Фальклор у запісах Яна Чачота і братоў Тышкевічаў

Фальклор у запісах Яна Чачота і братоў Тышкевічаў

Выдавец: Беларуская навука
Памер: 330с.
Мінск 2005
42.24 МБ
КУПАЛЛЕ
Наш народ, ні ў чым не здраджваючы хрысціянству, з павагай ставіцца да традыцый і звычак сваіх старадаўніх вераванняў. Далёкае мінулае не губляе для яго сваёй прыцягальнай сілы, не перастае вабіць. У ім застаецца неўміручая свежасць. Шчаслівы гэта быў час, калі чалавек быў свабодны, не было ў яго вялікіх патрэб, не абліваўся гарачым потам, даваў сваім уладальнікам крыху мёду з борці, скур з дзікага звера і нейкую ахвяру з незлічонага статка жывёлы, якая пасвілася на неабсяжных прасторах.
Свята Купалы адзначалася, як вядома, перад святым Янам. Адзначалі яго не толькі славяне, але і многія еўрапейцы. Ушаноўвалі ўсёмагутнае боства Купалу, апякунку плоднасці. Назва гэтага боства, магчыма, паходзіць ад купы, г. зн. мноства, багацця, дастатку і агню, або ад выразу «купалле», бо і тая і іншая стыхія, як вада, так і агонь, служыць у гэты дзень сродкам для ачышчэння ад грахоў, пра гэта і ў песнях гаворыцца. Але не ва ўсіх славянскіх краінах гэтае свята адзначаецца аднолькава. Вучоны ксёндз Богуш Сестранцэвіч, даследчык славянскіх і сармацкіх помнікаў, пішучы пра Кіеў, паведамляе, што статуя гэтага боства знаходзілася ў Кіеве, і далей тлумачыць гэтак: «Свята Купалы бярэ пачатак у глыбокай старажытнасці, з часоў пакланення славян язычніцкім багам. Па сённяшні дзень гэтае свята адзначаецца з усімі абрадамі. Купала як святая творчая сіла з’яўляецца боствам плоднасці». Ахвяры яму прыносілі перад пачаткам жніва —24 чэрвеня. На полі ў гэты дзень раскладвалі вялікія агні, а моладзь, упрыгожаная вянкамі з жывых кветак, танцавала вакол іх і прыпявала вясёлыя песні. Для засцярогі хатняй жывёлы, дамашняга статка ад усялякага ліха, якому сатыры быццам маглі ўчыніць нешта непрыемнае, жывёлу прымушалі ска-
каць праз агонь. Цяпер у ноч перад святым Янам гэты абрад выконваецца ў кожнай украінскай вёсцы. Раскладанне агнёў не ўсюды можна заўважыць, але дзе гэты звычай захаваўся, хлопцы і дзяўчаты працягваюць скакаць праз агонь — для засцярогі сябе і жывёлы ад уздзеяння чараўніцтва і вядзьмарства. Найчасцей гэтае язычніцкае свята адзначаюць дзе-небудзь, уваткнуўшы дрэўца, на лузе. Дзяўчаты збіраюцца ў кола, бяруцца за рукі, спяваюць песні і кружацца. Хацелася б даведацца, ці не захаваўся ў гэтых песнях успамін пра старадаўняе боства Купалу, але акрамя слоў пра каханне ніякага напамінку пра ўшанаванне боства Купалы заўважыць не ўдалося. Дрэва, якое садзяць (умацоўваюць) у цэнтры гуляння, відаць, сімвалізуе постаць Купалы. Людзі не ведаюць, адкуль паходзіць гэтае традыцыйнае свята. У нас, у Барысаве, гэты дзень адзначаецца наступным чынам. 3 надыходжаннем вечара распальваюць у канцы вуліцы агонь, у тым ліку з зялёных галінак, ужываючы для падпалкі так званыя атопкі, або інакш рэшткі лапцяў, якія цэлы год праляжалі на страсе хаты. Збіраецца моладзь з усёй вёскі. Жанчыны прыносяць усялякія пачастункі. Падмацаваўшыся і абудзіўшы гарэлкаю да ўсяго вялікі спрыт і ахвоту, пачынаюць танцаваць і спяваць купальскія песні. Танцуюць і спяваюць пад музыку. Першая, уступная песня — з вымоваю тым, хто не прысутнічае:
I
Сонца грэець, Калода прэець; Сонца пячэць, Калода цячэць.
Песні і танцы працягваюцца даволі доўга, пачастункі і піццё не спыняюцца да позняй ночы, потым спяваецца наступная песня:
II
Сягоння ў нас Купалле. To! To! To! To! Сам Бог агонь раскладаў, Усіх святых к сабе сазваў.
Толькі нету Іллі з Пятром. Пайшоў Ілля каля жыта. Чыё жыта добрае, харошае? Сцяпана найлепшае.
