Фальклор у запісах Яна Чачота і братоў Тышкевічаў

Фальклор у запісах Яна Чачота і братоў Тышкевічаў

Выдавец: Беларуская навука
Памер: 330с.
Мінск 2005
42.24 МБ
Бацька (або брат) бярэ маладую і адводзіць на кут да маладога. Яна, плачучы, спявае:
А мой татачка, за ручку бярэш, Чы за постаць вядзеш?
Калі за постаць — займай шырока, Паганю далёка.
Сеўшы паміж сястрою і мужам, маладая, не перастаючы плакаць, спявае:
Цяпер я села між шыпшыннічку, Між крапіўкі.
Жыжка крапіўка пажыгаць будзець, Сухі шыпшыннік сушыць будзець.
А мой татачка, авдавай і пытай: Каб не прапою, Каб не разбою.
Калі прапою — у карчме прап’ець, Калі разбою — на дарожцы заб’ець.
Бацька гаворыць маладому:
«Зяцелка! Даю табе дачку не храмую, не сляпую. Даўшы лёну, прасі сарочкі; даўшы жыта, прасі хлеба; даўшы ячменю, прасі круп; а калі таго не паслухаець, вазьмі нітку, навяжы на саломку да дай, дай; а калі таго не паслухаець, вазьмі гуж да дай, дай гужам, каб звала мужам».
Матка маладога падстрыгае маладую, кладзе на галаву тры пасмачкі лёну, прыпальвае накрыж свечкаю валасы, а сястра маладога падстрыгае іх нажнічкамі. Свахі ў гэты час спяваюць:
На сінім азёры сядзела лебедзька, Крылкамі апусцяся, пер’ейкам асыпяся. Прыляцеў к ёй лебедзь: — Белая мая лебедзька, Узнімі сваё крылле, Збяры сваё пер’е, Паляцім з табою, гдзе галубы зляталіся, Нас з табой спадзяваліся, Цёплае гняздзечка ўюць, Беленькай лебедзькі ждуць.
Да за новай скам’ёй сядзела Агатка, Коскамі апусціўшыся, Слёзкамі абліўшыся.
Прыехаў Яначка: — Мілая мая Агатка, Збяры свае коскі Да ўтры й жа дробныя слёзкі. Паедзем з табою да свайго дому. У нас госці з’язджаліся, Нас з табой спадзяваліся; Белае ложа слалі, Зёлкі ў галоўкі клалі, Нас маладзенькіх ждалі.
Дзяўчаты:
Матка дачку прапіла, Машну грошы набіла, Воласам зашыла, Голасам завыла.
Прапіла матка дачку, На салодкім мядку, Да ўпіўшыся, скачыць, А выспаўшыся, плачыць.
Тут свахі здымаюць з галавы маладой лён, падбіраюць яе валасы ўгору, завязваюць, закручваюць і прыціскаюць ільняной пасмачкай. Гэты лён, абшыты сукном, яна павінна насіць заўсёды, яго завуць тканкаю. Затым пачынаюць надзяваць ёй чапец або шапачку, якую маладая тры разы скідае з галавы,— раз на печ, другі раз пад лаву:
Нашто мне чапец, Я кіну на печ, Нашто мне тканка, Кіну пад лаўку.
Трэці раз маладая хоча выкінуць яго за акно, але ёй не дазваляюць і «сілаю» абвязваюць яе галаву новаю белаю наміткаю. Пры гэтым свахі спяваюць:
Хвала ж табе, Божа, Надзелі Агатцы чапец, Да не кідай жа яго на печ. Улажылі Агатцы тканку, Да не кідай жа пад лаўку. Чарнец Яначка, чарнец, Да ўлажыў Агатцы чапец, Да на чэпчык — намётку, Прыбраў, як лябёдку.
Дзяўчаты пляскаюць у ладкі, ускокваюць на лаву і стараюцца ўдарыць маладога, пацягаць яго за валасы. Пры гэтым спяваюць:
I
Бяры, блазняк, бяры Да ўмей шанаваці, Як родную маці, Як вішаньку ў садзе, Як пшчолачку ў мядзе. У нас была работніца, У вас будзе свавольніца; У нас была — ткала і прала, У вас будзе папіхайла.
Наша Агатка — сыр наліты, Ваш Яначка надуты.
У вашага Яначкі аўсяныя зубы, ячны нос, Бруха з начоўкі, ледзь прывёз.
Наша Агатка з верая, Ваш Яначка з вераб’я.
II
Едзьце, сваты, да дому, Мы вам Агаткі не дадзём: Бо наша Агатка-сястрыца, 3 намі ў ягадкі хадзіла, Да ў адну лубачку збірала, 3 адной лустачкі ядала.
