Фальклор у запісах Яна Чачота і братоў Тышкевічаў
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 330с.
Мінск 2005
— Купалачка, дзе твая дачка?
— А ў гародзе, на пагодзе.
Красачкі ірвець, вяночак уець.
Звіўшы вяночак, пашла ў таночак.
Услед за купальскімі ў зборніку змешчана 27 жніўных песень. У асноўным гэта ўласна жніўныя песні, звязаныя з працай у полі, некалькі дажынкавых, сярод якіх так званыя райкі. Гэтыя песні ўвасобілі ў сабе найбольш раннія ўяўленні аб хлебадайных сілах прыроды, і сам архаічны вобраз Рая, які выразна суадносіцца з матывам пчол, сусветнага дрэва, неба, арганічна зліты з вобразам хрысціянскага Бога, з’яўляўся як бы гарантам дабрабыту і ўраджайнасці. Наогул, дажынкавыя песні ў запісах Чачота даюць абагульнены вобраз жніва як працоўнага подзвігу, гэта гімн хлебу, ураджаю, гімн чалавеку працы.
Асобна хацелася б спыніцца на песнях з выразным сацыяльным пратэстам, успамінаць якія сёння стала не «модна». Адметна, што гэта запісы першай паловы XIX стагоддзя, якія, аднак, і сёння актыўна запісваюцца ў месцах бытавання жанру. Кранае непадробнай шчырасцю паэтычны зварот да сонца: «Сонца, сонейка, ці бывала ты ў найме?» — і студзіць сэрца катэгарычнае: «Бадай таму цямней было, хто да хаты не пушчае».
Сапраўдным шэдэўрам без перабольшвання можна лічыць і наступную жніўную песню:
На гарэ Тацянка пшонку жнець, 3 цёмнага лясочку тучка ідзець. — Чы не баішся, Тацянка, гэтай тучанькі? — А за што ж я маю яе баяцца?
У гэтай тучцы мая мамка: А ні ветрам мяне абвеець, А ні дажджом мяне не абліець, Доляй, шчасцем агарнець.
I сёння цяжка сказаць: адбітак гэта былога анімістычнага светаўспрымання ці выказванне самой душы надзвычай паэтычнага, таленавітага простага селяніна-беларуса...
У зборніку змяшчаецца пяць запісаных Чачотам хрэсьбінных песень. Гэта вядомыя ў шматлікіх варыянтах «Цераз бор сасна нахілілася», «Хто ж у нас у полазе ляжыць», «Кум ходзіць па саду, кума па гароду» і інш.
Значную частку фальклорных запісаў Яна Чачота складаюць вясельныя песні. Усе разам яны дэманструюць адзіны, арганізаваны вербальны тэкст лепельскага вяселля. Гэты тэкст прадстаўляе асноўныя абрадавыя моманты вясельнай урачыстасці — заручыны, дарэнне маладых, прыезд жаніха, дарогу да вянца, сустрэчу нявесты са свякрухай і інш.
Цэнтральнае месца, натуральна, адводзіцца вобразу нявесты, маладой дзяўчыны, яе пачуццям, перажыванням, надзеям і страхам. Расстанне з роднымі, ад’езд на «чужадальнюю старонку», канец дзявочага раю — усё гэта прадстаўлена ў канкрэтных сюжэтных сітуацыях, выпісаных псіхалагічна вельмі дакладна, недзе нават асцярожна. Душа нявесты як палахлівая лясная птушка, і народны талент сумеў, здолеў адбіць яе стан у пранікнёных і адначасова сціплых радках:
Да гаворыць лён зялюн, Пры дарозе стоячы: — А бяда мая, бяда, Што буйныя вятры, Што дробныя дажджы, He дадуць мне вырасці, Сінім кужалем зацвісці.
Цікавыя вясельныя запісы Яна Чачота як найбольш раннія і для іх семантычнай інтэрпрэтацыі, для раскрыцця міфалагічнага падтэксту. Яны яскрава дэманструюць успрыманне самога жаніха і яго дружыны як чужынцаў і нават ворагаў, прычым не столькі ў сацыяльным, колькі ў міфапаэтычным разуменні. I найперш аб тым сведчыць характарыстыка локусаў жаніха і нявесты, іх падкрэсленая абрадавая проціпастаўленасць. Для традыцыйнай сімволікі наогул характэрна падзяленне прыроднай прасторы на культурную і дзікую, а сярод іх мікрапрастора саду — уласна дзявочая. На Беларусі існаваў нават звычай, калі дзяўчына мела свой «сад», у якім вырошчвала неабходныя для вяселля кветкі і расліны.