Сцяпан будзе піва варыць, Сына жаніць, гарэлку гнаць, Дачку замуж аддаваць.
Кожны радок песні заканчваецца прыпевам: «To! To! To! To!» альбо: «Божа наш!» Першапачатак песні захаваўся з найдаўнейшых часоў: «Сам Бог агонь раскладаў». У старадаўніх немцаў, як піша паважаны Юцэвіч, ужываўся святы агонь, здабыты трэннем дрэва аб дрэва. Ці ж гэтая наша песня не расказвае пра тое ж самае?
Потым спявалі купальскую песню, у якой гаворыцца пра купанне:
III
Дзве сястрыцы купаліся. Божа наш! Пакупаўшыся, на бераг выйшлі, На бераг выйшаўшы, гаварылі: Ня Бог нам даў двом сястрыцам, Умесце раслі, на розна пашлі, Нашы кароўкі паразвядзёны, Нашы кубялкі паразвожаны.
Ёсць яшчэ адна песня пра ятровак (братавых), якая заканчваецца словамі: «Ой, Бог нам даў, двом ятровачкам // He разам раслі, уместа сышлі» і г. д.
IV
Цераз горачку тры сцежачкі. Божа наш! Ішлі туды тры дзевачкі.
Адна ішла у золаце, Другая у аксаміце, Трэцяя у розуме. Што у золаце, то Васількова, Што у аксаміце, то Максімава, Што у розуме, то Яначкава. Я золата хоць прыпазычу, А коніка хоць прыкуплю, А розуму ані ўцяць, ні ўзяць.
Кожны радок заканчваецца прыпевам: «Божа наш!»
V
Ель мая зялёная, Свякроўка шалёная: Загадала мне тры дзела дзелаць. Першае дзела — у нядзелю адзежу жлуктаць, Другое — на моры бяліць, Трэцяе дзела — верх лесу сушыць.
— Свякроўка, матачка!
Я не татарка, у нядзелю жлуктаць, Я не вутачка, на моры бяліць, Я не сонейка, верх лесу сушыць, Я не зорачка, па небе качаць, Я не шчурачка, у арэшку складаць.
Ва ўсіх песнях свякроўкі паказаны аднолькава, як бязлітасныя і лютыя ў адносінах да сваіх нявестак.
У іншых народаў, у ліцвінаў і жыхароў Карпацкага краю, у гэты час адзначаюць свята Лады (Ладо). Іх багіня Ладо — апякунка сям’і і шлюбу. У паўсядзённым ужытку слова «ладзіць» азначае згоду, узаемаразуменне. Свята гэтае адзначаецца адначасова і нашым Купаллем. Таму, магчыма, і змест купальскіх песень не выпадкова прысвячаецца каханню. Але ці апякала Купала сямейную згоду, ці не было свята Лады і нашым святам — пра гэта трэба яшчэ даведацца, трэба высвятляць.
У дзень святкавання Купалля адбываюцца незвычайныя з’явы ў прыродзе: сонца іграе, дрэвы, жывёлы і ўсе жывыя істоты гавораць паміж сабою, чэрці гарцуюць на конях, смела разгульваюць русалкі і г. д.
Усе людзі так або інакш удзельнічаюць у святкаванні Купалля. Кожны, як хто можа, шукае шчасця: хто весяліцца каля агню, спявае, танцуе, іграе, хто есць, п’е, гуляе. Хлопцы, ведаючы патаемныя думкі сваіх дзяўчат, хочуць абавязкова знайсці ў гэты вечар скарб, каб стаць багатымі. Менавіта ў гэты час, на Купалле, наступае пара шукання скарбаў, якія выходзяць з-пад зямлі, перасушваюцца ў выглядзе полымя, перакідваюцца ў катоў, жывёл. Але не так лёгка іх узяць — трэба мець адвагу і шчасце, быць уладальнікам кветкі папараці. He кожнаму ўдаецца ўзяць гэты скарб. Дык ці не лепей адкласці задуму да пярэдадня святой Тройцы, калі нячысцікі, уладальнікі гэтых скарбаў, збіраюцца ў пекла на нараду і робяць там справаздачу аб сваёй рабоце. Хто моцна хоча адшукаць патаемны скарб, адпраўляецца начаваць у вялікі папаратнік. На гэта патрэбна адвага, бо сапраўдныя русалкі і нячыстыя духі, пакрытыя ад галавы да пят валасамі, не аднойчы палохалі адным сваім выглядам, падсцерагалі і не такіх смельчакоў, калі тыя парушалі мяжу дазволенага, каб стаць багатымі, хапалі і казыталі, пакуль дух выйдзе. Жывымі заставаліся толькі знахары. Так і ў сапраўдным свеце: часта ёсць і рашучасць, але няўменне губіць усю справу. Папараць бывае двух
відаў: глухая найлепшая. Кветку на ёй хутчэй знайсці. На Белай Русі, як сведчыць пан Юцэвіч, захавалася паданне пра хлопца, якому ў ноч перад святым Янам уваткнулася ў лапаць кветка папараці — гэта адкрыла яму дар бачання схаваных скарбаў. I толькі калі страціў лапаць з кветкаю, страціў і дар адчування і бачання навакольнай прыроды.
He спяць у гэтую ноч і ведзьмы, робяць усялякае зло непрыязным суседзям, адбіраюць у кароў малако. Робяць жа яны гэтак: збіраюць у суседзяў на агародах расу і даюць сваім каровам выпіць. Наколькі прыбавіцца малака ў сваёй каровы, настолькі менш будзе ў суседзяў. Але ёсць управа і на ведзьмаў. Трэба толькі давесці да кіпення на лазовых дровах цадзілку з-пад малака — гэта прымусіць ведзьму цярпець вялікую муку, прыйдзе прасіцца, але ў гэтым выпадку асцерагайцеся, каб, адпраўляючы ведзьму, не дазволіць ёй ухапіць з двара ні трэскі, ні жменькі зямлі. Засцерагаючы сябе ў гэты час ад чараўнікоў, якія насылаюць жаб на кароў, каб смакталі малако, людзі вешаюць на варотах хлявоў замкі, грамніцы і крапіву-жыгучку. Жывёла ў гэты дзень вяртаецца з поля, упрыгожаная вянкамі з палявых кветак на рагах. Вянкі застаюцца на ўсю ноч, назаўтра іх свецяць у царкве. Патрэбна ўсё гэта будзе для абкурвання жывёлы, калі здарыцца ў яе хвароба. На гэтых кветках дзяўчаты варожаць, збіраюць васількі, браткі — пакуль навыбіраюць 12 гатункаў; ідуць затым на растанцы дарог, там моляцца анёлам, пасля ідуць дамоў, моўчкі, нікому не гавораць ні слова, кладуцца спаць, і пэўне павінен прысніцца суджаны. Коней у гэту ноч не водзяць на начлег, баючыся, што нячысцік выкарыстае іх у сваіх мэтах. Гэта добра ўсе ведаюць, упэўнены. Усе заняты ў гэты час рознымі перасцярогамі, а земляробы больш за ўсё клапоцяцца за свае палеткі, надзелы або шнуры, як іх у нас называюць, і на кожным рагу ўбіваюць асінавы кол, на вярху ўмацоўваюць каменні, якія нібы засцерагаюць ад граду. Вядома, што купанне і агонь служылі для ачышчэння ад грахоў, аб чым гаворыцца і ў саміх песнях. Паважаны Юцэвіч таксама ў сваёй працы пра Літву ў святле старажытных паданняў гаворыць, што горы і ўзбярэжжы рэк з’яўляюцца святыняй у час святкавання Купалля, на гарах раскладваюць агонь, праз які пераскокваюць, у рэках купаюцца, каб пазбавіцца ад грахоў і хвароб на цэлы год. У нас не паўсюдна захаваліся купальскія абрады без змяненняў, часта спыняюцца на спальванні атопкаў, паляць іх на сваім толькі двары, без вялікіх гулянняў,
ёсць і такія, што цалкам слухаюцца ксяндзоў, не заўважаюць Купалля. Але ж усюды нам даводзілася пры гэтым назіраць, што дзе народ свабоднейшы, жыве ў лепшых умовах, там і больш клапоціцца аб сваіх духоўных багаццях, а дзе жыве нястача, там усе гэтыя старадаўнія паданні яго не цікавяць. Бяда, як гаворыць прыказка, вучыць розуму, але ж, відаць, і плату за гэта добрую бярэ, бо прытупляе ўсе пачуцці, якія ідуць з глыбіні душы, ад несапсаванага шчырага сэрца.
ДАЖЫНКІ
Пасля заканчэння жніва на ўсіх палетках панскага поля бяседа, якую спраўляюць паны для сялян, называецца дажынкамі. Імі адзначаецца паспяховы збор ураджаю і ўдзячнасць паноў сялянам за іх працу. У добрых і багатых паноў дажынкі бываюць двойчы: жытныя — малыя і агульныя — вялікія, калі ўсё з поля сабралі. Ёсць мясцовасці, дзе паны дажынак не спраўляюць, а замест іх на свята Божага Нараджэння і ў Коляды раздаюць пэўную меру гарэлкі. Прапанаваць усёй грамадзе вясёлую бяседу з удзелам самога гаспадара або, як робяць многія шаноўныя памешчыкі, калі танцам (паланезам) вабяць і запрашаюць да сябе сваіх добрасумленных сялян,— гэта зусім не тое, што раздаць крыху гарэлкі па хатах і абмежаваць гулянне ў ціхім сямейным коле. Сапраўдная весялосць патрабуе гурту. Трэба лічыцца з інтарэсамі грамады, ведаць, як ім гэта новая мода не да смаку.