Філасофія Яна Снядэцкага
Ігар Бабкоў
Выдавец: Логвінаў
Памер: 136с.
Мінск, Вільня 2002
шай ступені функцыянальныя, тыя, якія апісваюць не змест розуму, але яго дзеянні і ўчынкі.
“Кожная здольнасць як душы, так і цела, мае ў сваіх дзеяннях пэўныя правілы; але выяўленне гэтых правіл з’яўляецца справай і вынаходніцтвам чалавека, што разглядае адбыванне, чыннасць і спосабы гэтай здольнасці. Гэтыя правілы не таму пэўныя і вечныя, што нам дадзены ад прыроды, але таму, што абапіраюцца на праўду, выяўленую чалавекам” /165, s. 81/.
Адпаведна і праўда, паводле Снядэцкага, дзеліцца на два гатункі:
“Ёсць толькі два віды праўд у цэлай сферы чалавечага пазнання: праўды ўчынкавыя (verites des faits'), якія абапіраюцца на назіранне і досвед, і праўды камбінацый (verites des combinaisons), знойдзеныя сілай рэфлексіі, фундаментам якіх з’яўляецца добра зразуметая тоеснасць (identitas). Я называю камбінацыяй альбо стасаваннем тое дзеянне, праз якое адна рэч прыкладаецца і прымяраецца да іншай; калі рэчы альбо думкі блізкія сабе — аддзяляю, аддаленыя — збліжаю, падзеленыя — злучаю і складаю, злучаныя — падзяляю і раздзяляю, — ці агулам, калі адну рэч параўноўваю з іншай. Вынікам гэтага параўнання выступае стасунак (rapport, ratio, relatio), які абавязкова патрабуе двух тэрмінаў” /165, s. 81/.
Асабліва істотным для Снядэцкага з’яўляецца падзяленне эмпірычнага і тэарэтычнага аспектаў работы розуму. Хаця ён і падкрэслівае свой эмпірызм, але ўласную сферу розуму і навукі ён вызначае як пасляэмпірычную.
Асобна можна вылучыць праблему рэалізму Снядэцкага. Менавіта рэалізм выдзяляе яго на фоне ўжо заяўленых пазіцый у эпістэмалогіі і патрабуе больш падрабязнага аналізу. У рэалізме Снядэцкага змяшчаецца антырэдукцыянісцкая стратэгія з аднаго боку, і антыідэалістычная, — з іншага. Яго рэалізм палягае на перакананні, што ідэі, думкі, увогуле прадукты чалавечага розуму маюць адмысловую рэальнасць, якая не вылучаецца, не адасобленая ад агульнай рэальнасці як пэўная ідэальная сфера, але з’яўляецца яе асобнай (і адасобленай) ча-
сткай. Ідэя эпістэмалагічнага рэал ізму ў трактоўцы розуму вяла да праграмы аналізу прадуктаў гэтага розуму, — г. зн. розуму за працай. I сярод найбольш істотных прадуктаў і практык розуму мы знаходзім навуку.
3.4.7. Эпістэмалагічная траекторыя новаеўрапейскага мыслення
Снядэцкі неаднаразова, у розных творах, спрабаваў падаць сваё бачанне генеалогіі новаеўрапейскай эпістэмалагічнай думкі. Паводле Снядэцкага, гэтая генеалогія не можа быць апісана як станаўленне ідэальнай рацыянальнасці. Хутчэй перад намі практыкі, спробы, памылкі і набыткі.
Сам зварот думкі да рэфлексіі над асновамі чалавечага пазнання, ці, як гэта абазначае Снядэцкі, уваходжатіе ў краіну агульнага бачання, мае сваёй крыніцай альбо агульначалавечую цікавасць, альбо паўстае ў выніку спроб вырашэння канкрэтных цяжкасцей, альбо пошук і цікаванне за новымі думкамі. Гэты зварот мае ў сваіх выніках не толькі пазітыўныя набыткі, але і негатыўныя вынікі, якія могуць служыць перасцярогай для іншых навукоўцаў.
