Фанетыка беларускай мовы ў школе

Фанетыка беларускай мовы ў школе

Выдавец: Народная асвета
Памер: 240с.
Мінск 1995
53.67 МБ
Бібліятэка настаўніка беларускай мовы і літаратуры
Л.Ц. Выгонная
ФАНЕТЫКА БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ Ў ШКОЛЕ
Бібліятэка настаўніка беларускай мовы I літаратуры
Л.Ц. Выгонная
ФАНЕТЫКА БЕЛАРУСКАЙ
МОВЫ
Ў ШКОЛЕ
Рэкамендавана
Навукова-метадычным цэнтрам вучэбнай кнігі і сродкаў навучання Міністэрства адукацыі і навукі Рэспублікі Беларусь
МІНСК «НАРОДНАЯ АСВЕТА» 1995
ББК 74.268.ІБен В92
УДК 372.880.826-4
Серыя заснавана ў 1989 г.
3720880826—023
В	22—95
Н 303(03) — 95
ISBN 985-03-0243-7
© Л. Ц. Выгонная, 1995
Задачы вывучэння фанетыкі ў школе
Культура мовы — адзін з важнейшых элементаў чалавечай культуры. У маўленні, у слове чалавек выкрывае сваё ўнутранае «я», сцвярджае сябе як асобу. Ступень валодання мовай, шырыня і свабода карыстання моўнымі сродкамі ў іх вуснай і пісьмовай формах шмат у чым вызначаюць месца чалавека ў грамадскім жыцці.
Таму праблема развіцця вуснага маўлення заўсёды знаходзіцца ў цэнтры ўвагі пры школьным навучанні. У сувязі з гэтым вывучэнне фанетыкі беларускай мовы не павінна абмяжоўвацца толькі тымі гадзінамі, якія адведзены для засваення фанетыкаграфічных звестак. На добры лад, пра якасць маўлення трэба памятаць на ўсіх уроках.
Пра беларускую мову сказана шмат добрых слоў. Прыгадаем Ул. Караткевіча: «Дзве старонкі, дваццаць ці дзвесце... А можа, тысячы тысяч?.. Усё адно, нават іх будзе мала, каб годна ўславіць цябе, родная беларуская мова. Таму што мільёны тваіх людзей самім існаваннем сваім з самага пачатку дзён кожным трапным словам, кожнай любоўнай ці гнеўнай думкай, кожным знішчальным, здзеклівым, іранічным або, наадварот, добрым, лірычным сказам славяць цябе. I славіць будуць, пакуль не скончыцца жыццё людское і думка людская на Зямлі.
Мова Скарыны і Буднага, мова Багдановіча і Купалы, Багушэвіча і Коласа, мова соцень геніяў, што яшчэ прыйдуць. Мова інтэлігентаў беларускіх, імя якім — легіён. Мова настаўнікаў і паэтаў, вучоных і кампазітараў, але перш за ўсё мова дзесяці мільёнаў людзей па ўсім свеце — ад Уругвая да Далёкага Усходу і, галоўнае, на нашай беларускай зямлі.
Мова першай матчынай калыханкі і апошняга «бы-
вай», мова старадаўніх архіваў і новых школ на Палессі, мова пажаўцелых статутаў і мова кахання. Мова плытагонаў, сялян, акадэмікаў і шахцёраў на саляных капальнях. Мова, якая можа ўсё: можа сказаць словы нявыказанай пяшчоты і можа ўдарыць так, што не ўстанеш. Гнуткі, спявучы, адвечна новы інструмент, без якога нельга ўявіць сабе сваё жыццё, як без хлеба, без якога радасць не ў радасць, каханне не ў каханне, бяседа не ў бяседу, сяброўства не ў сяброўства і нянавісць не ў нянавісць.
Няма цябе — і вось няма суцяшэння ў горы. Няма цябе — і вось нямы язык, і нельга сказаць слоў радасці. А калі ўбіць сабе ў галаву цалкам дурную думку, што ў нейкім далёкім будучым цябе не будзе, то ... нашто нам тады такая будучыня?
Таму што ўсе мы — ад настаўніка да паэта — любім цябе, таму што ты — самы важлівы наш здабытак, і мы ў меру сіл нашых не дазваляем і не будзем дазваляць, каб нехта выказваў да цябе пагарду.
Тым больш дзіка, што яшчэ нядаўна зламысныя ёлупы прарочылі табе знікненне. Мала таго, самі дбалі аб ім са стараннем, вартым лепшага ўжывання. Што ж, Іваны Бязродныя вартыя толькі пагарды, як усе тыя, якія, адвярнуўшыся, праходзяць ля матчынай хаты. Яны проста не ведаюць, які ўдзел рыхтуе лёс таму чалавеку, які пазбавіўся мовы. А каб ведалі, то жахнуліся б. Толькі ж нават гэтага не дадзена іхнім бедным мазгам»1.
Каб для вучняў мова хутчэй зрабілася гнуткім, пявучым, адвечна новым інструментам, трэба мэтанакіравана працаваць над вуснай формай мовы, над станаўленнем трывалых вымаўленчых навыкаў, на што і накіроўваюць праграмы школьнага курса роднай мовы.
У пэўным сэнсе фанетычныя веды — першыя з навуковых ведаў, якія набывае ў сваім жыцці чалавек. У індывідуальным развіцці кожнае дзіця ў першую чаргу засвойвае інтанацыю і гукавы склад, і толькі потым лексіку, граматыку, сінтаксіс.
Нават у першыя месяцы жыцця дзіця пачынае ўважліва прыслухоўвацца да маўлення, і яшчэ да засваення асобных фраз і слоў яно ўпэўнена адрозні-
1 Караткевіч Ул. Родная мова // 36. тв. у 8-мі т. Т. 8. Кн. 2. Мн., 1991. С. 284—285.
вае інтанацыю. Самыя малыя дзеці супакойваюцца, калі чуюць разважныя словы, кідаюцца ў плач ад гучнага голасу ці ад «сярдзітай» інтанацыі дарослага, «дапамагаюць» сябе люляць і вельмі дакладна ўзнаўляюць пры гэтым рытміка-меладычны рысунак калыханкі.
Моўнае развіццё дзіцяці пачынаецца з авалодання інтанацыяй. Псіхолагі адзначаюць вельмі ранняе ўспрыманне дзецьмі інтанацыі дарослых, лічаць, што да канца першага года жыцця дзіця ўжо засвойвае асноўныя рысы інтанацыйна-меладычнай структуры роднай мовы.
Ці добра рэагуе малы на звернутыя да яго словы? Як ён суадносіць пэўныя спалучэнні гукаў, г. зн. словы, словазлучэнні, з пэўнымі рэчамі і дзеяннямі? Такія пытанні хвалююць дарослых, бо адказы на іх сведчаць, ці нармальна развіваецца дзіця. Амаль кожны крок дзіцяці на шляху да ведаў звязаны з авалоданнем гукавым ладам мовы.
Ва ўзросце ад двух да пяці гадоў маленькі чалавек спасцігае асноўныя заканамернасці фанетыкі бацькоўскай мовы. Калі дзеці мала чуюць гаворку дарослых, яны пачынаюць адставаць у сваім агульным развіцці. Немаўляты называюцца так толькі таму, што яны самі не гавораць, а не таму, што яны не разумеюць або не чуюць мову. (Прыгадаем, што малых называюць не немцамі, нямымі, а якраз немаўлятамі!)
Дзеці прыслухоўваюцца да мовы дарослых, запамінаюць тое, што звычайна гучыць у іх моўным асяроддзі. Такім чынам, засваенне вуснай мовы праходзіць патаемныя слыхава-сэнсавыя фазы развіцця.
Псіхічнамоўнае развіццё працягвае праходзіць кожны вучань пачатковай школы, бо нельга сцвярджаць, што ён да сістэматычных заняткаў па чытанню і пісьму ўжо меў трывалыя фанетыка-фаналагічныя веды. Працягваецца фарміраванне маўленчых навыкаў і далей. На карэкціроўку і ўдасканальванне іх нельга шкадаваць часу, бо вуснае маўленне займае вельмі значную частку камунікатыўных сувязей чалавека, а ў паўсядзённым жыцці наогул пераважае.
Існуюць розныя недахопы маўлення: яны могуць быць звязаны са станам цэнтральнай нервовай сістэмы ці моўных органаў. Адны ўласцівы маўленню вялікіх груп вучняў, другія сустракаюцца толькі ў некаторых з іх. Сярод найбольш пашыраных недахопаў
адзначаюцца невыразная дыкцыя і недастатковае валоданне рытміка-меладычнымі сродкамі мовы.
