Фальклор у запісах Яна Чачота і братоў Тышкевічаў

Фальклор у запісах Яна Чачота і братоў Тышкевічаў

Выдавец: Беларуская навука
Памер: 330с.
Мінск 2005
42.24 МБ
Госці гуляюць даволі доўга. Гаспадары прымаюць іх лепей, чым прыданак. Танцуюць мала. Старэйшыя больш за ўсё гаво-
раць пра будучае жыццё маладой пары. Песні паўтараюцца тыя самыя, што спявалі прыданкі.
коляды
Ко-Лядо, паводле разумення гісторыкаў, — назва боства старажытных славян. Урачыстасць прыпадала менавіта на нашае свята Божага Нараджэння. Адсюль і зліццё, сумяшчэнне і перапляценне хрысціянскіх звычаяў з паданнямі, якія бяруць свой пачатак у язычніцтве.
Гэтак як на куццю прыносілі ахвяры з новага ўраджаю з раслін, так на Коляды білі кабана. Да сённяшняга дня звычай гэты захоўваецца. Пра забіццё кабана ў народзе гаворыцца: «Забілі Каляду», альбо яшчэ: «Забілі к Калядзе». Сэнс гэтых вьіказванняў, здаецца, азначае, што кабан забіты на ахвяру Калядзе.
Рэлігійных песень у нас не чуў. На Белай Русі бытуе адна песня, якую дзеля выразнасці мовы цытую:
I
Стары Восіп барадаты, Спалохаўся, выскачыў з хаты. Што то, дзеткі, за пракуда? Неба гарыць, вялікае цуда! Анёлы хораша спяваюць, На жалейках прыгожа іграюць, Кажуць, Хрыстос нам з’явіўся, У Бетлееме нарадзіўся!
II
Пабяжым мы ўсе да яго, Прывітаем маленькаго! Неба і зямлі князь багаты, Няма ў яго жменькі сенца, А ні рубца палаценца;
Толькі ж над ім сапець бычак, 3 другой стораны — аслічак.
III
Хімка з Агапкай — дзве маладзіцы — Прынеслі коўш галавіцы;
А Барыс стаіць пад акном,
Дзяржыць чаўхірку з талакном;
Кузьма і Дзям’ян — два ліцвіны — Прынеслі гаршчок бацвіны. Прачыстая паглядае, На ліцвінаў наракае:
— Чаму вы глупы, ліцвіны! Ня есь мой Хрыстос бацвіны, Прынясіце кашкі з малачком, Калі не з мвдовым сачком — За то Хрыстос ласкаў будзе, Па век векаў не забудзе.
Песня гэта прымяркоўвалася да куцці. Стварылі яе, відаць, езуіты, як і яшчэ адну на беларускай мове — «О мой Божа, веру ў цябе!» Ёсць, акрамя таго, вершаванае набажэнства, даволі папулярнае.
На кожную пару народ наш мае адпаведныя песні, якія хоць і не адзначаюцца нічым асаблівым і, здаецца, аднолькава адносяцца да любога часу, але адрозніваюцца сваім зместам, ручаннем, весялосцю і смуткам, сціпласцю, пустымі нясціплымі словамі і г. д., што і 'дазваляе прымяркоўваць іх да пэўнага часу. Выпісваю тут адну, калядную, якая, на мой погляд, найлепшая, прыгажэйшая:
Сын у маткі начаваў,
Сын у маткі начаваў, дзіўны сон відзеў, Дзіўны сон відзеў, дзіўнае дзіва: 3-пад правай рукі сакол вылятаў, 3-пад левай — сакаламаткі...
— Ой, маці, маці, пара ўстаці, Пара ўстаці, мой сон разгадаці. Маці ўстала, сон разгадала: — Ой, сынку, мой сынку!
Ужо у тваім доме праява стала, Ужо твая жана сына радзіла, Сына радзіла, сама ня жыва. — Ой, служкі мае найвярнейшыя, Закладайце коніка найбардзейшага. Еду, паеду, мой конь не бяжыць, Прыеду к гаю — гай не шуміць, Прыеду к саду — мой сад не зялёны, Прыеду на двор — мой двор не мяцёны, Прыеду к стаенцы — мой конік заржаў, Мой конік заржаў, усю праўду сказаў: Учора з вячора жонка сына радзіла, А сягодні рана дзіця асірацела.
Пайду у святліцу, паненкі у чэрні,
Мамкі да нянькі дзіця калышуць. — Чаго вочачкі зачыніліся? Чаго з міленькім не відзеліся? Чаго ручачкі сашчапіліся Да ўжо з міленькім разлучыліся?
