Фарбы роднай зямлі  Яўген Сахута

Фарбы роднай зямлі

Яўген Сахута
Выдавец: Народная асвета
Памер: 191с.
Мінск 1985
40.46 МБ
Паларожжа дзесятае
Па адзенню сустракаюць...
эўна, усім вам даводзілася бачыць выступленні Дзяржаўнага народнага хору Беларускай ССР ці ансамбля «Харошкі» (калі не ў «натуры», то па телевізары). I вы, вядома, звярнулі ўвагу на каларытныя, прыгожыя, адмыслова аздобленыя касцюмы, якія ствараюць урачы-
стую, святочную атмасферу канцэрта і даюць уяўленне, як калісьці апраналіся беларусы.
Праўда, такое ўяўленне будзе ўсё ж няпоўным і не зусім правільным. Па-першае, таму, што сцэнічны касцюм — гэта толькі стылізацыя па матывах колішняй народнай вопраткі. Па-другое, ён уяўляе сабой абагульнены варыянт, своеасаблівы «агульнабеларускі» комплекс. На самой жа справе нейкага адзінага «беларускага» касцюма не існавала. У кожнай мясцовасці, часамі нават у суседніх вёсках, за сотні гадоў склаліся свае ўстойлівыя асаблівасці дэкору вопраткі, яе нашэння, характару ўпрыгожанняў. Істотна рознілася будзённае і святочнае адзенне, дзяўчаты апраналіся не так, як замужнія жанчыны, сяляне — іначай, чым мяшчане. Гэтыя мясцовыя традыцыі захоўваліся аж да сярэдзіны нашага стагоддзя, калі самаробная народная вопратка канчаткова выйшла з ужытку.
3 асаблівай паўнатой майстэрства і мастацкі густ ткачых і вышывальшчыц праявіліся ў аздабленні святочнай вопраткі. Дзіву даешся, колькі старання і ўмельства ўкладвалася ў шматлікія ромбы, кружочкі, крыжыкі, зоркі, нанесеныя ўмелымі рукамі майстрых на рукавы сарочак ці фартухі.
He ўважай, Ясеньку, каб была росла, Сам глядзі, у людзей пытай, ці ўмее ткаць кросны. He глядзі, Ясю, ці ў пацерках шыя,
Сам глядзі, у людзей пытай, ці кашулю ўшые, — раілі ў народнай песні хлопцу, якія якасці будучай жонкі трэба цаніць перш за ўсё.
Аснову жаночай вопраткі складала белая льняная кашуля. Тканым ці вышываным арнаментам чырвонага колеру ўпрыгожваліся звычайна верхнія часткі рукавоў, манжэты, каўнер. Нескладаныя геаметрычныя матывы, выкананыя бранай тэхнікай ткацтва ці вышыўкай наборам, камбіна-
Святочны дзявочы ўбор. Пачатак XX ст. Радасць, Камянецкі раён, Брэсцкая вобласць.
валіся ў разнастайныя ўзоры, размешчаныя звычайна палосамі, якія ідуць уздоўж ці ўпоперак рукава. На Магілёўшчыне кампазіцыя арнаменту была не паласатая, а ў выглядзе касой ці прамой сеткі. Унутры атрыманых ромбаў альбо квадратаў размяшчаліся вышываныя разеткі ці стылізаваныя кветкі. На поўначы Беларусі дэкор кашуль быў гранічна сціплы і абмяжоўваўся адной-дзвюма чырвонымі безузорыстымі палоскамі.
Святочны жаночы ўбор. Пачатак XX ст. Слуцкі раён, Мінская вобласць.
Што азначае сакавіты чырвоны колер, якога ўпарта прытрымліваліся нават і ў XX стагоддзі? А сакавітыя ромбы на рукавах сарочак? Усё гэта нібы захоўвае нейкую старажытную загадку, якую даўно спрабуюць разгадаць вучоныя. На іх думку, ромбы — гэта знак сонца, які павінен быў ахоўваць уладальніка вопраткі ад злых духаў. Сімвалічны і колер аздаблення: чырвоны — значыць прыгожы, сонечны.
М. Цурко. Фартух. Пачатак XX ст. Кужанка, Любанскі раён, Мінская вобласць.
А якім багаццем фарбаў, сродкаў і прыёмаў мастацкай выразнасці вызначаюцца спадніцы! KaAi асноўная асаблівасць дэкору кашуль — вытанчанасць і далікатнасць, то спадніц, якія яшчэ называліся андаракамі,— сакавітасць, насычанасць, яркасць. Іх звычайна шылі з ільняной ці шарсцяной тканіны ў клетку белага, чырвонага, зялёнага колераў па чырвоным, вішнёвым або чорным фоне. На Гомельшчыне пераважаў чырвона-
Андарак. Пачатак XX ст. Слуцкі раён, Мінская вобласць.
