Філасофія Яна Снядэцкага
Ігар Бабкоў
Выдавец: Логвінаў
Памер: 136с.
Мінск, Вільня 2002
У свеце прыроды, паводле Снядэцкага, выяўляе сябе такі лад і парадак, які дазваляе назваць яго Найвышэйшай Мудрас-
цю. Чалавек, паводле Снядэцкага, спазнаючы гэты парадак, спрабуе перанесці штосьці падобнае ў свае дзеянні, і праз гэта творыць парадак маральны і грамадскі. Адсюль, робіць выснову Снядэцкі, мы можам заключыць, што ў чалавеку ёсць пэўная іскра гэтай Найвышэйшай Мудрасці і, дзякуючы ёй чалавек вырозніваецца з чыста матэрыяльнага свету. Тым не меньш, чалавек застаецца звязаным з матэрыяльным светам (праз пачуцці), а праз розум — з Творцам і Ўладаром гэтага свету. Такім чынам, чалавек ёсць рэлігійнае стварэнне.
Чалавечае цела праз пачуццёвыя ўражанні ўздзейнічае на душу і наадварот, душа праз уздзеянне сваіх сіл дзейнічае на цела. Пры гэтым існуе пэўная адпаведнасць між арганічнымі працэсамі, якія адбываюцца ў нервах, і дзеяннямі душы: кожнаму дзеянню душы адпавядае пэўны рух альбо змена ў нервах. Гэтая адпаведнасць дазваляе гаварыць пра працэсы мыслення як пра арганічныя працэсы і выкарыстоўваць гэтае разуменне ў лекарскай навуцы.
Але такі пагляд з’яўляецца фізіялагічным і тлумачыць нам толькі умовы, варункі, пры якіх адбываецца мысленне, але не закранае пытанняў самой прыроды гэтых працэсаў.
Больш за тое, зыходзячы з самой канстытуцыі чалавека, паколькі мы не маем ніводнае разумовае здольнасці, каб даведацца чым ёсць душа і якім чынам уздзейнічаюць адно на адно душа і цела, — усе гіпотэзы і тэорыі на гэты конт вядуць толькі да завароту галавы і не могуць звацца філасофіяй.
Паколькі між душой і целам няма ніякага падабенства, няма яго таксама і ў спосабах іх дзеяння (бытавання). Таму немагчыма праўдзівае тлумачэнне дзеянняў чалавечага розуму праз тыя спосабы, якія ўласцівы толькі целам. Гэткія тлумачэнні могуць насіць, паводле Снядэцкага, толькі дапаможны характар, і быць толькі вытлумачэннем, а не вы-яўленнем праўдзівага фенамена. Праўдзівым жа фенаменам чалавечага розуму з’яўляюцца ідэі, думкі, якія маюць адпаведнасць з вонкавым светам.
I хаця, што тычыцца пачуццёвага ўзроўня, мы ўжо дак-
ладна разумеем, як праз органы пачуццяў паўстаюць вобразы рэчаў, далейшая іх трансфармацыя, — якім чынам гэтыя пачуццёвыя фенамены ўспрымае душа, і якім чынам душа пераўтварае іх у фенамены разумовыя, — застаецца для нас загадкай. Гіпотэзы ж Арыстоцеля і Лока, якія, паводле Снядэцкага, апісвалі працэс ўтварэнне паняццяў як працэс уяўлення розумам, — нічога нам не тлумачаць і не могуць называцца філасофскімі.
Усё, што дзейнічае, выклікае змены, выяўляецца як пэўная чыннасць, называецца сілай альбо здольнасцю (yis,facidtas'). Некаторыя падзяляюць сілы на актыўныя, якія самі ўздзейнічаюць альбо ўплываюць на іншыя, і пасіўныя, якія гэтыя ўздзеянні ўспрымаюць.
Паводле Снядэцкага, гэты падзел з’яўляецца досыць умоўным: адныя і тыя ж сілы выяўляюць сябе ў дачыненні да розных рэчаў і актыўнымі і пасіўнымі. Так, пачуццёвасць пасіўная ў дачыненні да вонкавых рэчаў і адначасова актыўная ў дачыненні да розуму, які яна пабуджае да дзеяння. У сваю чаргу розум з’яўляецца пасіўнай сілай у дачыненні да пачуццёвасці і актыўнай у дачыненні да фармавання паняццяў і ідэй. Паводле Снядэцкага, мысленне як такое ёсць гульня цялесных і разумовых сіл альбо ўздзеянняў, якія дзейнічаюць наўзаем адна на адну.