Так, Дэкарт, адзначае Снядэцкі, упершыню абвясціў прынцыпы свабоды чалавечага розуму і метадалагічнага сумневу. Але спробы Дэкарта вытлумачыць фізічныя фенамены праз абстрактныя прынцыпы толькі затрымалі развіццё навукі. Н’ютан першы сцвердзіў уплыў фізічнага свету на фенамены чалавечай пачуццёвасці. Лейбніц прааналізаваў феномен уяўлення, а таксама, параўноўваючы праўды досведу і праўды розуму, накрэсліў самую бяспечную дарогу да праўды і пэўнасці: ад досведу да думкі, ад асаблівых праўд да праўд агульных. Лейбніцу належыць таксама гонар вынаходніцтва імавернасці і заснаванне адпаведнага раздзелу логікі. Тым не менш, паводле Снядэцкага, краіна агульнага бачання найчасцей застаецца краінай ілюзій, памылак і небяспекі, і толькі для самых падрыхтаваных і дасведчаных тоіць у сабе істотныя праўды. Да іх, акра-
мя вышэйзгаданых, Снядэцкі далучае Бэкана, Паскаля, Лока і Д’Аламбера.
У выніку “амаль што ўсе псіхалагічныя патрэбы чалавечага розуму былі задаволены; яго сілы і здольнасці выяўлены і ўпарадкаваны; дзеянні гэтых сіл апісаны ў іх правілах; краіна домыслаў аддзелена ад краіны пэўнасці; ухвалены бясспрэчныя правілы дзеянняў і ў першай і ў другой; тое, што даступнае чалавечаму розуму, дбайна аддзелена ад таго, што яму забаронена ў навуках; усё (гэта) выкладзена чыстай, яснай, зразумелай мовай і ўсё абгрунтавана доказамі і прыкладамі, узятымі з грунтоўных навук” /165, s. 146/.
Усё гэта прывяло да таго, што “не патрабавала мастацтва мыслення ніякіх адгалінаванняў і правак, але чакала ... сур’ёзнага мысліцеля, які б усе гэтыя выяўленыя правілы і перасцярогі сабраў бы і злучыў у адзінае цела, якое б склала грунтоўныя навукі псіхалогіі і логікі”. /165, s. 147/
У гэты ж час нямецкія мысліцелі, паводле Снядэцкага, прапанавалі вяртанне да навукі сярэднявечча, якую яны выбралі як пераважнае поле практыкавання разумовых здольнасцей і сіл, замест таго, каб практыкаваць мысленне ў безлічы новых навук, якія ўзніклі ў XVIII стагоддзі. У гэтым кантэксце праект Канта быў абсалютна непатрэбны: “... Кант на 60-м годзе свайго жыцця без ніякай патрэбы, без ніякай грунтоўнай нагоды вырашыў перарабіць цэлую тэорыю мыслення; а яго прыхільнікі вырашылі прыстасаваць яе да ўсяго магчымага чалавечага пазнання і правесці надзвычайную, праўдзіва варварскую рэвалюцыю ў навуках” /165, s. 148/.
3.4.8. Крытыка Канта
Як ужо адзначалася, крытычнае стаўленне да філасофіі Канта ў Снядэцкага было абумоўлена рознымі фактарамі і да гэтай крытыкі Снядэцкі вяртаўся практычна ва ўсіх сваіх работах, паглыбляючы аргументацыю, знаходзячы новыя хібы і недахопы Кантавага праекту. Гэтую аргумантацыю можна сістэматызаваць у чатырох тэарэтычных пунктах.
Першы. Перабольшаны недавер да сведчання нашых пачуццяў, — першай крыніцы нашых ведаў. Пошук жа першай прычыны гэтага фенамену, паводле Снядэцкага, вядзе нас да скептыцызму.
Другі. Разгляд разумнай душы, адарванай ад пачуццяў. Снядэцкі параўноўвае гэты стан — душы без пачуццяў — з станам чалавека, які сніць альбо знаходзіцца ў краіне ілюзій. Чалавек, пазбаўлены пачуццяў, не можа мець ні ўяўлення пра якую-колечы рэч, ні рэфлексіі над ёй, бо “мова ўсіх навук і ўсіх агульных праўд ёсць і мусіць быць пачуццёвая” /165, s. 46/. Уяўленне душы, адарванай ад пачуццяў, прыводзіць урэшце да ідэалізму. Кант, паводле Снядэцкага, нагадвае чалавека, які пасля добрага абеда разважае аб утрыманні арганічнага жыцця без ніякага харчавання.
Трэці. Кант, паводле Снядэцкага, не даводзіць першых прынцыпаў сваёй навукі, але бярэ іх як пэўныя. Гэта значыць, што ўвесь будынак філасофіі Канта пабудаваны на фундаменце гіпотэз. Што дазваляе Снядэцкаму кваліфікаваць праект Канта як “метафізічны раман”.