чорны каларыт, на Віцебшчыне да яго дадавалі сіні колер. Часам андарак, асабліва будзённы, меў аднатонную расфарбоўку: вішнёвую, зялёную, сінюю, фіялетавую. На заходнім Палессі шырока бытавалі паласатыя спадніцы (летнік, бурка). Цёмна-чырвоныя затканыя палосы з розных геаметрычных фігур ідуць у некалькі палос упоперак спадніцы, прычым самая шырокая паласа размешчана ў самым нізе, а кожная наступная ўсё больш звужваецца.
Фрагмент дэкору фартуха. Пачатак XX ст. Кобрын.
3 сакавітай колеравай насычанасцю спадніцы кантраставалі сваёй белізной фартухі. Яны звычайна аздабляліся вышыўкай у стылі, аналагічным дэкору кашуль. Узор з нескладаных геаметрычных фігур кампанаваўся ў некалькі палос па ніжняй частцы фартуха, прычым ніжняя палоса была самая шырокая, а ўсе наступныя — звужваліся.
Асаблівую зграбнасць жаночай фігуры надавала безрукаўка (гарсэт, кабат, шнуроўка), якую насілі ў многіх месцах Беларусі. Гарсэт звычайна шылі з куплёных тканін цёмных колераў (чырвонага, зялёнага, сіняга, бардовага, часта чорнага), але з яркай, сакавітай вышыўкай ці аплікацыяй. Вышыўка звычайна мела раслінны характар, аплікацыя выконвалася палосамі, звілістымі лініямі
ці зубчыкамі. Для вышьгўкі скарыстоўвалі шарсцяныя і шаўковыя ніткі; дадавалі металічныя бліскаўкі, шклярус і інш.
Завершанасць і святочнасць жаночаму касцюму надавалі галаўныя ўборы. Дзяўчаты насілі вянкі ці вузенькія ручнікі, якія абкручваліся вакол галавы, не закрываючы макаўку. Калі ж дзяўчына выходзіла замуж, яна павінна была мяняць свой галаўны ўбор на жаночы, які б поўнасцю хаваў валасы. На Палессі яшчэ і ў пачатку нашага стагоддзя насілі старажытную намітку накшталт ручніка з вельмі тонкага ку-
Рукаў сарочкі. Пачатак XX ст. Казловічы, Калінкавіцкі раён, Гомельская вобласць.
жэльнага палатна, аздобленага па канцах геаметрычнай вышыўкай чырвонага колеру.
Расплятанне дзявочай
касы і завіванне наміткі, якая поўнасцю хавала валасы, былі важным момантам вясельнага аб-
раду. Раней, калі замуж нярэдка ішлі не па сваёй ахвоце, гэты абрад азначаў страту дзявочай волі, нялёгкае жыццё замужняй жанчыны-сялянкі. Гэта красамоўна ілюструюць народныя песні, якімі суправаджалі завіванне наміткі:
Рукаў сарочкі. Пачатак XX ст. Кустовічы, Кобрынскі раён, Брэсцкая вобласць.
Завіванка плача, Завівацца не хоча. Ой, ці хоча, не хоча, Завівацца патрэбна. Маладая хмельна Сваю косаньку сцерла. Ой, ці сцерла, ці змела, Ды пад чэпчык схавала. Ой, дзявоцкая доля — Пад чапцом няволя.
Мужчынскае адзенне ў дэкаратыўных адносінах было больш стрыманае і сціплае: белая кашуля, палатняныя ці суконныя штаны і пояс. Кашуля аздайлялася сціплай геаметрычнай вышыўкай на каўняры, манжэтах, манішцы.
Але якой разнастайнасцю ўзораў, колераў, форм вызначаюцца паясы! Кручаныя і тканыя, вузенькія і шырокія, з махрамі і кутасамі. Што ні пояс — то свой узор, у якога і назва свая, арыгінальная: «васьмёрка», «капыцік» і г. д.
Паясочак сіні — недзе ад матулі, а чырвоны, яры — мужу да кашулі, а вось гэты — гожы, доўгі, з кутасамі — падпярэзваў святам бабін брат часамі. Загудзелі дуды, гуслі заігралі, брат скакаў, а з ветрам кутасы ляталі... А шырокі пояс, зложаны ў дзве столкі, падпярэзваў колісь дзед бабулін толькі.
/Ларыса Геніюш. Куфар.)
