Фальклор у запісах Яна Чачота і братоў Тышкевічаў

Фальклор у запісах Яна Чачота і братоў Тышкевічаў

Выдавец: Беларуская навука
Памер: 330с.
Мінск 2005
42.24 МБ
Садзіць, пасадзіць сваіх дзевачак На белых лаўках,
Пакуль прыедзець Яначка з дружынкай: Ён вас разгоніць, ён вас разгоніць, А мяне з сабой возьмець.
На лаве за сталом насупраць печы кладуць кажух: брат, узяўшы маладую за стан і тройчы перакруціўшыся з ёю, садзіць яе на кажух. Цяпер чакаюць сватоў. Дзяўчаты спяваюць:
Што то за зара У таткі на дварэ? Дзевачка з цяплом ходзіць, Дзевачак пабуджаець: — Устаньце, дзевачкі, Бярыце шчотачкі, Чашыце галовачкі;
Ужэ мая ўчасана, Касніком упляцёна.
Ужо ж мае прыехалі, Ужо ж маю развіюць коску, Мамчыную разліюць слёзку.
Сваты застаюцца на вуліцы, дружкі з жытнім пірагом падыходзяць да парога хаты і гавораць: «Добры вечар, пане-сваце, і той свянцонай хаце, таму міру хрышчонаму. Прыслаў сват да свата, свацця да свацці, малады князь да маладой князі; ёсць тут панна заручона, каб нам была выдадзёна. Вы чулі?» 3 хаты адказваюць: «Не чулі!» Гэта ж самае дружка паўтарае тры разы, пакуль не скажуць: «Чулі». Тады дружка ў вывернутым кажусе, падпярэзаны цераз плячо бізуном, уваходзіць у хату, кладзе адзін пірог высока на слупе ля печы, які называецца «стаўпец», другі — на стале насупраць печы для дзяўчат, куды кладзе таксама тры грошы. Калі дружка, наблізіўшыся да печы, кладзе пірог, дзяўчаты спяваюць:
Улез дружка ў хату, на печ зазіраець:
Чы вялік гаршчок кашы, чы паядаюць нашы? Адзін кажа: мала, другі кажа: годзе, Трэці кажа: маўчы, бо загадаюць таўчы.
Дружкі хочуць забраць маладую, але дзяўчаты не аддаюць, скідваючы са стала дружкаў траяк. Пры гэтым яны спяваюць:
Бяры сабе гэта, Купі сабе мыла, Каб цябе жонка любіла, Каб дзеці пазналі I бацькам назвалі.
Пачынаецца «торг», спрэчка. Дружка просіць дзяўчат, каб яны ўзялі тыя тры грошы і аддалі яму маладую. Нарэшце, кладзе яшчэ трохі грошай і хоча ўзяць нарачоную, але дзяўчаты не аддаюць яе. Адна, залезшы пад лаву, трымае яе за ногі, другая — за рукі, каб як мага цяжэй было ўзяць і тройчы перакруціць маладую. Пры гэтым дзяўчаты пяюць:
Верабей, дружко, верабей, Па суметніку паскакаў, Нагой шэлег выкапаў, Сваю дзеўку выкупляў.
Тут дружка адпіхвае дзяўчат убок, паварочвае тры разы маладую. Яна пры гэтым, плачучы, спявае:
Дружко! Дружко! He варочай мяне, Я не калода табе. Каб я калода, У бару б ляжала, Каб я бяроза, На мяжы б стаяла.
Наступае яшчэ адзін вясёлы момант. Дзяўчаты са смехам і жартамі абвязваюць дружку ручнікамі. Потым п’юць гарэлку, закусваюць і спяваюць:
I
Звязалі дружка, звязалі, Гдзе ж яго паймалі?
Запіўся, дружко, запіўся! I на дружыну забыўся. А гдзе ж твая дружына? Чы у полі пад шатром, Пад беленькім палатном?
II
Дружкі жана дасужа была, Сем год кросна ткала, Сем нядзель фартух шыла, Да абеду знасіла, На парозе згубіла.
III
Дзеўкі дружка білі, Чупрыну залупілі. Хто ідзець — смяецца, Што чупрына трасецца.
IV
Да ў нашага дружка Голым гола галоўка, Добра дзеўкам боб малаціць, Па закутачках не ляціць.
V
Прыехалі пацярэбнічкі, Да цярэбяць, цярэбяць зубачкі, Цэлае жарабя з’елі, Па сталу качаючы, У попел мачаючы.
VI
Перад дружкам сарока.
Ляжыць яна без вока. Яна, лежучы, сакочаць, А ён яе есці хочаць.
He зважаючы на гэтыя прыпеўкі і вострыя жарты, дружкі спакойна п’юць і закусваюць, толькі часам кідаюць надакучлівым спявачкам: «Брашыце, брашыце!» Або вымаюць з кішэні і даюць ім кавалак сыру і аладак — каб толькі яны замаўчалі. Але гэта не памагае. Ахопленыя бясконцай весялосцю, нявіннай бяздумнай гарэзлівасцю, дзяўчаты бесперапынку скачуць вакол дружкаў, пляскаюць у ладкі, часам скубянуць якога хлопца за валасы, прыпяваючы: «У нашаго дружкі голым-гола галава» і г. д. Астатнія госці застаюцца на вуліцы, чакаючы дружкаў, якія, пад’еўшы і перахрысціўшыся, ускокваюць на лаву, б’юць тры разы бізуном па сцяне, нібы запісваючы кватэру на тых, хто на вуліцы, і выходзяць. Дзяўчаты, гледзячы ў акно, спяваюць (сваты стаяць):
I
Сваты борам едуць і іграюць,
Нашая дзевачка не даець веры — не плачаць.
Ужо сваты полем едуць і іграюць, Нашая дзевачка не даець веры — не плачаць. Ужо сваты сялом едуць і іграюць,
Наша дзевачка не даець веры — не плачаць.
Ужо сваты на двор едуць і іграюць, А наша дзевачка не даець веры — не плачаць. Ужо сваты за стол ідуць і іграюць,
Наша дзевачка не даець веры — не плачаць. Ужо сваты за стол ідуць, за ручку бяруць, Тагды дала веры наша Агатка — і плачаць.
II
Прыляцела сарока — чы-чы, чы-чы-чы, Села ў дзевачкі на плячы, Скажу табе добрую весцю — чы-чы-чы, Што ў цябе на дварэ сваты — чы-чы-чы.
Ill
Прыехалі тры казачэнькі на двор к нам. — Пазнай, пазнай, дзевачка, каторы нам? Чы то, што ў сінім, на каню сівым, Чы то твой?
Сам маладзенькі, конь вараненькі, Чы то твой?
Чы то, што ў атласе, у жоўтым пасе, Чы то твой?
— Што ў сінім, на каню сівым, To дзевер мой, А што ў атласе, у жоўтым пасе, To свёкар мой, Сам маладзенькі, конік вараненькі, Гэта мой.
IV
Прыехалі сваты на двор, Пусцілі стралу ў акно. — Страла мая, страла, Па што ты прыйшла? Чы па мёд, чы па гарэлку, Чы па красную дзеўку? — He па мёд, не па гарэлку, Але па красную дзеўку.
Наступае момант прыёму маладога. Усе на чале з нарачоным тоўпяцца на дварэ перад хатай. Сваты выносяць з хаты стол, ставяць перад парогам, маці ж маладой у вывернутым кажусе з хлебам-соллю і гарэлкай выходзіць сустракаць маладога. Падыходзяць госці з аднаго і другога бакоў, матка з чаркай у руцэ так вітае будучага зяця: «Зяценька! П’ю да цябе поўным кубкам, добрым здароўем, што мыслю сабе, то і табе». I падае чарку. Малады вылівае яе цераз галаву. Матка зноў гаворыць тое ж самае і зноў падае чарку. Малады зноў вылівае яе. За трэцім разам ён, нарэшце, прымае кубак і, дакрануўшыся да яго губамі, укідае дзесяць ці дваццаць грошаў, пасля чаго аддае матцы, якая выпівае гарэлку да дна і забірае грошы.
Хросныя бацькі ў гэты час тройчы ўздымаюць уверх абгорнутыя абрусамі караваі маладога і маладой, прыгаворваючы: «Мой вышшы! Мой вышшы!» Гэта называецца «мянянне караваяў». Потым караваі кладуць на стол адзін на адзін — прытым дзявочы знізу, а хлопцаў наверсе — і нясуць у клець. Вяселле пасля
гэтага раздзяляецца: жанчыны ўваходзяць у хату, мужчыны застаюцца на дварэ, свахі пры гэтым спяваюць:
I
У грознага цесця Стаіць зяць за варотамі, Сняжком перапаўшы, Дажджом перамокшы, Крыйся, зяцю, кунамі, Бабрамі, чорнымі сабалямі.
II
Ужо ж мы пазяблі У доўгай дарозе, На тугім марозе. Нашыя зубкі сакочуць, У хатачку хочуць.
Нашыя конікі гагочуць, У стаенку хочуць.
III
Цешча зяця ждала, Кунамі двор слала, Кунамі, бабрамі, Чорнымі сабалямі. Каб жа мая змога, Выслала б я і многа.
Пышна цешча, пышна, Да к зяцю не вышла. Чы ў яе кажуха нет? Чы ў яе кубка нет, Чым зяця вітаць?
Нарэшце, прымаюць стол і просяць сватоў у хату. Ідучы, яны спяваюць:
IV
Зціха, баяры, ідзіце, Харом не вярніце.