Чацверты. Нямецкая школа, паводле Снядэцкага, “любіць падзелы і зноў падзелы ў падзелах... Кант нікому не даў сябе ў гэтым пераплюнуць” /165, s. 47/.
Але палеміка Снядэцкага грунтавалася не толькі на тэарэтычнай, але і на метатэарэтычнай аргументацыі. I ў гэтым сэнсе галоўным абвінавачваннем выступаў сам трансцэндэнтальны праект. Паводле Снядэцкага, метатэарэтычнае значэнне гэтага праекту палягае на тым, што Кант хоча вытлумачыць найглыбейшыя таямніцы мыслення.
Паводле Снядэцкага, такі праект супярэчыць двум рэчам. 3 аднаго боку, ён супярэчыць прынцыпам здаровай філасофіі, якая ўсведамляе граніцы чалавечых ведаў. А ўсведамленне граніц патрабуе “не шукаць таго, што нашаму разуменню натуральным чынам не дадзена (забаронена) і што мусіць быць для яго вечнай таямніцай... Сярод гэтага знаходзяцца першыя прычыны рэчаў: першы і самы агульны фундамент нашых ведаў” / 165, s. 43/. 3 іншага боку, пошук першапрычын не з’яўляецца
навуковым даследаваннем. У навуцы, паказвае Снядэцкі, няма пошуку першапрычын, не пытаюцца, напрыклад, як і дзеля чаго адчуваюць нервы.
“У істотах такіх розных, такіх у нічым адна да другой непадобных, як душа і цела, не з’яўляецца гэта разважным запытаннем: якім чынам і дзеля чаго з вонкавых рэчаў света нараджаюцца розныя формы ведаў і навукі? I на спробе вырашэння такога пытання a priori, г.зн. не залежным ад якіх-колечы назіранняў і досведу, абапіраць усю пэўнасць чалавечых ведаў?” /165, s. 44/. Кант паспрабаваў гэта пытанне паставіць і вырашыць. У выніку, лічыць Снядэцкі, Кант вяртаецца назад: архітэктоніка разумнай душы ў Канта мае свае карані ў філасофіі Платона.
Далей Снядэцкі палемізуе з ідэяй Канта аб прасторы і часу, як апрыорных формах пачуццёвасці. Кваліфікуе гэта як вынік метафізічнай любові, якая складае сваерамансы.
Пасля Канта гэтая цёмная і незразумелая філасофія распачала сваю экспансію на навукі. Нямецкія метафізікі настваралі філасофійматэматыкі, права, медыцыны і пачалі навязваць навуцы сваю цёмную і незразумелую мову. Паводле ж Снядэцкага, дасканаленне навук мусіць ісці ў кірунку іх прастаты і яснасці. А “працаваць дзеля таго, каб яе (навуку) зрабіць незразумелай нават тым, хто ёй займаецца, гэта значыць нішчыць усю справу Асветніцтва і замяняць навукі на элесійскія таямніцы” /165, s. 50/.
Снядэцкі лічыць, што і філасофія і канкрэтныя навукі мусяць заставацца ў фенаменальным свеце. “Балазе чалавек... здольны пазнаць толькі самі фенамены і наступствы ў іх стасунках да яго самога, — адсюль узаемная залежнасць адных ад другіх; карысным заняткам для метафізікі будзе размяшчаць фенамены мыслення не ў краіне ілюзій, але ў краіне сапраўдных падзей свету, спазнаць і апісаць сілы душы, іх дзейснасць і ўласцівасці, намеціць спосабы іх выпрацоўкі і дасканалення, аберагчы яе (душу) ад ілюзіі і памылак, падаць прыкметы, па якіх можна адрозніваць праўду ад яе падабенства, умець ацаніць
стан гэтага падабенства, калі яно набліжаецца альбо аддаляецца ад пэўнасці...Але ірвацца ў прадонне закрытых для чалавека таямніц, хацець адгадаць цэлы, так бы мовіць, механізм мыслення і вытлумачыць яго a priori... з’яўляецца сатырай на здаровы розум... марнатраўства часу і разумовых сіл на марныя росшукі, пустыя і да нічога не прыдатныя ... не ёсць гэта пэўна мудрасць і таму не мае права на сур’ёзнае імя філасофіі” /165, s. 51/.
Рэформы ў навуцы, паводле Снядэцкага, адбываюцца праз яе паступовы рост, праз кумулятыўнае накапленне новага матэрыялу, у выніку чаго навука набывае новую форму.