Фарбы роднай зямлі  Яўген Сахута

Фарбы роднай зямлі

Яўген Сахута
Выдавец: Народная асвета
Памер: 191с.
Мінск 1985
40.46 МБ

Падарожжа чацвёртае
Мастацтва «гліны і агню»
і пад столлю застаўлены
яшчэ сырым посудам: гаршкамі, глякамі, міскамі, збанкамі, спарышамі. Пакуль што яны нічым асаблівым не вызначаюцца. Звяртае ўвагу хіба толькі дэкор — светлыя палоскі на шурпатай паверхні, нанесеныя цвёрдым гладкім прадметам (лашчылам). Такі дэкор — касая сетка, елачка, хвалістыя паяс-
кі — вядомы яшчэ з часоў жалезнага веку. Гэткая ж старажытная і тэхналогія вырабу. Посуд абпальваюць у наглуха закрытай печы смалістымі дрывамі, і ў выніку пэўных хімічных рэакцый становіцца ён матава-чорны, нібы адліты з чыгуну, а палоскі ўзору набываюць металічны бляск.
Кераміка ўвогуле, а асабліва чорнаглянцаваная, больш, чым іншыя віды народнага мастацтва, захавала старажытныя традыцыі. У беларускім народным мастацтве гэта своеасаблівы рэлікт, які, здавалася, ужо беззваротна знік. Але рост цікавасці да народнага мастацтва, характэрны цяпер, бадай, для ўсяго свету, вельмі своечасова ажывіў старажытны промысел. Вядома, не ў такой колькасці, як раней, калі кераміка ў народным побыце была самым танным і «дэмакратычным» посудам.
Калісьці чорнаглянцаваны посуд рабілі ў многіх ганчарных цэнтрах заходняй часткі Беларусі: Пагосце-Загародскім пад Пінскам, Поразаве ля Ваўкавыска, у Малых Карнышах на Навагрудчыне. Але лепшай па праву лічылася пружанская кераміка.
Сёння кожны ў Пружанах пакажа сядзібу, дзе жыве патомны ганчар, адзін з захавальнікаў і прадаўжальнікаў традыцый старажытнага рамяства Антон Такарэўскі. Яго ганчарскі стаж складае больш як паўстагоддзя. А пачатак ганчарскай дынастыі Такарэўскіх хаваецца ў глыбіні стагоддзяў. Па ўзросту (яму ўжо восемдзесят) Антон Рыгоравіч даўно мог кінуць занятак, як кінулі многія ганчары, але любоў да справы не дазваляе яму сядзець склаўшы рукі. Прама за ганчарным кругам я і застаў яго на прасторнай кухні, што адначасова была і рабочым месцам.
А. Такарэўскі. Чорнаглянцаваная кераміка. 1976. Пружаны, Брэсцкая вобласць.
— Без справы не магу,— гаворыць майстар, спрытна ўпраўляючыся з камяком гліны, які ў чуйных пальцах хутка прымае акрэсленыя формы.— I век немалы, і здароўе не тое, даўно пара было б кінуць гэты даволі шкодны занятак... Але, відаць, гаршкі ды збанкі — гэта маё прызванне. Завяжы мне вочы, дай у рукі камяк гліны і я вызначу, на што яна прыдатная. Маё рамяство пакуль
Ганчар Ангон Такарэўскі. Пружаны, Брэсцкая вобласць.
яшчэ патрэбна людзям. To на выстаўкі просяць, то так прыязджаюць купіць. Аж з Прыбалтыкі бываюць пакупнікі, вельмі ім даспадобы наш чорны посуд. Такі посуд робяць і ў суседнім Поразаве, але там гліна горшая; таму чарапок таўсцейшы атрымліваецца і трываласць не тая.
Што цікавасць грамадскасці да мастацтва «гліны і агню» не зніжаецца, сведчаць дыпломы і граматы, якіх нямала ў Антона Рыгоравіча. Яго творчасць ведаюць не толькі ў Мінску, Маскве, Вільнюсе і іншых гарадах нашай краіны, але і ў ЗША, Канадзе, Японіі. I ўсюды яго чорны посуд выклікаў захапленне, а ў кнігах водгукаў з'яўляліся шчырыя словы ўдзячнасці майстру за тое, што ён захоўвае і прадаўжае традыцыі гэтага старажытнага рамяства.
Дажыў да нашага часу і яшчэ адзін архаічны від народнай керамікі — гартаваная (абварная, «рабая»). Распаленыя дачырвана вырабы вымалі з ганчарнага горна і змяшчалі ў кіслую рэдкую рошчыну з мукі. Гэткім чынам посуд загартоўваўся, набываў патрэбную моц, змяншалася порыстасць чарапка. Да таго ж яго светлая паверхня ўпрыгожвалася чорна-карычневымі плямамі, якія надавалі посуду досыць маляўнічы выгляд.