Ужо позненька,
Ужо не раненька, Сонечка на заходзе, Ды ўжо Агатка маладзенька У мамкі на выездзе.
Яе мамачка, яе родненька
Сільненька ўнімаець: — He едзь, дачушка, мая любая, Ужо рожа зацвітаець, Барвіночак зелянеець, Зямлю ўкрываець.
— Мая мамачка, мая родная, Мне ўжо рожы не даждаць, 3 барвіночкі зялёнай Вяночка не звіваць.
Гдзе буду жыці, Хоць буду выці, Да ўжо мне не насіці.
III
3 нядзелі на панядзелак Васільку бяда стала.
Прапала скрыня малявана, Дачушка кахана.
Я тваю скрыню маляваную За дзень прызабуду, Сваёй дачушкі каханай Павек не забуду.
IV
Да гуляй, гуляй, шчука-рыбачка, у сінім моры, Як жа ты пойдзеш на лугі, рэкі — не будзеш гуляць: Уловяць цябе маладыя рыбаловы Да знімуць з цябе залатую лускавіцу, Пакроюць рыбачку на стальніцы
У святліцы, Згатуюць рыбачку маладыя кухары, Да з’ядуць цябе панове сенатарове. Да гуляй, гуляй, Агатка, у роднага таткі, Пойдзеш к чужому, Да не радаому, He будзеш гуляць.
У свайго татачкі крутыя горы, Да гуляла паволі, А ў чужога ўсё поле роўна, Да гуляць не вольна.
У свайго таткі штодзень Галоўка ў вяночку, А што нядзелю — у таночку; А ў чужога татачкі Будні дзень у рабоце, А святы — у балоце.
V
Чаму, Агатка, не вячэрала у свайго татачкі? Пойдзеш к чужому, Да не радному, He будзеш вячэраць.
Цябе маладу Пашлюць па ваду, Самі сядуць вячэраць: Прынясі вады, На сябе бяды,— Каждаму піць даць: Як старому, Так маладому, Яначку маладому.
He сварыся, мамачка, са мною, Сядзем жа мы павячэраем з табою.
VI
Хоць ты мяне, татка, Малую замуж аддавай, Толькі мне ў сваю хатку Чужога не прымай.
Прыняўшы зяця, толькі будзем сварыцца: He буду ведаць, за каго ўступіцца.
Уступіўшыся за татачку, буду біта, Уступіўшыся за мілога, вонка быць.
VII
Баліць мая галоўка ад вянца, He аддавай, мой татачка, за ўдаўца. Аддай мяне, мой татачка, у сям’ю —
У сям’і ёсць парадачак усяму. У істопку таўчы, малоць — залоўкі, А ў крыніцу па вадзіцу — я маладая.
VIII
Да мой татачка пакінаўся мною, Як не любаю, як садавым яблычкам недаспеленькім. He бядуй жа ты, сястрыца мая, Я ж буду недалёка ад цябе, Будзем у чыстым полі жыта жаць.
I раннай, і вячорнай зарою Зойдуцца нашыя галаскі з табою.
Бяруць века дзяжы, кладуць на яго суконную спадніцу; бацька прыносіць цэлую булачку хлеба, крыху солі і гаворыць: «Дару цябе, дзіцятка, хлебам-солей» — і кладзе на хлеб грошы:
На гэта не спадзявайце, Да рана ўставайце, Адно другога пабуджайце.
Дзяўчаты спяваюць:
Добрая, Агатка, твая доля, Што цябе татка дарыць. Шчасліва будзець гадзіна, Цябе дарыць уся радзіна.
Дружка з лучынкаю ў руцэ становіцца на ўслон, стукае палкай у столь і кліча ўсіх дарыць маладую, якая, паплакваючы, спявае да бацькі:
Да мой татачка, Шчыра табе рабіла, Верна служыла, Выслужыла хлеба кусочак, Солі драбочак.
Маладая сядзіць, закрытая новай наміткаю, і не бачыць, хто ёй што дорыць. Дружка абвяшчае: «Агатка, дарыць цябе брат». Дораць грашыма, цялушкаю, авечкаю, свінкаю, палатном, хто чым хоча. Дружка падрабляе голас жывёлы, якую дораць, і выплёсквае крыху гарэлкі ўгару — каб жывёла добра вялася, вось так высока падскоквала. Пры гэтым ён папярэджвае, што трэба абавязкова аддаць маладым абяцаную жывёлу; хто не аддасць, ён жадае, каб тую жывёлу ваўкі з’елі. Маладая, плачучы, дзякуе:
Да мой брахненька, Дзякую табе за дары вялікія твае. Калі жыва буду да спамагуся, Табе адгаджуся;
А калі не табе, To дзеткам тваім.
