Філасофія Яна Снядэцкага
Ігар Бабкоў
Выдавец: Логвінаў
Памер: 136с.
Мінск, Вільня 2002
4.3. Розум за работай: фенаменалагічнае апісанне сіл і магчымасцей чалавечага розуму
Чалавечы розум альбо разумная душа могуць быць апісаны, паводле Снядэцкага, толькі ў сваёй фенаменальнасці, як “дзейсныя сілы”, якія залежаць ад вонкавага свету і матэрыяльных перадумоваў, але не могуць быць вытлумачаны імі. Даючы такое апісанне, Снядэцкі пастулюе наяўнасць простых і складаных сіл і аналізуе адчуванне, увагу, абстрагаванне, памяць, мову як інструмент мыслення, звязванне і параўноўванне паняццяў (простыя сілы), розум, уяўленне і волю (вышэйшыя сілы), якія ўсе разам і ўтвараюць феномен разумнай душы.
Пры гэтым Снядэцкі імкнецца разрозніваць узровень фенаменальнасці, г. зн. узровень, на якім гэтыя сілы нам дадзены ў сваёй наяўнасці, і ўзровень тлумачэння гэтых сіл. У той час, як простыя сілы дэманструюць нам сваю фенаменальнасць натуральным чынам і іх дзейнасць агульная як для адукаванага, так і для неадукаванага чалавека, феномен вышэйшых сіл мы можам прааналізаваць і зразумець толькі зыходзячы з прадуктаў альбо вынікаў. Для розуму такім фенаменальным уз-
роўнем выступаюць навукі, для ўяўлення — літаратура і мастацтвы, для волі — мараль. Паводле Снядэцкага, мы не развіццё навук мусім тлумачыць тымі альбо іншымі прыроджанымі якасцямі розуму, а сам розум толькі і можа быць растлумачаны праз развіццё навук.
Натуральным наступным крокам такога павароту да ўцялесненага, інкарнаванага розуму стала ідэя гістарычнасці чалавечай рацыянальнасці.
Даючы апісанне фенаменаў чалавечай свядомасці, Снядэцкі асабліва падкрэслівае, з аднаго боку, іхную сувязь і наяўнасць унутранай іерархіі з другога. Чалавечая свядомасць, паводле Снядэцкага, — гетэрагенная і патэнцыйна канфліктная прастора, асобныя чыннікі якой могуць працаваць як у суладдзі, так і ва ўнутраным канфлікце. Гэтыя патэнцыйныя канфлікты маюць сваю аснову ў тым факце, што ў розных людзях ўзровень развіцця асобных сіл і ўзровень зладжанасці агульнай работы могуць істотна розніцца.
4.3.1 Простыя сілы душы
Адчуванне іўспрыняцце. Адчуванне і ўспрыняцце, лічыць Снядэцкі, з’яўляюцца першай сілай разумнай душы, якая сведчыць нам аб існаванні цел, што уздзейнічаюць на пачуцці, і аб існаванні душы, якая гэтыя ўздзеянні ўспрымае. Вынікам гэтай першай сілы з’яўляецца ўзнікненне паняцця рэчы. Здольнасць фармаваць паняцці залежыць, паводле Снядэцкага, ад моцы, хуткасці і глыбіні пачуццяў альбо ад энэргіі разумнай душы. Чалавек, пазбаўлены ад нараджэння пэўных пачуццяў, не можа мець паняццяў альбо ідэй, якія ад іх залежаць.
Унутраное адчуванне, паводле Снядэцкага, паўстае ў нас з патрэб жыцця, і ёсць сведчанне гэтагажыцця. Адчуванне з’яўляецца фенаменам свядомасці, бытаванне ж целаў, пра якое сведчыць гэты фенамен, выступае як феномен пачуццёвасці і не мусіць даказвацца.
Пры гэтым, аналізуючы феномен адчування і ўспрыняц-
ця, як генеалагічна першую сілу, Снядэцкі адразу пастулюе адрозненне паміж гэтымі фенаменамі і ўзроўнем пачуццяў і пачуццёвасці, якія з’яўляюцца толькі псіхафізіялагічнай падставай адчування.
Пачуццёвасць, паводле Снядэцкага, з’яўляецца істотнай умовай адчування і ўтварэння паняццяў і, па-сутнасці, ёсць звычка, набытая доўгім практыкаваннем адпаведных органаў. Пачуццёвасць залежыць ад фізічнага стану чалавека: пры сталенні здольнасць да адчуванняў расце і дасканаліцца, пры старэнні, наадварот, гасне і знікае.
