Філасофія Яна Снядэцкага  Ігар Бабкоў

Філасофія Яна Снядэцкага

Ігар Бабкоў
Выдавец: Логвінаў
Памер: 136с.
Мінск, Вільня 2002
27.43 МБ
Такім чынам, у працы “Пра метафізіку” Снядэцкі дае папярэдні аналіз трансцэндэнтальнага праекту Канта, трактуючы яго метатэарэтычна, як пачатак вяртання старой схаластычнай метафізікі, і супрацьпастаўляе яго класічнаму асветніцкаму праекту, у якім адзінай легітымнай формай пазнання мусіла быць навука.
3.3.	Крытыка рамантычнага ўяўлення (памфлет “Пра класічныя і рамантычныя творы”)
Паведамленне “Пра класічныя і рамантычныя творы” было прачытана Снядэцкім на літаратурнай сесіі Віленскага універсітэта і традыцыйна разглядаецца як пачатак палемікі класікаў і рамантыкаў. Гэты кантэкст твора ўжо дастаткова прааналізаваны, у тым ліку і ў беларускай гісторыіі філасофіі /34/.
Для нас больш істотна, што. па сутнасці, Снядэцкі пераводзіць палеміку з літаратурнай сферы ў сферу эпістэмалогіі і разглядае рамантычнасць як праяву і вынік эпістэмалагічнага канфлікту розуму і ўяўлення, якое, у межах рамантычнай літаратуры, паставіла пад пытанне аўтарытэт і каштоўнасць розуму як найвышэйшай здольнасці чалавека. Дарэчы, адпаведны тэкст Снядэцкага часам (як нам здаецца, памылкова) разглядаецца як пачатак палемікі з Казімежам Брадзіньскім: насамрэч Снядэцкі, станоўча ацаніўшы развагі Брадзіньскага як “вучоныя і прыемныя”, і адзначыўшы, што “ёсць там карысныя парады і разважныя перасцярогі”, у далейшым пачынае змаганне
з чымсьці іншым, прынамсі літаратуразнаўчы аналіз стылістычнага раздарожжа (класіцызму і рамантызму) Брадзіньскага замяняецца на апакаліптычную карціну барацьбы розуму з узбунтаваным уяўленнем.
Гэтае выключнае становішча ўяўлення сярод вышэйшых сіл душы, сама магчымасць бунту супроць розуму палягае на пэўнай супярэчлівасці гэтай сілы: “3 усіх сіл чалавечай душы ўяўленне з’яўляецца самай дзейснай, але нестрыножаная, яна ж і самая небяспечная і самая шкодная. Усе прыдумкі бязбожнасці, усе непрыстойнасці і забабоны ў фальшывых рэлігіях, усе дзівацтвы і недарэчнасці ў філасофіі ёсць вынік нестрыманага ўяўлення” /165, s. 29/. I ў гэтым сэнсе рамантычнасць, паводле Снядэцкага, не проста новы стыль альбо новая паэтыка, а хутчэй пэўны знак часу, штандар, пад якім спрабуе ўвайсці ў жыццё неразумнае'. “Тое, што рамантычнасць з’яўляецца асобным і нібыта новым відам паэзіі, што яна займаецца рэчамі прамінулымі, ажыўляе іх жалобным успамінам і сумам, альбо (займаецца) прыгадваннем падзей, якія бавілі людзей у рыцарскіх стагоддзях, — усё гэта не патрапляе да маёй увагі. Я буду разглядаць яе (рамантычнасць) як пэўную неаспрэчную прыкмету (нашага часу), шкодную на самой справе для літаратуры і асветы, — г. зн. як няслуханне (непадпарадкаванне) правіл масіацтва, і ў вольным буянні ўяўлення пошук вартасцей і як бы новых шляхоў забавы і навучання” /165, s. 2/.
У выніку рамантыкі “...хутка ўбілі сабе ў галаву, што душа мае нейкую таемную сілу бачання без межаў, што маюцца прыроджаныя веды, да якіх мусяць дайсці не праз навукі, не праз ужо вядомыя дарогі, але праз увядзенне сябе ў надзвычайны стан існавання” /165, s. 31/. Пры гэтым “звычайная мова ўжо не магла служыць для рэчаў, што недаступныя пачуццям. Тады была прыдумана містычная мова” /165, s. 31/. Наступствам гэтага эпістэмалагічнага бунту стала рамантычная літаратура і, асабліва, тэатр. У тэатры рамантыкі “уводзяць сёння на сцэну сустрэчы чараўніцаў, іх варажбу і прароцтвы, ходзячых (па зямлі) духаў і вурдалакаў, размовы д’яблаў, анёлаў і г. д.” /165, s. 6/.
Паводле Снядэцкага, літаратура не мае права прэтэндаваць на нейкае асобнае веданне і асобную праўду: “Як праўда, так і пачаткі розуму ад стагоддзяў з’яўляюцца неадменнымі і заўсёды тымі самымі будуць. Чалавечае ўяўленне можа гэтую праўду ўпрыгожваць і прыбіраць розным чынам, — але яе нельга скажаць, г. зн. пазбаўляць яе істотных рысаў і прыпісываць ёй іншыя якасці, цалкам супрацьлеглыя першым” /165, 4/ . I прыгажосць у мастацтве толькі тады ёсць вартая, трывалая і несмяротная, калі абапіраецца на праўду, альбо, як звычайна гавораць, калі яна згодная з прыродай” /165, s. 5/.
Пры гэтым сама прырода, паводле Снядэцкага, не можа выступаць у якасці чыстага ўзору для мастацтва, а само мастацтва ўжо не з’яўляецца арыстоцелевым “мімесісам”: “Прырода, беручы агулам, вялікая і багатая, у асобных праявах мае сваю прывабнасць і агіду, сваю прыгажосць і страхоцце... г. зн. будзе няпраўдай думаць, што, узятая без адрознення і выбару, яна заўсёды можа падабацца і быць крыніцай паэтычнай прыгажосці” /165, s. 10/. Таму, на думку Снядэцкага, “стан дзікасці і барбарства ніколі не быў станам нявіннасці, хіба што ў фантазіях паэтаў” /165, s. 10/, а “чары, варажба і вурдалакі не з’яўляюцца прыродай, але плёнам сапсаванага невуцтвам і забабонамі розуму” /165, s. 9/.
Падсумоўваючы свае развагі, Снядэцкі яшчэ раз вяртаецца да ідэі рамантычнасці. “Рамантычнасць... адкідае досвед, падбухторвае ўяўленне супроць розуму і запальвае нібы грамадзянскую вайну між разумовымі сіламі чалавека. He будзем слухаць гэтых бунтаўніцкіх падбухторванняў: бо самыя прыгожыя творы чалавечага розуму з’яўляюцца дзецьмі міру, згоды і гармоніі міжусімі сіламі душы” /165 , s. 36/.
Такім чынам, у палеміцы з рамантыкамі Снядэцкі адстойвае вядучую ролю розуму ў мастацтве і пры гэтым апісвае рэальную карціну сучаснага яму мастацтва як карціну хаосу, вайны і нязгоды між вышэйшымі сіламі душы.
3.4.	Крытыка філасофіі Канта і трансцэндэнтальнай перспектывы мыслення ( Трактат “Пра філасофію” і “Дадатак да твора “Пра філасофію”
3.4.1.	Паўставанне і агульная характарыстыка твораў
Паведамленне “Пра філасофію” Яна Снядэцкага было прачытана на літаратурнай сесіі Віленскага універсітэту 15/27 красавіка 1819 года, надрукавана ў “Дзенніку Віленскім” у гэтым жа годзе і адразу ж перадрукавана “Паментнікам Львоўскім” (1819, т. 2, ст. 3 — 32). Гэтае паведамленне было расцэнена грамадскасцю як пачатак антыкантаўскай кампаніі, накіраванай супроць першых спробаў рэцэпцыі кантыанства, якія адбываліся ў Варшаве і Кракаве. У гэтым жатоме “Паментнікам Львоўскім” была надрукаваная невялічкая рэпліка, падпісаная псеўданімам Філапольскі, аўтарства Тытуса Дзедушыцкага (Tytus Dzieduszycki), дзе аўтар нататкі спрабуе рэабілітаваць Канта і трактуе закіды шанаванага і аўтарытэтнага навукоўцы як непаразуменне. Сам Снядэцкі адрэагаваў на рэпліку значна больш шырокім разглядам у “Дадатку да твора “Пра філасофію” (Дзеннік Віленскі, 1820, т. 2), дзе спрабаваў абараніць свае пазіцыі.
Трактат “Пра філасофію” звычайна разглядаецца як пачатак антыкантаўскай палемікі Снядэцкага. Пры гэтым не звяртаецца ўвага, што галоўнай мэтай свайго разгляду Снядэцкі лічыць крытычнае перавызначэнне самой ідэі філасофіі, якая мусіць адмовіцца ад сваёй традыцыйнай задачы пошуку першапрычын, — задачы, сфармуляванай яшчэ Арыстоцелем, і паспрабаваць знайсці сабе новую прадметнасць і новую легітымнасць.
3.4.2.	Рэдэфініцыя філасофіі
Праца “Пра філасофію” пачынаецца са спробы Снядэцкага даць генеалагічны абрыс развіцця філасофіі — ад старажытных грэкаў да 19 стагоддзя. Снядэцкі імкнецца паказаць залежнасць філасофіі — праблемную і інстытуцыйную — ад уз-
роўня навуковых ведаў у тую альбо іншую эпоху. Філасофію Снядэцкі разглядае як пэўную форму ведаў альбо навукі, што папярэднічае праўдзівым навукам.
Так, паводле Снядэцкага, пачынальнікамі філасофіі сталі вучоныя грэкі, якія “да часоў Піфагора зваліся мудрацамі”. Піфагор (каля 550 г. да н.э.) узяў сабе больш сціплую назву —аматара мудрасці альбо філосафа. Гэтая назва (паводле Аўгусціна) давалася надалей людзям, “якія цэняць якую-колечы навуку”. Менавіта так сталі называцца розныя секты альбо школы, на якія падзяліліся вучоныя грэкі. Далей навукі грэкаў збераглі арабы пад каліфамі і бізантыйцы, якія пасля падзення Канстантынопаля ў сярэдзіне XV стагоддзя перасяліліся ў Італію.
Сама назва “філасофія” за гэтыя часы набыла самыя розныя значэнні. Найчасцей аднак яна прыкладалася да спадчыны Арыстоцеля, у якой выдзяляліся навукі розуму, навукі прыроды і навукі маральныя. Такім чынам філасофія на універсітэтах складалася з логікі, метафізікі, фізікі і этыкі. Пазней дадалася яшчэ і матэматыка. Ідэя мудрасці і ідэя навукі супадалі, “... бо мудрасць, якую знаходзілі ў навуцы, палягала на працы (тварэнні) выкшталтаванага і спрактыкаванага розуму, які звяртаецца да рэчаў, даступных ягонаму пазнанню, — і ўласна ўсё гэта і маецца ў падзеле навук паводле Арыстоцеля” /167, s. 165/ . Побач з гэтым выявілася яшчэ адно значэнне філасофіі, якое не супярэчыла вышэйразгледжанаму: “Але яшчэ ў кожнай амаль навуцы хацелі мець філасофію: і гэтае значэнне, хаця і больш вузкае і абмежаванае, не супярэчыла вышэйапісанаму, бо палягае на найагульным разглядзе якой-кольвек асобнай навукі ў дачыненні да яе пэўных і яўных пачаткаў, усталяваных праз розум” /167, s. 165/.
Бо кожная навука з’яўляецца дзіцём розуму, калі толькі сам розум выступае як “пасьма праўд і сцверджанняў, разгорнутых праз чыстыя паняцці і праўдзівыя высновы” /167, s. 166/.
Калі ж ідэю філасофіі застасаваць не да вонкавых рэчаў, a да чалавека, дык тады мудрасць “ палягае на карыстанні з розуму як дзеля ведання рэчаў, так і ў жыццёвых паводзінах: бо
гэтадзве істотныя і непадзельныя ўмовы падтрымання грамадскага парадку і асабістага шчасця, да якіх імкнецца разважлівая асоба; бо ад гэтай гармоніі думак і дзеяў залежыць спакой душы, найлепшае дабро чалавека, залежыць таксама і ўсё высокае становішча (годнасць) чалавечае натуры. Такім чынам, любоў да мудрасці вядзе чалавека да пастаяннага клопату пра ўдасканаленне розуму, які яго ставіць на найвышэйшы ўзровень зямных стварэнняў; і да паказу (праяваў) гэтага розуму ў яго справах і дзеях, якія яго ўтрымоўваюць на гэтым троне першынства” /167, s. 166/. Адным словам, філасофія з’яўляецца навукай праўдзівага мыслення і жыцця, што праяўляецца ў пастаяннай практыцы.
Праўдзівы філосаф, паводле Снядэцкага, пагодзіцца з думкай Дэкарта, што яго мэта панаваць не над светам, а над сваімі жаданнямі і пачуццямі. Праўдзівы філосаф “ глядзіць на непамыснасці, але з дарогі справядлівасці не сыходзіць; узбройваецца сталасцю і мужнасцю, — як супроць варожых удараў так і супроць звабных усмешак лёсу, шукае асабістае шчасце ў выкананні сваіх абавязкаў і ў чыстым сумленні, і ніколі не губляе пры гэтым уласнай годнасці... калі мы глядзім на філасофію з перспектывы навукі, яна выступае як самы годны занятак чалавека, які ўдасканальвае самога сябе, а калі глядзім на яе з перспектывы чалавека, яна выяўляецца ў мысленні і дзеяннях, якія з’яўляюцца вынікам і плёнам гэтай навукі” /167, s. 166/.