Філасофія Яна Снядэцкага
Ігар Бабкоў
Выдавец: Логвінаў
Памер: 136с.
Мінск, Вільня 2002
Праграма Даленгі-Хадакоўскага была падхопленая дзесяткамі даследчыкаў і аматараў. Як пісаў Вінцэнт Поль: “Зарыян Хадакоўскі, які выйшаў аднойчы на гэты шлях, абудзіў такі вялікі інтарэс ва ўсім народзе, што такога роду даследаванні з гэтай пары сталі арганічна неабходнымі ў літаратуры. I праз некалькі дзесяткаў год ўся моладзь таго часу пайшла гэтым шляхам”/31, с. 103/.
Такім чынам, адным з вынікаў станаўлення этнаграфіі як
навукі стала ўсведамленне соцыякультурнай лакалізацыі асветніцкага розуму ў асяроддзі эліт і супрацьпастаўленне гэтых эліт традыцыйнай культуры і традыцыйнаму грамадству, у якім яшчэ жывуць “душа і сэрца”, і дзе ўсё яшчэ гучаць “імёны забытых багоў”.
2.3.3. Юзэф Войцэх Галухоўскі і філасофская антрапалогія
Усе гэтыя новыя з’явы рыкашэтам вярталіся ў філасофію, нараджаючы памкненне да рэфлексіі не над абстрактным розумам, а над рэальнымі практыкамі і рэальным досведам жывых людзей і (пакуль яшчэ) жывых народаў.
I таму, калі Галухоўскі, вярнуўшыся з Эрлангена ў Вільню, распачаў свае лекцыі з “новай” філасофіі, найвялікшая зала Віленскага Універсітэта не змагла ўмясціць усіх слухачоў. I справа была не толькі ў скандальнасці — на першай жа лекцыі Галухоўскі назваў асветнікаў XVIII стагоддзя “бандай мярзотнікаў”, якія нічога не разумелі ў філасофіі — але і ў тым, што філасофія, паводле Галухоўскага, мусіла шукаць сабе месца не ў абстрактным прагрэсе ўсяго чалавецтва, а ў рэальным жыцці “цэлых народаў і асобнага чалавека”. Філасофія мусіла стаць перадусім антрапалогіяй.
Ю. Галухоўскі нарадзіўся ў Заходняй Галіцыі ў 1797 годзе (11 альбо 14 красавіка) у Лончках Кухарскіх Тарноўскага павета. У 1809 годзе быў аддадзены ў Венскую шляхецкую Тэрэзіанскую Акадэмію (Terezyanum). Скончыў там сямігадовы гімназічны курс і вышэйшыя штудыі на філасофскім аддзяленні. Захапляўся матэматыкай і ў 1816 годзе надрукаваў (панямецку) першую сваю працу “Аб уплыве матэматыкі на выхаванне чалавека”, за якую атрымаў пахвальны ліст і стыпэндыю. У 1816-17 гадах друкаваўся ў Венскім часопісе “Wanderer”. Надалей выкладаў матэматыку і старагрэцкую мову ў Варшаўскім ліцэі, адначасова вучыўся ў Варшаўскім універсітэце, дзе атрымаў ступень магістра абодвух правоў і адміністрацыі.
У 1821 годзе пачаў пазапланавыя (бясплатныя) выклады з натуральнага права ў Варшаўскім Універсітэце. У гэтым жа годзе разам з Доўгірдам і Вішнеўскім ўзяў удзел у конкурсе на кафедру філасофіі Віленскагауніверсітэту, выграў яго (13 супраць 1). У канцы 1821 паводле іспытаў summa cum laude атрымаў дактарат па філасофіі ў Гайдэльбергу, прадставіўшы працу “Пра рэспубліку Платона”. Канец 1 821 і ўвесь 1822 год жыў у Эрлангене, дзе слухаў лекцыі (і стаў прыяцелем) Шэлінга. У Эрлангене надрукаваў сваю працу “Філасофія ў стасунку да жыцця цэлых народаў і асобнага чалавека”, якая ў Германіі атрымала шырокі розгалас. Вяртаецца ў Варшаву ў 1823 і распачынае там часовыя выклады, але ўжо 27 верасня 1823 года чытае ў Віленскім Універсітэце сваю першую лекцыю “аб задачах філасофіі”.
У сувязі з надзвычайнай папулярнасцю лекцый, расійскія ўлады запатрабавалі тлумачэнняў ад рэктара, а на саміх лекцыях размясцілі паліцэйскіх агентаў, якія запісвалі кожнае падазронае слова. Урэшце Навасільцаў запатрабаваў спынення лекцый. У верасні 1824 года Галухоўскі быў зволены з Універсітэта (разам з I. Лялевелем, I. Даніловічам і М. Бароўскім).
У 1824 становіцца сябрам-карэспандэнтам Варшаўскага Таварыства Сяброў Навук. Падчас паўстання 1830 года — у Варшаве, у 1835 годзе 5 месяцаў адсядзеў у вязніцы. Надалей зноў на вёсцы. У 1845 годзе выязджае за мяжу (Італія, Швайцарыя, Германія, Англія, Галяндыя).
У апошнія гады працуе на “Роздумамі...”, рукапіс якіх ужо пасля смерці Галухоўскага рыхтуе да друку і выдае Элеанора Земецка. Памёр 22.11. 1858 ў Гарбачу.
Калі ў 1823 годзе Галухоўскі пачаў выкладанне ў Вільні, праграма курса уключала ў сябе антрапалогію, логіку і маральную філасофію, заняткі мусілі адбывацца 6 раз натыдзень. Але ў першым жа выступленні Галухоўскі адыходзіць ад спакойнага акадэмічнага выкладання і прапаноўвае радыкальна новую трактоўку філасофіі. Гэтая новая трактоўка разглядае эпоху Асветніцтва як «цёмныя часы», у якіх сапраўдная філасофія
была выцесненая пустымі і павярхоўнымі спекуляцыямі, што ішлі сінхронна з «панурым рыкам матэрыялістаў» і «дзікімі крыкамі рэвалюцыянераў».
Насуперак гэтаму нядаўняму мінуламу Галухоўскі сцвярджае, што «Сапраўдная філасофія прыводзіць да Найвышэйшага, а тая, што гэтага не робіць, не ёсць філасофіяй» /150, s. 265/.
Задачай нашага разгляду не ёсць рэканструкцыя ўсёй філасофіі Галухоўскага. Мы мусім адзначыць толькі тыя аспекты, якія істотныя для станаўлення новай, постасветніцкай перспектывы мыслення4. Таму, нягледзячы на тое, што творчасць Галухоўскага разарваная на тры перыяды, мы можам вызначыць пэўныя «канстанты» ягонай думкі, што ўпершыню выявіліся ў «Філасофіі...» і засталіся нязменнымі і ў віленскіх лекцыях, і ў «Роздумах...».
Адмова ад верхавенства розуму. Паводле Галухоўскага, галоўным інструментам філасофскага пазнання выступае не розум, а непасрэдная інтуіцыя, задачай якой з’яўляецца не столькі анал із альбо сінтэз, колькі паглыбленне ў таямніцу асобнай рэчы і ўсяго свету. Менавіта інтуіцыя дазваляе пераадольваць той узровень пазнання, на якім ідэі вечнасці, Бога, бясконцасці сусвету выступаюць як антыноміі. Інтуіцыя ёсць “прыхаваная таямніца” розуму, якая дазваляе разгледзець за асобнасцю навук і дыскрэтнасцю чалавечых ведаў ўзровень праеднасці, на якім веды, чалавек і свет набываюць сваю завершанасць і гарманічнасць. Паводле Галухоўскага гэты ўзровень ёсць адначасова ўзроўнем любові, гармоніі і шчасця.
Прадмет філасофіі. У выніку, паводле Галухоўскага, у прадмет філасофіі ўваходзіць усё тое, “што верагодна можа знайсціся ... ва ўнутраным досведзе асобы” /101, 36/. I галоўнае, што філасофія мусіць шукаць у гэтым досведзе, — гэта ідэя боскага. Толькі гэтая ідэя можа даць чалавечай суб’ектыўнасці надзейны фундамант, з якога можна ўбачыць “праеднасць” усіх навук. Ідэя боскагаз’яўляецца “незнішчальнай сутнасцю” чалавека і праяўляецца як у індывідуальным жыцці, так і ў жыцці цэлых народаў, альбо ў гісторыі.
Філасофія і навукі. Асобныя ж навукі маюць дачыненне з расцятымі, дыскрэтнымі, “другаснымі” фрагментамі рэчаіснасці. Іх метад працы з гэтымі фрагментамі абапіраецца на анапіз разнастайных дэтэрмінацый і выяўляецца ў эмпірызме і “практыцызме” навук. Вынікам гэтага стала з’яўленне розных антыномій (жыццё і розум, культура альбо цывілізацыя і прырода, прырода і гісторыя ) і дысгарманізацыя свету, пры якой “рэчы і паняцці аб іх апынуліся ў нязгодзе”.
Філасофія іасоба: вяртанне да ідэі мудрасці. У гэтым сэнсе задачай філосафа выступае вяртанне да першапачатковай еднасці, альбо інтуітыўнае пранікненне па той бок дыскрэтнасці свету. Гэтая задача даступная толькі сапраўднай, аўтэнтычнай філасофіі, а не пустым і павярхоўным развагам, гульні ў паняцці. Пранікненне ў пра-еднасць патрабуе ўдзелу не толькі розуму альбо інтуіцыі, але і суцэльнай поўніцы духа. Абстракцыі ж «могуць мець сваё вялікае значённе, але толькі ў абстракцыйным свеце. У свеце рэчаісным яны не ў стане нас задаволіць: бо трымаюцца ў адарванасці ад яго і хочуць, каб гэтая адарванасць лічылася праўдзівай рэчаіснасцю...» /111, s. 144/.
Такім чынам, тая перспектыва мыслення, якую прапанаваў Галухоўскі, была не проста лостасветніцкай, але і антыасветніцкай. Больш за тое, надзвычайная папулярнасць Галухоўскага ў Вільні, выбух рамантызму, што пачаўся амаль сінхронна, дазваляе выказаць меркаванне, што гэтыя тэндэнцыі прысутнічалі ў культурнай свядомасці ад самага пачатку XIX стагоддзя.
У такой сітуацыі патрабавалася не простакарэктыроўка асветніцкіх вартасцей, дапрацоўка асветніцкай эпістэмалогіі, — патрабаваўся перагляд усёй сістэмы асветніцкага светагляду і абарона асветніцкіх каштоўнасцей. Гэты выклік прыняў Ян Снядэцкі.
2.4. Пазітывісцкая перспектыва: Ян Снядэцкі.
Пазітывісцкая перспектыва мыслення з’яўляецца як рэакцыя асветніцкай эпістэмалогіі на выклікі эпохі і ў гэтым сэнсе мае не столькі “актыўны”, колькі “рэ-актыўны” характар.
Тыя альбо іншыя элементы новага, пазітыўнага светаўспрымання характэрны для ўсёй генерацыі асветнікаў. Але менавіта Ян Снядэцкі разгарнуў гэтыя элементы ў паслядоўную праграму рэдэфініцыі філасофіі, у якой тая мусіць набыць новую ролю і новую легітымнасць.
Ян Снядэцкі — перадусім навуковец-прыродазнаўца, матэматык і астраном, а таксама арганізатар, ідэолаг, філосаф і літаратурны крытык. Снядэцкі належыць да познеасветніцкай генерацыі, якая прыняла актыўны ўдзел ў рэалізацыі адукацыйных рэформ Камісіі Нацыянальнай Адукацыі на тэрыторыях Рэчы Паспалітай, перажыла яе падзел і напачатку XIX стагоддзя знайшла сябе на паграніччы асветніцкага праекту як такога.
Нарадзіўся 29 жніўня 1756 года ў мястэчку Жнін у Вялікапольшчы. 3 васьмі год быў аддадзены ў Калегіюм Любраньскі ў Познані, які на той час з’яўляўся філіялам Кракаўскага Універсітэту. У 1772 годзе Снядэцкі сдае экзамэн на бакалаўра філасофіі ў Кракаве, а два гады пазней становіцца магістрам вызваленых навук і доктарам філасофіі. У 1776 годзе ён выкладае алгебру ў Кракаўскай Акадэміі. Праз пэўны час Снядэцкі ў Гімназіі Навадворскага, дзе ён выкладае эканоміку, логіку, механіку, гідрастатыку і гідраўліку. Менавіта тады Снядэцкі знаёміцца з Калантаем, які паспрыяў працягу яго штудыяў у Гетынгене, Лэйдзе, Ульрэхце і Парыжу (1778-81).
У Гэтынгене Снядэцкі акрамя матэматычных штудыяў не знайшоў для сябе нічога карыснага /106, s. 19/. Менавіта ад гэтага першага ўражання, магчыма, ідзе тая непрыязнь да нямецкай культуры, якая яскрава праявілася ў Віленскі перыяд. У Парыжы слухаў лекцыі ў Калеж дэ Франс, спецыялізаваўся ў астраноміі і матэматыцы, пазнаёміўся з Кузэнам і Лапласам.
Пасля вяртання ўзначаліў у рэфармаванай Кракаўскай Акадэміі (якая стала Галоўнай Школай Кароннай) кафедру вышэйшай матэматыкі і астраноміі, у якой працаваў да 1803 года. Адзін з першых сярод кракаўскіх прафесараў пачаў выкладаць не на лаціне, а па-польску. У 1782-87 гадах быў сакратаром Галоўнай Школы, займаўся таксама школьніцтвам. У 1805 годзе Снядэцкі