Фальклор у запісах Яна Чачота і братоў Тышкевічаў

Фальклор у запісах Яна Чачота і братоў Тышкевічаў

Выдавец: Беларуская навука
Памер: 330с.
Мінск 2005
42.24 МБ
Яшчэ ў сярэдзіне XIX стагоддзя Канстанцін Тышкевіч падыходзіць да такой актуальнай сёння задачы, як вызначэнне нацыянальнага космасу, які перш за ўсё ўключае ў сябе прасторавую культуру народа. Нацыянальны пейзаж — гэта і форма, і вобраз прасторавага існавання. У беларускай культурнай традыцыі з язычніцкіх часоў спецыфічнай якасцю мыслення была яго пейзажнасць. Духоўныя паняцці чалавека агортваліся ў пейзажныя, ландшафтныя формы, нібы далучаючы малюнкі радзімы да працэсаў у сваёй душы. «Пейзажнае мысленне арыентавана на сінтэз прадметна-пачуццёвага свету са светам духоўным, зямной прасторы — з унутранай прасторай чалавека. У народнай свядомасці прырода жыве і выяўляе сябе ва унісон з чалавекам, і кожная часцінка прасторы поўніцца канкрэтным зместам». Больш таго, вучоныя ў даследаванні менталітэту беларусаў нават катэгарычна сцвярджаюць: «Беларускае нацыянальнае прачытваецца не як аповяд альбо ідэя, а як ландшафт, краявід — і ў гэтым прачытанні маецца глыбокі сэнс унікальнасці. А вызначыць беларускае можна адно пазнаўшы мяжу»14.
К. Тышкевіч аб’ектам сваіх комплексных навуковых доследаў абірае менавіта ландшафт, канкрэтны геаграфічны рэгіён — раку Вілію і яе берагі. Менавіта так — «Вілія і яе берагі» — будзе называцца і яго манаграфія — адна з найбольш грунтоўных краязнаўчых кніг сярэдзіны XIX стагоддзя. Яна стала вынікам краязнаўча-археалагічнай, фальклорнай і этнаграфічнай экспедыцыі К. Тышкевіча, да якой ён рыхтаваўся доўга і самааддана.
13 Каханоўскі Г. А. Беларуская фалькларыстыка 50-х гадоў XIX ст. // Беларуская фалькларыстыка. Эпоха феадалізму. Мн., 1989. С. 221.
14 Шамякіна Т. Касмасофія і літаратура (бел. нацыянальны космас і душа беларуса ў творчасці Я. Коласа) // Беларусіка. Кн. 2: Фарміраванне і развіццё нацыянальнай самасвядомасці беларусаў. Мн., 1992. С. 336; Бабкоў I. Беларуская традыцыя на зломе сэнсаў// Культура. 1993. № 19.
Ужо да 1856 года па яго праекту ў Лагойску была пабудавана флатылія з пяці суднаў. 16-сажнёвы карабель «Марыя» з родавым гербам прызначаўся для персаналу экспедыцыі. Сярод абсталявання і прыбораў знаходзіліся розныя інструменты для вымярэння Віліі і археалагічных доследаў, тут жа быў і сканструяваны К. Тышкевічам своеасаблівы спідометр для вымярэння даўжыні ракі. Другі карабель — «Ад’ютант» — вёз усё грувасткае начынне. Трэці — «Выгода» — спецыялізаваўся пад кухню, чацвёрты — пад спіжарню, пяты — для камунікацыі паміж экспедыцыяй і берагам.
5 чэрвеня 1857 года флатылія К. Тышкевіча рушыла ад в. Камень у бок Вілейкі. Своеасаблівым правадніком стаў 70-гадовы Васіль Буслаўскі-Сапежка, які выдатна ведаў раку, суседнія населеныя пункты, засценкі, урочышчы, узгоркі і нават вялікія камяні. 295 вёсак, мястэчак, гарадоў, якія месціліся на берагах Віліі, зафіксаваў К. Тышкевіч.
Ужо праз год рукапіс манаграфіі «Вілія і яе берагі» быў гатовы, але сама кніга пабачыла свет толькі праз 13 гадоў пасля яе напісання і праз тры гады пасля смерці аўтара.
Фалькларыстычная спадчына К. Тышкевіча прадстаўлена ў дадзеным зборніку запісанымі ў час экспедыцыі па Віліі песнямі. Яны не падзелены па жанрах і тым самым прадстаўляюць увесь цэласны масіў народнай песеннай творчасці.