Здаўна такі посуд рабілі ў Заблоцці пад Смаргонню, Міры, Бабінавічах на Лёзненшчыне, Ясянцы ля Баранавіч і ў многіх іншых ганчарных цэнтрах Беларусі. Пад Клецкам рабую кераміку вырабляла некалькі вёсак: Сіняўка, Ганевічы, Масцвілавічы, Забалотнікі. У Ганевічах яшчэ і сёння зрэдку садзіцца за ганчарны круг Фёдар Вашчыла, і з'яўляюцца на свет рабенькія збанкі, цёрлы, гаршкі, міскі.
Асаблівая кераміка ў Гарадной на Століншчыне. Калісьці гэта быў адзін з буйнейшых ганчарных цэнтраў на Беларусі, у ім дыміла каля двухсот горнаў. Архіўныя дакументы згадваюць гараднянскіх ганчароў аж у XVI стагоддзі. У ваколіцах гэтай палескай вёскі вялікія запасы надта добрай гліны, якая пры абпале дае моцны
Ф. Вашчыла. Гартаваная кераміка. 1980. Ганевічы. Клецкі раён, Мінская вобласць.
чарапок амаль белага колеру. Загартоўка ў кіслым растворы для мясцовых вырабаў не патрабуецца, а чарненню яны не паддаюцца. Тут выраблялі белагліняныя надзвычай ёмкія, устойлівыя шыракагорлыя «бунькі» (глякі), «макітры» (цёрлы), «мамзэлі» (гаршкі). Верхнюю частку «тулава» аздаблялі дзве-тры прамыя ці хвалістыя палоскі-паяскі чырвонага колеру, між якімі ішоў радок касых рысак. Такога дэкору больш нідзе не ўбачыш (сустракаецца толькі на суседніх тэрыторыях Украіны), таму посуд гараднянскіх ганчароў можна адрозніць з першага погляду. Праўда, гадоў з паўсотні назад тутэйшыя майстры сталі глазураваць свае вырабы, пры гэтым дэкор стаў непатрэбны. Таму гараднянскі трады-
А. Пяркоўскі. Попельніца «Галубы». 1965. Рэчкі, Вілейскі раён, Мінская вобласць.
цыйны белагліняны посуд з чырвоным дэкорам можна бачыць толькі ў музеях, ды часам майстры вырабляюць яго па спецыяльных заказах.
Самым жа распаўсюджаным з'яўляецца звычайны светлагліняны посуд, які ў залежнасці ад сорту гліны можа быць ці зусім светлы, як у той жа Гарадной, ці амаль чырвоны, як у Бабінавічах. Два-тры паяскі, выціснутыя палачкай на сырым вырабе альбо нанесеныя глінай іншага адцення,— вось звычайна і ўвесь дэкор. Вядома, выраблялі і багата аздоблены посуд; ляпілі яго нават у выглядзе розных жывёл (бараноў, ільвоў, мядзведзяў).
У канцы XIX стагоддзя ў народнай кераміцы набывае пашырэнне паліва (глазура) — шклопа-
добнае пакрыццё, якое ў залежнасці ад дамешкаў магло набываць зялёны, руды, карычневы колер. Паліва не толькі палепшыла практычныя якасці посуду, але і надала яму болыпую прыгажосць. Праўда, прыгатаванне палівы — дарагі і досыць шкодны занятак, таму вырабы глазуравалі пераважна знутры, а звонку — звычайна толькі ў верхняй частцы. Зеленавата-карычневыя пацёкі палівы прыгожа выдзяляліся на светлай паверхні.
Калі заходзіць гутарка пра Мір, звычайна згадваецца унікальны замкавы комплекс, які мог бы зрабіць славу любому паселішчу. Куды радзей успамінаюць тую акалічнасць, што Мір, як Івянец, Пружаны ці Гарадная,— старажытны ганчарны цэнтр. Цікава, а ці засталіся там якія-небудзь сляды ганчарнага рамяства?
Звыклы з доўгімі пошукамі, шматлікімі роспытамі, частымі няўдачамі, я быў нават крыху расчараваны, калі жанчына, якую запыніў і спытаў пра мясцовых ганчароў, махнула рукой уздоўж вуліцы:
— Вось па ёй і трэба ісці, а там кожны пакажа, дзе гаршкалеп жыве.