4.2.3. Эпістэмалагічныя тэзы
Усе нашы спробы пазнання саміх сябе і рэчаў матэрыяльнага свету, паводле Снядэцкага, асноўваюцца на пераходзе ад асобных канкрэтных фенаменаў альбо фактаў да фенаменаў агульных, ад якіх першыя выяўляюць сваю залежнасць. Менавіта ўгледжанне, выяўленне залежнасцей, стасункаў і сувязей між фенаменамі і з’яўляецца праўдзівым мысленнем. “Усё... мысленне чалавека абарочваецца вакол разумення фенаменаў, вакол угледжання і навязання стасункаў між фенаменамі, якія ўтопленыя ў рэчах стварэння” /167, s. 255/.
Toe, што мы называем прычынай пэўнага наступства, альбо правілам, паводле якога адбываецца нейкая змена, з’яўляецца, паводле Снядэцкага, галоўным і агульным фенаменам, ад якога выяўляюць сваю залежнасць іншыя фенамены.
У той жа час у сферы чалавечага пазнання ёсць фенамены, якія з’яўляюцца альбо самымі простымі, альбо такімі, у дачыненні да якіх чалавечая канстытуцыя (склад чалавечага розуму) не мае адпаведных магчымасцей іх пазнання. Такія фенамены пазначаюць натуральныя граніцы чалавечага пазнання, і пераход гэтых граніц, лічыць Снядэцкі, немагчымы.
У сферы матэрыяльнага свету такім фенаменам выступае матэрыя і пытанне пра яе паходжанне і бытаванне незалежна ад нашых здольнасцей яе ўспрыняцця. У сферы чалавечай свядомасці такім пытаннем з’яўляецца пытанне пра паходжанне і спосаб бытавання душы, а таксама праблема ўзаемадзеяння матэрыяльнага (дадзенага нам праз пачуцці) і разумовага (нематэрыяльнага, ідэальнага). Тым не менш, хаця апошнія прычыны рэчаў так і застануцца непазнанымі, паміж імі і першымі пачуццёвымі ўспрыняццямі ляжыць “цэлы свет праўдзівых адкрыццяў і вынаходніцтваў”
Пачуццёвыяўражанні з’яўляюцца пачаткам усіх дзеянняў розуму; уздзейнічаючы на чалавечую свядомасць, яны абуджаюць разумовыя здольнасці і ўводзяць іх у дзеянне. Але пачуццёвыя ўражанні паходзяць альбо ад асобных (адзінкавых) целаў, альбо ад уздзеяння адных целаў на іншыя. Адсюль, паводле Снядэцкага, у гэтым тыпе пазнання можа ісці гаворка толькі пра стасунак (дачыненні) адных целаў да іншых, альбо да нашае адчувальнасці. Такім чынам, лічыць Снядэцкі, усё нашае пазнанне, якое мы набываем праз пачуццёвае ўспрыманне, абавязкова адноснае, мы яго набываем праз параўнанні.
Якімі бы выглядалі фенамены нашага свету для істот з іншымі тыпамі пачуццёвых рэцэптараў, мы не ведаем і ведаць не ў стане. Г аварыць альбо спрабаваць уявіць сабе матэрыяльны свет, незалежны ад нашага пачуццёвага ўспрымання (рэчы ў сабе), мы не ў стане, і ўсялякія спекуляцыі на гэтую тэму не маюць сэнсу.
Узрушанні пачуццяў ад вонкавых рэчаў пабуджаюць душу да дзеяння і першае дзеянне абуджанага розуму (свядомасці) мы называем адчуваннем {sensatio) альбо ўспрыманнем (perseptio). Пры гэтым, як заўважае Снядэцкі, мы не знаходзім ніякага пасярэдніка між рэчамі і ўласна свядомасцю. Наступства гэтага дзеяння мы называем паняццем (notio). Сілу пачуццяў, якая пабуджае розум, называем пачуццёвасцю (sensibilitas).
Гэтая першая работа розуму вядзе да ўсведамлення дзвюх рэчаў: па-першае, да свядомасці вонкавай рэчы, што абуджае нашы пачуцці; па-другое, да ўсведамлення існавання істоты, што адчувае гэтыя вонкавыя рэчы. Гэтае ўсведамленне саміхсябе мы называем самаадчуваннем, унутраным пачуццём альбо свядомасцю (conscientia). Свядомасць саміх сябе нараджаецца ў нас дастаткова позна. калі параўноўваць з усведамленнем вонкавага свету. Але і існаванне вонкавага свету, і існаванне нас саміх як суб’ектаў з’яўляецца самым простым фенаменам, альбо фактам, які не мусіць даводзіцца і які з’яўляецца першым прынцыпам.