3	такімі прыкладна словамі звяртаецца яна да ўсіх блізкіх сваякоў, а далёкім кланяецца. Бальшанкі дораць паясамі або палатном. Пасля дарэння маладая схіляецца перад кутам і галосіць:
Таткаў куточак, Божы дамочак, Заставайся здароў, Жыві багата.
Перад ад’ездам маладая кідаецца ў ногі матцы і развітваецца:
Мая мамачка, Заставайся здарова, Жыві багата, He забывайся на мяне маладую. Калі буду жабраваці, Варотца адчыняйце, Нанач пушчайце, Хоць па кусочку хлеба давайце.
Гэтак жа сама маладая развітваецца і з бацькам. Развітваючыся з астатнімі членамі сям’і, яна па чарзе абходзіць іх і абдымае за шыю.
Свахі спяваюць:
I
Хоць я ночкі не спала, Я сваю свацьку ашукала, Сабе нявехну даждала: Да к сцюдзёнай зіме — плацце праць, А к краснай вясне — кросны ткаць, А к ціхаму лету — жыта жаць, А к цёмнай ночы — на таку малаціць.
II
Прыбірайцеся, брахны, Пара нам дамоў ехаць. Доўгая дарожачка: Чатыры мілі борам ехаць,
Пятую морам плысці.
Хоць бы мы морам плылі, Абы мы дома былі.
Паедзем дамоўкі Цераз валатоўкі, Наша дарожка доўга, Цераз дарожку рэчка, Цераз рэчку кладка, Будзе сварыцца матка, Што нас доўга нет. Паедзем к Вайцеху На даўнюю ўцеху: Гдзе мы пілі, елі, Добрыя мыслі мелі.
III
Ноч па ночы, цёмненькая ночка, Зажурылася саколіка цырачка?
— Да зачым жа майго сакала доўга нет? Негдзе ён цераз сады паляцеў, Негдзе яго ўсе птушачкі злюбілі, Негдзе яго на быліначцы садзілі, Негдзе яго ягадкамі кармілі, Негдзе яго з лісціначкі паілі, Негдзе яго шэрай зязюлькай дарылі, Ноч па ночы, цёмненькая ночка!
Зажурылася Яначкі мамачка:
— Зачым жа гэта майго сыночка доўга нет? Да негдзе ён цераз моста ехаў, Негдзе яго мяшчаначкі злюбілі, Негдзе яго за столікам садзілі, Негдзе яго піражкамі кармілі, Негдзе яго зялёным віном паілі, Негдзе яго краснай дзеўкай дарылі.
IV
От табе, мамка, шышкі у пяткі, Што няма каму мясці хаткі.
Ой, цяжка табе будзе без дачкі, Парастуць па-за лаўкай казлячкі. Людзям трэба ў бор хадзіць, А табе будуць па-за лаўкай радзіць.
Усе садзяцца за стол, а свахі спяваюць:
Да я гаварыла: сакалы лятуць!
Аж мае брахны на коні сядаюць; Я гаварыла, што месяц усходзіць,
Аж мой татачка па дварэ ходзіць, Мяне маладую праводзіць.
Наступае час ад’езду маладой пары да бацькоўскага дому. Сустрэча яе і частаванне ўсіх удзельнікаў вяселля з’яўляюцца астатнім актам урачыстасці і вясельных абрадаў. Усе папярэднія абрады і песні або адлюстроўвалі вясковае жыццё, працу, гаспадаранне, а таксама непазбежныя ў сямейным жыцці прыкрасці і няшчасці, або выражалі пажаданні долі на будучае і поспехаў. Дзе-нідзе, аднак, прабіваюцца ў песнях адвечныя звычаі, характэрныя толькі для часоў язычніцтва. Як і ва ўсіх іншых народаў, у нашым простанароддзі дзявочая цнатлівасць, акружаная якімсьці рэлігійным арэолам, з’яўляецца сімвалам дабрачыннасці і шчасця для таго дому, у які ідзе маладая, а таксама доказам пачцівасці яе бацькоў, што здолелі належным чынам выхаваць сваю дачку. Даўней нашы земляробы жадалі мець гэтыя доказы. Маладая, якая паддалася слабасці, траціць павагу, просіць, прыніжаная, прабачэння. Уся ўрачыстасць сапсавана, і не ўсе цяпер абрады выконваюцца. Цнатлівая нявеста, наадварот, яшчэ больш ганарыцца сабой, яна прыносіць у дом радасць, весялосць і надзею, становіцца прадметам усеагульнай пашаны.
На воз, на якім маладая пара павінна ад’язджаць дадому, кладуць падушку і белую кашулю, загорнутыя ў прасціну і завязаныя поясам. (Пояс гэты застаецца дзяўчыне, якая па прыездзе здымае пасцель з воза і адносіць яе ў лазню або ў асець.) Маладая садзіцца з мужам і, паплакваючы, спявае: