілі да смерці.
Спрабавалі не толькі пускаць кроў хвораму, але і ўліваць яму ў крывяное рэчышча нейкія лекі. Часцей для гэтай мэты скарыстоўвалі кроў нованароджаных ягнят, і цялят, таму што, на думку лекараў, у гэтых “бязгрэшных істот” не магло быць нечага такога, што магло дрэнна паўплываць на хворага чалавека.
Вельмі рэдка пасля пералівання хворым “анёльскай” крыві, хворыя выздараўлівалі, але не дзякуючы, а насуперак такому пераліванню. Таму што ў хворых непазбежна ўзнікала вельмі небяспечная рэакцыя несумяшчэння.
Зрэдку дзе-нідзе ўрачы зноў і зноў адважваліся на ўнутрывенныя ўліванні лекаў хворым, хаця ў тых адразу ж пасля пералівання заўсёды рэзка пагаршаўся стан здароўя, узнікалі ліхаманкі і развіваліся запа-
7. Эўрыка.
ленні. Падобныя ўскладненні, несумненна, былі абумоўлены не толькі дрэнным уплывам лекаў на арганізм хворага, але і жыццядзейнасцю ў леках мікробаў, пра якія ў людзей яшчэ былі цьмяныя ўяўленні. Людзі яшчэ не ведалі, чаму так хутка пасля прыгатавання псавалася ежа, асабліва вараная, чаму бродзіць цеста, чаму “хварэюць” віно і піва.
У сярэдзіне XIX стагоддзя, дзякуючы многім даследчыкам, у першую чаргу Луі Пастэру, высветлілася, што ў гэтым вінаватыя мікробы, якія ёсць усюды. Асабліва пераканаўча Пастэр прадэманстраваў прысутнасць мікробаў у паветры і надзейны спосаб іх знішчэння. 3 гэтай мэтай ён наліваў у круглы шкляны посуд з доўгім гарлачыкам празрысты булён і працягла кіпяціў яго. Потым Пастэр запайваў горлачка посуда, які яшчэ не астыў. У халодным запаяным посудзе ўтвараўся паніжаны ціск. Булён заставаўся празрыстым да той пары, пакуль не абламвалі за-
паенае горлачка. Паветра разам з мікробамі ўсмоктвалася ў посуд. Мікробы пранікалі ў булён і расплоджваліся ў ім. У выніку булён мутнеў.
Толькі пасля ўкаранення ў медыцынскую практыку спосабаў знішчэння мікробаў на інструментах і ў леках кіпячэннем (стэрылізацыі) і выканання розных працэдур і хірургічных аперацый ва ўмовах асэптыкі (у асяроддзі, у якім амаль няма мікробаў), ускладненні ўліванняў значна паменшыліся як па праявах, так і па колькасці. Але па-ранейшаму унутрывенныя ўліванні рабілі вельмі рэдка, пакуль Паўль Эрліх у 1910 годзе не стварыў знакаміты “прэпарат 606” — сальварсан, які трэба было ўводзіць у вену.
У 1584 годзе падарожнік Уолтэр Рэйлі ў якасці падарунка паднёс англійскай каралеве Елізавеце скрыначку з смалападобным рэчывам, якое Рэйлі здабыў у паляўнічых індзейцаў Паўднёвай Амерыкі. Па словах падарожніка, гэтым рэчывам
Генадзь Шэршань
індзейцы змазвалі свае стрэлы, ад якіх непазбежна гінулі ўсе істоты, нават калі раны ад стрэл на іх целах былі зусім нязначнымі, павярхоўнымі.
У 1745 годзе ў Францыі Дэ ля Кандзімін і Фрэнч зрабілі адкрыццё: гэтае смалападобнае рэчыва дзейнічае падобным чынам толькі, калі трапіць у кроў ці будзе ўведзена ў тканкі істоты. Можна колькі хочаш яго есці і нічога дрэннага не здарыцца. Італьянец Фантана ў 1781 годз-е пацвердзіў гэты факт.
Да таго часу некалькі італьянскіх урачоў, англійскі ўрач Рычард Мід, а таксама той жа Фелічэ Фантана правялі вопыты з ядам гадзюкі на саміх сабе. Яны пераканаўча паказалі, што яд гадзюкі небяспечны толькі тады, калі трапіць у рану, на непашкоджаныя тканкі ён не дзейнічае.
Адсюль вынікала, што нейкія рэчывы можна эфектыўна скарыстоўваць супраць хвароб, калі ўводзіць іх хворым пад скуру ці ў мышцы. Але аб пер-
шых спробах лячыць хворых такім чынам урачы пачалі паведамляць многа пазней. Можа, таму, што для ўвядзення лекаў падобным чынам у медыкаў яшчэ не было зручных прыстасаванняў. Хутчэй за ўсё, пачатак падскурным уліванням лекаў паклаў доктар Вуд з Эдынбурга, які ў 1853 годзе выпрабаваў не толькі новы спосаб увядзення лекаў, але і дзеянне новага прэпарата — морфія.
Ад спосабу ўвядзення лякарства ў арганізм хворага залежыць час пачатку яго ўздзеяння на хваробу. Калі прэпарат прыняты ўнутр, звычайна хворы пачынае адчуваць яго ўздзеянне праз паўгадзіны-гадзіну, калі ж лекавы сродак уведзены пад скуру ці ў мышцы, то праз 15 — 20 хвілін. Значна хутчэй уздзейнічаюць лякарствы, якія ўдыхаюцца ці ўліваюцца ў вены: праз 2-3 хвіліны. Некаторыя прэпараты пачынаюць уздзейнічаць ужо ў час улівання, як кажуць медыкі, “на ігле”.
ВЫНАХОДНІЦТВЫ ШПРЫЦОЎ
ДЛЯ ЎЛІВАННЯ
Хаця прылады для ўліванняў былі адносна простымі (маленькую металічную лейку ўводзілі ў вену), яны заставаліся надта грувасткімі. Таму ўліваць праз іх невялікую колькасць вадкасці было вельмі нязручна. Ды і дакладна адмяраць дозу ўліваемай гаючай вадкасці амаль немагчыма. Тады ўрачы звярнулі ўвагу на вынікі дасягненняў інжынернай думкі таго часу, асабліва на насосы. Першыя шпрыцы для ўліванняў, падобныя на сучасныя, у большасці сваёй па канструкцыі і ёсць мадыфікаваныя поршневыя насосы.
Адным з першых лічыцца шпрыц Праваца, які Правац сканструяваў у 1853 годзе. Шпрыц складаўся з шклянога цыліндра ў аправе з цвёрдага каўчука і металічнага стрыжня са скураным поршнем. На стрыжань былі нанесены дзяленні.
У шпрыца, які стварыў выдатны мікрабіёлаг Роберт Кох, дзяленні нанесены на шкло цыліндра, а замест поршня прыстасавана гумавая груша.
Зараз вырабляюць шпрыцы, якія спалучаюць лепшыя якасці абодвух гэтых шпрыцоў, самых розных мадыфікацый, таму што прызначэнні шпрыцоў вельмі разнастайныя. Шпрыц Коха не
прыдатны для лячэбных працэдур, але прылады падобныя на гэты шпрыц шырока выкарыстоўваюць у розных медыцынскіх лабараторыях, асабліва мікрабіялагічных.
ЗАКЛЮЧЭННЕ, АБО АДКАЗ НА ГАЛОЎНАЕ
ПЫТАННЕ
Калі старажытны чалавек пачынаў хварэць, ён рабіў усё магчымае, каб пазбавіцца ад непрыемных адчуванняў, якія ў яго ўзнікалі. Так было многія вякі, больш 2000 гадоў, таму што людзі не ведалі прычын узнікнення хвароб. Яшчэ ў XVII — XVIII стагоддзях урачы назначалі хвораму столькі лекаў, колькі хворыя выказвалі ім скаргаў. Нават у нашы дні многія людзі, не ўнікаючы ў сутнасць хваробы, прымаюць лекі “ад галавы”, “ад жывата”, “ад ванітаў”, “ад кашлю” і гэтак далей.
Але такое лячэнне ў лепшым выпадку дае хвораму часовую
палёгку. Звычайна хвароба працягваецца, і даводзіцца зноў і зноў прымаць лекі. Зараз такое лячэнне, якое называецца сімптаматычным (гэта значыць па праявах хваробы), урачы назначаюць толькі тады, калі хвароба прыносіць хвораму пакуты або ёсць пагроза пагаршэння яго стану.
3 цягам часу людзі адзначылі заканамернасці ў спалучэннях праяў розных хвароб. Напрыклад, хворы на печань жаліўся на страту апетыту, ваніты, боль з правага боку жывата, ён жаўцеў. Калі ў чалавека пачынаўся кашаль, з’яўляліся ліхаманка і задышка, а іншы раз і кровахарканні, гэта сведчыла пра пашкоджанне лёгкіх. Тады казалі, што ў чалавека сухоты. Праўда, потым высветлілася, што такія праявы больш чым 20 хвароб лёгкіх.
Гэтыя спалучэнні некалькіх праяў хваробы (сімптомаў) потым назвалі сіндрома