Песня гэта ўмясціла ў сябе шмат паэзіі. Звернем увагу на апісанне паездкі мужа дамоў. Конь найхугчэйшы, паводле слоў песні, не бяжыць, гай стаіць задумёны, не шуміць, сад страціў свой жывы колер, не зялёны, двор бязлюдны, падвор’е не мяцёнае. I калі ўсё ў дарозе толькі прадказвала няшчасце, найвярнейшы конік нарэшце заржаў на стаенцы і пацвердзіў тое, што здарылася: учора дзіця нарадзілася, а сягоння — асірацела. Кароткае і выразнае паведамленне. Размова мужа з нябожчыцаю-жонкаю таксама дакладная і хвалюючая. Усё тут пры гэтым вызначана укладам, пачуццямі, паэтычнымі вобразамі, і здаецца, што апісаннем займаўся вялікі мастак. Песня гэта належыць да тых, што называюць старымі, даўнімі. Трэба паспяшаць са збіраннем гэтых песень. Народная паэзія таксама мае свае розныя шляхі, квітнее і марнее, змены гэтыя адбываюцца ў непрыкметку, паціху. Да Каляд прымяркоўваюцца таксама некаторыя забабоны і звычаі.
Забабоны
Путаюць стол, каб жывёла не таптала пасеваў. Ад захавання гэтага звычаю залежыць лёгкасць спынення і пасадкі пчаліных раёў. Забабоннасць не дазваляе перад Калядамі вязаць мётлы для вымятання печаў. Робяцца яны з сасновых ветак і маюць назву: памяло. За невыкананне гэтага звычаю пярун нібы карае спаленнем хаты. Клубкі, верацёны і прасніцы ў час Каляд старанна захоўваюць, каб у валоў не цягнулася слюна, г. зн. каб былі дужыя, добра працавалі.
Звычай
Як нідзе ў іншых мясцовасцях на святога Сцяпана праяўляюць увагу да чэлядзі, пра што і прыказка ёсць: «На святы Сцяпан кожны сабе пан», так у нас бывае на Коляды. Гаспадары і найміты ў гэтыя дні мяняюць свае ролі. Першыя стараюцца ўлагодзіць парабкаў і дзевак, частуюць іх, абяцаюць увагу і спагаду на ўвесь год службы, а тыя набіваюць сабе цану, выказваюць свае скаргі, ідуць дамоў, да бацькоў або сваякоў і прымушаюць сябе ўпрошваць.
ВЯЛІКДЗЕНЬ
Свята Wielkiej Nocy (Вялікай Ночы) называецца ў народзе Вялікдзень. Гэта каляндарная ўрачыстасць нашай рэлігіі, калі гаварыць пра абрады і звычаі, якія захаваліся ў простым народзе, моцна пераплятаецца і збліжаецца з абрадамі і звычаямі ў вышэйшых колах грамадства, і можна сказаць нават, што яны аднолькавыя, з той толькі розніцаю, што пост у простых людзей выконваецца і захоўваецца значна лепш і па колькасці і па якасці харчавання і прымушае ўвесь народ з найвялікшым жаданнем чакаць лепшага часу — вялікага свята Уваскрэшання. Пасля набажэнства свяшчэннік асвячае ўбогае свянцонае ў адкрытых кошыках, з якіх выглядаюць розныя ступені беднасці: нястача, як гаворыць народ. Усё асвечанае — святое, мае сваё значэнне, нясе Божы дар. Вера замацоўвае ўсё гэта. Абрус, на якім асвячалася свянцонае, засцерагае ад граду, калі яго своечасова ў час навальніцы разаслаць на двары. Косці ад свянцонага з гэтаю ж мэтаю закопваюць на ніве, даюць сабакам, каб засцерагчы ад шаленства, і г. д. На святы Вялікдзень суседзям не даюць агню: з агнём нібы выносіцца з хаты і шчасце.
Валачобнікі. Пасля заканчэння першага дня Вялікадня вечарам валачобнікі пачынаюць свае паходы: абыходзяць свае ўласныя двары, дамы шляхты, багацейшых аднавяскоўцаў. Стаўшы пад акном, дружына ў складзе галоўнага спевака — пачынальніка, памочнікаў, скрыпача і механошы бойка, энергічна спявае наступную песню:
Хрыстос васкрос! (тры разы паўтараюць) Ішлі, прышлі валачобнікі, Іграючы, спяваючы, Добрага пана шукаючы.
— Добры вечар, пане гаспадару! Чы спіш, чы ляжыш, пане гаспадару? Калі ж да спіш, Бог з табою, Калі ж ня спіш, моў са мною. Адчыні акно, паглядзі на двор: На тваім дварэ стаіць шацёр, Навюсенькі, бялюсенькі, А ў тым шатры залатое крэсла. На том крэсле сам Бог сядзіць, Перад Богам усе святкі Шыкуюцца, рахуюцца, Катораму святу наперад пайці?