3 паясамі звязана нямала старадаўніх народных звычаяў і абрадаў. Як жанчыне нельга было паказацца на людзях без галаўнога ўбору, так і мужчыне — без пояса. Асабліва значнае месца адводзілася паясам у вясельных абрадах. На Гродзеншчыне і Віцебшчыне дзяўчына, даючы згоду на шлюб, абвязвала чырвоным поясам бутэльку з жытам і аддавала яе сватам. Ім жа яна дарыла паясы і перад вяселлем. У многіх месцах паясы
атрымлівалі ўсе ўдзельнікі вяселля. Пояс маладая чапляла на вароты, клала на вясельны стол, развешвала ў свірне, клеці, хляве, каб новая сям'я жыла шчасліва і заможна; кідала на печ, прыязджаючы ў дом жаніха. Поясам спавівалі немаўлят, верачы ў яго цудадзейную, ахоўную ролю.
Саматканая вопратка даўно выйшла з ужытку. Сёння на Віцебшчыне і Гродзеншчыне ўжо амаль немагчыма знайсці не тое што цэлы камплект, але нават асобныя кампаненты народнай вопраткі. Больш шанцуе музейным работнікам на Палессі, дзе яшчэ і цяпер пажылыя жанчыны часамі надзяваюць на святы старадаўнія ўборы. Захоўваецца тут і звычай хаваць у традыцыйнай вопратцы нябожчыкаў, дзеля чаго ў куфрах трымаюць поўны яе камплект.
А вось паясы плятуць і ткуць шырока яшчэ і сёння. Праўда, не дзеля ахоўнай ролі, якая ўжо забыта. Прыгожыя мастацкія вырабы, стварэнне якіх не патрабуе ні складанага абсталявання, ні вялікіх затрат часу, аздабляюць выстаўкі народнага мастацтва, могуць быць добрым сувенірам, дзе-нідзе скарыстоўваюцца яшчэ і ў вясельных абрадах. Шырокія сувенірныя паясы, часам з надпісамі, тчэ на Слуцкай фабрыцы мастацкіх вырабаў Ніна Паўлава. Арыгінальныя паясы, закладкі для кніг і іншыя падобныя творы плятуць школьнікі Гудзевіцкай сярэдняй школы Мастоўскага раёна і Узбалацкай васьмігодкі на Валожыншчыне.
Пэўна, майстрыхі, якія памятаюць сакрэты вырабу паясоў, знойдуцца ў любой мясцовасці. Пагаварыце з імі, папрасіце навучыць гэтаму не надта складанаму майстэрству, арганізуйце ў школе гурток пляцення — і вы прадоўжыце традыцыі колішняга рамяства.
Заключэнне
Таямніцы бабуліных куфраў
це апошнюю старонку кніжкі падарожжаў у краіну народнага мастацтва, але трэба спадзявацца, што на гэтым
вашы падарожжы не скончацца. Кніжка можа паслужыць толькі штуршком да новых, самастойных адкрыццяў, якія чакаюць вас у вандроўках па родным краі. Папяровыя ўзоры (вьіразанкі), фігурныя пернікі з цеста, берасцяныя рэ-
чы — шмат што па розных прычынах не згадвалася ў кніжцы, але можа трапіцца на вашым шляху. Усё, што стваралася рукамі нашых таленавітых продкаў і ствараецца сучаснымі народнымі майстрамі, што зроблена з любоўю, стараннем, імкненнем да прыгажосці, варта самай пільнай увагі.
Вы і самі можаце стаць прадаўжальнікамі традыцый народнага мастацтва. Прыглядайцеся да творчасці народных майстроў, спрабуйце пераняць у іх сакрэты рамяства. Яшчэ лепш, калі ў сваёй школе вы зможаце арганізаваць адпаведныя гурткі альбо заняткі на ўроках ручной працы ці дамаводства. Жывяце вы, напрыклад, у старажытным ганчарным цэнтры — арганізуйце гурток лепкі, запрасіўшы ў дапамогу мясцовых ганчароў. Шмат у наваколлі ткачых — займіцеся ткацтвам, вязаннем, вышыўкай.
I яшчэ адзін аспект гэтай справы, які мае, можна сказаць, дзяржаўнае значэнне. Вывучэнне і зберажэнне народнага мастацтва заўсёды павінна спалучацца са збіраннем і захаваннем лепшых узораў колішняй творчасці. Гэта — наша спадчына, і яе захаванне — клопат усеагульны. Каму, як не школьнікам, праявіць сябе на гэтай ніве? Палазьце па гарышчах і кладоўках, папрасіце бабуль адчыніць свае куфры — і неўзабаве ў вашай школе ці Доме піянераў можна будзе адкрыць цікавы краязнаўчы куток, a то і музей. Так, з невялікіх куткоў, пачыналіся добра вядомыя сёння музеі ў Шчорсах Навагрудскага раёна, Старым Свержані — Стаўбцоўскага, Чапялях — Салігорскага, Ждановічах — Мінскага, Снове — Нясвіжскага і ў дзесятках іншых паселішчаў. У Клецку і Дукоры былыя школьныя музеі сталі дзяржаўнымі, перараслі ў раённыя.