• Газеты, часопісы і г.д.
  • Фальклор у запісах Яна Чачота і братоў Тышкевічаў

    Фальклор у запісах Яна Чачота і братоў Тышкевічаў


    Выдавец: Беларуская навука
    Памер: 330с.
    Мінск 2005
    42.24 МБ
    Адсюль горача, адтуль боляча.
    — Па што, воўча, ідзеш? — Па апошняе.
    He да пугаўя, а з пугаўя. — He прыбывае, а ўбывае.
    На кім скрупіцца, а на мне змелецца.
    Каму па каму, а мне два камы. — Ком, камы — жамерыны з канаплянага семя.
    Пакуль цэп, патуль хлеб.
    Мая кабыла ўгразла. — Гавораць і папраўдзе, і жартам, калі спрачаюцца, хто каго павінен частаваць.
    He я плачу, бяда плача.
    Адна бяда не бяда.
    Бяда, як дуда: зачне дуць, аж слёзы набягуць. — У музыкідудара слёзы калі ідуць, дык ад цяжкага надзімання, у няшчаснага чалавека — ад бяды і гора, якія наваліліся на яго.
    Бяда па бядзе, як па нітцы ідзе.
    Чорт адну бяду перабудзе, адна міне, дзесяць будзе.
    День мой — век, гадзіна — век с хвосцікам.
    Маёй пугай па маёй кабыле.
    Дабрата і гасціннасць
    Прысядзьце ж у нас, суседзі, каб пчолкі садзіліся. — Гавораць людзям, якія раптам завіталі на хвілінку. Пчалярства давала калісьці вялікі даход жыхарам нашага краю. У гэтых словах і захаваліся народныя звычкі і вераванні ў тое, што за добры прыём госця Бог узнагароджвае поспехамі ў развядзенні пчол.
    Рады ў гады. — Да рэдкага госця.
    Пры госцю і гаспадар пажывіцца.
    Чым хата багата, тым і рада.
    Усяго было, да прынукі не было.
    Душа мая не крывая, яна ўсё прымае. — Заўвага госця ў час частавання.
    У хворага пытаюцца, а здароваму даюць. — Заўвага свайго блізкага госця.
    Пачуццё задаволенасці
    Калі ем, то глух і нем.
    Як не еў — не мог, як пад’еў — ні рук, ні ног.
    Чаму казак гладак, бо пад’еўшы — на бак.
    Дома хоць не ўежна, да ўлежна.
    Для п’яніцы і капля дорага.
    Смаку, як у пячоным раку.
    Каб панам быў, у масле б плаваў, сырам папіраўся.
    Пасаліўшы, ясі.
    Пар касцей не ломіць. — Вельмі ж любяць цёплыя памяшканні, спяць у моцна натопленых восецях, дзе аж дух зацінае.
    Зло ў душы
    He ўзяўшы на душу, не хадзіць у кантушу. — У добрых людзей гэта прыказка — заўвага назіральнікаў, у нядобрых — закон жыцця (правіла).
    Воўк блізка шкоды не робіць. — Звычка, якая датычыць і злодзея.
    Па маёй смерці воўк траву еш. — Звычка і правіла самалюбаў.
    Прыказкі розныя
    Што было, на мора паплыло.
    Як хто хочаць, па сваім бацьку плачаць.
    Мысль за гарамі, смерць за плячамі.
    Будзець калі кірмаш і на нашай вуліцы.
    У кабылы вялікая галава — няхай яна сабе думаець. — Бесклапотнасць.
    Без паджогі дровам не гарэць.
    Галоднай куме хлеб на ўме.
    Усё можна, толькі асцярожна.
    Даць аблупленае яечка.
    Гэта толькі цвет — ягады яшчэ будуць. — Прадбачанне большай бяды.
    У голад намруцца, у вайну налгуцца.
    Багатыр дзівіцца, чым худак жывіцца.
    Нач, хоць з чужой жонкай прач.
    Аддай другому жонку, а сам у саломку. — Калі хто аб чым просіць і чаго дзяліць нельга.
    Дзіва, што ў караля жонка хараша. — Зайздросная пахвала якой-небудзь рэчы.
    Пайшоў сабакам сена касіць. — Ляпнуць нешта такое... не зусім прыемнае.
    Хочаш з лаўкі зваліцца і не разбіцца.
    Што летам ножкай топ, то зімой ручкай хоп.
    На табе, нябожа, што мне нягожа.
    Вялікая кабыла, да худая. — Пра вялікае багацце, але ўжо спажытае або не дагледжанае.
    Дуб вялікі, да дуплаваты. — Унутраныя недахопы і слабасць, прыхаваныя за знешняю сілаю і паказнымі дадзенымі.
    He купіў бацька шапкі, няхай вушы мерзнуць. — Для тых, хто шукае дапамогі і падтрымкі ў чужых, абмінаючы сваіх, родных.