Успрымаць песню без музыкі — справа нялёгкая. Аднак і ў чыста моўным сваім змесце яна ўяўляе сабой найвышэйшыя ўзоры паэзіі. Многія з асаблівасцей народнай песні ідуць з глыбінь старажытнага анімістычнага мыслення іх стваральнікаў, якія адухаўлялі ўвесь навакольны свет. Жыццё ў калектыве, соцыуме, абумовіла ідэалізуючыя прынцыпы ў абмалёўцы чалавека, што цалкам апраўдана і генетычна: у многім ідэалізацыя ідзе ад самога характару народнага светасузірання, ад арганічнага запатрабавання ў ідэале. Яна дыктуецца неабходнасцю сцвярджэння свайго свету прыгожага, нягледзячы на сацыяльныя перашкоды:
Пане гаспадару Надзявае порткі замшовыя, Надзявае сукні саятовыя, Завязуе хусткі шаўковыя, Надзявае шапку сабалёвую — Яго служкі каня выводзяць, Выводзяць каня варанога, Кладуць сядло залатое.
Пры ўсёй стракатасці сюжэтаў і сітуацый народнай песні набор іх дастаткова абмежаваны. Яны адлюстроўваюць фрагменты ўзаемаадносін безыменных герояў, вобразы якіх таксама стандартныя і абумоўлены традыцыяй. Асоба героя народнай песні ў самым сваім інтымным перажыванні выяўляецца як бы на «міру», у сямейных і грамадскіх сувязях, быццам карэктуецца грамадой. Гэта адкрытасць інтымных перажыванняў, яе характар споведзі надае народнай песні асаблівую сілу ў сцвярджэнні маральных крытэрыяў і вызначае рознабаковасць і багацце ў перадачы пачуццяў:
Не буду на другога няславы ўкладаць, Было табе мяне не абманіць, Было табе маіх гарачых слёз не разліць.
У запісах К. Тышкевіча мы сустрэнем абмалёўкі розных станаў расставання, здрады, няўдачы, аднак усё роўна ў іх прысутнічае ідэал шчаслівай сям’і, які і выступае ў якасці сакральнай велічыні, што служыць своеасаблівай меркаю ў кожнай паэтычнай сітуацыі.
У братоў Тышкевічаў вялікія заслугі на ніве беларускай археалогіі, фалькларыстыкі, этнаграфіі, краязнаўства. Сваімі працамі яны прадэманстравалі багацце, жыццёвую мудрасць і паэтычную прыгажосць народнай творчасці. Іх даследаванні выходзілі на розных мовах у Мінску, Вільні, Пецярбургу, Варшаве, Кракаве, Берліне, Дрэздэне і не страцілі каштоўнасці і актуальнасці ў наш такі насычаны навуковымі публікацыямі час.
Т. В. Валодзіна
мьклорныя
запісы
Яна Чачота
ПЕСНІ
КАЛЯДНЫЯ
1.	Тыдзень, тыдзень да Каляд, Пан з чэлядзі ды й не рад.
— Дай, пане, акорак, Мне ўжо твой хлеб горак, Аддай, пане, Каляду, Ужо я ад цябе пайду.
2.	Да казаў хмялёк, да тычкі ідучы: — Чаму мяне да не бралі?
Да казаў хмялёк, да пасыхаючы, — Чаму мяне да не хавалі?
Ужо ж вы мяне цяпер не возьмеце, Ужо ж вы мяне да не схаваеце Ані ў белыя мяшочкі, Ані ў дубовыя судзёначкі.
Ужо ж я раскачуся, Ужо ж я рассыплюся.
Да казаў Казюшка, да выходзячы з хаткі: — Чаму мяне ўвосень не жанілі?
Ужо ж вы мяне цяпер не удзержыце, Ужо ж вы мяне цяпер не угледзіце Ані ў белай сярмяжцы, Ані ў новай хатцы, Пайду ж я, мандруючы, Сабе дзеванькі шукаючы.
3.	Да ехаў я, ехаў, Каляда!
Міма гай зялёны, Каляда!
Міма сад вішнёвы, Каляда! Да бачыў я яблынку, Каляда! Зялёненька цвіла, Каляда! Да белым цветам, Каляда! Да шырокім лісцем, Каляда! Я ж яе не зачапаў, Каляда! За галінку не браў, Каляда! Да чакаў я вясны, Каляда! Да цёплага лецечка, Каляда! Каб яна пазрэла, Каляда!
I мне, маладому, паспела, Каляда!
Ехаў я, маладзенек, Каляда! Міма цясцёвага двара, Каляда! Да бачыў дзевачку, Каляда! Харашэнька ўбрана, Каляда! Па двару пахаджае, Каляда! Я ж яе не зачапаў, Каляда!
I за ручку не браў, Каляда! Каб яна вырасла, Каляда! Да за мяне пайшла, Каляда!
4.	У Лявона куццю таўкуць, Куць, куць, да куццю таўкуць. У Лявона вароты завешаны Сукном, сукном, чырвонаю кітайкаю. У сераду снег напаў, А мой мілы з каня спаў, Як спаў, так і ляжыць, Пакуль міла прыбяжыць.
А як міла прыбяжала, За ручаньку падзяржала. — Устань, мілы, не ляжы, Пайдзі каня прывяжы. Сівы конь, сівы, Малёваны санкі, Як сяду, то паеду Да свае каханкі.
