Фальклор у запісах Яна Чачота і братоў Тышкевічаў

Фальклор у запісах Яна Чачота і братоў Тышкевічаў

Выдавец: Беларуская навука
Памер: 330с.
Мінск 2005
42.24 МБ
33.	Mae ж малыя малышачкі носяць мёд на вышачкі. (Пчолы носяць мёд у вулей.)
34.	Маці таўстушка, донька красушка, а сын Лявон выскачыў на двор. (Печ, агонь, дым.)
35.	Мая Кася не вялікая, каб устала, то б неба дастала. (Дарога.)
36.	Мілае маё загаловейка, нясі мяне ў загаловейка, каб мяне чатырохногі не з’еў. (Яйцо прасілася ў курыцы: нясі мяне падпеччу, каб сабака не з’еў.)
37.	На чом крыжоў многа? (На клубку.)
38.	На людзішча не садзішча. (Гарох.)
39.	Наша Кася на ўсё неба расцяглася. (Дарога.)
40.	На золаце цыган стаіць. (Чорны гаршчок стаіць на гарачых вуголлях.)
41.	На паліцы тры суніцы, што дадуць, то і з’ядуць. (Лыжкі.)
42.	He стой ля мяне, не глядзі на мяне, злезь да нацялёпкайся. (Груша.)
43.	Hi стуку, ні груку — пад акно прыйдзець. (Дзень.)
44.	Новая палаць, ды няма на чым спаць. (Дым.)
45.	Пасцялю дзяружку, пасыплю гарошку і палажу акраец хлеба. (Акраец хлеба — месяц, гарошак — зоркі, дзяружка — неба.)
46.	Пайшла Цімахова нявестка ў кут па золата. (Пайшла па агонь.)
47.	Пад адным капялюшыкам чатыры панічы стаяць. (Стол.)
48.	Пад прыпечкам рубяжы, хто ведае, не кажы. (Пацеркі.)
49.	Цераз мора катоў хвост. [	]
50.	Поўна хата гараб’ёў. (Сукі, сучча.)
51.	Пад кожную каморачку да ёсць падпечайка. (Сцежка пад кожныя дзверы.)
52.	Прыляцела пава, ні рыба, ні сава. (Яйка.)
53.	Поўна бочачка віна, ані вянцоў, ані дна. (Яйка.)
54.	Патру, самну, за мора пашлю, і там гаворыць. (Ліст, напісанае.)
55.	Рыўка рые, скачка скача; сцеражыся, рыкадо, бо фурман едзець. (Свіння рые, сарока скача, воўк ідзе; сарока папярэджвае свінню: сцеражыся, бо па цябе воўк ідзе.)
56.	Сама голая, а кашуля запазухаю. (Свяча з кнотам.)
57.	Смачная кашка ў маленькім гаршчэчку. (Гарэлка.)
58.	Стаіць у гародзе палка, на той палцы хатка, а я магу ўкусіць; хто ета ўгадае, тысячу палучыць. (Макаўка.)
59.	Стаіць хатка на тры вуглы. (Свашка.)
60.	Сонца гарачае, у сярэдзіне жывіца, хто не адгадае, не будзе жаніцца. (Свечка.)
61.	Суну, пасуну — Трахім смяецца. (Іголка, нітка, вушка, зашыванне.)
62.	Сучка стаіць, а сабакі брэшуць. (Ступа стаіць, а ў таўкачы таўкуць.)
63.	Сядзіць пятух над кручаю, заткнуў с... анучаю. (Верх над печкаю, заткнуты анучаю.)
64.	Той зайграе, хто крылы мае. (Пятух.)
65.	У лесе-чарналозе стаіць казак на адной нозе. (Казляк.)
66.	У адном месце крыжоў дзвесце. (Клубок.)
67.	У нашага Астапка чырвона шапка. (У ступе вяршок.)
68.	Усё вынесу, усё вынесу, толькі бацькавага пояса не вынесу. (Сонца.)
69.	Удзень — як абруч, уночы — як вуж, хто адгадае, будзе мой муж. (Пояс.)
70.	У чыёй хаце Аўдотка? [	]
71.	У лесе сцято, у хляве ўзято, а на руках плача. (Скрыпка.)
72.	Хода ходзіць, віса вісіць; віса ўпала, хода з’ела. (Каўбаса ўпала, кот з’еў.)
73.	Чаго ў цэркві няма? (Моху, калі царква мураваная.)
74.	Чырвоны чырванец, у сярэдзіне камянец. (Вішня.)
75.	Чатыры чатраначкі пабеглі ў паляначкі, злавілі вутачкі, усадзілі ў пракутачку, гаспадар таму рад. (Колы, калёсы, поле, хлеб у копах, звезены з поля.)
76.	Што само ў хаце дзела робіць? (Сцены самі колюцца.)
77.	Што на хвасце, то мне; што пад хвастом, то бабе. (Мука і высеўкі.)
78.	Шчупу, шчупу па галавішчу; ашчупаў мазгавішча, сунуў галыша. (Рукавіца на лаве, ашчупаў, шукаючы яе, і на голую руку надзеў.)
79.	Шчарбач, гарбач, на сяле багач; сто коней не вазьмець, што ён на сабе павязець. [	]
80.	Што ў вокан — 25, а на вярху сляды знаць. (Барана.)
81.	Што ў цэркаў напярод ідзе? (Ключ.)
82.	Як устанець, дак вышай за каня, як ляжа, дак ніжэй за кала. (Дуга.)
83.	Падтыкаўшыся, падперазаўшыся, па лесе коні ганяець. (На галаве вошы ганяець.)
84.	За белым бярэзнікам таратайка скача. (Язык за зубамі.)
85.	За белым бярэзнічкам пералайка брэша. (Язык за зубамі.)
86.	Загану загадку, закіну за градку — рукі патаскаюць.(3акідваць рыбу у стаў.)
^яс^альклорнаэтнаграфічныя зборы
братоў Тышкевічаў
Я. Тышкевіч
ВЯСЕЛЬНЫЯ АБРАДЫ ВЯСКОВАГА ЛЮДУ Ў МІНСКАЙ ГУБЕРНІ, БАРЫСАЎСКІМ ПАВЕЦЕ, ГАЕНСКАЙ ПАРАФІІ, НАЗІРАНЫЯ Ў 1800, 1801 I 1802 ГДДАХ, 3 НЕКАТОРЫМІ ПЕСНЯМІ I НОТАМІ
ЗАРУЧЫНЫ
Пра шлюбныя сувязі тут сяляне звычайна пачынаюць клапаціцца з першых дзён кастрычніка. У іншую пару да гэтага іх змушаюць хіба толькі пільная гаспадарчая патрэба ці якія-небудзь непрадбачаныя акалічнасці. Калі ў мужа і жонкі, якія пажаніліся «не ў пару», узнікнуць потым сямейныя нелады ці іншыя нечаканасці, гэта прыпісваюць адступленню ад агульнага звычаю. Лічыцца, што самы спрыяльны для шлюбу час — паміж Пакровамі і першай нядзеляй каляднага посту.
Ёсць у вуснах тутэйшых сялян песенька (або хутчэй невялічкая малітва), якую звычайна спяваюць дзяўчаты; у ёй выказваецца просьба да Пакрова, каб даў мужа:
Святы Пакроў, Пакроў!
Пакрыў зямлю і ваду, Пакрый мяне, маладу, і г. д.
Зразумела, сяляне таму імкнуцца спраўляць вяселле ў гэты, а не ў іншы дазволены касцёлам час; цяпер, калі ўсё сабрана ў полі, яны могуць больш багата і шчодра абставіць бяседны стол, спадзеючыся, што гэткае багацце будзе і ў доме маладых. У нас жа амаль усюды вераць, што як робіцца тады, калі мы спраўляем якую-небудзь урачыстасць, так будзе і далей у жыцці. Адсюль, відаць, ідзе і тое жаданне ашаламіць усіх на такіх урачыстасцях празмернай раскошай, якую мы назіраем асабліва ў багатых класаў і якую не можа сабе дазволіць земляроб, і перш за ўсё вясной, калі ён застаецца амаль што без хлеба.
Якраз у гэту пару дзяўчаты, якія думаюць аб сваёй долі, бываюць асабліва рухавыя і неспакойныя: апрача таго, што яны больш старанна, чым у іншы час, уходжваюцца каля дому, мусяць асаблівую ўвагу звяртаць на чысціню і ахайнасць; асабліва яны стараюцца ў чацвер і суботу, дні, у якія звычайна прыязджае сват. Таму ў хаце, дзе чакаюць такога госця, дзяўчына на выданні старанна шаруе стол, лавы, паліцы, усё кухоннае начынне, падмятае па некалькі разоў хату, на сябе ж адзяе танчэйшую, чым звычайна, і чыстую бялізну, белую спаднічку, такі ж фартушок, на галаву завязвае хустачку, з-пад якой звісае каса, заплеценая звычайна ружовай стужачкай. Усё гэта ўбранне, над якім так шчыруе дзяўчына, павінна быць разам з тым будзённым, неадметным.
Вечарам, калі чакаюць свата1, уся сям’я і парабкі адзеты больш ахайна, чым на працы. Трымаюцца ўсе разам, сядзяць, размаўляюць, нічога не робячы, апрача панны, якая ўвесь час снуе ад кутка да кутка, то прыбіраючы параскіданую тут і там вопратку, то перастаўляючы на паліцы посуд, то падмятаючы вугаль, што спадае з запаленай лучыны, і г. д. У гэты вось час і з’яўляецца, нарэшце, сват. Уваходзіць, становіцца пасярод хаты, кланяецца ва ўсе бакі, але ніхто на яго не звяртае ўвагі, асабліва дачка гаспадара, якая ў гэты час мітусіцца болей, чым звычайна. Сам гаспадар нерухома сядзіць у кутку насупраць дзвярэй (ганаровае месца) з задумлівым выглядам. Убачыўшы, што да яго падыходзіць сват, стрымана вітае яго, не кратаючыся з месца: «Сядзь у нас, суседзе, дома госць будзеш». — «Дзякуй, сядзелі дома, але што з таго будзе?
Наш бык
Да да вашай цялушкі прывык, Каб даў Бог даждаці Вашую цялушку да нашага быка загнаці».
1	Сват — важная ва ўсім вяселлі (як будзе відаць далей) асоба. Яго запрашае звычайна сям’я маладога; выбіраюць за свата гаспадара гадоў 40: маладзейшы не меў бы належнага аўтарытэту і паважнасці, а стары чалавек не здолеў бы выканаць абавязкі, якія патрабуе такая пасада, што вымагае надзвычай многа руху. Гэты гаспадар павінен быць заможны, цвярозы, а да таго ж дасціпны
і гаваркі. Такія людзі сярод сялян рэдка трапляюцца: здараецца часам, што аднаго такога чалавека запрашаюць сватам амаль на ўсе вяселлі, так што, ObiBae, уся вёска ўжо не хрышчоным імем і прозвішчам яго называе, а толькі сватам, дзяцей жа яго — свацюкамі; яны потым самі, забыўшыся на сваё прозвішча, запісваюць новае ў інвентары, казцы і г. д.
Туг гаспадар хугка ўскоквае з месца, бярэ свата пад руку і, паказваючы на кут, з асаблівай ветлівасцю запрашае садзіцца. Сват з ахвотай сядае на куце, а дзяўчына ў тую ж хвіліну хутка ўцякае з хаты — або да блізкай і добрай сваячкі, або, калі такой няма, да самай вернай сяброўкі і, расказаўшы ёй усё, вяртаецца з ёю дамоў, аднак ідзе назад не ў хату, а ў істопку2. Там яны шэпчуцца паціху, а ў гэты час гаспадар вядзе са сватам размову пра мэту яго прыходу. Сват пералічвае вартасці і маёмасць хлопца, за якога прапаноўвае дачцэ гаспадара выйсці замуж, усяляк імкнецца давесці, якая б шчаслівая была дзяўчына, калі б выбрала сабе такога харошага мужа, расхвальвае гэтак жа сама яго радню і парабкаў. Але ўвесь гэты панегірык як быццам не робіць ніякага ўражання на гаспадара, і чалавек, які не ведае звычаяў, адразу падумаў бы, што ў жаніха няма ніякіх шансаў на ўдачу і сват дарэмна толькі траціць словы, але на самай справе якраз наадварот.
Ледзь пачуецца стук дзвярэй у істопцы, якая за сенцамі, як сват перапыняе пахвальнае балаканне і, паглядаючы на дзверы, кажа: «Што гэта, не ўсе дома?.. Дзе ж нашы? Дзе ж гэта?..» Бацька: «Ведама, моладзь, у яе заўсёды нейкія свае патрэбы». Тут сярод жанчын заўважаецца нейкі рух. Яны нічога не гавораць, але, паразумеўшыся мігамі, якія ім адным зразумелыя, выходзяць, нарэшце, адна за адной у сенцы, каб угаварыць дзяўчыну і прывесці яе ў хату. Вяртаюцца, зноў выходзяць, і так некалькі разоў, пакуль дачка гаспадара не ўваходзіць, нарэшце, у хату. Агульнае маўчанне. Усе паднялі на яе вочы. He асмельваецца, бедная, падняць свае, але, стаўшы ў куточку пры печы3, доўга калупае пальцамі сцяну. У хаце пачынаецца гоман, спачатку гавораць паціху, толькі паміж сабой, але паступова гоман нарастае. Перапыняючы шум, сват звяртаецца да паненкі гучным голасам: «А што ж, (імя), я сюды не так сабе прыехаў?» Дзяўчына маўчыць і ўсё калупае сцяну. Бацька ці матка ў тон свату адзываецца: «Няма чаго сказаць, хлопец што трэба, не знойдзеш у ім заганы: не п’яніца, не буян, не злодзей, хата заможная, сям’я пачцівая, ніхто з яе не смяецца. Што думаеш, маё
2 Істопка — так называецца кладоўка, дзе хаваюць гародніну, малако, такую слаўную сёння лапату, а таксама муку для штодзённага ўжытку; дзе мелюць на жорнах крупы, і г. д.
3 Куточак той называецца на простай мове «качарэжнік»: там стаіць венік, некалькі большых і меншых вілак, якімі выцягваюць з печы гаршкі, чапяла, кацюба, ці качарга, ад якой кут і атрымаў сваё імя.