Наяўнасць розных пачуццяў, праз якія па-рознаму нам аб’яўляюцца рэчы, прыводзіць часам да ўзнікнення ілюзій у сферы нашых адчуванняў. Каб пазбегнуць гэтых ілюзій, неабходна ўзаемная праверка дадзеных розных пачуццяў. Пры гэтым перавага даецца вышэйшым.
Адчуванне з’яўляецца вымушанай, абавязковай сілай чалавечай свядомасці: калі вонкавыя рэчы ўздзейнічаюць на нашыя пачуцці, а тыя, у сваю чаргу, адкрытыя на ўражанні, адчуванне паўстае як абавязковае наступства і не залежыць ад нашай волі.
Сузіранне і ўвага. Спыненне і канцэнтрацыя свядомасці над рэччу альбо паняццем з’яўляецца, паводле Снядэцкага, сузіраннем альбо ўвагай. Звернутая да вонкавых рэчаў, яна выступае як назіранне альбо нагляданне, звернутая ў сярэдзіну, у саму свядомасць, у тое, што ў ёй адбываецца, завецца рэфлексіяй. Рэфлексія адрозніваецца ад простага ўсведамлення: усведамленне дае нам пачуццё бытавання (наяўнасці) рэчы альбо ідэі, а рэфлексія разважае аб іхняе наяўнасці, сувязях і дзейснасці.
Увага альбо сузіранне, такім чынам, ёсць якасць нашай свядомасці, якасць, якая дазваляе нам выдзяляць асобную рэч і ўспрымаць яе як асобную, вылучаць з гэтай рэчы асобную якасць і аналізаваць яе. Увага, паводле Снядэцкага, можа канцэнтравацца і падзяляцца, пераходзіць ад адной рэчы да іншай, выяўляючы пры гэтым трываласць і хуткасць.
Хаця ўвага мае натуральныя падставы ў чалавечай свядомасці, яна вымагае практыкаванняў і дасканалення, а недахоп увагі можа быць як вынікам натуральных чыннікаў, так і наступствам адсутнасці звычкі. Увага, у адрозненне ад адчування, з’яўляецца вольным актам свядомасці, а рэфлексія, як унутраная ўвага, грае істотную ролю ў працы вышэйшых сіл душы.
Абстрагаванне. Адцягненне, абстрагаванне ёсць сіла абагульнення і імкнецца агарнуць адзінкавыя рэчы альбо іх сукупнасці, што дадзеныя нам у адчуванні і выдзяляюцца як адзінкавыя ў выніку працы ўвагі. Гэтая сіла вырабляе на падставе адзінак гатункі, раздзелы і класы, якія раней у метафізіцы называліся агульнымі паняццямі альбо універсаліямі.
Агульныя паняцці, такім чынам, з’яўляюцца тварэннем чалавечай свядомасці; у прыродзе нам дадзена бытаванне адзінкавых рэчаў. Свядомасць творыць свой уласны свет — свет абстракцый, альбо універсалій, якія, у сваю чаргу, ёсць толькі матэрыял для вышэйшых сіл душы.
3 сілы абстрагавання вынікае і патрэбазнакаў альбо мовы. Бо вынікі працы свядомасці не дадазены нам непасрэдна і незалежна ад гэтай свядомасці і мусяць недзе быць затрыманыя, зафіксаваныя. Мова, такім чынам, з’яўляецца абавязковай умовай і наступствам гэтай сілы і выступае як інструмент, з дапамогай якога чалавек арыентуецца як у вонкавым свеце, так і ў чалавечай супольнасці.
Памяць, прыпамінанне, успамінанне. Памяць, паводле Снядэцкага, ёсць сіла, якая выяўляецца як затрыманне, захоўванне і вяртанне ў свядомасць тых рэчаў, якія нам давялося аднойчы адчуць альбо зразумець. Памяць з’яўляецца галоўнай і найбольш патрэбнай сілай душы і дзеліцца на памяць рэчаў і пачуццёвых уражанняў (агульная для звяроў і чалавека) і памяць агульных думак, абстракцый, знакаў альбо стасункаў паміж рэчамі.
Памяць, злучаная з успрыняццем і кароткай увагай, дае нам прыпамінанне, злучаная з даўжэйшай увагай, дае ўспамін. Памяць звязаная з якасцю адчуванняў: чым больш моцныя адчуванні, тым больш трывалая памяць.
Мова як інструмент. Мова, паводле Снядэцкага з’яўляецца ўмовай і наступствам вышэйвыяўленых сіл чалавечай душы.