Дыкцыя (ад лац. dictio — вымаўленне)—манера вымаўлення слоў, складоў і гукаў у размове, мастацкім чытанні і спевах. Як вядома, добрая дыкцыя прадугледжвае выразнае і дакладнае («чыстае») вымаўленне ўсіх гукавых адзінак мовы паасобку і разам, адсутнасць у гаворачай асобы дэфектаў маўлення, якія пры наяўнасці здаровага моўнага апарата з'яўляюцца вынікам няправільна засвоеных у дзяцінстве артыкуляцый, недакладнага функцыяніравання моўных органаў. Таму неабходна настойліва папраўляць няправільныя артыкуляцыі ў дзяцей, каб яны не зрабіліся аўтаматычнымі. Прыгадаем, што дыкцыя залежыць ад работы моўнага апарата, які ўключае язык, губы, зубы, сківіцы, цвёрдае і мяккае паднябенне, маленькі язычок, гартань, галасавыя звязкі. Дакладнай работай усіх органаў забяспечваецца бездакорнасць дыкцыі.
Адрозніваюць арганічныя і неарганічныя моўныя дэфекты. Арганічныя дыфекты ўзнікаюць у сувязі з фізіялагічнымі парушэннямі моўных органаў і для свайго выпраўлення ў большасці выпадкаў патрабуюць медыцынскага ўмяшання. Напр., «цяжкая» мова бывае пры няправільным змыканні сківіц, пры рэзка высунутай уперад ніжняй ці верхняй сківіцы. Рэдкія і крыва пастаўленыя зубы абумоўліваюць няправільнае вымаўленне свісцячых і шыпячых гукаў. (Дарэчы, адсутнасць зубоў у першакласнікаў таксама адбіваецца на чысціні вымаўлення.) Сюсюканне і шапялявасць (узаемазамены свісцячых і шыпячых гукаў) можа быць выклікана доўгім або тоўстым языком, картавасць — кароткай перапонкай пад языком і адсутнасцю вібрацыі кончыка языка. Гугнявасць, калі ўсе гукі пры вымаўленні набываюць насавое адценне, таксама можа быць паталагічнай. Толькі з дапамогай спецыяльнага лячэння аднаўляюць маўленне ў хворых з прыроджанай шчылінай паднябення, з захворваннямі лор-органаў або іх пашкоджаннем і г. д. Спецыяльную работу неабходна праводзіць, калі ў дзяцей назіраюцца парупіэнні слыху або заіканне.
Звернем увагу на тое, што некаторыя з адзначаных недахопаў узнікаюць і незалежна ад фізіялагічных парушэнняў моўных органаў. Некаторыя з іх абумоўлены нядбайным выхаваннем мовы дзіцяці, а таксама
тым, што некаторыя дзеці бываюць схільнымі да механічнага пераймання дэфектнай дыкцыі, якая спачатку здаецца ім адмысловай і цікавай, а потым уваходзіць у звычку. Таму, перш чым выпраўляць няправільнае вымаўленне, трэба высветліць прычыну моўных недахопаў у кожнага вучня паасобку.
Заўважана, што дэфектнасць і яарматыўнасць парознаму суадносяцца ў асобных мовах. Так, у беларускай літаратурнай мове ўвулярны і заднеязычны картавы [р] лічыцца дэфектным у той час, як, напрыклад, у французскай мове гэта гук нарматыўны. Яшчэ прыклад: [с"] і [з"] з шапеляватым адценнем у беларускай мове не з’яўляюцца дэфектамі вымаўлення ў сувязі з асабліва мяккім характарам гэтых гукаў увогуле. Такая варыятыўнасць успрымаецца як дапушчальная рыса індывідуальнага маўлення. У рускай мове такое вымаўленне не лічыцца нарматыўным.
Для выразнасці вымаўлення, удасканалення дыкцыі неабходна, каб кожны гук падаваўся ў фанетычна чыстай форме. Зразумела, што ў школе няма магчымасці весці індывідуальную работу з кожным вучнем (тым больш, што пераадоленне дэфектаў маўлення — задача лагапедаў, якія ведаюць спецыяльна распрацаваныя методыкі). Але спецыяльныя практыкаванні, накіраваныя на пастаноўку «чыстага» вымаўлення пэўных гукаў, можна прапанаваць для самастойнай работы, выкарыстаць у гуртковай пазакласнай рабоце. Для выпраўлення недахопаў у дыкцыі трэба звяртаць увагу на правільнае становішча органаў маўлення пры ўтварэнні дэфектных гукаў, выпрацоўваць навыкі па правільнай артыкуляцыі і замацоўваць іх.
У школьных падручніках, а таксама ў спецыяльнай літаратуры можна знайсці скорагаворкі, якія дапамогуць станаўленню дакладнага вымаўлення пэўных гукаў (невыпадкова іх таксама называюць чыстагаворкамі). Звычайна яны выклікаюць добрую рэакцыю з боку вучняў, з’яўляюцца адначасова і цікавымі, і карыснымі.