Песенныя маналогі нявесты найперш звязаныя з садам альбо хатай:
Зязюлька ў садочку — Люсечка ў святліцы, Сакалы налятаюць, саколку падмаўляюць.
Рада паляцеці, жаль саду пакінуць
(разрадка наша — Т. В.).
Нявесце не ўласцівыя істотныя перамяшчэнні, іх адсутнасць кампенсуецца багаццем песенных тэкстаў. Запісы Чачота і дэманструюць разгорнуты сюжэтны вербальны комплекс партыі нявесты.
Партыя жаніха, наадварот, спявае мала, аднак яе шлях уяўляецца як далёкі і цяжкі. Локус жаніха адназначна прадстаўляе дзікую прыроду, неасвоеную чалавекам, — «да з-за цёмнага лесу», «з сіняга возера вятры веюць — з новага гораду госці едуць»;
3 гары, з гары, з даліны Беглі конікі чатыры. Беглі тыя коні сівыя.
— Куды вы, конікі, бяжыце, Каму вы разлуку нясеце?
— Нясем мы разлуку Таццяне
Запісаў Чачот і вясельную песню з матывам расчэсвання нявестай валасоў, прадстаўленую сёння шматлікімі варыянтамі. Дадзены сюжэт, як і вышэйзгаданыя, семантычным ядром таксама мае ідэю пераходу, у дадзеным выпадку ў кантэксце апазіцыі прырода / культура. Змена прычоскі і галаўнога ўбору з дзявочага на жаночы — адна з галоўных прыкмет пераходу. Этнаграфічна дакладным гэты варыянт наўрад ці назавеш:
Стаяла Настулька пад вянцом, Часала косаньку грабянцом.
Кінула грабянец пад вянец, Русую косаньку пад чапец,—
важная сама ідэя развітання з вольнымі дзявочымі гадамі, іх незваротнасць і няўпэўненасць у заўтрашнім дні.
Як у зборніках, так і ў рукапісе Чачота колькасную перавагу маюць пазаабрадавыя песні. Паэта прыцягвала іх выключная паэтычнасць, вастрыня сюжэтных калізій і глыбіня выказаных пачуццяў.
Сярод іх адвечныя песні-скаргі на няўдалы жаночы лёс, калі лірычная гераіня «не так жыве, як гаруе». I прычыны таму mo-
гуць быць самыя розныя: няроўны шлюб — «стары-старусенькі сцяў, змяў маладосць маю», нелюбімы муж — «валей жа мне, мамусенька, цяжкі камень узняці, чым таго нялюбага сакалом назваці», ды ва ўсе часы застаюцца такімі зразумелымі і блізкімі запісаныя яшчэ ў пачатку пазамінулага стагоддзя метафарычныя радкі: «чужая старана тугою арана, слязьмі засеяна».
Лірычныя песні ў запісах Чачота падкупліваюць сваёй адкрытасцю, той наіўнай непасрэднасцю, калі нават грубаватыя словы натуральна ўпісваюцца ў кантэкст шчырага выражэння пачуццяў:
Дзяўчыначка, прапаў я з табою,
Пратаптаў я жоўты боты, ходзя за табою, Пападраў я пару сукен, па замётах лазя, А згнаіў я дужа шапачкі, пад страхою стоя, А спацеў я дужа хустачкі, ліцо ўцірая, А зламаў я два ножыкі, вакно адчыняя.
Дэмакратычныя погляды Чачота абумовілі і наяўнасць сярод яго запісаў песень з выразнай сацыяльнай скіраванасцю. I гэта не толькі проціпастаўленне багатай і беднай нявестаў — «у багатай валы ды каровы, у худобанькі чорныя бровы», а і гаспадарчыя нястачы і галеча: «Забіраюць арандары ўсю тваю худобу. — Я сам тое бачу, што худобу трачу, за дробнымі слёзанькамі я свету не бачу». Блізкія ім па духу рэкруцкія і казацкія песні, наскрозь прасякнутыя болем за гэтых людзей: «Як рэкруцікаў лавілі, назад ручкі павязалі, рэзвы ножкі акавалі».
Менавіта Чачоту належаць найбольш раннія, поўныя, паэтычна выразныя запісы шматлікіх балад: «Тры птушачкі ля забітага малойчыка», «Барвянец-травіца то брацітка і сястрыца», «Бандароўна», «Бяроза і явар на магіле закаханых».