Другі прынцып можа быць сфармуляваны такім чынам: падобныя наступствы выкліканы падобнымі прычынамі, і, адпаведна, самыя простыя фенамены не могуць быць вытлумачаны з сваіх наступстваў, г. зн. з вышэйшых дзеянняў нашых пачуццяў і нашага розуму.
Першымі крокамі пазнання, паводле Снядэцкага, выступаюць назіранне і досвед, і гэты тэзіс належыў да агульнапрынятых эмпірычных падстаў асветніцкай эпістэмалогіі. Але, паводле Снядэцкага, толькі індывідуальнае назіранне і досвед даюць нам абсалютна даставерны матэрыял для работы мыслення. У рэальнай жа навуковай працы індывідуальнае назіранне можа выкарыстоўвацца толькі ў абмежаванай ступені: мы ў шмат якіх выпадках вымушаны абапіраць свае гіпотэзы на назіраннях і вопыце іншых. У выніку навуковец працуе з гістарычнай верай, г. зн. з разнастайнымі звесткамі (гістарычнымі альбо прыродазнаўчымі), занатаванымі іншымі людзьмі. Такі тып працы патрабуе, лічыць Снядэцкі, абавязковага выкарыстання праверачных, верыфікацыйных працэдур.
Гістарычную веру Снядэцкі адрознівае ад веры філасофскай. Філасофская вера, паводле Снядэцкага, палягае на прыняцці меркаванняў і сцверджанняў, якія мы не ў стане сцісла давесці, але якія, тым не менш, кладуцца ў аснову нашых далейшых разваг і нашых дзеянняў. Сам выраз філасофская вера ўзнік і стаў папулярным у выніку працы англійскай школы, але, лічыць Снядэцкі, ён пачаў ужывацца не ў тым канкрэтным значэнні, якое надалі яму філосафы гэтай школы.
Паводле Снядэцкага, філасофская вера (у версіі англійскіх філосафаў) ёсць моцнае перакананне, эмпірычна падцверджанае асобнымі і агульнапрызнанымі выпадкамі (фенаменамі), г. зн. праўдападабенства, што грунтуецца на наступных прынцыпах:
Тое, што адбывалася раней і адбываецца цяпер, можа адбыцца і ў будучыні.
Тое, што пацвярджаюць ужо вядомыя нам фенамены сёння, тое можа быць пацверджана іншымі фенаменамі ў будучыні.
Тое, што супярэчыць неаспрэчным прынцыпам чалавечага пазнання, не можа належыць да канстытуцыі чалавечай душы.
Усе філасофскія сэкты паўстаюць з таго, што мы прымаем гіпотэзы альбо домыслы за праўду і кладзем іх у аснову тэорыяў.
Так гіпотэза Плятона пра прыроджаныя ідэі, якая прыняла форму апрыорных ведаў, лічыць Снядэцкі, нязгодная з чалавечай канстытуцыяй і тым фактам, што ўсё, што мы можам і што ўдаецца набыць, тое не трэба тлумачыць як прыроджанае.
Але, з іншага боку, гіпотэзы і домыслы з’яўляюцца істотным інструментам чалавечага пазнання, які мы выкарыстоўваем у сітуацыі, калі нам не стае фактаў альбо калі гэтыя факты нам недаступныя. Такія гіпотэзы, якія паслужылі адкрыццю новых праўд у навуцы, і якія выяўляюць магчымую праўду, мусяць тым не меньш адпавядаць пэўным правілам.
Так, гіпотэза не павінна супярэчыць ужо адкрытым і пацверджаным рэчам. Па-другое, яна мусіць абапірацца на фена-
мены, а не на апрыорныя веды. Па-трэцяе, яна не павінна супярэчыць канстытуцыі чалавечай душы. Гіпотэза, якая прэтэндуе не на магчымую праўду, а на рэальную, мусіць быць, паводле Снядэцкага, агульным фенаменам, г. зн. служыць вытлумачальным прынцыпам для усіх адзінкавых фенаменаў свайго рода альбо віда, тых, што ўжо вядомы, альбо якія могуць быць адкрыты ў будучыні.
У выніку, праўдзівая і здаровая філасофія чалавечага розуму, па меркаванню Снядэцкага, з’яўляецца пазнаннем “... добра выведзеных разумовых фенаменаў, у дачыненні да іх пачатку, росту, разнастайных пераўтварэнняў і вынікаў, а таксама пазнанне ўсіх сіл, спосабаў, дапаможных (фактараў) і перашкод мысленню, што ўласцівыя чалавечай канстытуцыі” / 167, s. 267/.