Святыя Саракі наперад пашлі, Святы Аляксей сохі чэшыць, Святое Благавешчанне заворуець, Святы Вербіч вярбу пасвячаець, Чысты Чацвер ячмень засяваець, Святое Вялічка з красным яечкам, Першы дзень пірагі маюць, А сярэдні дзень пагуляюць, А паследні дзень выпраўляюць. Радаўніца — статак запасываюць, Святы Юрай — Божы пасол, Божы пасол да Бога пайшоў, А ўзяў ключы залатыя, Адамкнуў зямлю сырусеньку, Пусціў расу цяплюсеньку На белы цвет і на ўвесь свет. Святы Барыс бабы сеець, Святы Мікола па межах ходзіць, Па межах ходзіць, жыта родзіць: Урасіўся, умачыўся, Пад залаты пояс падаткнуўся.
Святы Ушэстнік — жыта выплываець, Святая Сёмуха навозы возіць, Навозы возіць і Бога просіць. Святы Дзявятнік жыта раўнуець, Святая Дзесятуха жыта красуець, Святы Іван пчолы садзіць Перад пералазам па шасцёра разам. Святы Пятро жыта спеліць, Святы Кузьма сярпы робіць Залатыя, новыя, сталёвыя.
Святы Паўлюк граблі робіць, Святы Дзям’ян сена грабець, Святы Ілля — слаўная жняя. Святы Барыс снапы зносіць, Святыя Ганны дамоў возяць, Святы Спас жыта пасвянчаець, Святая Прачыстая папары мяшаець, Папары мяшаець і засяваець, А другая ёй памагаець.
Святое Узвіжанне з поля збіраець, Святы Міхайла з халодным ветрам, Святы Пакроў зямлю пакрыў, Зямлю лістом, а воду лядом. Святы Юрай грудай гвоздзіць, Святы Мікола снегам мосціць. Прыйшлі Калядкі — гаспадаром парадкі. Святая Васілля дзяжу мясіла, Пірагі пякла і рагатыя і букатыя.
Святое Вадохрышча ваду пасвячаець, Ваду пасвячаець, людзей пакрапляець. Святыя Грамніцы свечы пасвячаюць, Прыйшлі Саракі да другіх Саракоў. Дай жа, Божа, гаспадаром здароўе, Дай жа, Божа, каб жыта радзіла На ніве капамі, а ў гумне сціртамі, На таку умалотам, а ў арудзе спорам, У арудзе спорам, а ў прудзе намолам, У дзяжы падходам, а ў печы ростам, У печы ростам, на стале сыццем. Гаспадарок, дары гасцей, Дары гасцей, не баў, баржджэй! Нашы дары невялічкі, у дзверы ня лезуць, У дзверы ня лезуць, у акно шыюць. Пачынальніку — капу яец, А памагальнічкам — па дзясятачку, Для механоша — тры грошы.
Музыцкая доля — што даюць, бярэць тоя. А не дарыш — прасі ў хату!
Мы на тое прыступаем, Кварту гарэлкі, Сыр на тарэлкі, Хрыстос васкрос!
Запісана гэта песня ад жывых выканаўцаў, валачобнікаў з ваколіц Бярэзіны, а міль праз дзесяць, над ракой Гайнай, яна спяваецца ўжо крыху інакш, і там, дзе гэта тычыцца земляробчага календара, і віншавання, нават адносна валачобнага, напрыклад: «Дары, гаспадару, слаўны мужу, гэтым дарам не выдасіся (не збяднееш), зажывеш ад Бога хвалы, а ад людзей славы». Калі нічога не далі, што можа здарыцца толькі там, у тых дварах, дзе падобнае віншаванне даўно ўжо не ўзнагароджваецца, тады адразу, не губляючы гумару, крыху адышоўшы, спяваюць:
Перайшлі сяльцо, знайшлі яйцо, Перайшлі другое, згубілі і тое.
Уся песня з уступам, заканчэннем і вельмі сціплымі прыгаворкамі не вымагае падарункаў — гэта хутчэй поўны земляробчы каляндар з пералікам усіх гаспадарчых работ. Гэта своеасаблівая павучальная песня пра земляробства, у якой багатыя народныя ўяўленні дапамагаюць маладым слухачам авалодваць пэўнымі ведамі. Усе святыя тут нешта робяць, жывуць жыццём земляробаў — святы Мікалай па межах ходзіць, урасіўся, ума-
чыўся, пад залаты пояс падкасаўся. Усе святыя маюць занятак, падзел працы, прапанаваны эканамістамі для яе ўдасканалення і плёну тут ужо на самым высокім узроўні. Калі б, далёка жывучы ад нашай краіны, давялося пачуць толькі адну гэту песню, хіба не было б дастаткова для ўяўлення аб нашым клімаце і здольнасцях народа, які ў такой сціслай форме, у песні, выкладае ўсю сваю земляробчую навуку?