У апошнім, шостым зборніку, Чачот змяшчае «Крывіцкія прыказкі і прымаўкі». Сярод добра вядомых узораў народнай мудрасці знаходзім цікавыя, арыгінальныя варыянты. Напрыклад, даволі распаўсюджанай прыказцы «Ціхая свіння глыбока рые» Чачот змяшчае такія адпаведнікі: «Хто ціха ходзіць, той густа месіць», «Ціхая вада берагі рве». Маюць каштоўнасць і заўвагі самога збіральніка — да прымаўкі «Скажы, уража, як пан кажа»; «гэта аб падпарадкаванні і прыстасаванні да волі і ўлады мацнейшага. Гэта прымаўка, відаць, украінская, бо паняцця «вораг», «ураг» нашае простанароддзе не ведае і няма на яго нават слова, сумняваюся, ці выраз «уража» разумеюць, прымаўкі гэ-
тай з вуснаў сялян я не чуў — толькі са шляхецкіх». I сёння цешаць сваёй дасціпнасцю і жыццёвасцю такія прыказкі, як «На чыём вазку едзеш, таму песеньку спявай», «Як пасцелеш, так і выспішся», «То не банкет, калі прынукі нет».
У асобныя раздзелы выдзяляюцца прыказкі, прыстасаваныя да свят: «Юр’ева раса, не трэба коням аўса», «Да Святога Духа не скідай кажуха, а па Святым Духу — у тым жа кажуху» і інш., а таксама адметныя выразы і параўнанні. Трэба адзначыць, што многія з іх захавалі былую рытуальную, магічную і нават міфалагічную аснову: «вадзіць дзяды» — драмаць на рабоце; «скрывіўся як серада на пятніцу» — пра чалавека не ў гуморы, што нагадвае звычай пасціць у гэтыя дні; прыгавор да дзіцяці: «На ката пацягушкі, а на дзіця растушкі».
Сярод іншых жанраў вуснапаэтычнай творчасці Чачот запісваў і загадкі. Узятыя ўсе разам, яны прадстаўлялі своеасаблівую карціну свету простага селяніна, усё яго прыроднае і матэрыяльнае акружэнне. У рэчышчы традыцыйнай міфапаэтычнай сімволікі створаны загадкі пра год: «Вылецела дванаццаць галубоў, села на пяцьдзесят дубоў, знесла па трыццаць яец, кожнаму адно яйцо», пра сонца: «К сатане ходзіць да не сватае». Большасць загадак дэманструе талент народа ў будзённым бачыць дзівоснае, у простым — незвычайнае, у нерухомым — жывое: «Беглі чумаковы лычкі цераз мора, бягуць дый маслечка ядуць» (сані), «У лесе сцята, у хлеве ўзята, а на руках плача» (скрыпка), «Кручаны, мучаны па зямлі скача» (венік) і інш.
* * *
Дваранскі перыяд беларускай навукі эпохі Асветніцтва прадстаўляюць найперш браты Тышкевічы, імёны якіх былі вядомы не толькі сярод тагачаснай інтэлігенцыі, але і далёка за мяжой.
Яўстафій Піевіч Тышкевіч нарадзіўся 6(18) красавіка 1814 г. у Лагойску ў багатай дваранскай сям’і з багатымі грамадскапалітычнымі традыцыямі. Першым настаўнікам яго стаў бацька Пій Феліцыянавіч. Гэта быў адукаваны, таленавіты чалавек, які цікавіўся мясцовымі старажытнасцямі, пісаў хроніку Лагойска і ў стогадовым узросце быў абраны членам Віленскай археалагічнай камісіі.
Яўстафій Тышкевіч пачаў вучобу ў Віленскай гімназіі. Яму не давялося атрымаць вышэйшай адукацыі, аднак яго дасведчанасць
у многіх галінах, таленавітасць забяспечылі будучаму фалькларысту высокі навуковы ўзровень яго доследаў.
Я. Тышкевіч пачынае працоўную дзейнасць пры сенаце ў ордэнскім капітуле, дзе займаўся афармленнем царскіх і імператарскіх узнагарод. У хуткім часе ён быў зацверджаны ганаровым наглядчыкам вучылішчаў Барысаўскага павета. Восенню 1844 года Я. Тышкевіча абралі маршалкам дваранства Барысаўскага павета, а праз тры гады ён стаў куратарам Мінскай гімназіі.
Значную частку свайго жыцця, сіл і маральных высілкаў Я. Тышкевіч аддаў музею, які павінён быў адлюстроўваць матэрыяльную культуру Беларусі і Літвы. Сабрана экспанатаў было дастаткова, аднак пасля паўстання 1863—1864 гадоў экспазіцыя была падвергнута «рэвізіі» і аб’яўлена «польскай інтрыгай». Экспанаты сотнямі адпраўлялі ў Маскву. Гэта было балючым ударам для братоў Тышкевічаў.