Харомы ўсё новыя, Столікі цясовыя, Абрусы двайчастыя, Мы госці не частыя.
V
Наляцелі гусі Да з Беленькай Русі, Селі, палі на крыніцу, Сталі яны ваду піць. Наехалі госці Да з чужой валосці, Селі яны за сталом, Сталі яны мёд, віно піць Да кубкамі аб стол біць.
Дзяўчаты спяваюць, дамагаючыся ад свах гасцінцаў. Песня датычыцца ўсёй дружыны і маладога:
VI
У нашай цесценкі Пірагі з кішэні коцяцца, А нам жа іх хочацца. Ей даваць маркотна, А нам браць ахотна. Яна даець плачучы, А мы бяром скачучы.
Хочуць гасцінцаў усе. Удзячнасць сваю за гасцінец выказваюць песнямі, танцамі, плясканнем у далоні і агульнай весялосцю:
VII
Дзякую табе, цесценка, Негдзе твае пірагі У медзяной печы былі, Да харашо яны раслі, Залатым вяслом выйманы, Бальшаначкам даваны.
Перад тым, як пачнецца частаванне гасцей, свахі спяваюць:
VIII
Дзьмецца свацця, дзьмецца, К нам не хінецца, Каля прыпечку трэцца. Чы мы ей не любы, Чы мы ей не мілы? Мы госці зазваныя, Любыя, каханыя.
Нарэшце падаюць гасцям гарэлку, міску капусты і надзяляюць іх падарункамі — палатном, паясамі. Мужчыны і свахі пяюць:
IX
Казалі нам людзі, Што наша Агатка He ткаха. He праха.
Аж наша Агатка I тонка прала, I звонка ткала, I бела бяліла, I ўсіх сватоў дзяліла.
X
Наш сват-салавейка, Частуй нас харашэнька. Мы госці зазваныя, Любыя, каханыя.
Калі мы не зналіся, Сватамі не зваліся, А цяпер пазнаёмся, Сватамі назавёмся.
XI
Казалі нам людзі: Хоць едзьце, не едзьце, Ваш сват не багат.
Аж у нашага свата, Да з явару хата, Залатое падстрэшша, Сенечкі з паперачкі, Лавачкі з кітаечкі, Печ яго кафляная, Чэсць яго каханая.
Песня дзяўчат:
Яліначка зіму і лета зелена, Наша Агатка не штодзень весела. У суботу касу часала, Слёзкі разлівала,
У нядзелю рана да шлюбу ехала.
XII
У нядзелечку параненечку Агатка сенцы мяцець, Венічкам махнець, Жаласна плачаць.
У яе матачка пытаець:
— Чаго, мая дачушка любая, Так жаласна плачаць?
Чы ты жалееш старасці маёй?
Чы падворыйка майго?
— Мая мамачка, мая родная!
Усяго я жалею: жалею старасці тааёй, I падворка тваяго, жалею касы русай, Усяей дзявочай пакрасы.
Песні для сірот:
I
Хто ў полі паціхусеньку гукаець?
Там Агатка сваёй мамкі шукаець.
Хоць шукаець не шукаець — не знайдзець.
Ой, далёка яе мамачка, далёка, У сырой зямлі, у жоўтым пяску глыбока. Да зрабілі добрыя людзі вечны дом, Без дзвярэй, без аконачка, без слонца, He прамоўлю, дзіцятка, ні слоўца.
II
Чые то слёзкі з гор каціліся?
Агатчыныя слёзкі з гор каціліся,
Пяскі разрывалі, Мамачкі даставалі.
Далёка мамачка, за трыма замочкамі:
Першы замочак — сасновы церамочак;
Другі замочак — жоўты пясочак;
Трэці замочак — дошкі сасновыя. Сасновыя дошкі да сціснулі ножкі, Да сціснулі ножкі — нельга мне крануць, Сырая зямля грудцы налегла — нельга крануць, Жоўты пясочак засыпаў вочкі — нельга праглянуць, Сырое каменне пазабоччу ляжыць — нельга павярнуць
III
Агаціна мамка перад Богам стаіць, Ручкі накрыж дзяржыць
Да у Бога просіцца: — Пусці мяне, Божа,
Да з неба дадолу!
Дзіця й паглядзець:
Як яно прыбрана, На пасадзе пасаджона. — Прыбрана, як лябёдка, Пасаджона, як сіротка; Прыбярона белаю, Пасаджона, як бедная.
IV
Ішла, пашла, дарожачка па небу, Туды ж ішла маладзенька Агата. Прышла яна да шклянога канца, Угледзела сваю мамачку седзячы, Стала яна у Госпада Бога прасіць: — Пусці ж, пусці ж, мой Божачка, мамачку, Беднаму дзіцяці да паблагаславіць.