    Дзесятая вада на кісялю. — Далёкая радня.
    Каб не дзірка ў роце, хадзіў бы ў злоце.
    Горка з’есці і жаль пакінуць.
    Узяў чорт кароўку, няхай бярэць і вяроўку.
    Чым чорт не араў, тым і сеяць не будзе. — Невялікае жаданне прыдбаць нешта новае.
    Шавеліцца, як верабей у веніку. Або: Верціцца, як верабей у мятле.
    Гэта не абаранак. — Калі адмаўляюцца выканаць нейкае дадзенае раней даручэнне.
    Хоць ты мяне капут, дык я табе ні галом. — 3 1812 г., адказ мужыка французу, які просіць паказаць дарогу.
    Гэта яму, як лапці плясці.
    Гэта не пальцам паківаць.
    Цераз сілу і конь не скачаць.
    Ад прыбытку галава не баліць.
    Старцу сяло не накладам. — Калісьці старцы, няздольныя да працы, хадзілі ад сяла да сяла з малітвамі, разносілі розныя звесткі, навіны і заходзілі вельмі далёка. Гэта былі зусім не жабракі. Яны не жабравалі. Іх сустракалі са словамі: «Чым хата багата, тым і рада». Гэтым жа тлумачыцца і тое, як, якім чынам песні далёкіх ускраін прыходзілі да нас і чаму ў іх шмат агульнага з нашымі песнямі.
    3 песні слова не выкінуць. — Калі гаворыцца пра нешта занадта смелае або недазволенае. Можа, тут і мне спатрэбіцца яшчэ апраўдваць свае думкі гэтаю прыказкаю.
    Язык да Кіева дапытаецца. — Пытаючыся ў людзей, шмат аб чым даведаешся.
    Пераначуем — болей пачуем. — Счакаўшы, праз нейкі час можна і больш даведацца аб чым-небудзь.
    Прыказкі пра гандаль
    Гандаль — з’ява добра знаёмая ў народзе. Важнейшыя правілы гандлю перайшлі ў прыказкі.
    За морам вол па грошу. — Адказваюць тым, хто гаворыць, што тавар дарагі і ў іншых месцах нібы можна купіць танней.
    Час плоціць, час траціць.
    Да абеду лыжка дарага. — Калі попыт меншы, зніжаецца цана.
    Ката ў мяху не купляюць.
    He там траціш, дзе прадаеш, а там, дзе купляеш. — Хто дорага купляе, той мусіць са стратаю для сябе прадаваць.
    У пужлівага купца ні грошай, ні тавару.
    He сто коп заробіш, не сто страціш.
    Няўжо ж, баючыся воўка, у лес не ісці.
    Дзе капачы капалі, там і грошы прапалі.
    Зарабіў, як Заблоцкі на мыле.
    Першага торгу не мінай. — Гэта датычыць і дзяўчат, каб не надта перабіралі, не адпраўлялі сватоў ні з чым.
    Што то за торг, калі не ў шапцы. — Свая воля, як хачу, так і прадаю.
    Плоціць не багаты, а вінаваты.
    Таннае мяса сабакі не ядуць.
    Кароўка па ўдою не лічыцца. — Гавораць з мэтай збіць цану.
    За свае грошы ўсюды харошы. — Даюць зразумець, што за такія грошы (цану) і ў іншым месцы можна купіць гэты тавар.
    Ведаць купцу і прадаўцу. — Абыдземся без пасрэднікаў.
    Як той казаў: павязу сваю матку прадаваць.
    Чы ты ашалеў? Як задаражыш, то і сам чорт не купіць. — Рэпліка на незвычайна высокую цану.
    За грошы толькі бацькі і маткі не купіш.
    Грош круглы.
    У анучцы грошы вядуцца.
    Хатку крытую, а адзежку шытую добра купляць.
    Земляробчыя прыказкі
    Некаторыя земляробчыя прыказкі маюць дваякае значэнне: адно літаральнае, другое пераноснае, напрыклад: «Дзе урода, там умалот» — адносіцца і да людзей з пэўнымі фізічнымі задаткамі, па якіх можна меркаваць аб сіле і г. д. Глыбокія думкі, закладзеныя ў гэтых прыказках, хацелася б зверыць з жыццём. Яны для нас сёння і прадпісанне, як весці гаспадарку, і назіранні над прыродаю, кліматам, выбар часу для сяўбы, уплыў на ўраджай месячыка і інш. Спачатку трэба было б уважліва прааналізаваць гэтыя прыказкі, потым, калі што не так, не пацвердзіцца, можна будзе і надрываць жываты, і пасмяяцца.
    3	лубкі жывём. — Край наш земляробчы.