Дом «гаршкалепа» нічым не вылічаўся сярод характэрнай колішняй забудовы — вялікі драўляны будынак, весела пафарбаваны, з вазонамі на вокнах. Толькі на прасторнай кухні, дакладней, у тым пакоі, дзе павінна быць кухня, адразу кінуліся ў вочы характэрныя адзнакі рамяства: доўгія, запэцканыя глінай лавы, паліцы пад столлю, запоўненыя яшчэ сырымі гаршкамі і збанкамі, вялізная печ пасярэдзіне. На запытанне, ці ёсць хто дома, чалавечым голасам азвалася гэта печ:
— Браткі, зайдзіце трохі пазней, я тут якраз посуд закладваю на абпал, не магу вылезці.
Ганчарны посуд. 1970-я гг. Мір, Карэліцкі раён, Гродзенская вобласць.
Роспыты мясцовых старажылаў далі яшчэ некалькі прозвішчаў. Усяго некалькі гадоў назад памёр лепшы мірскі ганчар і цацачнік Іван Ялак.
Сядзіба Ялака — побач, на суседняй вуліцы. Ля плота валяюцца чарапкі, разбітая гліняная ваза.
— Разышлося ўсё па руках,— шкадуе гаспадыня.— Хіба ў хляве што-небудзь знойдзецца.
У хляве, сярод рэшткаў саломы, знайшлося некалькі гаршкоў і збанкоў. Сабраны тут, відаць, вырабы розных майстроў. Гаспадыня паказвае вырабы нябожчыка-мужа. Яны вызначаюцца выпрацаванасцю і зграбнасцю формы, своеасаблівай палівай — глыбокага карычнева-зялёнага колеру. Трапіўся нават гліняны графін — дакладная копія шклянога. Відаць, майстру няцяжка было паўтарыць любую форму.
Гэта што! Самы звычайны посуд, які любы гончар можа зрабіць. А Іван жа рабіў фігуры розныя — мядзведзя, барана, ільва. I цацкі лепш за яго ў Міры ніхто не мог ляпіць. Во, бачыце, граматы з выставак... Толькі попельніца засталася, адзіная памяць пра гаспадара.
— А ці можна яшчэ адшукаць каго з ганчароў?
— Толькі Іван Бычко, у якога вы былі. Ды яшчэ Няверка, але ён ужо кінуў ляпіць, знайшоў больш выгадную работу. Зайдзіце да яго, калі дома застанеце, можа, пакажа што-небудзь. Дом яго вось, насупраць.
На гарышчы ў Няверкі знайшлося з дзесятак нядрэнных па якасці разнастайных вырабаў. Зграбныя формы, яркая паліва, вузенькія хвалістыя паяскі, нанесеныя на расшырэнне «тулава» слоіка ці збанка, стваралі пэўны, адметны воблік творчасці майстра.
Вярнуўшыся ў дом Івана Бычко, я застаў гаспадара ля печы з доўгай качаргой у руках. Адчыніўшы засланку, ганчар паказаў малінавы разліў полымя ў жарале печы, напакаванай посудам. Праз суткі вырабы, нібы ўвабраўшы ўвесь жар, з шэрых ператворацца ў залацістаохрыстыя, зазвіняць, нібы металічныя. У кладоўцы знайшлося некалькі гатовых пасудзін з
I. Бычко. Спарыш. 1981. Мір, Карэліцкі раён, Гродзенская вобласць.
папярэдняй партыі. Асартымент невялікі: збанкі, вазонніцы, маленькія гаршчочкі («цяпер на вялікія сем'і не вараць»). Усе вырабы, можна сказаць, паточнага характару, форма спрошчана да мінімуму. Выклікана гэта зразумелымі прычынамі: посуд павінен быць не даражэйшы за фабрычны. Тым не менш яго мастацкія якасці відавочныя. Такая прастата форм выпрацоўвалася стагоддзямі, у ёй — вопыт многіх пакаленняў ганчароў. Паліву майстар не ўжывае, і нават гэта не пагаршае знешняга выгляду вырабаў. Залацісты колер гліны аж гарыць пад сонцам. Ёсць і даніна дэкору — вузенькі белы ці блакітны паясок на самым расшырэнні, своеасаблівы апошні штрых.
Заўважыўшы маю цікаўнасць да рамяства, Іван Пятровіч садзіцца за круг. He абмінуў час і гэты
старажытны няхітры станок: у гаспадара ён з электрапрыводам. I зручна, і проста, і рукам вальней. Праўда, на свае рукі гаспадар увагі не звяртае, яны працуюць амаль аўтаматычна: з камяка гліны «выцягваюць» цёрла альбо вазонніцу, наносяць на край рубчыкі ці фалды, а на расшырэнне — белы ці блакітны паясок, затым беражліва пераносяць блішчасты ад вільгаці выраб на лаву. А майстар тым часам расказвае: