Філасофія Яна Снядэцкага  Ігар Бабкоў

Філасофія Яна Снядэцкага

Ігар Бабкоў
Выдавец: Логвінаў
Памер: 136с.
Мінск, Вільня 2002
27.43 МБ
Але не толькі канфлікт Асветніцтва і контрасветніцкіх ініцыятыў быў характэрны для таго часу. Само асяроддзе асветнікаў ужо не з’яўлялася аднародным. Так, пазначыўся разрыў між старой генерацыяй, якая захавала касмапалітычныя ідэалы XVIII стагоддзя і для якой навука захоўвала свой інтэрнацыянальны, агульначалавечы характар, і новай, якая імкнулася ўпісаць навуку ў рэальную сістэму вытворчасці ведаў, што
напачатку XIX стагоддзя ўжо выяўляла свой новы, нацыянальны характар.
У гэтым аспэкце характэрным ёсць ліст Пачабута да Снядэцкага з нагоды выхаду кнігі “Пра Капэрніка”, у якім Пачабут папракае Снядэцкага, што той напісаў сваю кнігу па-польску і тым самым пазбавіў большасць (замежных) навукоўцаў магчымасці азнаёміцца з яе зместам /60, s. 168-169/. У той жа час Енджэй Снядэцкі піша свайму брату пра Пачабута, што той “зусім здзяцінеў” і забаўляе універсітэцкіх прафесараў чытаннем сваіх лацінамоўных вершаў /60, s. 180/.
Але эпоха позняга Асветніцтва фіксуе не толькі разрыў між старым і новым у самім Асветніцтве. Позняе Асветніцтва характэрызуецца яшчэ і тым, што побач і паралельна з асветніцкім праектам пачынаюць нараджацца і адстойваць свае правы разнастайныя постасветніцкія ініцыятывы, якія выступаюць з крытыкай асветніцкіх ідэй. Паўстаюць новыя эпістэмалагічныя перспектывы мыслення, якія ставяць пад пытанне асветніцкі універсалізм і звязаны з ім гнасеалагічны аптымізм, веру ў бязмежныя магчымасці чалавечага розуму. Часам гэтая падзея апісваецца як рамантычная рэвалюцыя.
Калі казаць пра канкрэтнае ўвасабленне вышэйапісаных тэндэнцый, дык трэба адзначыць творчасць Яна Генрыха Абіхта, Анёла Доўгірда, Ёзэфа Уладзіслава Быхаўца, Эмануэля Ляхніцкага, Ёзэфа Войцэха Галухоўскага, Зарыяна Даленга-Хадакоўскага, Яна і Енджэя Снядэцкіх. Але перш чым больш падрабязна спыніццца на стане філасофіі, якая зноў пачынае выкладацца ў Віленскім універсітэце ад 1804 года, мусім коратка спыніцца на іншых асобах, якія выкладалі гуманітарныя і сацыяльныя дысцыпліны.
Шымон Малеўскі і Ігнацый Алдакоўскі выкладалі ў Віленскім універсітэце натуральнае права, а таксама філасофію права і палітыкі. Алдакоўскі істотна рэфармаваў традыцыйную праблематыку натуральнага права пад уплывам Канта. Ён нарадзіўся ў 1785 годзе, вучыўся ў Вільні і Кёнігзбергу, у 1809 годзе атрымаў ступень доктара, дзевяць год выкладаў у
Кёнігзбергу, а ў 1819 годзе заняў кафедру ў Вільні. Алдакоўскі першы прапанаваў разглядаць прававыя сістэмы ў гістарычным і цывілізацыйным кантэксце, што, паводле яго меркавання, было першай ступенню да выбудовы ўсеахопнай філасофіі права. Але ён памёр у 1821 годзе і не паспеў скончыць сваю працу.
Ян Зноска і Ян Вашкевіч выкладалі палітычную эканомію і логіку. Зноска нарадзіўся ў 1772 годзе і найбольш вядомы сваім перакладам “Логікі...” Кандыльяка з уласнай прадмовай, пераклад гэты выкарыстоўваўся як афіцыйны падручнік логікі ў школах Камісіі Нацыянальнай Адукацыі. Палітычную эканомію выкладаў паводле Адама Сміта, і ўжо ў 1811 годзе выдаў кароткі кампэндыум, дзе разглядаліся галоўныя тэзы славутага палітэканома. Ян Вашкевіч быў яго паслядоўнікам, логіку выкладаў ужо не паводле французскіх, а англійскіх узораў, і найбольш вядомы сваёй піянерскай працай “Тэорыя цывілізацыі”.
Эрнест Гродэк нарадзіўся ў Данцыгу, выкладаў у Германіі і быў запрошаны ў Віленскі універсітэт, дзе заклаў падваліны класічнай філалогіі як навукі. Яго захапленне старажытнымі грэкамі выявілася ў разлеглых “Пачатках гісторыі грэцкай літаратуры”, напісаных у лаціне і выдадзеных ў 1821 годзе. Гродэк у сваіх штудыях не абмяжоўваўся толькі філалогіяй, а актыўна разглядаў філасофію старажытных; таксама быў прыхільнікам найноўшых рамантычна-ідэалістычных плыняў.
Эўзэбіуш Славацкі і Лявон Бароўскі выкладалі эстэтыку, паэтыку і тэорыю літаратуры. У іх творах, асабліва ў Бароўскага, мы знаходзім эвалюцыю традыцыйнай рыторыка-паэтычнай праблематыкі, якая пад уплывам нямецкай школы паступова падзяляецца на эстэтыку і філасофію мастацтва з аднаго боку, і гісторыю літараіуры і літаратурную крытыку з другога.
Філіп Галанскі і Аўгустын Тамашэўскі працавалі на кафедры Святога пісьма і займаліся тэалогіяй. Філіп Галанскі пачынаў сваю кар’еру ў Галоўнай школе Літоўскай як прафесар лацінскай і польскай літаратур. Пры ўтварэнні Віленскага універсітэту атрымаў кафедру Святога пісьма. У сваёй кнізе
“Філосаф і антыфілосаф”, што выйшла ў 1811 годзе, Галанскі зрабіў філосафа чалавекам веры, у той час як антыфілосаф у яго — скептык, атэіст і прыхільнік энцыклапедыстаў. Аўгустыч Тамашэўскі, прафесар дагматычнайтэалогіі і гісторыі касцёла, выдаў у 1808 годзе кнігу “Паведамленне аб недастатковасці філасофіі язычнікаў”, у якой абмяркоўваў разрыў між новай маральнай філасофіяй і хрысціанскім мысленнем, разрыў, які, паводле Тамашэўскага, не дазваляе быць маральнай філасофіі гэткай жа глыбокай, як філасофія натуральная, альбо прыродазнаўства.
Увогуле, для філасофіі пачатак XIX стагоддзя — часы татальнага перагляду спадчыны Асветніцтва і рэдэфініцыі філасофіі як такой, калі замест вызначанай, паступальнай лініі развіцця, замест агульнапрынятай матрыцы, філосафы знайшлі сябе ў сітуацыі сутыкнення і нават канкурэнцыі сістэм і індывідуальных праектаў.
Безумоўна, галоўным раздражняльнікам стала філасофія Канта і ўвогуле новы статус філасофіі ў нямецкіх універсітэтах, якая, захоўваючы традыцыйна-філасофскую прэтэнзію на універсальнасць свайго зместу, пачынае ўсведамляць сябе спецыфічна нямецкай і спрабуе ўпісаць універсальную місію філасофіі як такой у кантэкст сусветна-гістарычнай місіі нямецкага народу. Далейшае развіццё і з’яўленне сістэмаў Шэлінга, Фіхтэ, Гегеля яшчэ больш узмацніла гэтую тэндэнцыю.
I хаця для старой асветніцкай генерацыі філосафаў новая сілуацыя была тыпалагічна непрымальнай і апісвалася як філасофскае сектанства, тым не менш, самаВіленская школа філасофіі ў першай трэці XIX стагоддзя ўяўляе з сябе ўжо не столькі дактрыну альбо дысцыпліну з унутранай сістэматыкай, колькі шэраг асабістасцей, якія па рознаму рэагавалі на выклікі эпохі — палітычныя, соцыякультурныя і ўласна філасофскія.
У выніку, у той момант, калі ў Віленскім універсітэце адбывалася вяртанне філасофіі, сама філасофія знаходзіла сябе ў сітуацыі змястоўнага і дысцыплінарнага плюралізму (альбо нават хаосу). Бо, нягледзячы на прагрэс у навуках, у часы Ac-
47 ветніцтва так і не склалася адзінай эпістэмалогіі, якая магла б служыць надзейным фундаментам чалавечага пазнання. Больш за тое, адкінуўшы філасофію новых, у межах якой ішло абмеркаванне праблемы метаду, асветнікі знайшлі сябе ў сітуацыі сутыкнення ўсіх скрайніх пазіцый у эпістэмалогіі.
Локаўскі эмпірызм, на які абапіралася класічнае Асветніцтва, ўрэшце выявіў небяспечную тэндэнцыю да саліпсізму альбо скептыцызму (Берклі, Юм). Французскі сэнсуалізм у сваіх скрайніх матэрыялістычных высновах небяспечна асацыяваўся з атэізмам і падзеямі Французскай рэвалюцыі. Нямецкая ж школа (у асобе Канта і яго паслядоўнікаў) успрымалася не як працяг і развіццё Асветніцтва, а як антыасветніцкі рух, скіраваны на ўваскрашэнне метафізікі, што ўрэшце вядзе да містыцызму і рэгрэсу.
Да гэтай плюралізацыі дадавалася дысцыплінарная праблематычнасць філасофіі як навукі. Так, першы прафесар філасофіі новага Віленскага Імператарскага Універсітэта Абіхтулучае метафізіку ў псіхалогію; Доўгірд, наадварот, псіхалогію робіць часткай логікі, і далей, метафізікі. Галухоўскі ўвогуле адмаўляецца ад псіхалогіі, замяняючы яе новым антрапалагічным курсам.
У гэтай сітуацыі істотным аб’ектам аналізу выступаюць не столькі тэорыі альбо сістэмы філасофіі, колькі тэндэнцыі, агульныя накірункі фармальных і змястоўныхтрансфармацый, у якіх (альбо падчас якіх) філасофія імкнулася знайсці сабе новую прадметнасць і новую легітымацыю. Гэтыя тэндэнцыі можна акрэсліць як узнікненне трох розных перспектыў' мыслення: трансцэндэнтальнай, антрапалагічнай і пазітывісцкай.
2.2.	Трансцэндэнтальная перспектыва: Абіхт, Доўгірд, Быхавец.
Адразу трэба адзначыць, што ў нашым кантэксце трансцэндэнтальная перспектыва не зводзіцца да наследавання Канту, да тых альбо іншых уплываў альбо рэцэпцый Кантавага
праекту. Мы будзем ужываць гэты тэрмін у самым агульным значэнні: як скіраванасць філасофскай рэфлексіі на саму свядомасць і разгляд не столькі прадметаў пазнання, колькі відаў нашага пазнання.
У гэтым сэнсе элементы трансцэндэнтальнай перспектывы выяўляюцца ўжо ў эклектычнай філасофіі (паўставанне праблемы метаду), відавочныя яны і ў творчасці Казіміра Нарбута. Але напачатку XIX стагоддзя трансцэндэнтальная перспектыва не проста дадаецца альбо ўпісваецца як частка ў наяўны корпус тэарэтычных ведаў, а, наадварот, разглядаецца як асноўная праблематыка, якая сама мусіць легітымізаваць філасофію як навуку.
I ў гэтым сэнсе, нягледзячы на тое, што філасофія Канта выклікала пераважна крытычныя водгукі (асабліва праблема “ноўмэнаў” альбо “рэчаў у сабе”, якая нарадзіла бурную палеміку), нават тыя, хто не пагаджаўся з яе адказамі, знаходзяць сябе ўжо ў новай сітуацыі.
Так, першае выступленне ў Вільні, якое інагуравала новую эпоху — паведамленне Енджэя Снядэцкага “Аб няпэўнасці навук, заснаваных выключна на вопыце” (прачытана ў 1799 годзе) — ставіць пад пытанне галоўны пастулат эмпірысцкай эпістэмалогіі — ролю досведу як крытэрыя праўдзівасці нашых ведаў. Енджэй Снядэцкі, аналізуючы структуру навукі (на матэрыяле біялогіі), паказвае наяўнасць у ёй тэарэтычнага ўзроўню, які не можа быць зведзены да эмпірычнага досведу.
Але сістэмна гэты трансцэндэнтальны паварот упершыню выяўляецца ў творчасці Яна Генрыха Абіхта (1762 — 1816). Ян Генрых Абіхт нарадзіўся 2 мая 1762 года ў Фолькштэдце каля Рудольштадта. У 1786 годзе атрымаў ва універсітэце Эрлангена ступень доктара філасофіі, там жа ў 1790 годзе стаў надзвычайным, а ў 1796 — звычайным (ардынарным) прафесарам філасофіі. У шматлікіх творах нямецкага перыяду выступаў як прыхільнік філасофіі Канта і Рэнтгольда. У 1796 годзе паводле працы “Які прагрэс адбыўся ў метафізіцы ад Лейбніца да Вольфа”, атрымаў узнагароду Каралеўскай Акадэміі
Навук ў Берліне. Ва універсітэце Эрлангена выкладаў логіку, метафізіку, псіхалогію, этыку, натуральнае права і педагогіку.