Словы ёсць выразы альбо індывідуальных рэчаў (імёны ўласныя) альбо агульных. Праз мову ўражанні, што ўзнікаюць на падставе дадзеных розных пачуццяў, вяртаюцца да слыха, альбо, праз пісьм©, да вока.
Першае і агульнае для ўсіх моваў слова быць (esse) выражае першы і найбольш агульны феномен адчування рэчаў і ідэй. Граматычныя часткі мовы з’яўляюцца знакамі і выявамі стасункаў бытавання ў вонкавым свеце (рэчаў), выяўленымі ў чалавечай свядомасці.
Звязванне і суаднясенне паняццяў. Звязванне і суаднясенне паняццяў, што адбываецца ў чалавечай свядомасці ўвесь час, выяўляе яе (свядомасць) як дзейсную і актыўную сілу. У простай свядомасці гэты феномен злучаны з работай эмпірычнай памяці (памяці адзінкавых рэчаў), у развітай выяўляе дзейнасць і дзейснасць вышэйшых сіл душы.
4.3.2. Вышэйшыя сілы душы
Розум. Сіла свядомасці, якая параўноўвае, дадае альбо адымае, стасуе альбо звязвае паняцці такім чынам, што паўстаюць меркаванні, сцверджанні і высновы, г. зн. чалавечыя веды, — завецца розумам. Апісваючы гэтую сілу, Снядэцкі сцвярджае, што толькі і менавіта розуму мы можам прыпісаць сілу вынаходніцтва новых ведаў, у адрозненне ад ніжэйшых сіл, якія апрацоўваюць той матэрыял, што даходзіць да нас праз нашу пачуццёвасць. Гэтая магчымасць вынаходніцтваляжыць, паводле Снядэцкага, у згоднай працы рэфлексіі і “вышуквання” і менавіта “вышукванне” як якасць розуму ўтварае магчымасць вынаходніцтва яшчэ неадкрытых праўд.
Праблема метаду апісваецца Снядэцкім традыцыйна праз разрозненне метаду a-priori і a-posteriori. Тым не менш, навука, як увасабленне розуму за працай, ніколі не ёсць толькі ана-
літычная альбо толькі сынтэтычная, але спалучае гэтыя два падыходы. У розных навуках удзельная вага гэтых двух падыходаў розная.
Істотнай уласцівасцю розуму з’яўляецца адрозніванне праўды ад фальшу (аблуды). Стан розуму ў дачыненні да праўды, паводле Снядэцкага, ёсць дваякі: стан пэўнасці і стан няпэўнасці. Стан няпэўнасці, у сваю чаргу, дзеліцца на розныя ступені няпэўнасці, што выяўляюцца як меркаванне, домысел, перакананне. Чалавечыя меркаванні (перакананні) дзеляцца на ўласна праўдзівыя і нібы-праўдзівыя. Снядэцкі сцвярджае, што стан абсалютнай пэўнасці існуе толькі ў некаторых навуках (напрыклад, у матэматыцы), а ў большасці выпадкаў мы маем дачыненні з працэсам пераходу ад сітуацыі нібы-пэўнасці да ўсё большых і большых яе ступеняў. Пры гэтым, мы ніколі не зможам адмовіцца ад некаторых момантаў інтэлектуальнай і філасофскай веры.
Паводле Снядэцкага, розум не з’яўляецца вынаходнікам прыгажосці, а толькі яе суддзёй і таму спрыяе развіццю і дасканаленню густу.
Уяўленне і фантазія. Чалавечая душа, лічыць Снядэцкі, у стане не толькі перарабляць пачуццёвы матэрыял у паняцці, але і наадварот, апранаць паняцці ў пачуццёвую форму. Гэтая здольнасць у-яўлення паняцця і з’яўляецца вобразатворчасцю, разумовым жывапісам альбо сілай уяўлення.
Ад сілы ўяўлення Снядэцкі адрознівае фантазію, якая палягае на перавазе ў асобным чалавеку пачуццёвага над разумовым, цялеснага над усвядомленым. Тыя пачуццёвыя вобразы, якія з’яўляюцца вынікам фантазіі, не лучаць паняцце і выяву, a хутчэй ствараюць запавесу альбо ілюзію, праз якую чалавечы розум не ў стане бачыць рэчы такімі, якія яны дадзены рацыянальна, г. зн. у паняцці.
Воля. Сіла душы, якая абуджаецца нашым унутраным пачуццём і якая займаецца разнастайнымі схільнасцямі і жаданнямі, вымушаючы нас рабіць выбар і дзейнічаць у рэальным свеце, ёсць, паводле Снядэцкага, воля.