Да ў маёй каханкі Смаляныя лаўкі, Як сеў, так і прыкіпеў.
5.	Прыехала Каляда на сівым коніку, Паставіла коніка ў адрынцы, Сама села на куце ў пярынцы.
Пастаўляла дудачкі на стаўпе. Грайце, дудачкі, голасна, Скачыце, дзевачкі, хораша.
6.	Пайшла Каляда, калядуючы, Да за ею хлопчыкі, жабруючы, Каляда!
Пайшла Каляда па ляду, Рассыпала Каляду, Каляда!
А вы, дзевачкі, не гуляйце, Да ідзіце Каляду пабірайце, Каляда!
7.	Калі б я была шэрай зязюляй,
Паляцела б я Лукашку пад шыбачку, Паглядзела б я у Лукашкі кашулечкі:
А чы беленька, а чы тоненька у Лукашкі кашулечка? Так тоненька, як кляновая лісціначка, Так беленька, як белая паперачка.
8.	Вечар, вечар, вечарыначка, Хто там едзе вечарыначкай? Едзе, едзе Андрэйка п’яны: — Адчыні, Кацярынка, я твой каханы. — He адчынюся, брата баюся, А проціў цябе сама лістам сцялюся.
ВАЛАЧОБНАЯ
9.	Дзень, добры дзень, пане гаспадару! Хрыстос васкрос, Сын Божы,* Да цераз поле шырокае, Да цераз межы залаценькія Ішлі, цяклі валачоннічкі Да пыталіся слаўнага пана, Слаўнага пана, пана гаспадара. Да чым жа ён уславіўся?
I дабром сваім, і дваром сваім. Памятаюць двары ўсё павім пяром, Ўсё павім пяром, залатым крылом. Стаўляе сталы ўсё цясовыя, Засцілае сталы ўсё кітайкаю, Ўсё кітайкаю, ўсё зялёнаю.
Стаўляе кубкі ўсё срэбляныя, Налівае кубкі зеляным віном, Зеляным віном, чорным півам. Чорным півам да салодкім мёдам. Зеляное віно пану гаспадару, Чорнае піва для жаны яго, Саладок мядок для яго дзяток. Дай табе Божа, пане гаспадару, Да піва варыці, да сына жаніці, Гарэлачку гнаці, дочкі даваці. Дай табе Божа, пане гаспадару, I ў каморы і ў аборы — Гдзе гара, там жыта капа, Гдзе лог, там жыта стог.
Пане гаспадару, не кажы нам іці, He кажы нам іці, кажы надарыці. Да нашы дары невялікія, Валачобнічкі не дакучнічкі, Да ў год ходзяць, да Бога просяць — Пачынальнічку па дзясятнічку, Старшаму пяўцу да капу яйцу, Да кашаланосу да пірог к носу. Хрыстос васкрос, Сын Божы, Проша, пане гаспадару!
Прыпеў «Хрыстос васкрос, Сын Божы» паўтараецца пасля кожнага радка.
ВЕСНАВЫЯ
10.	Ой, выйду я на вулачку — бычкі бушуюць, Юр’я, Юр’я, бычкі бушуюць.
Бычкі бушуюць, бо вясну чуюць, Юр’я, Юр’я, бо вясну чуюць.
Зашумелі рэчкі, ляды паплылі, Юр’я, Юр’я, ляды паплылі.
Зачарнела зямліца, бо пааралі, Юр’я, Юр’я, бо пааралі.
Зазелянела бяроза, бо папукалася, Юр’я, Юр’я, бо папукалася.
Завесялела дуброва: пташкі спяваюць, Юр’я, Юр’я, пташкі спяваюць.
Зазелянела даліна: кветкі зацвілі, Юр’я, Юр’я, кветкі зацвілі.
Ой, выйду я, выйду кветкі збіраці, Юр’я, Юр’я, кветкі збіраці.
Кветкі збіраці, вяночкі віці, Юр’я, Юр’я, вяночкі віці.
Вяночкі віці, Юр’я спяваці, Юр’я, Юр’я, Юр’я спяваці.
11.	Разыграўся Юр’я конік, Разбіў камень капыцейкам.
У том камені ядзерка нет, У нашых дзецюкоў праўданькі нет.
Разыграўся Юр’я конік, Разбіў арэх капыцейкам.
У том арэху ядзерка ёсць, У нашых дзевачак праўда ёсць.
КУПАЛЬСКІЯ
12.	Сонейка, чаму Янава ночка невялічка? Сонейка, сонейка, бо ты рана усходзіш. Сонейка, сонейка, рана усходзіш, да іграючы, Сонейка, сонейка, іграючы, Яна звелічаючы. Сонейка, сонейка, дзевунька да не выспалася. Сонейка, сонейка, шнуры вязала, Сонейка, сонейка, шаўковыя, Сонейка, сонейка, да ядвабныя.