    Пакінь стрэльбу і вуду, то і я ў цябе буду. — Так нібы сказаў аднойчы хлеб гаспадару, які нядбала адносіўся да сваёй асноўнай земляробчай працы.
    Дай зямлі, яна табе дасць. — Угнаенне.
    He ўважай на ўраджай, а жыта сей. — Гаворыцца ў такім выпадку, калі хто каго заахвочвае на нейкую справу, ад якой могуць быць і прыбытак і страты.
    Пакланіся кусту, а ён дасць хлеба лусту. — Раскарчоўка лесу для ворнага поля.
    Дзе араты плачыць, там жняя скачаць. — Араць на раскарчоўках вельмі цяжка.
    Калі будзеш мець сілу, знойдзеш і за мяжой ніву. — Знойдзеш і за надзелам зямлю. Ужываецца ў пераносным сэнсе.
    Калі не нажнём, то назбіраем. — Калі шмат пасеяна.
    Сеяць у свіны голас. — У веснавыя халады дамашняя жывёла крычыць у хляве. 3 12 жніўня пачынаецца так званая красная сяўба, ранейшая называецца «хвашчавая».
    Хто з календара сеець, той мала веець.
    Хто глядзіць на месяц, той у дзяжы не месіць. — Адны прытрымліваюцца ў гаспадарцы пэўных назіранняў, іншыя не звяртаюць на гэта ўвагі.
    Званец, хлеба канец. — Званец — зеллейка сярод жыта.
    Мятліца — хлеба палавіца.
    3	касой пагоды не ждаць.
    Калі вясной запяець удод, тады сей боб.
    Будзець пара, будзець і трава. — Ужываецца ў пераносным значэнні, калі хто скардзіцца на затрымку чаго-небудзь.
    Хто коні мяняе, у таго хамут гуляе.
    Калі не выліняў конь да святога Яна, няхай ідзець да другога пана.
    Калі выйдзець рой перад святым Янам, будзець зямец панам.
    Хто маець статак, той маець і ўпадак. — Сусед суцяшае суседа, калі даведаецца пра яго страту.
    Працуець, як вол чорны.
    Саламяным валом не араць, сенным канём не ваяваць.
    Сава не ўродзіць сакала. — Якасць патомства шмат у чым залежыць ад самкі. Тут пра коней. Арабскіх коней, напрыклад, высока цэняць.
    Першыя шчаняты за плот. — Больш паддаюцца шаленству.
    Кармі парсюка мукой, калі хочаш, каб пайшоў рукой. — Прыказка сялян, якія не хочуць звяртаць увагі на забабоны.
    Што ў лесе родзіцца, у хаце знадобіцца.
    Лес лесам, а бес бесам. — Паводле гэтых правіл, без меры знішчаюцца лясы.
    Іван зрабіў, Іван з’еў. — Непрыбытковая гаспадарка.
    Калі дало рабіць, то дасць і з’есць. — Калі сенакос, пачынаючы з апошніхдзён чэрвеня, без дажджу, мяркуюць (варожаць), што зіма будзе доўгая і халодная.
    Які сакавік, такі і красавік. — Калі сок бярозавы спачатку добра ідзе, а потым ад халадоў спыняецца, мяркуюць, што гэта нядобра для красавання позняга жыта і наадварот.
    Калі на святога Пятра пойдзець дождж, будзець жыта, як хвошч. — Будзе ненамалотнае жыта.
    Марцінава гусь па вадзе, Божае Нараджэнне на лёдзе. — Мясцовая.
    Грамніца — зімы палавіца.
    Святая Варвара ночы ўварвала.
    На святога Мацея зіма пацее.
    Ад Каляд тры разы па пяць — пастушкі ў полі ліпяць. — Ад Божага Нараджэння адлічваюць 15 тыдняў; тады жывёла можа ўжо пайсці ў поле.
    Асьмак для сабак, сямачок на абрачок. — Пра сяўбу аўса.
    Юр’я сказаў: жыта ўраджу, Мікалай адказаў: пачакай, пагляджу.
    Да Юр’я корму і ў дурня.
    Май — каню сена дай, а сам на печ уцякай.
    Мей сена да Міколы і не бойся зімы ніколі.
    На Міколу нету ні зімы, ні лета.
    Мікола — правая зіма і правае лета.
    Прыйшоў Пятрок — адпаў лісток; прыйшла Ілля — адпала два.
    Да Іллі хоць адным зубам падзяры. — Забарануй параніну.
    На Іллю перапечку налью. — Перапечку — малую булачку хлеба.
    Ілля наробіць гнілля.
    Да Іллі ксёндз просіць дажджу, а пасля Іллі і баба хвартухом нагоніць.
    Спас — усяму час.
    Брушніца белабока, і парабак прыспаў сабе вока. — Даўжэйшыя сталі ночы.
    К. Тышкевіч